Дэсерты і духмяныя булкі выпякалі на конкурс прафесійнага майстэрства па прафесіях пекара і кандытара 28 навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага прафесійна­-тэхнічнага каледжа кулінарыі. Смакам і выглядам вырабаў здзіўлялі адно аднаго і сваіх настаўнікаў. 

Штогадовае спаборніцтва пацвер­дзіла запатрабаванасць “смачнай” прафесіі. Нехта выкарыстоўваў класічныя рэцэпты, нехта ад іх адыходзіў. Імправізавалі і эксперыментавалі ў дэкоры. Прафесія кандытара творчая, і важна, каб дэсерт было смачна есці нават вачамі. Намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Галіна Жог гаворыць, што штогадовы конкурс садзейнічае творчаму развіццю маладых спецыялістаў.

— Для нашых навучэнцаў гэта пад­рыхтоўчы этап да міжнароднага конкурсу WorldSkills у кампетэнцыі “Хлебапячэнне”. Летась мы заваявалі два сярэбраныя медалі ў кампетэнцыях “Хлебапячэнне” і “Кулінарнае мастацтва”.

Эксперты, якія ацэньвалі работы, звярталі ўвагу на творчае афармленне і смакавыя якасці. Кожны торт — унікальны твор. Французскі дэсерт “Мерэнгавы рулет” прынёс перамогу Кацярыне Харлан. Дэсерт пакрыты міндальнымі пялёсткамі, а крэм зроблены з вяршкоў, цукровай пудры і тварожнага сыру. У начынцы прысутнічае малінавы канфіцюр.

2-е месца заваяваў двухкілаграмовы торт “Мядовік з вішняй”, які спякла Арына Суздалева. 3-е месца эксперты аддалі торту “Натхненне”. Яго аўтар — Мікіта Моцар. Хрысціна Дзядова таксама на трэцяй прыступцы творчага кулінарнага спаборніцтва. Яна прадставіла торт, згатаваны па фірменным рэцэпце гомельскага рэстарана “Беларусь”, упрыгожаны выявай карты нашай краіны. Карта, дарэчы, зроблена з масцікі.

                                         

Пераможцай у кампетэнцыі “Хлебапячэнне” стала Алена Дашкевіч з хлебам “Духмяны колас”. Ангеліна Абрамава здзівіла журы калачом “Саратаўскім” і заваявала 2-е месца. 3-е месца падзялілі Максім Шаўцоў, які выпек хлеб “Барадзінскі”, і Хрысціна Берташ з халай.

Навучэнцы каледжа ўмеюць гатаваць не толькі беларускія стравы, але і папулярныя стравы іншых народаў: грузінскую чурчхелу, турэцкую пахлаву, азербайджанскую бадамбуру. Дарэчы, у спісе вырабаў для “трэніроўкі” ёсць такія, дзе кандытары сумяшчаюць інгрэдыенты, якія не спалучаюцца. Напрыклад, у салодкі торт дадаюць салёныя арэхі. Ці ў якасці дабаўкі выкарыстоўваюць перац у шакаладзе. Для веганаў выпякаюць дэсерты без яек і малака.

Зараз ва ўстанове вучыцца звыш 500 чалавек, з іх больш за 30% — юнакі. Будучыя кандытары гавораць, што невыпадкова прыйшлі ў прафесію. Пасля заканчэння многія мараць адкрыць кавярні, дзе ў продажы будзе разнастайная духмяная выпечка. 

                                           

Тым часам прыйшла яшчэ адна прыемная для гэтай установы навіна: Кацярына Грыб, майстар вытворчага навучання Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі, заваявала 1-е месца ў індывідуальных спаборніцтвах Міжнароднага кулінарнага кубка. Ён прайшоў у рамках 27-й Міжнароднай выставы-кірмашу “ПрадЭкспа” ў Мінску.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»