Траекторыя развіцця

Аб падрыхтоўцы педкадраў пры сінхронным уступленні ў сілу Кодэкса аб адукацыі і Агульнадзяржаўнага класіфікатара — рэктар БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар А.І.Жук.

— Аляксандр Іванавіч, якім будзе навучанне будучых бакалаўраў у новых умовах? 

— У нашым універсітэце плануецца навучанне па 13 узбуйненых спецыяльнасцях I ступені вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят). Сярод іх дашкольная, пачатковая, гістарычная адукацыя; філалагічная, прыродазнаўчая, фізіка-матэматычная, тэхналагічная адукацыя (усе яны, пачынаючы з філалагічнай, з указаннем прадметных галін), а таксама мастацкая, музычная, сацыяльная і псіхолага-педагагічная адукацыя, псіхалогія, адукацыя ў галіне фізічнай культуры, спецыяльная і інклюзіўная адукацыя. 

Студэнты, якія паспяхова скончаць навучанне на І ступені вышэйшай адукацыі, атрымаюць кваліфікацыю “бакалаўр” і будуць гатовы да работы. У якаснай падрыхтоўцы педагагічных кадраў бакалаўрыят адыгрывае асноўную ролю. Менавіта на гэтым этапе студэнт павінен быць падрыхтаваны да прафесійнай педагагічнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі рознага тыпу і авалодаць усімі кампетэнцыямі, неабходнымі для паспяховага ажыццяўлення адукацыйнага працэсу. Акрамя таго, у рамках універсальных кампетэнцый выпускнік бакалаўрыята атрымае навыкі вядзення навукова-педагагічнага даследавання.

У дыядзе “агульная вышэйшая адукацыя — паглыбленая вышэйшая адукацыя”, згодна з прадстаўленымі ўніверсальнымі кампетэнцыямі для першага і другога ўзроўняў, пацверджана іх пераемнасць у змесце навучання, і па функцыях яны таксама пераклікаюцца паміж сабой. Пры апрабацыі вопыту навукова-даследчай дзейнасці ў працэсе падрыхтоўкі магістарскай дысертацыі студэнт можа вызначыць сваю далейшую траекторыю развіцця: займацца  прафесійнай педагагічнай дзейнасцю або навуковымі даследаваннямі ў галіне педагогікі (навучанне ў аспірантуры).

— Бакалаўр — гэта не толькі адпаведная кваліфікацыя, але і магчымасць працягнуць навучанне на больш высокай ступені і атрымаць паглыбленую вышэйшую адукацыю.

— На ІІ ступені вышэйшай адукацыі мы плануем навучанне па 11 спецыяльнасцях з прысваеннем кваліфікацыі “магістр”. Гэта дашкольная, пачатковая, гістарычная, філалагічная, прыродазнаўчая, фізіка-матэматычная, мастацкаэстэтычная, сацыяльная і псіхолага-педагагічная адукацыя, адукацыйны менеджмент, псіхалогія, фізічная культура і спорт. Упершыню ўведзена бесперапынная адукацыйная праграма, якая спалучае абавязковае асваенне агульнай і паглыбленай вышэйшай адукацыі (4 гады бакалаўрыята і 1 год магістратуры). Яна накіравана на падрыхтоўку па найбольш складаных спецыяльнасцях, якія патрабуюць дадатковых прафесійных кампетэнцый. Сярод педагагічных спецыяльнасцей бесперапынная адукацыйная праграма будзе рэалізоўвацца для падрыхтоўкі спецыялістаў сістэмы спецыяльнай адукацыі. Адукацыйны працэс будзе ажыццяўляцца па спецыяльнасці “Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя”.

— Ці будуць новаўвядзенні ва ўступнай кампаніі — 2022? 

—Мы збіраемся павялічыць набор на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, таму што зараз зняты тэрытарыяльныя абмежаванні ў адносінах да месцазнаходжання заказчыкаў кадраў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Гэта значыць, што заказчыкамі могуць быць арганізацыі, якія знаходзяцца ў любых населеных пунктах, у тым ліку і ў Мінску. Пры падрыхтоўцы да сёлетняй уступнай кампаніі БДПУ прапанавана пашырыць пералік педагагічных спецыяльнасцей, на якія без уступных іспытаў паступаюць асобы з атэстатам аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём або дыпломам аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. Існуючы спіс мы плануем дапоўніць яшчэ 4 спецыяльнасцямі: “Гісторыя і сусветная мастацкая культура”, “Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа”, “Біялогія і хімія”, “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”. 

Гутарку вяла Ала КЛЮЙКО.

 

Дарогі педагогаў

Вучні пачатковай школы не павінны страціць цікавасць да вучобы, заканчваючы 4 клас. На гэтым акцэнтаваў увагу міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас размеркавання ў БДПУ імя Максіма Танка.  

У БДПУ імя Максіма Танка першым факультэтам, з якога пачалося размеркаванне студэнтаў універсітэта, стаў факультэт пачатковай адукацыі. І гэта не проста так: для кожнага дзіцяці школа пачынаецца з першай настаўніцы. Таму сімвалічна, што менавіта тыя маладыя педагогі, якія хутка атрымаюць дыплом настаўніка пачатковых класаў, першымі даведаліся, якая школа стане іх першым рабочым месцам.

“Хачу параіць настаўнікам пачатковай школы не перагружаць малышоў і зрабіць так, каб дзеці за 4 гады вучобы не перагарэлі, не страцілі цікавасці да вучобы і з ахвотай ішлі ў сярэднюю школу”, — звярнуўся да выпускнікоў А.Іванец. 

Падчас размеркавання студэнтаў міністр адукацыі падтрымаў тых выпускнікоў універсітэта, якія едуць на малую радзіму, каб працягнуць педагагічныя традыцыі свайго калектыву.

“Я ўпэўнены, што школы і гімназіі раённых гарадоў, куды вы паедзеце працаваць, толькі выйграюць ад гэтага, — заўважыў Андрэй Іванец. — Да таго ж працаваць і жыць на малой радзіме намнога зручней, чым у Мінску. У сталіцы трэба вырашаць жыллёвыя пытанні, а з гэтым часта ўзнікаюць праблемы. Педагогі, з якімі сустракаюся, нярэдка звяртаюцца да гэтага пытання. Безумоўна, калі студэнты ўсвядомлена застаюцца ў Мінску, калі знаходзяць тут работу, то замінаць гэтаму не будзем і пажадаем поспехаў”.

Разважаючы пра перавагі работы ў маленькіх гарадах, міністр адукацыі выказаў упэўненасць, што, калі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі хочуць атрымліваць добрых спецыялістаў, значыць, павінны ствараць для моладзі адпаведныя ўмовы.

“Калі настаўнік прыходзіць на работу ў школу ці гімназію, ён павінен зрабіць так, каб дзеці ведалі, што іх адзіны шлях да поспеху — гэта вучоба і паступленне, — адзначыў Андрэй Іванавіч. — Прычым шлях да поспеху ва ўсіх розны. Школьнік можа пайсці вучыцца ў каледж ці ВНУ, атрымаць рабочую прафесію. Каб стаць прафесіяналам, неабавязкова мець дыплом аб вышэйшай адукацыі. Бывае, трымаючы ў руках дыплом ВНУ, малады чалавек разумее, што атрыманая спецыяльнасць — не яго, і гэта поўнае расчараванне. Таму ён ідзе атрымліваць другую вышэйшую адукацыю. Але гэта таксама не дае гарантый, што, дзякуючы другому дыплому, малады чалавек знойдзе сваё месца ў жыцці. Вельмі важна паказаць дзецям, што і ў гімназіі, і ў школе можна быць разумным і паспяховым. Але дапамагчы навучэнцам гэта зразумець могуць толькі настаўнікі”.      

На тым, што ў краіне высокая запатрабаванасць у настаўніках пачатковай адукацыі, падчас размеркавання засяродзіў увагу рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук.

“Мы атрымалі 305 заявак, а выпускаем сёння 103 чалавекі, — прывёў даныя А.І.Жук. — Так, Мінск падаў 171 заяўку, а Мінская вобласць — 114. Па мэтавым накіраванні ў нас вучыліся 44 чалавекі з рэгіёнаў”. 

Дарэчы, з сакавіка гэтага года пашыраюцца магчымасці па мэтавай падрыхтоўцы. Заказчыкамі кадраў ужо могуць выступаць установы адукацыі, якія знаходзяцца ў любым населеным пункце. Раней такой магчымасцю маглі скарыстацца толькі навучальныя ўстановы, што знаходзяцца ў гарадах і мястэчках з колькасцю жыхароў да 20 тысяч.  

Сярод выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі 30 студэнтак — былыя выпускніцы педагагічных класаў. 

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка расказаў, што сёлета навучанне скончылі 30 былых выпускніц педкласаў. Прычым 9 з іх паедуць працаваць у свае гарады. Дадому, у Жлобін, таксама вернецца студэнтка выпускнога курса Ганна Кавалёва. Яна стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. 

“Я стала стыпендыятам дзякуючы высокаму рэйтынгаваму балу і навуковым работам, якімі займалася, — расказала перад пачаткам размеркавання Г.Кавалёва. — З задавальненнем прымала ўдзел не толькі ў тых канферэнцыях, што праводзіліся на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, але і ў міжнародных. Дарэчы, каб прыняць удзел у міжнароднай канферэнцыі, мы пішам артыкулы, адпраўляем іх на конкурс. У выніку ў адной з такіх канферэнцый заняла 2-е месца.

Сёння я размеркавалася ў родны Жлобін. Так, безумоўна, ёсць невялікае шкадаванне, што не застануся ў Мінску. Але разам з гэтым разумею, што шкадаваць не трэба. Тут вельмі складана знайсці жыллё. Арандаваць кватэру маладому настаўніку, учарашняму студэнту, з яго зарплатай проста нерэальна. А ў Жлобіне ў мяне ёсць дзе жыць”. 

Малады педагог запэўнівае, што за час вучобы ва ўніверсітэце не расчаравалася ў прафесіі. Наадварот, паверыла ў свае сілы і ў тое, што зможа стаць добрай настаўніцай.

“Так, былі моманты, калі думала, што работа з дзецьмі — гэта, магчыма, не маё, — працягвае студэнтка. — Такія думкі з’яўляліся, калі прыходзіла на практыку ў школу. Самастойна, адна з класам… А што, калі не атрымаецца? Гэтага я вельмі баялася. Але ўсё атрымалася. Сёння, азіраючыся на пройдзенае, рада, што выбрала для сябе прафесію настаўніка. Наперадзе — абарона дыплома па методыцы выкладання рускай мовы. У прыватнасці, разглядаю праблему фарміравання арфаграфічных навыкаў падчас вывучэння марфемнага саставу слова. Для вучняў пачатковай школы мы распрацоўваем практыкаванні і апрабуем іх на базе сярэдніх школ. Я займалася гэтым у сярэдняй школе № 153 Мінска. 

Што тычыцца сённяшняга дня, то ён вельмі адказны: мы атрымалі накіраванне на сваё першае рабочае месца. Шчыра кажучы, не веру, што студэнцкія гады ўжо заканчваюцца. Усведамляючы гэта, становіцца сумна, бо студэнцтва — самы яркі і вельмі насычаны перыяд у жыцці кожнага маладога чалавека. За час вучобы БДПУ імя Максіма Танка стаў для нас родным. Я ўпэўнена, што мы, сённяшнія выпускнікі факультэта пачатковай адукацыі, будзем годнымі прадаўжальнікамі традыцый нашых настаўнікаў і ўніверсітэта”. 

Наталля САХНО.
Фота аўтара і прэс-службы БДПУ імя Максіма Танка.

Па матэрыялах https://nastgaz.by/.