“Маладосць” і “Маладосць”
Каталог
“Маладосць” і “Маладосць”

“Маладосць” і “Маладосць”

28 лістапада стартаваў праект Маладосць & Маладосць” – вынік калабарацыі вечна маладога часопіса і яго кнігагандлёвага цёзкі, які належыць “Белкнізе”. Цяпер такога кшталту імпрэзы з інтэлектуальнымі размовамі ў акружэнні кніг, выступленнямі пісьменнікаў і супольнымі чытаннямі будуць праходзіць на пастаяннай аснове ў 2-ю і 4-ю сераду кожнага месяца.

Першая “дабл-маладосцеўская” літаратурная серада атрымала простую і ёмістую назву – “Знаёмства”. Культавая кнігарня “Маладосць” стала месцам, дзе “часопісныя” і “кніжныя” маладосцеўцы праз шмат гадоў зноў зрабілі вялікі крок насустрач адзін аднаму. У якасці надзвычайных і паўнамоцных паслоў выступілі начальнік аддзела арганізацыі гандлю і рэкламы ААТ “Белкніга” Андрэй Радыгін і галоўны рэдактар  “Маладосці” Святлана Воцінава, якія выказалі надзею, што супрацоўніцтва літаратурна-кніжных сваякоў выйдзе на новы ўзровень.

Больш падрабязна пра багатую гісторыю ўзаемадносін абедзвюх “Маладосцей” распявялі ветэран кнігагандлю Святлана Гурына і адзін з былых рэдактараў нашага часопіса Алесь Камароўскі. Іх сентыментальныя ўспаміны перанеслі прысутных у часы, калі ў гэтым самым памяшканні выступалі Быкаў і Караткевіч.

Эстафету ад аксакалаў перанялі рэдактары “Маладосці” Дзмітрый Шулюк і Крысціна Бандурына. Хто ведае, магчыма ў будучыні і іх з’яўленне ў легендарнай кнігарні будуць згадваць з такой цеплынёй?

Фінальным акордам сустрэчы стала выступленне Алеся Камоцкага, які сваімі песнямі праводзіў, па яго словах, не толькі імпрэзу, але і… восень!

Наступная сустрэча ў межах праекта “Маладосць” & “Маладосць” адбудзецца праз два тыдні ў тым жа месцы (вул. Багданавіча, 68) і ў той жа час (16-00). Гэты вечар будзе прысвечаны Чынгізу Айтматаву. Убачымся!

(По материалам http://zviazda.by)

© Издательское республиканское унитарное предприятие «Народная асвета», 2018
Мы в социальных сетях: