Кацярына Хадасевіч-Лісавая – сучасная беларуская пісьменніца. Аўтар шматлікіх казак, апавяданняў і аповесцей для дзяцей і падлеткаў, а таксама твораў для дарослых. Яна піша свае кнігі па сакрэтным рэцэпце, згодна якому дадае ў творы некалькі дробак чарадзейства, бязмерны кубачак дабрыні, шчодрую жменю цікавостак, яркае дражэ весялосці, зярняткі духоўных каштоўнасцей і загадкавы, непрадказальны на смак кампанент для вастрыні сюжэта.

У выдавецтве «Народная асвета» выйшла казачная аповесць для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту «Зорка нябесная, зорка зямная».

Гэта кніга таксама створана па чароўным рэцэпце, таму абавязкова спадабаецца чытачам, якія ацэняць вытанчаную кампазіцыю з кропель залатога зоркавага дажджу, водару зямных палявых кветак і лёгкага павеву Касмічнага ветру. Вас чакае сустрэча з прыгожымі дзяўчынамі-зоркамі, мужнымі асілкамі і незвычайнымі персанажамі, пра якіх вы пакуль нічога не ведаеце.

Разгарніце кнігу і адпраўляйцеся ў Краіну Касмічнай Фантазіі, створаную казачніцай, якая сябруе з зоркамі…