Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Новости

Дэсерты і духмяныя булкі выпякалі на конкурс прафесійнага майстэрства па прафесіях пекара і кандытара 28 навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага прафесійна­-тэхнічнага каледжа кулінарыі. Смакам і выглядам вырабаў здзіўлялі адно аднаго і сваіх настаўнікаў. 

Штогадовае спаборніцтва пацвер­дзіла запатрабаванасць “смачнай” прафесіі. Нехта выкарыстоўваў класічныя рэцэпты, нехта ад іх адыходзіў. Імправізавалі і эксперыментавалі ў дэкоры. Прафесія кандытара творчая, і важна, каб дэсерт было смачна есці нават вачамі. Намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Галіна Жог гаворыць, што штогадовы конкурс садзейнічае творчаму развіццю маладых спецыялістаў.

— Для нашых навучэнцаў гэта пад­рыхтоўчы этап да міжнароднага конкурсу WorldSkills у кампетэнцыі “Хлебапячэнне”. Летась мы заваявалі два сярэбраныя медалі ў кампетэнцыях “Хлебапячэнне” і “Кулінарнае мастацтва”.

Эксперты, якія ацэньвалі работы, звярталі ўвагу на творчае афармленне і смакавыя якасці. Кожны торт — унікальны твор. Французскі дэсерт “Мерэнгавы рулет” прынёс перамогу Кацярыне Харлан. Дэсерт пакрыты міндальнымі пялёсткамі, а крэм зроблены з вяршкоў, цукровай пудры і тварожнага сыру. У начынцы прысутнічае малінавы канфіцюр.

2-е месца заваяваў двухкілаграмовы торт “Мядовік з вішняй”, які спякла Арына Суздалева. 3-е месца эксперты аддалі торту “Натхненне”. Яго аўтар — Мікіта Моцар. Хрысціна Дзядова таксама на трэцяй прыступцы творчага кулінарнага спаборніцтва. Яна прадставіла торт, згатаваны па фірменным рэцэпце гомельскага рэстарана “Беларусь”, упрыгожаны выявай карты нашай краіны. Карта, дарэчы, зроблена з масцікі.

                                         

Пераможцай у кампетэнцыі “Хлебапячэнне” стала Алена Дашкевіч з хлебам “Духмяны колас”. Ангеліна Абрамава здзівіла журы калачом “Саратаўскім” і заваявала 2-е месца. 3-е месца падзялілі Максім Шаўцоў, які выпек хлеб “Барадзінскі”, і Хрысціна Берташ з халай.

Навучэнцы каледжа ўмеюць гатаваць не толькі беларускія стравы, але і папулярныя стравы іншых народаў: грузінскую чурчхелу, турэцкую пахлаву, азербайджанскую бадамбуру. Дарэчы, у спісе вырабаў для “трэніроўкі” ёсць такія, дзе кандытары сумяшчаюць інгрэдыенты, якія не спалучаюцца. Напрыклад, у салодкі торт дадаюць салёныя арэхі. Ці ў якасці дабаўкі выкарыстоўваюць перац у шакаладзе. Для веганаў выпякаюць дэсерты без яек і малака.

Зараз ва ўстанове вучыцца звыш 500 чалавек, з іх больш за 30% — юнакі. Будучыя кандытары гавораць, што невыпадкова прыйшлі ў прафесію. Пасля заканчэння многія мараць адкрыць кавярні, дзе ў продажы будзе разнастайная духмяная выпечка. 

                                           

Тым часам прыйшла яшчэ адна прыемная для гэтай установы навіна: Кацярына Грыб, майстар вытворчага навучання Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі, заваявала 1-е месца ў індывідуальных спаборніцтвах Міжнароднага кулінарнага кубка. Ён прайшоў у рамках 27-й Міжнароднай выставы-кірмашу “ПрадЭкспа” ў Мінску.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

У ліцэях, каледжах і УВА нашай краіны ідзе падрыхтоўка да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Shanghai 2022.

Нясумнае міжсезонне

В.В.Шаўнева.

Міжсезонне ў руху WorldSkills крыху зацягнулася па віне пандэміі, але сядзець у рэжыме чакання ніхто з яго ўдзельнікаў не збіраецца. Рэгіянальных конкурсаў мясцовага значэння пакуль ніхто не адмяняў, і яны праводзяцца з той жа актыўнасцю і зацікаўленасцю навучэнцаў і педагогаў, як і раней. Падрыхтоўка ўдзельнікаў да чэмпіянату WorldSkills Shanghai 2022 ідзе поўным ходам. Пасля Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства — 2020 і на працягу гэтага года спаборніц­твы сярод навучэнцаў прахо­дзяць па шэрагу кампетэнцый. Ажыццяўляецца падрыхтоўка канкурсантаў на базе адпаведных прафесійных устаноў. Збіраюцца на дзелавыя сустрэчы эксперты і трэнеры. У рамках праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі» распачаліся курсы для педагогаў і майстроў вытворчага навучання, якія задзейнічаны ў конкурснай праграме. Яны арганізаваны такім чынам, што ахопліваюць установы ўсіх рэгіёнаў краіны. Частка слухачоў, чыя дзей­насць звязана з кампетэнцыяй «Тэхналогія моды», сабралася на пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, які з’яўляецца адным з фаварытаў руху WorldSkills. Яго навучэнцы — уладальнікі самых высокіх узнагарод нацыянальных і міжнародных чэмпіянатаў. Як адзначыла загадчык рэсурснага цэнтра мінскага каледжа В.В.Шаўнева, конкурснае заданне па кампетэнцыі «Тэхналогія моды» складаецца з шэрага даволі складаных модуляў. Адпаведна, і ў праграме курсаў былі вылучаны тэмы эскізавання, макетавання, кастамізацыі вырабу, разглядаліся асаблівасці распрацоўкі конкурснай мадэлі швейнага вырабу з улікам конкурсных крытэрыяў ацэньвання вынікаў. Дадатковым блокам курсаў стала асваенне слухачамі сістэмы аўтаматызаванага праектавання адзення, выкарыстання САПР для выканання конкурсных работ. Сваім вопытам падчас конкурснай падрыхтоўкі дзяліліся выкладчыкі, якія з’яўляюцца трэнерамі каманды каледжа. Гэта энтузіясты, прафесіяналы высокага ўзроўню, дзякуючы якім каледж і мае такія цудоўныя вынікі. Н. В. Войнава, выкладчыца вучэбнага прадмета «Мадэляванне і мастацкае афармленне адзення», эксперт WorldSkills, працуе над падрыхтоўкай удзельнікаў спаборніцтваў з самых першых крокаў руху ў Беларусі. Т. А. Кірэева, выкладчыца вучэбнага прадмета «Спецмалюнак», з’яўляецца аўтарам ілюстраванага вучэбнага дапаможніка «Мадэляванне адзення метадам наколвання». Яна праводзіла ў рамках курсаў практычныя заняткі па макетаванні швейных вырабаў у адпаведнасці з эскізам мадэлі. Свае веды і прафесійныя ўменні перадавалі слухачам і іншыя выкладчыкі кале­джа. Слухачы курсаў на практыцы адпрацоўвалі тэхніку выканання эскізаў, выконвалі наколванне мадэлі на манекене, рэалізоўвалі кастамізацыю ўзораў сукенак.

— Спадзяёмся, што абмен вопытам, прафесійныя, сяброўскія сувязі, якія ўстанавіліся на працягу курсавога тыдня па тэматыцы WorldSkills у нашым каледжы, дазволяць максімальна якасна падрыхтаваць каманду швейнікаў Беларусі да выступлення на чарговых спаборніцтвах, —
адзначыла В. В. Шаўнева.

У фармаце 3D

І.Р.Удавенка са сваімі выхаванцамі.

І.Р.Удавенка, намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва, міжнародны эксперт па кампетэнцыі «Абліцоўка пліткай», удзель­нічае ў спаборніц­твах рэгіянальнага і міжнароднага ўзроўню пад эгідай WorldSkills з 2017 года. Пераможцамі Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства — 2020 ў гэтай кампетэнцыі сталі Раман Каравікоў з Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, Андрэй Марыніч з Салігорскага дзяржаўнага каледжа і Ула­дзіслаў Андрушкевіч з мінскага ліцэя № 12. Перыяд з кастрычніка па снежань будзе цалкам заняты падрыхтоўкай канкурсантаў да чэмпіянату. Ліцэй, на базе якога праводзяцца практычныя заняткі ўдзельнікаў конкурсу, добра падрыхтаваўся да гэтага. На працягу апошніх гадоў вучэбна-матэрыяльная база ўстановы пастаянна абнаўляецца, набываецца новае абсталяванне, інструмент, сыравіна. Усё аснашчэнне адпавядае патрабаванням міжнароднага стандарту. На гэтым абсталяванні можна весці падрыхтоўку на высокім узроўні, выкон­ваць заданні любой складанасці. Канкурсанты выконваюць іх згодна з аналагам міжнароднага чэмпіянату. 2 модулі — гэта абліцоўка сцен і 3-і модуль — абліцоўка падлогі. Уліч­ваючы сучасны дынамічны рост інавацыйных тэхналогій, адным з варыянтаў унікальнага дызайну лічыцца аздобная плітка з трохвымернай выявай. Акрамя таго, кожны элемент сцяны і падлогі павінен  утрымліваць адпаведную рэзку пліткі, магчымы 3D-элементы для абліцоўкі, выкарыстоўваецца сцяжка і інш. Сыравіна (плітка, клей) — айчыннай вытворчасці і добрай якасці.

На Эверэсце і ў космасе

І. А. Лакішык.

Паўнавартасную дзейнасць Генеральнай Асамблеі WorldSkills International таксама парушыў кавід, і ўжо некалькі яе нарад прайшло ў анлайн-рэжыме. Пра пасяджэнне, якое адбылося нядаўна, расказала начальнік аддзела параўнальных даследаванняў і развіцця руху WorldSkills тэхнічны дэлегат WorldSkills Belarus Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі І. А. Лакішык. Год назад было прынята рашэнне аб пераносе чэмпіянату, раней запланаванага на 2021 год у Шанхаі, на кастрычнік 2022 года. Тады Дэвід Хоўі, генеральны дырэктар WorldSkills International, выказаў спадзяванне, што гэты пе­рыяд, пастаўлены на паўзу, не стане ціхім чаканнем, а дасць усім зацікаўленым дадатковы час для падрыхтоўкі да новага чэмпіянату. 2021 год абвешчаны Годам інавацый і далейшага развіцця руху WorldSkills, але з асаблівас­цямі. Сёлетняя Генеральная Асамблея — 2021 прыняла шэраг важных рашэнняў як для развіцця руху ў цэлым, так і для правядзення чэмпіянату ў Шанхаі. У склад WSI былі прыняты новыя члены — Узбекістан, Кенія і Азербайджан, а таксама прадстаўлены новыя партнёры. Былі падведзены вынікі папярэдняй рэгістрацыі каманд для ўдзелу ў чэмпіянаце 2022 года. Яны паказалі, што ў спаборніцтвах па 63 кампетэнцыях прымуць удзел каля 60 краін, а гэта больш за 1500 удзельнікаў і такая ж колькасць экспертаў. Беларусь плануе ўдзельнічаць у 33 кампетэнцыях. Канчатковая рэгістрацыя складу ўсіх зборных запланавана на лета. На пасяджэнні асамблеі вялікая ўвага была ўдзе­лена лагістычнай канцэпцыі спаборніцтваў, прэзентавана ўдасканаленая сістэма лічбавых пропускаў, сістэма падрыхтоўкі і акрэдытацыі ўдзель­нікаў і інш. Былі абноўлены сістэмы распрацоўкі інфраструктуры, рэгістрацыі, удасканалена сістэма ацэнкі выступленняў на спаборніцтвах (CIS). Акрамя гэтага, было прадстаўлена новае праграмнае забеспячэнне для кіравання праектамі, якое зараз выкарыстоўваюць арганізатары чэмпіянатаў WorldSkills Shanghai 2022 і WorldSkills Lyon 2024 (спабор­ніцтвы 2024 года запланавана правесці ў Францыі). У правілах правядзення чэмпіянатаў таксама адбыліся змяненні. Так, спаборніцтвы па такіх кампетэнцыях, як гасцінічны сэрвіс, рэстаранны сэрвіс, экспедзіраванне, абслугоўванне самалётаў, будуць праходзіць без дапамогі перакладчыкаў, гэта значыць цалкам на англійскай мове, як і патрабуюць гэтыя сферы дзейнасці. Мяркуецца, што ў перспектыве спабор­ніцтвы па іншых кампетэнцыях таксама будуць прахо­дзіць на  англійскай мове. Будзе спрошчаны працэс абсталявання спаборніцкіх пляцовак для нацыянальных каманд. Павялічыцца пералік абсталявання, якое будзе прадастаўлена арганізатарамі і спонсарамі спаборніцтваў і якое будзе абавязковым для выкарыстання ўсімі ўдзель­нікамі. Гэта зна­чыць удзельнікам не будзе дазволена выкарыстоўваць уласнае абсталяванне нават з ідэнтычнай функцыянальнасцю. Гэта ў нейкай меры зроблена з мэтай уніфікацыі рабочых месцаў для справядлівага саперніцтва.

Кітаем выстаўлены свае правілы прыбыцця ўдзельнікаў спаборніцтва і іх знаходжання ў краіне. Чэмпіянат будзе право­дзіцца ў сістэме «замкнёнай лакацыі», што азначае перамяшчэнне канкурсантаў толькі ў межах дазволеных месцаў і з выкарыстаннем пэўнага транспарту. Згодна з устаноўленымі правіламі, у Кітай можна будзе заехаць без абавязковага 21-дзённага каранціну толькі пры ўмове поўнай вакцынацыі і выканання іншых дадатковых патрабаванняў (рэгістрацыя ў дадатку «Мy 2022» і ў «Сістэме кантролю здароўя Пекіна 2022», адабрэнне кітайскім пасольствам/консульствам з выдачай «Зялёнага кода стану здароўя» і інш.). У рамках «замкнёнай лакацыі» ўдзельнікі на працягу ўсяго перыяду правядзення конкурсу будуць падлягаць што­дзённаму маніторынгу здароўя. Афіцыйны дэлегат WorldSkills з Кітая паведаміў, што для правя­дзення чэмпіянату адведзена плошча памерам 300 тысяч м2, дызайнерскае рашэнне якой мае на мэце прадэманстра­ваць гісторыю руху WorldSkills, пачынаючы з вытокаў і да гэтага часу — на працягу 35 чэмпіянатаў. Запланавана правядзенне 30 маштабных мерапрыемстваў у 7 кірунках, такіх як культурная спадчына, інтэлектуальныя тэхналогіі, інавацыі і інш. Афіцыйны дэлегат расказаў пра новы праект «Музей WorldSkills», у экспазіцыю якога ўключаны 751 аб’ект. У іх ліку медалі, узнагароды WorldSkills, памятныя рэчы, гістарычныя фота і інш. Пілотнае адкрыццё музея адбу­дзецца ў ліпені 2022 года. У рамках рэкламнага руху ў Шанхаі праве­дзены такія акцыі, як узвя­дзенне сцяга WorldSkills на вяршыню Эверэста і ў Антарктыдзе. Талісманы мерапрыемства адправіліся ў космас на сваёй уласнай ракеце Long March-2D.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

Дзейнасць падраздзялення будзе накіравана на папулярызацыю БДУ сярод кітайскіх абітурыентаў і фарміраванне практычных навыкаў у студэнтаў-журналістаў. З улікам падрыхтоўкі кадраў для розных відаў СМІ цэнтр структурна падзелены на аддзелы: сеткавае ТБ, аддзел па рабоце ў сацыяльных сетках і тэхнічны.

Тут будуць праходзіць семінары, практычныя заняткі па мантажы відэа, апрацоўцы фотаматэрыялаў, падрыхтоўцы журналісцкіх і піяр-тэкстаў. Цэнтр укамплектаваны сучасным абсталяваннем, камп'ютарамі для відэамантажу і вёрсткі выданняў, інтэрактыўнай панэллю, праектарам, тэлевізарам і іншай тэхнікай. У гэтай жа аўдыторыі будуць рэалізоўвацца адукацыйныя праекты з удзелам вядучых вучоных і практыкаў дзвюх краін.

Прадугледжваецца, што цэнтр стане практычнай пляцоўкай па стварэнні студэнтамі медыйных прадуктаў для студэнцкіх СМІ. Напрыклад, кітайскія студэнты ўжо здымаюць відэасюжэты і рыхтуюць тэксты аб вучобе ў БДУ, жыцці ў Беларусі для WeChat, Іnstagram і TіkTok. Яны бяруць інтэрв'ю ў выкладчыкаў, сваіх сяброў, фатаграфуюць знакавыя славутасці Беларусі.

Адной з мэт работы цэнтра стане наладжванне сумеснай работы беларускіх і кітайскіх студэнтаў у галіне журналістыкі. Яны будуць рыхтаваць аўтарскія матэрыялы для факультэцкай газеты «ЖурФакты», дапамагаць з перакладамі матэрыялаў на беларускую, рускую і кітайскую мовы. За паўтара месяца дзейнасці пілотнай версіі цэнтра было апублікавана больш за 80 матэрыялаў у сацыяльных сетках, а колькасць падпісчыкаў публічных старонак наблізілася да 1500.

Адкрыццё кітайска-беларускага медыяцэнтра стала магчымым дзякуючы адукацыйнаму цэнтру «Яацянь» (КНР) і яго заснавальніку Ван Яацяню, які супрацоўнічае з БДУ з 2012 года. Пры яго ўдзеле адкрыты інфармацыйна-адукацыйны цэнтр БДУ ў КНР (Пекін), цэнтр даўніверсітэцкай адукацыі БДУ (Санья), Інфармацыйны цэнтр для замежных студэнтаў на ФМА, падпісана пагадненне аб выдзяленні грантаў кітайскім студэнтам за высокую паспяховасць і заняткі навуковай дзейнасцю.

Сёння ў БДУ навучаюцца 2177 грамадзян Кітая, з якіх больш за 1300 чалавек — на першай ступені.

Крыніца: «Звязда»

Издательство «Народная асвета» предлагает вниманию читателей книгу В. В. Герменчука «Китайское искусство сердца».

В Гродненском государственном университете имени Янки Купалы в 2021/2022 учебном году проводятся тренинги от специалистов в области проектного обучения в три потока: с 18 октября по 21 ноября, с 29 ноября по 29 декабря и с 13 декабря 2021 года по 13 января 2022 года.

Во всех регионах республики проходят диалоговые площадки по обсуждению проекта Программы патриотического воспитания населения Республики Беларусь на 2022—2025 гг.