Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


У Літаратурным музеі Петруся Броўкі ў Мінску адкрылася выстава «Трэці народны», прымеркаваная да 60-годдзя атрымання Петрусём Броўкам звання народнага паэта, паведамляецца на сайце музея.

Пятрусь Броўка пакінуў значны ўклад у культуру і развіццё нашай краіны як паэт і пісьменнік, як дэпутат, галоўны рэдактар першай беларускай энцыклапедыі і прадстаўнік беларускай культуры ў народах свету. Сам творца зазначаў: «I хоць гадоў ужо нямала, хочацца працаваць і працаваць, каб зрабіць яшчэ больш, бо перад кожным з нас невычэрпная крыніца — вялікае і гераічнае жыццё свайго народа».

20 красавіка 1962 года адбываецца значная падзея — Петрусю Броўку прысуджаюць званне народнага паэта Беларусі за «заслугі ў развіцці літаратуры і актыўную грамадска-палітычную дзейнасць». Пятрусь Броўка стаў трэцім у нашай краіне пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа, хто атрымаў такі гонар — у 1925 годзе званне «Беларускага Народнага Паэта» паводле пастановы СНК БССР было нададзена Янку Купалу, а ў 1926 годзе — званне «Народнага Паэта» Якубу Коласу.

«За сваю больш чым 54-гадовую літаратурную дзейнасць Пятрусь Броўка стварыў сапраўды каштоўныя творы — «Пахне чабор», «Александрына», «Голас сэрца», «Жорны», «Заявы», «Як іграюць зайчыкі», «Белы рамонак», «Дубовы ліст», зборнік «Між чырвоных рабін». Ягоная паэзія дае добры прыклад душэўнай шчодрасці, умення адчуваць сваё месца ў жыцці і вартасць уласнай асобы, быць самім сабою і ставіцца да людзей з пачуццём павагі і роўнасці», адзначаецца ў паведамленні музея.

На выставе, якая будзе працаваць па 18 мая 2022 года, прадстаўлены медаль Народнага паэта БССР, выданні зборніка «А дні ідуць...», за які Броўка атрымаў Ленінскую прэмію 1962 года ў літаратуры, дыплом лаўрэата Ленінскай прэміі.

Крыніца: «Звязда»