Пароль — Парнат

Паступіць сюды няпроста, затое вучыцца — прэстыжна і вельмі цікава. Ужо амаль 60 гадоў вопытныя педагогі выхоўваюць таленавітых дзяцей у сталічнай Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.

Першапачаткова гімназія называлася Рэспубліканскай спецыялізаванай сярэдняй школай-інтэрнатам па музыцы і выяўленчым мастацтве. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося ў верасні 1962 года.

Таленту трэба дапамагаць

Зараз ніхто і не ўспомніць, каму першаму прыйшло ў галаву называць яе жартаўліва-паважліва Парнатам — па аналогіі з міфічнай свяшчэннай гарой Апалона (дзе, паводле легенды, жылі музы), змяніўшы канец слова на -нат, запазычаны, верагодна, у інтэрната. Назва прыжылася, і для шматлікіх выпускнікоў знакамітай установы адукацыі стала своеасаблівым паролем, што пацвярджае прыналежнасць да садружнасці “пасвячоных”.

Ішоў час, мяняўся статус установы, але нязменным заставаўся дух творчасці і высокай паэзіі ў музыцы, у спевах, у фарбах. Да нашых дзён гімназія-каледж мастацтваў першачарговай задачай лічыць развіццё здольнасцей адораных хлопчыкаў і дзяўчынак, будучых мастакоў і музыкантаў.

Навучэнцы з дзяцінства тут прывучаны захоплена і падоўгу працаваць, гадзінамі не адыхо­дзяць, скажам, ад фартэпіяна, здабываюць цудоўныя гукі са скрыпак і цымбалаў, па некалькі разоў перапісваюць нацюрморт або партрэт, каб натура ажыла на палатне. Нездарма выпускнікі, зараз ужо вядомыя музыканты, жывапісцы, скульптары, гаво­раць: “Галоўнае, чаму нас навучылі нашы настаўнікі, — гэта ўменне і жаданне натхнёна і шмат працаваць”.

На сённяшні дзень Парнат пакараюць каля 500 навучэнцаў. Акрамя спецыяльных, яны вывучаюць агульнаадукацыйныя дысцыпліны, жадаючыя папаўняюць любы з некалькіх узорных дзіцячых калектываў. Больш за 100 дзяцей атрымліваюць стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Звыш 180 юнакоў і дзяўчат з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, пераможцамі форумаў і выстаў.

Мастацтва нон-стоп

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Яўгенаўна Герасімовіч расказвае:

— Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка” не ­адзіная ў краіне, але па-свойму ўнікальная. Яна была адкрыта па ініцыятыве легендарнага Рыгора Шырмы.

Навучанне ў нас у асноўным на беларускай мове, у тым ліку ўсе агульнаадукацыйныя прадметы — матэматыка, фізіка, хімія і г.д. Толькі інфарматыка выкладаецца на рускай мове з-за складанасцей з тэрміналогіяй. Падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца па спецыяльнасцях “Жывапіс”, “Скульптура”, “Інструментальнае выкананне (па напрамках)”, “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)”. Юныя таленты паступаюць у пачатковую школу (2—4 класы), затым пераходзяць у гімназію (5—9 класы) і, нарэшце, найбольш здольныя і мэтанакіраваныя — у каледж (1—3 курсы).

Дзяржава стварыла для вучобы ўнікальныя ўмовы. Светлыя, прасторныя вучэбныя класы і майстэрні, значная колькасць неабходных для заняткаў музычных інструментаў, абсталяванне і сама атмасфера ў гэтым храме мастацтваў на сталічнай вуліцы Макаёнка настройваюць на пакарэнне творчых вяршынь.

Па словах Людмілы Яўгенаўны, у гімназіі-каледжы працуе каля 230 настаўнікаў мастацкай, музычнай і агульнаадукацыйнай накіраванасці, усе яны сапраўдныя прафесіяналы. Нездарма практычна 60 працэнтаў навучэнцаў пасля заканчэння Парната паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Разам з дыпломамі астатнія выпускнікі атрымліваюць першае рабочае месца. Яны працуюць мастацкімі кіраўнікамі ў дзіцячых садах, кіруюць студыямі, творчымі калектывамі, выкладаюць у музычных школах.

— Каля 200 навучэнцаў, — працягвае Людміла Яўгенаўна, — пражываюць у спальных карпусах, іншымі словамі, у інтэрнаце, прычым фактычна бясплатна. Дзяржава забяспечвае дзяцей 4-разовым і зноў жа бясплатным харчаваннем. Старэйшыя, хто вучыцца ў каледжы, атрымліваюць стыпендыі, нярэдка павышаныя.

Дзеці, акрамя вывучэння агульнаадукацыйных прадметаў, пасля абеду індывідуальна займаюцца музыкай ці выяўленчым мастацтвам. Гімназія-каледж мастацтваў для іх — другі дом. А ў кожны з 8 карпусоў, злучаных пераходамі, уключаючы два спальныя — для хлопчыкаў і дзяўчынак, яны могуць трапіць, не апранаючы вопратку…

Элітнае і любімае

…Кнігі, фатаграфіі, дыпломы навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў, якія адзначыліся на міжнародных конкурсах, і дзве цудоўныя жывапісныя работы — вялікі і яркі нацюрморт і абраз з выявай Георгія Перамаганосца — упрыгожваюць кабінет дырэктара ўстановы адукацыі Міхаіла Пазднікава. Вядома, што карціны напісаны знакамітым расійскім скульптарам і мастаком Зурабам Цэрэтэлі і падораны ад імя мэтра выпускнікам у знак удзячнасці.

Як і ўсе калегі, Міхаіл Аляксандравіч ганарыцца тым, што ў Парната такое слаўнае мінулае, знатныя выпускнікі і дастойная падрастаючая змена. Напрыклад, Ілья Волкаў, які стаў прызёрам на дзіцячым “Еўрабачанні” ў 2013 годзе.

— Вось яго фота з гэтага конкурсу, — паказвае дырэктар фатаграфію на сцяне. — Яшчэ адна наша дзяўчынка, Мілена Вольская, таксама ўдзельнічала там як бэк-вакалістка. Ілья быў вельмі артыстычным хлопчыкам, добра танцаваў, зараз працягвае адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

А гэта яшчэ адзін наш знакаміты вучань Дзяніс Ліннік. Яго з Мар’інай Горкі прывезла мама ў 2 клас. Ён займаўся на фартэпіяна, выступаў на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Зараз ён піяніст, які гастралюе. На 55 гадоў з дня адкрыцця нашай установы адукацыі Дзяніс прыязджаў, даваў канцэрт з удзелам нашага аркестра. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат.

Гімназія-каледж мастацтваў заўсёды мела рэпутацыю элітнай навучальнай установы, дзе вучацца адораныя дзеці з усіх куткоў краіны. За час яе існавання тут падрыхтавана каля 2 тысяч спецыялістаў у галіне музычнага і выяўленчага мастацтва, многія з якіх сёння праслаўля­юць краіну.

І гэта, безумоўна, у першую чаргу, заслуга выдатнага калектыву педагогаў, упэўнена Людміла Герасімовіч:

— У нас ёсць людзі, якія працуюць у навучальнай установе звыш 40 гадоў. А настаўніку фізічнай культуры і здароўя Мікалаю Сляпцову, напрыклад, ужо за 80, ён узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Мікалай Мікалаевіч лічыць, што яго прадмет патрэбны ва ўсе часы і абсалютна ўсім. Такіх людзей з вельмі вялікім працоўным стажам у нас многа. Уявіць без іх Парнат проста немагчыма.

Уладзімір ПІСАРАЎ. 
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Адпаведна сусветным стандартам

Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж — вельмі папулярны сярод патэнцыяльных абітурыентаў. 

Тут недахопу ў навучэнцах не адчуваюць ніколі. Прычына такой запатрабаванасці — добрасумленная праца педагагічнага калектыву па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці. На сённяшні дзень тэхналагічны каледж гарантуе моладзі навучанне па запатрабаваных у грамадстве спецыяльнасцях і стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома. 

— Мы выразна разумеем, наколькі важная сёння стабільная забяспечанасць эканомікі высокакваліфікаванымі рабочымі і спецыялістамі. Таму ў ліку першачарговых сваіх задач бачым якасць падрыхтоўкі навучэнцаў. Своеасаблівы інструмент для яе павышэння — далучэнне навучэнцаў да ­ўдзелу ў разнастайных конкурсах прафесійнага майстэрства. Менавіта гэта дазваляе рыхтаваць кадры ў адпаведнасці з самымі сучаснымі сусветнымі стандартамі, — упэўнена дырэктар тэхналагічнага каледжа Валянціна Страхалет.

Па яе словах, асаблівых поспехаў у гэтым кірунку ўдалося дасягнуць у руху WorldSkills. Ужо 2014 годзе трое вучняў у першым нацыянальным чэмпіянаце занялі тры пераможныя месцы ў кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва”, “Кандытарскае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”. Адна з пераможцаў — Марыя Захаркіна — пасля прыняла ўдзел у чэмпіянаце “WorldSkills СНД” у Казані, дзе заваявала сярэбраны медаль, і ў сусветным чэмпіянаце ў бразільскім Сан-Паўлу, дзе адстойвала гонар Беларусі.

Свае прафесійныя веды і ўменні навучэнцы тэхналагічнага каледжа пацвярджалі і на спаборніцтвах 2016, 2018, 2020 гадоў. Прычым вызначаліся не толькі перамогамі нацыянальнага турніру, а і медалём на ўзроўні СНД.

— Новым вопытам для нас стаў ­удзел у леташнім Еўразійскім чэмпіянаце, які праходзіў дыстанцыйна. Канкурэнцыя там была вялікая, бо канкурсантамі сталі маладыя прафесіяналы з 11 краін. Але наша навучэнка Караліна Гарбачова стала сярэбраным прызёрам у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”, — паведаміла Валянціна Міхайлаўна.

Па словах кіраўніка, сакрэт такога стабільнага поспеху — у двух асноўных фактарах. Важнейшы з іх — сучасная матэрыяльная база. Сёння ў тэхналагічным каледжы ёсць усё неабходнае для забеспячэння якаснай адукацыі, правядзення тэарэтычных і практычных заняткаў на належным узроўні.

— Да нядаўняга часу была пэўная праблема з наяўнасцю плошчаў. У каледжы вучацца больш за тысячу маладых людзей, адукацыйны працэс прыходзілася ла­дзіць у дзве змены. Але летась з падтрымкай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама гэтая праблема была вырашана. У нас з’явіўся дадатковы вучэбны корпус. Там уласнымі сіламі за пазабюджэтныя сродкі праведзены рамонт і з 1 верасня арганізаваны заняткі для 19 вучэбных груп. Такім чынам, мы змаглі разгрузіць вытворчы корпус у цэнтральным будынку і стварыць там вучэбныя майстэрні менавіта для падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў прафесійных спаборніцтвах, — адзначыла Валянціна Страхалет.

Новыя майстэрні, якія адпавядаюць сусветным патрабаванням, былі адкрыты па кампетэнцыях “Візуальны мерчындайзінг”, “Кулінарнае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”, “Электроніка і электразабеспячэнне”, “Кандытарскае мастацтва”.

— Ва ўсіх памяшканнях ёсць самае сучаснае абсталяванне і прылады, неабходныя для адпрацоўкі практычных навыкаў па канкрэтных кампетэнцыях. Важна, што тут займаюцца толькі навучэнцы, якія рыхтуюцца да спаборніцтваў. Зараз у каледжы створаны найлепшыя ўмовы для развіцця здольнасцей нашых маладых талентаў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Наталля Сухадолава.

Новымі ўмовамі для падрыхтоўкі навучэнцы вельмі задаволены. Хлопцы і дзяўчаты адзначаюць, што ў майстэрнях усё максімальна набліжана да рэальных конкурсных умоў.

— Для нас абсталявалі працоўныя месцы, як на сапраўдных спаборніцтвах. У майстэрні ёсць таксама ўся кулінарная тэхніка і прылады, падтрымліваецца неабходны тэмпературны рэжым, што дазваляе спрабаваць сябе ў новых напрамках, гатаваць новыя стравы. Канечне, гэта садзейнічае агульнаму павышэнню падрыхтоўкі і прафесійнай кваліфікацыі, — падзялілася Караліна Гарбачова.

Дарэчы, яшчэ адзін сакрэт пераможных выступленняў навучэнцаў тэхналагічнага каледжа на прафесійных спаборніцтвах — высокая кваліфікацыя і прафесіяналізм мясцовых педагагічных работнікаў. Ва ўстанове ёсць свой нацыянальны эксперт. Усе выкладчыкі пастаянна павышаюць прафесійны ўзровень, ­удзельнічаюць у майстар-класах, семінарах і канферэнцыях. Значна, што ў калектыве шмат моладзі. У тым ліку — былыя выпускнікі, пераможцы WorldSkills, якія перадаюць вопыт наступным пакаленням.

— Імкнёмся бесперапынна ісці ў нагу з часам. Пастаянна вывучаем тэндэнцыі і новаўвядзенні ў прафесійнай адукацыі ў цэлым і ў выкладанні пэўных спецыяльнасцей у прыватнасці, — адзначыла нацыянальны эксперт па кандытарскім мастацтве намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Таццяна Кабанькова.

Перамогі ў прэстыжных стартах ствараюць імідж навучальнай установы. Магілёўскі тэхналагічны каледж — добра вядомы ў рэгіёне сваёй паспяховай дзейнасцю, а таксама выпускнікамі, якія вельмі запатрабаваны сярод работадаўцаў і заказчыкаў кадраў. Нядзіўна, што былыя школьнікі імкнуцца трапіць сюды на навучанне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

Героі нашага часу

Выпускнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа — архітэктар, плітачнік і майстар вытворчага навучання — расказваюць пра шлях у прафесію і дзеляцца планамі на будучыню.  

Кампетэнтныя, амбіцыйныя, энергічныя — яны ўсміхаюцца нам з білбордаў, выклікаюць захапленне на чэмпіянатах WorldSkills, упэўнена стартуюць на вытворчасці, у навуцы і сацыяльнай сферы, развіваюцца і рухаюць прагрэс. А чым яны самі вымяраюць паспяховасць, што лічаць яе гарантыяй, якім бачаць заўтрашні дзень? Наколькі мяняецца гэтая сістэма каардынат з набыццём жыццёвага і прафесійнага вопыту? 

Валерый Рэйнгольд, Віцебск

— Пасля каледжа мне прапанавалі застацца працаваць майстрам вытворчага навучання. У калектыве прынялі нармальна. Дапамагаем адно аднаму, узнікаюць нейкія пытанні — вырашаем калектыўна. Жыллём спачатку забяспечыў каледж — у нашым інтэрнаце. Потым я ажаніўся. Як маладая сям’я, мы сталі на чаргу ў гарвыканкаме і атрымалі кватэру ў Білева. Год назад нара­дзілася дачка, трэцяе дзіця ў сям’і. Перааформілі крэдыт на льготны. Добрая падтрымка з боку дзяржавы, яшчэ і на пашырэнне пойдзем. Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы на першым рабочым месцы, то яна была стандартнага постсавецкага ўзору. Вялікія змяненні наступілі з прыходам новага дырэктара Аляксандра Ласякіна. Пачыналі адбудоўваць і пераабсталёўваць з малога. Паступова абнаўленне стала больш маштабным, а яго вынікі ўжо нельга не заўважыць. Мы адчулі моцную дзяржаўную падтрымку: дапамагалі і Міністэрства адукацыі, і аблвыканкам, і наша галоўнае ўпраўленне па адукацыі. Адкрылі рэсурсны цэнтр. Рамонт памяшканняў — фактычна ўсе работы, якія можам рабіць сваімі сіламі, — выконваем гаспадарчым спосабам. Зараз займаемся першым паверхам у вучэбным корпусе № 3, дзе будуць устаноўлены станкі па апрацоўцы металу. Задзейнічаны і выкладчыкі, і майстры вытворчага навучання, і навучэнцы. Апошнія за кошт гэтага атрымліваюць вялікі вопыт, вучацца працаваць на сучасным абсталяванні, з найноўшымі матэрыя­ламі. Лічу, што наша база — найлепшая ў краіне ва ўсім, што тычыцца будаўнічага профілю. Дырэктар ставіць новыя задачы, заглядвае наперад, да чаго імкнуцца. Жыццё не стаіць на месцы, удасканальвацца сапраўды важна. 

“Што б ты ні рабіў — ты робіш сябе” — гаворыць усходняя мудрасць. Кожны шукае свой шлях. Мне пашчасціла яго знайсці”.

Прафесія майстра вытворчага навучання патрабуе пастаяннага росту ў прафесійным плане. З прыходам у каледж я вёў каменныя работы, на цяперашні час больш сканцэнтраваўся на абліцоўцы пліткай. Акрамя таго, маю каля дзясятка ў дасканаласці асвоеных будаўнічых кваліфікацый, пастаянна вывучаю новыя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, атрымаў спецыяль­насць інжынера-будаўніка ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, скончыў многа розных карысных курсаў. Цяпер таксама павышаю кваліфікацыю: вырашыў пашы­рыць педагагічныя кампетэнцыі, каб праца­ваць не толькі майстрам, але і выкладчыкам. Прыемна і адказна, што ў гэтым навучальным го­дзе мяне ўзнагародзілі нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэс­публікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. 

Каледж актыўна і паспяхова ўдзельнічае ў руху WorldSkills. У кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай” трымаем лідарства на двух апошніх нацыянальных чэмпіянатах. Спачатку парадаваў Канстанцін Беразенка, якога ад пераможцы аддзялялі ўсяго дзве сотыя бала, і ўсё ж менавіта яго пасля паўгадавой дадатковай падрыхтоўкі выбралі для ўдзелу ў WorldSkills Kazan — 2019. А на мінулым нацыянальным чэмпіянаце Раман Каравікоў папоўніў скарбонку дасягненняў каледжа залатым медалём.

 Наталля Харашкевіч, Наваполацк:

— Пасля школы заканамерна паўстаў выбар: універсітэт або каледж. Параілася з блізкімі людзьмі, сама да сябе прыслухалася і наважылася з вышэйшай адукацыяй пача­каць, папярэдне ўпэўніцца, ці сапраўды архітэктура — гэта маё. Увагу прыцягнуў тэхнічны каледж у Віцебску. З уступнымі выпрабаваннямі справілася. У спісе на залічэнне ўбачыла сваё прозвішча на першым радку. Колькі радасці было! А надзей і чаканняў яшчэ больш…

Варта сказаць, яны спраўдзіліся. Выдатная матэрыяльна-тэхнічная база каледжа, цікавае навучэнскае жыццё, многа творчасці і, галоўнае, пашанцавала з выкладчыкамі. У падрыхтоўцы нават па агульнаадукацыйных прадметах выразны акцэнт зроблены на тым, што накіравана на спецыяльнасць. Асабліва ўдзячна Наталлі Харытонавай, якая выкладала нам канструкцыі будынкаў і збудаванняў. У яе сапраўдны настаўніцкі талент і велізарны вопыт, бо раней яна працавала ў галіне архітэктуры. Было максімальна цікава вучыцца, даведвацца больш, чым па праграме. 

Каледж скончыла з чырвоным дыпломам. Па размеркаванні ўжо амаль год працую ў Наваполацкім філіяле “Віцебскграмадзянпраекта”. Да мяне аднесліся добра, адразу прынялі ў каманду. З любымі пытаннямі дапамагалі, калі штосьці не разумела. Думаю, у любога маладога спецыяліста так: якая б ні была падрыхтоўка, заўсёды застаюцца за кадрам асобныя моманты, звязаныя непасрэдна з работай. Не падумайце, перавучвацца на месцы не давялося. Проста часам патлумачыць адзін раз — і гэтага поўнасцю дастаткова, падхопліваеш і далей, як трэба, атрымліваецца. 

У планах — вучоба ў БНТУ. Вялікая перавага, што да паступлення дакладна ведаю, навошта мне вышэйшая адукацыя і як праходзяць вытворчыя працэсы ў архітэктуры. 

Калі я толькі прыйшла, мы пераважна праектавалі жылыя шматпавярховыя дамы. Цікава распрацоў­ваць планіроўкі, колеравыя рашэнні і ўдзельнічаць у жыцці арганізацыі. Зараз мая дзейнасць больш накіравана на прамысловыя аб’екты. Пра зарплату шчыра прызнаюся: паступаючы ў каледж, думала, што будзе вышэйшай. Неяк прынята лічыць, што архітэктар — элітная і высокааплатная прафесія. Насамрэч не зусім так. Як мінімум на пачатку зарплаты хапае на жыццё, шыкаваць не даводзіцца. Паступова становіцца лепш. Канечне, можна працаваць звышурочна, на выхадных — адпаведна вырасце заробак, але ж хочацца і адпачыць, і прысвя­ціць час сабе. Хаця можна дадаткова заняцца, скажам, дызайнам, 3D-мадэлі ра­біць. Многае залежыць ад самога чалавека. Як маладому спецыялісту, пры пераездзе мне выплацілі надбаўку. Жыллё прадаставілі ў інтэрнаце, месца жыхарства падабаецца: Наваполацк — маладзёжны горад, дзе мне ўтульна і камфортна.  

Прафесія адназначна не расчаравала. Тут заўсёды прысутнічае доля творчасці, можна павыдумляць, прая­віць сябе, але пры гэтым палёт фантазіі грунтуецца на дакладным разліку.  

Канстанцін Беразенка, Мінск:

— Чаму скончыў менавіта ВДТК? Думаю, усе ведаюць, што ў Беларусі гэта найлепшы каледж. Паколькі я імкнуўся ў будаўнікі і жыў у Віцебску, то для мяне гэта максімальна зручна. За час вучобы набыў кваліфікацыі тэхніка-будаўніка, абліцоўшчыка пліткай, цесляра, тынкоўшчыка, муляра. Асвойваў прафесію на занятках і ў працэсе практыкі, дзе нам давяралі выконваць рамонтныя работы. Зразумела, навучэнскае жыццё не абмяжоўвалася парамі ад званка да званка. Удзельнічаў у розных конкурсах і спаборніцтвах, займаўся валанцёрствам: установа супрацоўнічае з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Бліжэй да выпуску сур’ёзна пралічваў варыянты адкрыць уласную справу. Адначасова было разуменне, наколькі вялікія рэсурсы ўкладзены ў маю падрыхтоўку, і жаданне аддзячыць альма-матар тым жа, пастарацца перадаць усе набытыя веды і ўменні. Зоркі сышліся: мяне запрасілі на работу майстрам вытворчага навучання. 

Калі ёсць справа, дзе ты лепшы, — не важна, які дыплом маеш: універсітэцкі, аб заканчэнні каледжа ці ўвогуле курсаў. Адукацыя на любым узроўні — шлях, і ні ў якім разе не мэта.

Вучыцца і вучыць — розніца адчувальная. Здаецца, на першым рабочым месцы ўсё знаёма: прадмет выкладання, сцены і людзі тыя ж. У адносінах з педагогамі асаблівых змяненняў не адбылося, бо мы адно аднаго ведалі, працавалі разам. Хіба што на вы да мяне пачалі звяртацца: субардынацыя. А вось адказнасць зусім іншая. Адна справа, калі ты проста засвойваеш інфармацыю, другая — дасведчана ёй дзяліцца. Неабходна было матываваць навучэнцаў, каб яны вучыліся. Педагагічная дзейнасць дала незаменны вопыт, я стаў лепш разумець лю­дзей. Пасля, як і намерваўся раней, пераехаў у сталіцу. Уладкаваўся спачатку ў будтрэст. Потым усё ж такі перайшоў на ўласны хлеб. Задаволены, бо ў цэлым задуманае здзяйсняецца. Заробкі таксама адпавядаюць чаканням — добры майстар заўсёды запатрабаваны. 

 

Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж двойчы — па выніках работы сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь за 2019 і 2021 гг. — быў прызнаны лепшай у краіне ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі арганізацый. Калектыў ВДТК — пераможца конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2019 год” у намінацыі “Арганізацыя года”. За дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2020 годзе каледж быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.

Намеснік начальніка Наваполацкага філіяла абласнога дзяржаўнага ўнітарнага праектнага прадпрыемства “Інстытут Віцебскграмадзянпраект” па агульных пытаннях і ідэалогіі Ганна САМОЙЛАВА: “Па размеркаванні ў нас працуе некалькі выпускнікоў спецыяльнасці “Архітэктура” Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Пра кожнага можам сказаць толькі добрыя словы: адказнасць, стараннасць, любоў да прафесіі, сур’ёзная тэхнічная падрыхтоўка, уменне праца­ваць у камандзе. Асобна хоцелася б адзначыць Наталлю Харашкевіч і Ганну Абухоўскую. Дзяўчаты паказваюць выдатныя вынікі па выкананні пастаўленых перад імі задач па праектаванні”.

 

Дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр ЛАСЯКІН: “Сёння нашы галоўныя задачы — выхаванне мола­дзі і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў, у першую чаргу для народнай гаспадаркі рэгіёна. Выпускнікі каледжа з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй прыходзяць на вытвор­часць кіраўнікамі сярэдняга звяна — брыга­дзірамі, начальнікамі цэхаў і ўчасткаў, але разам з тым яны ў дасканаласці валода­юць кампетэнцыямі па адпаведных рабочых прафесіях. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі за перыяд падрыхтоўкі навучэнцы асвойваюць некалькі сумежных кваліфікацый па сваім напрамку, што значна пашырае для іх магчымасці далейшага прафесійнага росту. Здараецца, выпускнікі становяцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, пад­рыхтоўка дазваляе. Калі чалавек у прававым полі паспяхова і творча працуе на карысць сабе і людзям, плаціць падаткі, стварае прыбавачны прадукт — таксама добра. У супрацоўніцтве з заказчыкамі кадраў мы ажыццяўляем папярэдняе размеркаванне. Будучы малады спецыяліст прахо­дзіць практыку як на перадавых галіновых вытворчасцях, так і на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, дзе потым будзе яго першае рабочае месца. На працягу некалькіх гадоў мы забяспеч­ваем стапрацэнтнае размеркаванне выпускнікоў. 

Як заканадаўцы трэндаў у прафадукацыі, асаблівую ўвагу звяртаем на таленавітых навучэнцаў: даём павышаныя заданні, прыглядаемся. Лепшыя кадры застаюцца ў каледжы і тут поўнасцю раскрываюць свой патэнцыял. Ганарымся тым, што выпускнікі каледжа дасягаюць вышынь. Вынікі WorldSkills Belarus пацвярджаюць: нашы муляры, абліцоўшчыкі пліткай — лепшыя ў краіне. Па геа­дэзіі займаем 2—3-я месцы, у сухім будаўніцтве крыху саступілі на 3—4-я месцы — ёсць над чым працаваць. Па металаапрацоўцы, тэхнічным абслугоўванні аўтатранспартных сродкаў — толькі нядаўна пачалі ім зай­мацца — 4-я пазіцыя, дастойны вынік. Літаральна нядаўна ўручылі дыпломы 109 выпускнікам, з іх 31 працэнт мае павышаны разрад. Можна і больш, аднак да яго прысваення падыходзім вельмі строга і прынцыпова: гэта не самамэта, а знак якасці, за які мы нясём адказнасць”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжам
і героямі публікацыі.

 

Па матэрыялах https://nastgaz.by/.