Цэнтр падтрымкі

У чым плюс цэнтралізаванай псіхалагічнай службы, у склад якой уваходзяць спецыялісты сістэмы адукацыі раёна.

— Чым запоўніцца душэўны свет нашых дзяцей, як яны будуць падрыхтаваны да рэальнага жыцця, залежыць ад нас, дарослых, педагогаў. Мы імкнёмся выконваць асновы выхавання праз сферу псіхолага-педагагічнай падтрымкі навучэнцаў. Сёння ў нас створана цэнтралізаваная псіхалагічная служба, у склад якой уваходзяць псіхолагі з сістэмы адукацыі раёна, — расказвае Вераніка Валянцінаўна Рудая, начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска.

Якая карысць ад такой сканцэнтраванай службы? Справа ў тым, што ў кожнага псіхолага свая пэўная кваліфікацыя, таму своечасова аказаць дапамогу дзіцяці па той ці іншай праблеме не заўсёды ўдаецца. А вось сабраўшы псіхолагаў у адну каманду, можна своечасова аказваць псіхалагічную дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. У сетку псіхалагічнай службы ўваходзяць 14 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яшчэ мы падключылі некалькі дзіцячых садкоў, і гэта апраўдана: у штаце дашкольнай установы прадугледжана ўсяго паўстаўкі пасады псіхолага, але патрэба ў ім раз-пораз узнікае. Дзякуючы стварэнню такой службы, установы дашкольнай, як і сярэдняй адукацыі, могуць звярнуцца ў цэнтр, які тэрмінова адрэагуе на праблему, прадыягнастуе сітуацыю і акажа дапамогу.

Для псіхалагічнага кансультавання псіхолагі могуць наведваць навучальную ўстанову, праводзіць гутаркі з настаўнікамі, вучнямі, удзельнічаць у бацькоўскіх сходах. Аналізуючы стаўленне кіраўнікоў устаноў, педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў да стварэння такой мадэлі псіхалагічнай службы, мы пачулі ў адказ толькі станоўчыя водгукі. Цэнтр займаецца таксама і метадычным суправаджэннем псіхалагічнай работы. Псіхолагі распрацоўваюць лакальныя алгарытмы дзеяння па рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі, па прафілактыцы крызісных сітуацый. 

Па-новаму запрацавалі бацькоўскія ўніверсітэты. Бацькі ўключыліся ў сумесную работу з псіхолагамі па вырашэнні той ці іншай праблемы. Сёння мы маем магчымасць больш шырока выкарыстоўваць дыстанцыйныя формы зносін. У кожнай установе адукацыі ўсталявана студыя альбо пункт вяшчання. Таму можна наладзіць сувязь з усім раёнам і ахапіць усіх жадаючых атрымаць кансультацыю псіхолагаў нашага цэнтра. Псіхалагічная служба падключае кваліфікаваных спецыялістаў розных сфер, і яны адказваюць на пытанні па любой тэме. Акрамя таго, служба вядзе рубрыку ў Telegram-канале “Парады псіхолага”, дзе кожны дзень праводзяцца кансультацыі па якой-небудзь тэматыцы. Там жа ўказаны і тэлефоны псіхолага, па якіх можна атрымаць кансультацыю. Плануем стварыць міжведамасную групу, у склад якой увайшлі б псіхолаг, медык, інспектар МУС, прадстаўнік службы занятасці і іншыя, хто б мог працаваць на базе той ці іншай установы адукацыі ў анлайн-рэжыме. 

Ала КЛЮЙКО, Настаўніцкая газета

 

10 залатых правілаў выхавання шчаслiвых дзяцей. Гэта павінен ведаць кожны з бацькоў

Эмацыйны стан дзіцяці заўсёды адлюстроўвае атмасферу ў сям’і. Дзеці ў асноўным вучацца правілам паводзін праз назіранне за навакольнымі і бясспрэчна паўтараюць іх дзеянні. Таму важна на асабістым прыкладзе дэманстраваць у сям’і такія якасці, як павага, цярпенне і прыняцце. Многія бацькі разумеюць, што часта сябе паводзяць з дзецьмі няправільна, але, трапляючы ў стрэсавую сітуацыю, страчваюць кантроль над сабой і кажуць тыя словы, аб якіх пасля шкадуюць. Дарослыя павінны разумець, што такiмi выказваннямi таксама можна зрабіць балюча. Гэта значыць, нельга сваё дзіця запалохваць, зневажаць, абражаць, насміхацца. Эфект бумерангу існуе. Якое стаўленне вы ўкладзяце ў сваё дзіця ў дзяцінстве, такое атрымаеце ад яго ў старасці. Як жа выхоўваць дзіця, каб яно вырасла шчаслiвым. спагадным, сумленным, удзячным і ўпэўненым у сваіх здольнасцях.


Важна: Ніколі не займайцеся выхаваннем у дрэнным настроі

Калі дзіця часта крытыкуюць — яно вучыцца асуджаць. Акцэнт на памылках і няўдачах, якія суправаджаюцца насмешкамі, выклікае нават у дарослага чалавека некамфортныя пачуцці, што ўжо казаць пра дзiця. Для дзіцяці ўсё, што яно бачыць і робіц, — новае і невядомае. Натуральна, яно будзе рабіць памылкі. І гэта толькі да лепшага, бо такім чынам фармуецца ўласны бясцэнны досвед. Калі ж бацькі ў большасці сваёй заўважаюць толькі няўдачы, а што яшчэ горш, нагадваюць і папракаюць за іх, тады дзiця будзе асуджаць сябе і навакольных, яму будзе складана наладзіць эфектыўную камунікацыю i брацца за цяжкія справы і задачы. Не крытыкуйце! Памятайце, у кожнага ёсць свае ўнікальныя здольнасці!

Правільна. Важна акцэнтаваць увагу на дасягненнях, а не на няўдачах. Тады дзіця будзе ўспрымаць памылку як звычайную рэч, і яна не зможа згубна ўплываць на эмацыйны стан, не прыслабіць і не разбурыць самаацэнку. Паказвайце дзіцяці, што яго любяць такім, якое яно ёсць, а не паважаюць толькі за дасягненні.

Факт: Дзіця ставіцца да сябе так, як ставяцца да яго дарослыя.

Калі дзіця часта хваляць — яно вучыцца ацэньваць. Безумоўна, дзецям заўсёды прыемна чуць словы адабрэння ад бацькоў. Яны ў захапленні, калі заўважаюць іх дзейнасць і шануюць старанні. Калі маляня хваляць яно выразна фармуе ў сабе ўнутраную годнасць, лепш падзяляе паняцці добрых і дрэнных учынкаў. 

Правільна. «Гэта няпроста, але ў цябе абавязкова атрымаецца», «Мне падабаецца, што ты такі мэтанакіраваны», Мне прыемна, калі ты даводзіш справу да канца«.

Калі дзіцяці часта дэманструюць агрэсіўнасць — яно вучыцца біцца. Агрэсія — своеасаблівы дзіцячы метад прыцягнення ўвагі да сябе. Праз дрэнныя паводзіны дзіця нам паведамляе, што мае патрэбу ў любові і ласцы, разуменні і клопаце «Я дрэнна сябе паводжу, таму што мне не хапае ўвагі». Памятайце: дзеці заўсёды возьмуць порцыю неабходнай любовi, калі не па-добраму, дык па-дрэннаму".

Правільна. Дзіцяці жыццёва неабходна бачыць пацверджанні любовi штодня. Гэта робіць яго шчаслівым, упэўненым і стрэсаўстойлівым. Малое расце ласкавым і спакойным, калі ўвесь час адчувае праяву цярпення, веру ў яго і клопат. Таму праводзьце больш часу разам, пытайце парады ў дзіцяці, цікаўцеся яго меркаваннем. Толькі шчырая зацікаўленасць асабiстымi справамi ўстанаўлівае глыбокія эмацыйныя сувязi памiж вамi.

Калі з дзіцем сумленныя — яно вучыцца справядлівасці. У фармаванні гэтай якасці велізарную ролю мае прыклад саміх бацькоў. Шчырасць — залог даверу і бяспекі. Калі вы раптам заўважылі, што ваша дзіця пачало хлусіць, не спяшайцеся яго караць. Неабходна вызначыць сапраўдныя прычыны хлусні. Магчыма, у гэтым ёсць доля вашай віны. Успомніце, можа быць, была сітуацыя, калі вы празмерна эмацыйна адрэагавалі на праўду, якую вам паведаміла малое? І зараз яно, каб пазбегнуць вашай мінулай балючай для яго рэакцыі, хлусіць. У гэтым выпадку прычына хлусні — дзіцячы страх.

Правільна. Заўсёды кажыце праўду, нават калі вам гэта нявыгадна. Будзьце сумленныя з дзецьмi і яны аддзячыць вам. Бо дзякуючы шчырасці, дзеці могуць праўдзіва выказваць думкі і пачуцці такімі, якімі яны з’яўляюцца, без перабольшанняў.

Калі дзіця часта высмейваюць — яно вучыцца быць нясмелым. Пры сталых насмешках дзіця зачыняецца ў сабе, баіцца казаць аб сваіх жаданнях. Усё гэта правакуе сумневы, якія падрываюць упэўненасць, перашкаджаюць раскрыць унутраны патэнцыял. 

Правільна. Зразумейце самі і растлумачце дзіцяці розніцу паміж жартамі і паджартоўваннем. Памятайце, паджартоўванне змяшчае агрэсію. Так можна пакрыўдзіць, а не развесяліць. Дзiця не заўсёды можа адрозніць жарт ад праўды. Дзеці ў такіх бацькоў, якія заўсёды жартуюць з імі, часта маюць нізкую самаацэнку. Калі вы жартуеце ў такой манеры, то жартуйце над сабой, а не над дзіцем.

Калі дзіця жыве з пачуццём бяспекі — яно вучыцца давяраць. Пачуццё бяспекі — неад’емнае запатрабаванне, неабходнае для паўнавартаснага развіцця. Калі вы хочаце, каб малое вам давярала і дзялілася сваімі думкамі і марамi, паклапаціцеся пра тое, каб яно адчувала сябе камфортна ў адносiнах з вамi.

Правільна. Дзіцяці трэба адчуваць, што дом — гэта тое месца, дзе яно можа схавацца ад складанасцяў і непрыемнасцяў. Стварыце дома атмасферу дабра і любові, якая дазволіць сапраўды расслабіцца, забыцца пра свае праблемы. Паспрабуйце зменшыць ўзровень стрэсу, зрабіць так, каб не адбывалася сварак, спрэчак і эмацыйнага высвятлення адносін. Або прынамсі не высвятляйце стасункі ў прысутнасці дзяцей.

Калі дзіця часта ганьбяць — яно вучыцца адчуваць сябе вінаватым. Выклікаць у дзіцяці пачуццё сораму і няёмкасці і пры гэтым прывіваць устаноўленыя вамі правілы — дрэнная задума. Гэта працуе, але ў адваротны бок. Калі з дзяцінства малое называюць неахайнікам, гультаём, эгаістам, то, хутчэй за ўсё, такім яно і вырасце. Не сумневайцеся, якім вы дзіця бачыце — такім яно і становіцца. Бацькі думаюць, што, саромеючы, яны змогуць прадухіліць дрэнныя ўчынкі і прымусіць слухацца. Але гэтае выказванне фармуе няўпэўненасць у сабе i страх. Застыжаныя дзеці, хутчэй за ўсё, будуць хлусіць і пазбягаць стасункаў з вамі.

Правільна. Задача бацькоў — мякка распавесці дзіцяці мяжы дазволенага без і папрокаў, а таксама сфарміраваць адказнасць за свае ўчынкі, а не правакаваць пачуццё віны і сораму. Кажыце: «Мне непрыемна, калі ты так сябе паводзіш або «Не рабі так больш, калі ласка».

Калі дзіця часта ўхваляюць — яно вучыцца добра да сябе ставіцца. Упэўненасць у сабе прыходзіць толькі з верай у свае здольнасці і дасягненні. Калі дзіця адчувае, што яго прымаюць такім, якое ёсць, то пачынае думаць аб тым, як яму стаць яшчэ лепш, як рэалізаваць свае здольнасці ў поўнай меры. 
Ваша ўвага, любоў i падтрымка — самае каштоўнае, што вы можаце дзiцяцi.

Правільна. Кожнаму дзіцяці неабходна ацэнка яго дзейнасці, амаль як паветра. Яму важна чуць ухваляльныя выказваннi як мага часцей, каб быць задаволеным сабой. Бо бацькоўскія словы ў дзяцінстве — гэта «ўнутраны голас» дзiцяцi ў дарослым жыцці. 

Каб дзіця расло псіхічна здаровым і адчувала сябе шчаслівым, трэба не менш за 12 абдымкаў на дзень.

Калі да дзіцяці паблажлівыя — яно вучыцца быць цярплівым. Кожны з бацькоў павінен сказаць дзіцяці: «Не бойся памыляцца. Памылкі — карысныя. Дзякуючы iм ты становішся разумнейшым і мудрэйшым». Памыляюцца ўсе, але памылкі трэба прабачаць, забываць i iсцi далей. Шлях да поспеху праходзiць праз няўдачы. Акрамя таго, запомніўшы такую філасофію, дзіця вырасце цярплівым да сябе і навакольных.

Калі дзіця часта падбадзёрваюць — яно вучыцца ўпэўненасці ў сабе. Адабрэнне іншага чалавека — гэта значыць прыняцце яго такім, якое яно ёсць. Бацькоўская падтрымка — гэта 50 працэнтаў паспяховасці дзіцяці ва ўсіх пачынаннях. Калі ёсць надзейная апора, то не страшна рызыкаваць і спрабаваць новае.

Правільна. Хваліце дзіця за тое, што ў яго атрымліваецца. А калі ў яго нешта не атрымліваецца — не лайце, а вучыце. «Ты такі смелы!» «Ты малайчына!» «Ты мне так дапамог!», «Я вельмі ганаруся табой!» «Я вельмі рада!». «Нармальная» пахвала паказвае дзіцяці: «Мае бацькі бачаць, што я добра нешта раблю». «Тое, што я раблю, вельмі важна маім бацькам. Мае паводзіны выклікаюць ў іх добрыя эмоцыі. Мы адно цэлае». Чым дакладней вы скажаце, што менавіта вам спадабалася, тым лепей. Такое стаўленне фармуе блізкасць памiж вамi.

Навукоўцы: у мозгу дзіцяці, якому рэгулярна дэманструюць любоў, фармуецца больш нейронавых сувязяў, чым у дзіцяці, якому не хапае ласкі.

Калі дзіця жыве ў атмасферы сяброўства і адчувае сябе патрэбным — яно вучыцца знаходзіць у гэтым свеце каханне. У жыцці кожнага чалавека сям’я займае асаблівае месца. У ёй дзіця расце і з першых гадоў свайго жыцця засвойвае нормы чалавечых адносін, убіраючы з сям’і і дабро, і зло. Пасталеўшы, дзеці паўтараюць у сваёй сям’і ўсё тое, што было ў ягоных бацькоў. 

Гэтыя запаведзі сфармулявала выбітны псіхолаг Марыя Мантэсоры. Гэта методыка – адна з найбольш запатрабаваных у свеце. Калі Вы будзеце хаця б раз у месяц перачытваць спіс, то ўзаемаадносіны з дзецьмі выйдуць на якасна новы ўзровень, а дзіця вырасце больш развітай і гарманічнай асобай:

Псiхолаг Алена Шаўчэнка, Звязда

Фота: рexels.com

 

«Народная асвета» рекомендует: 

 

Семейная педагогика

Г. Ф. Вечорко 

Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье. 

Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

2-е издание

30.47 руб. 

 

Семейная педагогика. Практикум

Г. Ф. Вечорко

Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

Издание доступно в электронном варианте в приложении "Школа в кармане".

46.51 руб.