Кожны з бацькоў сутыкаецца з праблемай дзіцячых канфліктаў. Кожная мама і кожны тата шукаюць сваю ўласную стратэгію паводзін у выпадку сварак паміж дзецьмі.

Хтосьці вымушаны жыць у рэжыме “і вечны бой, спакой нам толькі сніцца” (гэта часцей за ўсё адносіцца да бацькоў, якія маюць дваіх ці больш дзяцей), а для кагосьці такія сітуацыі — рэдкае, але вельмі непрыемнае здарэнне. Так ці інакш шукаць спосабы вырашэння дзіцячых канфліктаў прыходзіцца ўсім. Але, перш чым выра­шаць дзіцячыя канфлікты, даросламу, які бачыць сітуацыю сваркі паміж дзецьмі, варта не дапусціць псіхалагічнага і фізічнага гвалту і прытрымлівацца наступных правіл.

Правіла 1. Не заўсёды варта ўмешвацца ў сваркі паміж дзецьмі. Не перашкаджайце дзецям атрымліваць жыццёва важны вопыт. Аднак бываюць сітуацыі, калі неўмяшанне дарослага можа прывесці да сур’ёзных праблем для фізічнага або эмацыянальнага даб­рабыту дзяцей. Так, калі адно з дзяцей значна меншае або слабейшае за другога ўдзельніка канфлікту і пры гэтым яны вельмі блізкія да высвятлення адносін кулакамі, то трэба спыніць іх і пастарацца перавесці сварку зноў у “слоўнае” рэчышча. Тое ж адносіцца да сітуацыі ўзаема­дзеяння дваіх дзяцей, адно з якіх традыцыйна аказваецца пераможаным у спрэчцы і вымушана ўвесь час саступаць. У гэтым выпадку, калі вы не ўмяшаецеся на працягу спрэчкі, то ў аднаго з дзяцей можа развіцца нясмеласць і няўпэўненасць у сваіх сілах і нават у сваіх правах.

Правіла 2. Умешваючыся ў дзіцячы канфлікт, ніколі не займайце адразу пазіцыю аднаго з дзяцей, нават калі вам здаецца відавочным, хто тут мае рацыю, а хто вінаваты. Для дзіцяці, якое паво­дзіць сябе няправільна, гэта зусім не проста. І ваш хуткі суд ён успрыме як несправядлівасць, а значыць, не стане працягваць зносіны, у якіх вы выступаеце арбітрам. Паспрабуйце аб’ектыўна разабрацца ў прычынах канфлікту і яго развіцці, тым больш што звычайна дарослыя бачаць толькі частку айсберга, а гэтая надводная частка не заўсёды дазваляе меркаваць аб сапраўдных праблемах дзяцей.

Правіла 3. Разбіраючы канкрэтную сітуацыю сваркі, не імкніцеся высту­паць вярхоўным суддзёй, вызначаючы, хто мае рацыю, а хто вінаваты, і выбіраючы меру прымальнага пакарання. Лепш не рабіць з асабіс­тых канфліктаў аналаг юрыдычнага разбору. Паспрабуйце прывучыць дзяцей да думкі, што, хто б ні пачаў сварку, адказнасць за далейшае развіццё падзей нясуць заўсёды двое. Таму, умешваючыся ў адносіны дзяцей, старайцеся паказаць ім, як можна знайсці спосаб выхаду з цяжкай сітуацыі, які задаволіў бы іх абаіх. Рабіце акцэнт не на “хто вінаваты?”, а на “што рабіць?”. Накіраваць у гэтае рэчышча ўвагу дзяцей часта дапамагае пачуццё гумару. Калі вы пажартуеце і пакажаце сітуацыю ў пацешным святле, то адразу заўважыце, як ра­зам са смехам у дзяцей паступова мяняецца іх эмацыянальны стан.

Правіла 4. Дапамагаючы дзецям выйсці з канфлікту і вызваліцца ад крыўды і злосці, сачыце за тым, каб яны не пераходзілі на асабістасці. Расказваючы аб тым, што іх засмуціла ці абурыла, яны павінны апісваць менавіта дзеянні і словы партнёра, а не яго фізічныя або асобасныя недахопы. Гэта значыць дапушчальна, калі дзіця скардзіцца на тое, што іншы наступіў яму на нагу ці груба адказаў, але недапушчальныя выразы тыпу “ды ён мя­дзведзь касалапы!” ці “ён заўсёды такі нервовы і грубіян!”.

Правіла 5. Калі вы стараецеся дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт паміж сваімі ўласнымі дзецьмі, то зрабіце так, каб у іх не ўзнікла адчування, што аднаго з іх вы любіце больш. Не забудзьцеся ўголас растлумачыць сваім дзецям, што вы вельмі любіце іх абаіх, што б яны ні зрабілі, і таму іх сваркі вельмі вас засмуча­юць. Нават калі вы лічыце патрэбным пакараць (прымальным спосабам) аднаго з дзяцей, усё роўна нагадайце яму, што вам гэта непрыемна, што вы яго вельмі любіце і спадзеяцеся, што яно зразумее карысць пакарання і выправіцца.

Бацькі! Памятайце, што ваша ўвага, любоў і ласка могуць зрабіць для дзіцяці больш, чым самы дарагі падарунак. Раны прыніжэння і здзекі не гояцца гадамі, рубцы абыякавасці і ігнаравання застаюцца на ўсё жыццё.

Наталля ЛЕБЕДЗЕВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 6 Слоніма, Настаўніцкая газета

 

«Народная асвета» рекомендует:

Г. Ф. Вечорко «Семейная педагогика»

Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье. 

Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

2-е издание

Стоимость – 30.47 руб.

 

Г. Ф. Вечорко «Семейная педагогика. Практикум»

Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

Издание доступно в электронном варианте в приложении "Школа в кармане".

Стоимость – 46.51 руб.