Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Значэнне турызму ў жыцці сучаснага грамадства немагчыма пераацаніць. І ўсё ж нельга не ўлічваць той факт, што сфера туріндустрыі моцна пацярпела падчас пандэміі COVІD-19. Даюць аб сабе знаць і эканамічныя крызісы, і ў цэлым няўстойлівае становішча ў свеце. Што цяпер адбываецца з турызмам у Беларусі, ці не знікне запатрабаванасць у турыстычнай прафесіі, а таксама якія захады робяцца для развіцця ўнутранага турызму — аб гэтым і не толькі мы пагаварылі з дырэктарам Інстытута менеджменту спорту і турызму, кандыдатам эканамічных навук, дацэнтам Валянцінай Мікалаеўнай Ананьевай.

— Валянціна Мікалаеўна, калі гаварыць у цэлым — якога спецыяліста рыхтуеце?

— Шматфункцыянальнага. Студэнтам чытаюць дзве замежныя мовы, да таго ж ва ўніверсітэце ёсць інстытут Канфуцыя, куды прыехалі высакакласныя спецыялісты з Кітая. А сёння гэта важна, бо мы бачым, як актыўна прыязджаюць замежныя турысты. У нас шмат практычных заняткаў па турызме, праводзіцца навучанне па такіх дысцыплінах, як краязнаўства, гісторыя Рэспублікі Беларусь, максімальна засяроджваем увагу на ўязным турызме, які будзе садзейнічаць прыцягненню сюды замежных турыстаў. Вельмі шмат увагі ўдзяляем студэнтам, пачынаючы з першага курса. Даём зразумець, што хочам, каб яны сталі экспертамі шматузроўневага шматгаліновага кірунку ў эканоміцы. Ведаеце, набыць турыстычны білет у Егіпет ці Турцыю, напэўна, можа любы грамадзянін нашай краіны, не прыбягаючы да паслуг аператараў. А вось як прывабіць турыста да нас — гэта ўжо іншае пытанне, якім павінен займацца спецыяліст з адпаведнай турыстычнай адукацыяй.

— Ці можна сёння казаць аб запатрабаванасці спецыялістаў па турызме і актуальнасці турыстычнай прафесіі?

— Турыстычная спецыяльнасць запатрабаваная, і лічу, што яна будзе такой надалей. Але важна, каб галіна хацела гэтых спецыялістаў трансфармаваць. Так, быў час, калі людзі зараблялі грошы на продажы білетаў, цяпер ён скончыўся. Спецыялісты ў сферы турызму павінны прыйсці ў кампаніі і прапанаваць новыя веды, якія атрымалі ў вышэйшай навучальнай установе.

Працэнт студэнтаў, якія навучаюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту, у нас невялікі. Таму ў кожнага ёсць магчымасць свабоднага працаўладкавання. Няшмат студэнтаў пасля заканчэння ВНУ звяртаюцца да нас па прычыне таго, што яны не змаглі знайсці сабе месца для працаўладкавання. Калі студэнт матываваны застацца ў галіне, ён будзе на працягу вучобы працаваць і праходзіць практыку ў «сваёй» турустанове. Нашы выпускнікі могуць вяртацца ў рэгіёны, а могуць застацца ў сталіцы, бо шмат заявак ад турыстычных кампаній, прадпрыемстваў, у падначаленні якіх знаходзяцца санаторыі, прафілакторыі. Хоць, вядома, і зручна было б узяць у турфірму некваліфікаванага спецыяліста за меншыя грошы, але ўсё роўна, калі арганізацыя сутыкаецца з тым, што ёй трэба зарабляць, яны захочуць бачыць спецыяліста, які дазволіць ім гэтыя грошы атрымаць.

— Наколькі важна сёння мець адпаведную падрыхтоўку ў прадстаўніка турыстычнай сферы?

— Калі ў краіне адмянілі ліцэнзаванне турыстычнага віду дзейнасці (яно патрабуе ад спецыялістаў, якія працуюць у турыстычных кампаніях, адпаведнай адукацыі), то ў гэтых кампаніях пачалі працаваць усе ахвотныя. Таму паўстае праблема абясцэньвання самой спецыяльнасці. Многія турыстычныя кампаніі паставілі сабе за мэту — найперш продаж тураў за мяжу. Гэта звычайная аператарская работа, якая не патрабуе спецыяліста па турызме, ён проста прадае, і на гэтым кампанія зарабляе грошы. Аднак асноўны працэнт паслуг, якія аказваюцца ў турыстычных кампаніях, павінен быць ад уязнога турызму. Да таго ж здарылася пандэмія, эканамічныя крызісы, і дзяржава зноў гаворыць: прадаваць — гэта добра, але прываблівайце сюды турыста! А як? Спецыяліст, які працуе ў кампаніі і не ведае нічога, акрамя таго, што можа прапаноўваць туры, не разумее, з чаго пачаць, бо не знаёмы з ўсімі гэтымі механізмамі, якія даюць у адпаведнай навучальнай установе.

— Валянціна Мікалаеўна, а як прывабіць да нас турыстаў? Якія захады плануецца зрабіць у гэтым кірунку?

— Ёсць розная катэгорыя турыстаў. Напрыклад, якія прыязджаюць, каб вывучыць новую для сябе краіну альбо свае карані, мінулае родных, якія калісьці эмігрыравалі. Турысты цяпер самаарганізаваныя, яны выразна ўяўляюць, куды хочуць, і, вядома, ім трэба дапамагаць, садзейнічаць іх знаходжанню тут. Ёсць вялікая катэгорыя, якую да гэтай пары прывабліваюць нашы санаторныя здраўніцы, аграэкатурызм, архітэктурныя помнікі і г. д. Тая сума, якую яны плацяць, іх задавальняе. І разам з тым трэба ісці далей — тэхналагічна развівацца, павялічваць колькасць і якасць спецыялістаў — трэба перафарматаваць само ўяўленне пра турыста, якога мы хочам у нас бачыць. Мы павінны сёння працаваць, каб яго прыцягнуць, і неабходна разумець, што пакуль стаім у пачатку гэтага шляху. Бясспрэчна, трэба прыцягваць у дапамогу «селебрыці», знакамітасцяў, блогераў — яны вельмі мабільныя, яны нашы саюзнікі ў гэтай справе.

— Што Беларусь можа прапанаваць замежнаму турысту?

— Мы, беларусы, пазіцыянуем, што ў нас краіна рэк і азёраў, што ў нас вялізныя лясы, палі, мы трэція ў свеце па наяўнасці прэснай вады. І так сябе пазіцыянаваць правільна, гэта наша культура, самабытнасць, гэтым трэба ганарыцца і ўмець прадаваць. Цяпер мы саюзнічаем з дзвюма краінамі, якія для нашай эканомікі створаць вялізны працэнт у ВУП: Кітай і Расія. У іх ёсць грошы, і яны гатовыя набыць прадукт. Да гэтага трэба быць падрыхтаванымі: яны павінны зразумець, што могуць купіць у нас. Тыя ж кітайцы адпачываць у нашым класічным разуменні не хочуць, а прапанаваць ім нешта больш цікавае мы не можам — няма такіх магчымасцяў. Таму ў планах, напрыклад, акультурыць усе нашы азёры, стварыць там умовы для пражывання, накшталт асобных спецыяльных боксаў з усім неабходным, што называецца, па апошнім слове тэхнікі і многае іншае. І для арганізацыі падобнага адпачынку павінна падключыцца вялікая колькасць спецыялістаў, якія будуць ствараць умовы для аказання патрэбных паслуг — па забеспячэнні харчаваннем, тэхнічным аснашчэнні, па размяшчэнні, арганізацыі забаўляльных мерапрыемстваў і г. д. Гэта тое, чым займаецца цяпер увесь свет. Прыкладам для нас з'яўляецца Швецыя, якая прапануе за грошы адпачынак тым, хто гатовы за гэта плаціць. У сваю чаргу праца ў гэтым кірунку можа дазволіць моладзі, не з'язджаючы з нашай краіны, зарабляць сёння грошы. Я хачу, каб нашы студэнты засталіся тут, але я павінна забяспечыць іх вось такім добрым відам работы. У гэтай сувязі нам не патрэбна вынаходзіць ровар, трэба толькі сабраць найлепшае, адаптаваць гэта да сябе і даць магчымасць людзям зразумець, што на гэтым можна зарабляць грошы, у тым ліку дапамагчы дзяржаве такой новай варыяцыяй падыходу да турыстаў.

— Вы лічыце, што шведская турыстычная мадэль знойдзе прымяненне ў нашых рэаліях? На гэта неабходны немалыя сродкі...

— Лічу, што гэта інвестыцыйны праект, павінны быць недзяржаўныя грошы і недзяржаўны заказ. Думаю, што ўсё ж такі гэта грошы, якія павінны прыйсці з іншых краін. Зноў жа, калі гэта кітайскія грошы і іх інвестыцыі, то пад іх патрэбы і будзем адаптаваць турпаслугу. Калі расійскія грошы, то трэба лічыцца з іх разуменнем культуры, менталітэту, кіравацца іх патрабаваннямі. Так, гэтую ідэю трэба прадаваць, немалаважна навучыцца правільна яе прэзентаваць. Але вельмі хацелася б, каб гэта ідэя і стратэгія развіцця сталі дзяржаўнымі, тады мы змаглі б уключыць яе ў эканамічны абарот, што прыносіла б нам добрыя грошы.

— Якія перспектывы далейшага развіцця турызму ў Беларусі ў сувязі з няўстойлівай сітуацыяй у свеце?

— Крызіс — пачатак чагосьці новага, ліквідацыя старога, што выйшла з моды. Я заўсёды прымерваю на сябе: куды захацела б паехаць, што паглядзець. І толькі так можна пісаць стратэгіі, прапрацоўваць іх. Наша стратэгія развіцця турызму разлічана да 2025 года, усе дзеючыя сёння віды турызму там пералічаны. Плануецца далей развіваць аграэкатурызм, санаторнае лячэнне, тое, што ў нас існуе. Аднак у стратэгіі павінна з'явіцца штосьці новае, трэба пачаць рухацца ў гэтым кірунку. Бачу, што без падобнага пачатку не атрымаецца нічога іншага. Калі мы прапануем нешта новае, пад гэта перапрацуюцца праграмы, стандарты, перафарматуецца ўся галіна, але яно павінна з'явіцца. Гэта датычыцца не толькі сферы турызму, але і многіх іншых сфер. Таму нельга казаць, што ва ўсіх усё добра, толькі адзін турызм прасядае. Не, прасядаюць тыя галіны, якія развіваліся на працягу апошніх 50—60 гадоў, але яны павінны трансфармавацца. Працэсы, якія былі, трэба падрыхтаваць для новага спажыўца паслугі. А ў яго сёння сур'ёзнае патрабаванне. Трэба сказаць, што дзяржава робіць усё неабходнае, многае ўжо створана. Як кандыдат эканамічных навук гляджу на турызм праз прызму эканомікі: любая галіна краіны павінна быць накіравана толькі на адно — магчымасць зарабляць грошы. Таму песімістычныя размовы аб тым, што турыстычная галіна прасядае, што будзе дрэнна, — неапраўданыя. Гэта насамрэч нежаданне людзей, якія сёння гэтым займаюцца, развівацца. Прэзідэнт увесь час гаворыць, што неабходна прапаноўваць і дзейнічаць. Ёсць жа грантавая падтрымка — унясіце прапановы па правядзенні пэўнага навуковага даследавання, па вывучэнні якога-небудзь кірунку, кіраўнік дзяржавы ўвесь час падштурхоўвае. Усе наракаюць, што сёння горш, чым было ўчора. З гэтым ужо зразумела, але ж давайце што-небудзь рабіць. Столькі, колькі зрабіла дзяржава для прыцягнення сюды турыстаў, ні адна краіна не робіць, — возьмем той жа бязвізавы рэжым. Але за гэтым стаіць праца на працягу дзесяцігоддзяў цэлай каманды, вялікай колькасці міністэрстваў. Яны адпрацавалі гэта для галіны, яны далі ўсе магчымасці, паўтаруся — бязвізавы рэжым, ільготы па індывідуальным прадпрымальніцтве, якія могуць займацца аграэкатурызмам, гэта неліцэнзаваны від дзейнасці, фактычная магчымасць прымаць на работу людзей з рознай адукацыяй — усё гэта свайго роду свабода, усё зрабілі. Але пры такім бонусе, які дала дзяржава, яна хоча ведаць, што яшчэ можна зрабіць.

— Назавіце, калі ласка, свае любімыя турыстычныя мясціны, якія б вы параілі для наведання.

— Мне пашчасціла пабываць ва ўнікальным месцы — прыватным турыстычным комплексе «Чырвоны бор». Не ўсім па кішэні наведаць гэтае месца, аднак узровень турыстычнага абслугоўвання там — як у вядучых краінах Еўропы. Мне вельмі імпануе, як развіваецца парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула». Падабаецца, што на працягу дзесяці гадоў яны яшчэ ні на адзін дзень не спыніліся ў сваім развіцці. Колькі б разоў вы туды ні прыехалі, вы ўбачыце нешта новае. Гэта якраз той прыклад, як трэба развівацца. Калі б мы гаварылі пра горад, які неабходна было б прэзентаваць, то гэта Мінск. Мы прызвычаіліся яго вывучаць па раней створаных маршрутах. Ідзём знаёмымі вулачкамі, аднак Мінск — гэта нашмат болей, нават цэнтр сталіцы недасканала намі вывучаны. Вялікі тэмп жыцця ў Мінску не дазваляе прыпыніцца і схадзіць на экскурсію. І, вядома, прырода. На працягу апошніх пяці гадоў, калі ў нашай краіне быў аб'яўлены Год малой радзімы, з'явілася цудоўная нагода, каб дапамагчы месцу, у якім ты нарадзіўся. Мой родны горад — Асіповічы. Для мяне гэта месца сілы, дзе я атрымліваю энергетыку. Там ёсць цудоўнае вадасховішча, якое неабходна акультурыць. Вельмі зручнае месцазнаходжанне — Гомельская траса, і ўсяго сто кіламетраў ад Мінска. Туды маглі б ездзіць людзі і атрымліваць задавальненне ды камфорт. Стварыць там інфраструктуру — пакуль у маіх планах. Мясцінамі, якія я пералічыла, дакладна можа ганарыцца Рэспубліка Беларусь.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва гераіні

Па матэрыялах https://zviazda.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

 

Прогулки по Минску. Город, который выбирают дети

 М. П. Поздняков

В этом богато иллюстрированном издании маленькие минчане Максим и Даша приглашают читателей книги прогуляться по их родному, любимому городу Минску - столице Республики Беларусь. И не просто прогуляться, а представить себя историками, архитекторами, экскурсоводами... Вместе с героями книги, подготовленной к 950-летию Минска, вы побываете в самых важных и интересных местах города, узнаете об его истории, легендах и заглянете в будущее города, который выбирают дети.

 11.86 руб.  

 

Часы, или Тим в Мирском замке

 И. А. Токарева 

Эта книга о путешествии Тима и его друзей во времени. Вместе с героями вы отправитесь в Мирский замок, окажетесь в далёком прошлом и увидите, как строился замок, как жили его обитатели в разные века. Вы станете участниками опасных приключений в годы войн и нападений на замок, а также проверите, есть ли в замке призраки, о которых узнаете из легенд. 

13.65 руб.  

 

Чароўныя майстэрні, або Прыгоды Ціма ў Дудутках

 І. А. Токарава

Хто не марыць апынуцца ў казачным горадзе, дзе пражываюць дзіўныя майстры, якія любяць і ведаюць рамёствы?! Хочаш стаць дарослым, самастойным і патрэбным — стань майстрам, палюбі сваю справу, даведайся ўсё пра яе.

Разам з хлопчыкам Цімам і яго сябрамі ты пабываеш у Дудутках і станеш майстрам на адзін дзень. Можаш паспрабаваць быць кавалём, ганчаром ці пекарам, а можаш — конюхам ці майстрам па саломапляценні.

Гэта кніга адрасуецца чытачам малодшага и сярэдняга школьнага ўзросту.

15.75 руб.  

 

Вочы Зямлі. Вандроўкі па роднай Беларусі

 І. У. Ягоўдзік

Кніга Уладзіміра Ягоўдзіка «Вочы Зямлі. Вандроўкі па роднай Беларусі» прысвячаецца багаццям беларускай прыроды. Навукова-папулярныя звесткі пра беларускія лясы, азёры, рэкі і крыніцы аўтар па-майстэрску спалучае з народнымі паданнямі і легендамі. Выданне стане верным сябрам таму, хто хоча пашырыць і ўзбагаціць свае веды па геаграфіі, біялогіі і гісторыі роднага краю.

Адрасуецца аматарам роднай прыроды сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

18.37 руб.