У рамках рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут «Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям» адбылася прэзентацыя кніг Ірыны Токаравай «Приключения мячей», «Спортивный городок» з серыі  «Асветик-спортсмен». Гэта серыя кніг, якая выйшла ў выдавецтве «Народная асвета» ў 2019 годзе, прысвечана ІІ Еўрапейскім гульням.

Мерапрыемства прайшло ў кніжнай краме «Дружба» ААТ «Белкніга» (пр-т Пераможцаў, 51/1). На прэзентацыі прысутнічалі навучэнцы ДУА «Гімназія № 36 г. Мінска».

Прэзентацыю кніг правяла намеснік дырэктара па маркетынгу
і вытворчасці Юлія Дашкевіч. Юлія Андрэеўна расказала пра кнігу «Спортивный городок». У гэтым незвычайным горадзе жывуць тыя, хто любіць спорт, вядзе здаровы лад жыцця, а таму вясёлы і бадзёры. Гэтыя жыццярадасныя чалавечкі-спорцікі вучаць чытачоў актыўнаму ладу жыцця, правільнаму харчаванню, вяселым гульням. Яны дапамогуць даведацца, як гуляць у камандзе, прытрымлівацца правілаў, не ляніцца, не сумаваць, перамагчы шкодныя звычкі. І некаторым яны ўжо дапамаглі! Каму? Канечне, галоўным героям кнігі — Ляніўке, Ныціку, Балячке і Абжорке! (Здагадаліся, чаму такія імёны?) А вось аб тым, як гэта здарылася, чытайце ў кнізе, сімпатычных і смешных герояў якой намалявала мастак Таццяна Вакуліч.

Юныя ўдзельнікі прэзентацыі даведаліся аб шматлікіх новых спартыўных спаборніцтвах, гульнях, спартсменах, аб спартыўным жыцці краіны. Яны актыўна ўдзельнічалі ў спартыўнай віктарыне і атрымалі заслужаныя прызы.