Сёння ў Мінску пачала сваю работу XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Урачыстая цырымонія адкрыцця адбылася на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі.

Насычанай была праграма першага дня выстаўкі. Выдавецтва «Народная асвета» правяло шэраг мерапрыемстваў на пляцоўцы Адміністрацыйнага комплексу па праспекце Пераможцаў, 14. На цэнтральнай пляцоўцы адбылася прэзентацыя кнігі Міколы Маляўкі «Спадчына, або Каб не стаць манкуртам». Выданне прысвечана Году малой радзімы і ўбачыла свет па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Прэзентацыя прайшла з удзелам аўтара і юных артыстаў УА «Нацыянальны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі».

На стэндзе выдавецтва адбылася прэзентацыя серыі «Школьныя слоўнікі», а на дзіцячай пляцоўцы — віктарына «Экалагічны калейдаскоп», прэзентацыя навукова-папулярнай серыі кніг «Рассказы Деда Природоведа» Сяргея і Галіны Трафімавых, якія таксама з’яўляюцца аўтарамі вучэбных дапаможнікаў па прадмеце «Чалавек і свет» для 1-га і 2-га класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з удзелам Музея займальных навук «ЭКСПІРЫМЕНТУС».

Адбылося таксама выязное мерапрыемства. Прэзентацыя серыі «Свет вакол нас» і іншых кніг Міхаіла Пазнякова з удзелам аўтара прайшла ў ДУА «Гімназія № 30 г. Мінска».