Імпульс да творчасці
У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока”.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў узнагародзіў пераможцаў: Л.А.Руцкую, настаўніцу гісторыі сярэдняй школы № 148 (3-е месца); Ю.А.Трубач, настаўніцу біялогіі гімназіі № 7 (3-е месца); Д.В.Царэню, настаўніка працоўнага навучання гімназіі № 6 (2-е месца); В.С.Самусевіч, настаўніцу мастацтва сярэдняй школы № 164 (1-е месца); Т.І.Царук, настаўніцу пачатковых класаў гімназіі № 16 (гран-пры).
Конкурс прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока” праходзіць з мэтай распаўсюджвання інавацыйнага вопыту лепшых настаўнікаў горада, стварэння інфармацыйна-метадычнага электроннага банка даных аб педагогах сталіцы, якія працуюць у інавацыйным рэжыме. Сёлета конкурс прайшоў шосты раз і яго ўдзельнікамі сталі 29 педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і настаўнікі-метадысты — уладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама, пераможцы гарадскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства мінулых гадоў, аўтары вучэбна-метадычных дапаможнікаў, удзельнікі міжнародных навукова-практычных канферэнцый і форумаў, кіраўнікі метадычных фарміраванняў.
Канкурсанты рабілі яркія публічныя выступленні, распрацоўвалі практычныя матэрыялы з вопыту работы (аўдыя- і відэафайлы, прэзентацыі), праводзілі адкрытыя аўтарскія вучэбныя заняткі пад агульнай назвай “Урок далёкага дзеяння”. Гэтыя конкурсныя ўрокі змаглі наведаць больш за 1000 педагогаў сталіцы.
— Для мяне ўдзел у “Акадэміі ўрока” — гэта імпульс да творчасці, да ацэнкі сваіх магчымасцей у прафесіі, — гаворыць Таццяна Царук, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 16 Мінска, якая атрымала гран-пры. — Я імкнуся ісці наперад, выкарыстоўваць перадавыя педтэхналогіі, сучаснае абсталяванне. Са з’яўленнем у класе інтэрактыўнай дошкі мае вучні сталі больш актыўна ўключацца ва ўрок, у іх з’явілася магчымасць вывучаць матэрыял больш дэталёва і дасканала. Матэрыялы да ўрокаў я ствараю сама. Таксама выкарыстоўваю навучанне па сістэме 4К, якая прадугледжвае развіццё ў школьнікаў крэатыўнасці, камунікацыі, кааперацыі і крытычнага мыслення. Але самае галоўнае — гэта любоў да сваёй справы і да дзяцей. Найважнейшай умовай сваёй педагагічнай паспяховасці лічу ўсмешкі на тварах навучэнцаў. Імкнуся ствараць у класе атмасферу дабра, дружбы, узаемадапамогі, супрацоўніцтва. Ганаруся і дасягненнямі сваіх вучняў, якія ўваходзяць у лік пераможцаў гарадскога фестывалю “Пазнанне і творчасць” і турніру “Юны матэматык”.
Сустрэча з мэрам прайшла ў фармаце дыялогавай пляцоўкі “Аб уроку і не толькі…”. Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў і намеснік старшыні Арцём Цуран абмеркавалі з педагогамі пытанні ўзаемадзеяння бацькоў і школы, вырашэння канфліктных сітуацый, ролі сям’і ў выхаванні дзяцей.
— Гарант поспеху — сумесная работа настаўніка, вучняў і бацькоў, — адзначыў Уладзімір Кухараў. — Калі адно са звёнаў выпадае, поспеху не будзе. Патрэбна цесная сувязь школы і сям’і, бо мэта ў нас адзіная — навучанне і выхаванне дзяцей.
Малады педагог сталічнай гімназіі расказала У.Кухараву аб мары яе вучняў пабываць у Мінгарвыканкаме. І кіраўнік горада запрасіў школьнікаў у найбліжэйшы час наведаць мэрыю.
Размова таксама ішла пра патрабаванні да сучаснага ўрока і інфарматызацыю адукацыі, занятасць вучняў у шосты школьны дзень, выхаванне патрыятызму і захаванне гістарычнай памяці і нацыянальнай, культурнай ідэнтычнасці.
— У нашага народа гераічнае мінулае. Мы перажылі страшэнную вайну, якая ішла на знішчэнне, і перамаглі ў ёй, — падкрэсліў Уладзімір Яўгенавіч. — Трэба наведваць з дзецьмі знакавыя месцы — Хатынь, Брэсцкую крэпасць, Трасцянец, дзе эмацыянальна пранікаешся трагедыяй людзей. Нагляднасць вучыць лепш, чым падручнік. Унікальны па сваім напаўненні музей Вялікай Айчыннай вайны. Намаганнямі педагогаў, вучняў і іх бацькоў у кожнай школе варта ствараць свае музеі.
Асаблівую ўвагу старшыня Мінгарвыканкама звярнуў на праблему недахопу педагагічных кадраў і падкрэсліў, што трэба сістэмна працаваць над гэтым пытаннем, у тым ліку праз адкрыццё педкласаў, мэтавы набор. Важна, каб і настаўнікі былі прыкладам для сваіх вучняў, матывавалі іх да выбару педагагічнай прафесіі, рыхтавалі сабе змену. Па словах мэра, у наступныя гады плануецца павялічыць набор у педкаледж. У 2024 годзе выпуск каледжа павінен скласці 460 чалавек, што дазволіць вырашыць праблему з недахопам настаўнікаў пачатковых класаў.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.