Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Што такое выхаванне? На якім этапе ўрока мы павінны да яго звярнуцца? Адказ, думаю, просты, бо вучыць і выхоўваць — як маланка на куртцы: абодва бакі зацягваюцца адначасова і моцна марудлівым рухам замка — творчай думкі. Вось гэта злучальная думка і ёсць галоўная на ўроку.

Пры пастаноўцы мэты і задач урока я ўпэўнена, што ніхто не аб’яўляе выхаваўчыя мэты (сёння я буду выхоўваць у вас…). Бо выхаванне — гэта вельмі тонкі працэс, які пачынаецца з асобы настаўніка і з таго матэрыялу, якім напоўнены ўрок.

Беларуская мова і літаратура ў школе не толькі вучэбныя прадметы, але і сродкі выхавання, развіцця. Ужо сам праграмны матэрыял урокаў нясе ў сабе неабмежаваныя магчымасці для выхавання любові і сур’ёзных адносін да ўсяго, што з’яўляецца родным, беларускім.

Важнае выхаваўчае значэнне ма­юць эпіграфы да ўрока, якія нясуць не толькі выхаваўчы, але і дыдактычны змест. Гэта могуць быць урыўкі з вершаў, прысвечаных тэме роднай мовы, прыроды, зямлі, маці, нацыянальнай адметнасці беларусаў ці цікавыя фразы.

  1. На тэмах “Паронімы”, “Спосабы ўтварэння слоў” прыводжу такую фразу: “Дапытлівасць і цікаўнасць — вызначальныя рысы паспяховага навучання. Дапытлівыя і цікаўныя з лёгкасцю адказваюць на пытанні і добра працуюць”. Тут жа вызначаем значэнне слоў “цікаўны” і “цікавы”, складаем словазлучэнні, вызначаем спосаб утварэння слоў.
  2. “Неажыццявімых шляхоў не бывае ў вучняў, якія ўмеюць думаць, памыляцца і цікавіцца”. Колькі марфем у слове “неажыццявімасць”? Праблемная і выхаваўчая сітуацыі на ўроку па тэме “Марфемная будова слова”.
  3. “Калі назапасіць цярпення і прая­віць старанне, то насенне ведаў дасць добры ўраджай”, — так пачынаю ўрок па тэме “Знакі прыпынку ў складаназалежным сказе”.
  4. “Кожны з нас бывае неразумным чалавекам ва ўсякім выпадку 5 мінут у дзень; мудрасць заключаецца ў тым, каб не перабольшыць гэты ліміт” (Ранальд Хабарт). Гэту цытату можна прымяняць на абагульняючых уроках па розных тэмах.
  5. “Веды — вось вашы крылы”. Эпіграф да ўрока “Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам”.
  6. Няхай цябе віхор збівае,
    Няхай трывожна даль гудзіць,
    Няхай сцяжынку замятае,
    А ты ідзі!
    А ты ідзі! (П.Броўка).

Гэтыя словы выкарыстоўваю не толькі як эпіграф да ўрока, але і як дэвіз (тэма “Часціца як службовая часціна мовы”)

  1. ”Жыхары Беларусі славяцца сярод іншых народаў не толькі працавітасцю, але і добразычлівасцю, гасціннасцю, ветлівас­цю”. На ўроку па тэме “Спосабы ўтварэння слоў” арганізую праблемную і выхаваўчую сітуацыі: “Растлумачце значэнне слоў, якія характарызуюць беларусаў. Якім спосабам яны ўтвораны? Ці ёсць слова, якое адрозніваецца ад іншых?”

Прыказкі і фразеалагізмы дапамага­юць у фарміраванні адказнага, стараннага навучэнца. Напрыклад, сядзець склаўшы рукі, трымаць вуха востра, сядзець як мыш пад венікам, бібікі біць, набіць руку, веды даражэйшыя за золата, навука для чалавека — гэта як сонца для жыцця, падстаўлю плячо, як сам не свой і інш. На пачатку ўрока выбіраем для сябе фразеалагізм ці прыказку, тлумачым, чаму менавіта яе бяром на ўрок, раскрываем значэнне.

Урокі мовы і літаратуры з’яўляюцца сродкам эстэтычнага спасціжэння жыцця, яго маральных норм і каштоўнасцей. З іх дапамогай паступова ствараецца духоўны набытак дзіцяці як прадстаўніка свайго народа, носьбіта нацыянальнай культуры, абу­джаецца цікавасць да агульначалавечых каштоўнасцей, асэнсоўваюцца і засвойваюцца іх асновы. Таму не дзіўна, што перад нас­таўнікамі беларускай мовы і літаратуры паўстала задача максімальна выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял вучэбных дысцыплін “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

Важнасць выхавання ў фарміраванні асобы навучэнца падкрэсліваецца ў адукацыйным стандарце сярэдняй адукацыі. Напрыклад, прагназуецца, што выпускнік агульнай сярэдняй адукацыі — гэта навучэнец, які свядома прымае агульначалавечыя і нацыянальныя духоўна-­маральныя каштоўнасці; лю­біць Беларусь, паважае народ, які жыве ў ёй, яго культуру, традыцыі, гісторыю; валодае дзяржаўнымі мовамі Рэспуб­лікі Беларусь; захоўвае сямейныя каштоўнасці; усведамляе сябе грамадзянінам беларускай дзяржавы; жыве паводле прынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм і інш.

Беларуская мова як прадмет духоўны, светапоглядны павінна забяспечваць не толькі фарміраванне моўных, маўленчых, камунікатыўных ведаў, уменняў і навыкаў вучняў, але і выхаванне пачуцця патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці, выпрацоўку каштоўнасных арыенціраў, далучэнне да духоўных багаццяў, якія захаваліся ў мове, спасціжэнне нацыянальнай і сусветнай культуры.

Ажыццяўляць выхаваўчы змест прадмета дапамагаюць лінгвакультуралагічны і сацыякультурны падыходы да навучання беларускай мове. У выніку чаго вучні не толькі засвойваюць культуразнаўчую інфармацыю, але і набываюць уменні карыстацца ёю з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі, фарміруюць уласнае культурнае аблічча.

Акрамя вучэбнага дапаможніка па беларускай мове, на ўроках выкарыстоўваю дапаможнік В.У.Зелянко “Навучанне беларускай мове. Лінгвакультуралагічны падыход. 10—11 класы”. Дзякуючы засваенню вучнямі нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы, спасціжэнню каштоўнасцей і рэалій нацыянальнай культуры, навучанню беларускай мове ў дыялогу культур адбываецца выхаванне асобы, якая ўсведамляе сябе грамадзянінам краіны.

Уключэнне ў змест навучання беларускай мове культурна афарбаваных моўных сродкаў забяспеч­вае фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў. Напрыклад, зварот на ўроку да назваў рэалій матэ­рыяльнай і духоўнай культуры беларусаў (Купалле, куцця, танец “Крыжачок”, андарак, валачобнікі, дзяжа, батлейка, верашчака); гаворачых слоў, якія не толькі называюць прадметы, дзеянні, прыметы, але і характарызуюць іх (Бацькаўшчына, падстрэшак, заручыны, шчырасць, настольнік); традыцыйных (сталых) эпітэтаў (ніцая вярба, мядовая раса, шаўковая трава, белы свет, пуховая пярына); да антрапонімаў і тапонімаў (Бондар, Зас­лаўе, Замасточча, Гута, Бортнік, Белае Возера) і іншых паняццяў, якія фарміруюць у вучняў каштоўнасныя адносіны да мовы, павагу да беларускага адметнага слова.

Для фарміравання каштоўнасных арыентацый у працэсе навучання беларускай мове выкарыстоўваю пэўныя метады і прыёмы, напрыклад:

1) лінгвакультуралагічнае паведамленне настаўніка;

2) складанне асацыятыўных палёў са словамі;

3) складанне слоўніка назваў беларускіх населеных пунктаў, у якіх аднолькавая колькасць гукаў і літар (Слуцк, Мінск, Ліда і інш.) ці розная колькасць (Чэрвень, Жо­дзіна);

4) работа з лінгвакультуразнаўчымі тэкстамі (устаўка ў тэкст прапушчаных слоў, параўнанняў, этыкетных формул і інш.);

5) падбор беларускіх адпаведнікаў да рускамоўных фразеалагізмаў, прыказак, формул маўленчага этыкету;

6) тлумачэнне літаратурных псеўданімаў, аманімічных агульным назоўнікам (Колас, Цётка, Танк, Крапіва);

7) складанне слоўнікавых артыкулаў лінгвакультуралагічнага характару, у якіх адлюстроўваецца культуразнаўчая інфармацыя.

Лічу апраўданым выкарыстанне тэксту як спосабу стварэння адзінай тэматычнай прасторы на працягу ўсяго ўрока. Такая работа спрыяе не толькі развіццю моўнай, маўленчай, правапіснай кампетэнцый вучняў, але і вырашае важную пазнавальную і выхаваўчую задачы ўрока.

Тэксты з экзаменацыйнага зборніка маюць пазнавальную і выхаваўчую каштоўнасць, дапамагаюць настаўніку ў выхаванні асобы вучня. Выкарыстоўваю на ўроках тэксты з такіх рубрык: “У глыбінях зямлі нашых душ карані”, “Малюнкі родныя і з’явы, як вы мне любы, як цікавы!”, “Не патрэбна ніякаму часу вайна! Не патрэбна і нашаму веку!” і інш. Прапаную наступныя заданні: прадоўжыць тэкст па пачатку, узнавіць галоўную частку тэксту па пачатку і канцоўцы, са сказаў пабудаваць тэкст. Такі від дзейнасці развівае логіку, камунікатыўныя навыкі і творчыя здольнасці вучняў.

Вучні ў час работы над тэкстамі, у якіх расказваецца пра Беларусь і беларусаў, далучаюцца да гісторыі, духоўнай культуры свайго народа, яго традыцый. Багатым выхаваўчым патэнцыялам валодаюць культуразнаўчыя тэксты, якія выкарыстоўваюцца на ўроку мовы ў якасці дыдактычнага матэрыялу. Праз аналіз зместу можна звярнуць увагу вучняў на факты духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа: традыцыі, мараль, побыт, каштоўнасці, нацыянальныя сімвалы і інш. Мэтазгодна выкарыс­таць тэксты “Беларускае народнае адзен­не”, “Ежа беларусаў”, “Песня — душа народа”, “Хлеб”, “Замкі Беларусі” і інш.

Творчыя работы, якія пішуць вучні, паказваюць, як рэалізаваўся выхаваўчы патэнцыял урокаў. Напрыклад, вытрымкі з сачыненняў вучняў 11 класа.

Тэма сачынення: “Як фарміруецца патрыятызм?” “Менавіта ад бацькоўскага выхавання зале­жыць, якім чалавекам вырасце дзіця. Нездарма ж гавораць: “Дзіця бачыць свет вачыма бацькоў”. Бацькі могуць і, я лічу, павінны прывіваць любоў да роднай зямлі, народа… Для кожнага патрыёта важным з’яўляецца павага да мовы, традыцый. Але патрыя­тызм не павінен пераходзіць у няна­вісць да іншых народаў. Патрыятызм — гэта пра гонар і годнасць чалавека. Я патрыёт сваёй краіны і гэтым ганаруся.

Фізкультхвілінка на ўроку таксама нясе выхаваўчы змест:

  1. Устаньце, дзеці, усміхніцеся,
    Зямлі нашай пакланіцеся
    За ўчарашні ясны дзень.
    Да сонца пацягніцеся.
    Раз — прысядзьце,
    Два — прысядзьце.
    І ціха за парты сядайце.
  1. Эмацыянальны настрой “Дэкларацыя самакаштоўнасцей” (вучні могуць уставаць, пады­маць рукі, мяняцца месцамі):

— Я такі, як усе;

— Ва ўсім свеце няма такога, як я;

— Я магу палюбіць сябе і пасябраваць з сабой;

— Я не заўсёды бываю за­даволены сабой;

— Я магу адчуваць, думаць і дзейнічаць;

— Я ўмею разумець людзей, што вакол мяне;

— Я — гэта я, і гэта цудоўна.

  1. Веды — вось вашы крылы. Пакажыце рукамі крылы. А калі ёсць веды, чалавек становіцца шчаслівым. Пакажыце, колькі можа быць у чалавека шчасця. Мімікай пакажыце чалавека шчаслівага.

Выкарыстанне ў адукацыйным працэсе спецыяльных метадаў і прыёмаў навучання садзейнічае фарміраванню каштоўнасных арыенціраў вучняў.

Таццяна ЗУБОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры гімназіі № 2 Слуцка

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Літаратурнае чытанне ў 2 класе

М. В. Жуковіч

Вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання.

Літаратурнае чытанне ў 2 класе

8,41 руб.

 

Літаратурнае чытанне ў 3 класе

М. В. Жуковіч

У вучэбна-метадычным дапаможніку прапануюцца прыкладныя распрацоўкі ўрокаў літаратурнага чытання, якія змяшчаюць разнастайныя метады, прыёмы і формы работы з вучнямі, творчыя заданні і дадатковы займальны матэрыял. Кніга складзена ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай і вучэбным дапаможнікам «Літаратурнае чытанне» для 3-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання аўтара М. В. Жуковіча. Вучэбна-метадычны дапаможнік прызначаны для настаўнікаў пачатковых класаў.

Літаратурнае чытанне ў 3 класе

8,20 руб.

 

Літаратурнае чытанне ў 4 класе

М. В. Жуковіч

У вучэбна-метадычным дапаможніку прапануюцца прыкладныя распрацоўкі ўрокаў літаратурнага чытання, якія змяшчаюць разнастайныя метады, прыёмы і формы работы з вучнямі, дадатковы літаратурны матэрыял, творчыя і кантрольна-вымяральныя заданні. Адрасуецца настаўнікам пачатковых класаў, якія працуюць па вучэбным дапаможніку «Літаратурнае чытанне» для 4-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання аўтара М. В. Жуковіча.

Літаратурнае чытанне ў 4 класе

10,22 руб. 

 

Беларуская мова, 8 клас

З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя

Вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання.

Беларуская мова, 8 клас 

22,70 руб.

 

Беларуская мова, 11 клас

 Г. М. Валочка

Вучэбны дапаможнік для 11 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню).

Беларуская мова, 11 клас 

 25,62 руб.

Книжные новинки

Разработано Ext-Joom.com

Партнеры

Мы находимся

Адрес:
Издательское республиканское унитарное предприятие "Народная асвета"
г. Минск, пр. Победителей, 11
10 этаж