I Рэспубліканскі форум маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі прайшоў на платформе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. 

На працягу двух дзён будучыя прафесары і ака­дэмікі з ліку сённяшніх студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, прафесарска-выкладчыцкага складу расказвалі пра вынікі навукова-даследчай дзейнасці, абменьваліся ідэямі і вопытам, каардынавалі сумесныя планы, наведвалі прадпрыемствы свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск”. “З’яднаць маладыя сілы рэспублікі, каб выпрацаваць агульныя ідэі развіцця,” — акрэс­ліў нацэленасць форуму міністр адукацыі Андрэй Іванец. Больш за 10 тысяч маладых вучоных — магутны ін­тэлектуальны пласт, здольны ру­хаць наперад не толькі навуку, але і ў цэлым краіну. Найбліжэйшая перспектыўная мэта — стварыць платформу для рэалізацыі міжуніверсітэцкіх навуковых,
навукова-тэхнічных, інавацыйных праектаў маладых вучоных.

— Навукова-даследчая дзейнасць заўсёды павінна мець комплексны характар і арыентавацца як на атрыманне новых навуковых вынікаў, так і на адкрыццё новых імёнаў, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Развіццё краіны ў цэлым звязана з інавацыйным развіццём, а для гэтага, безумоўна, патрабуюцца кадры. Ад таго, хто прыйдзе сёння ў аўдыторыю да студэнтаў, залежыць тое, хто з яе выйдзе.

Рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава, доктар эканамічных навук, прафесар Валянціна Багатырова: 
“Для маладых вучоных у нашым універсітэце створаны выдатныя ўмовы, вынікі адпаведныя. Сведчанне таго — 37 дыпломаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у Беларусі”.

Нарошчванне патэнцыялу айчыннай навукі, эфектыўнае выкарыстанне вынікаў даследаванняў і паскоранае ўкараненне іх у практыку — найважнейшыя прыярытэты дзяржаўнай палітыкі. Асабліва значна ўключэнне ў гэтую работу таленавітых маладых людзей, каму наканавана вызначаць не толькі сучаснасць, але і будучыню навукі і грамадства. 

Разам з моладдзю ўдзельнікамі форуму сталі прадстаўнікі НАН Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Вышэйшай атэ­стацыйнай камісіі і Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. На інтэр­актыўнай выставе ў холе ўніверсітэта свае дасягненні прадставілі маладыя вучоныя Віцебшчыны. Праграма прадугледжвала дыялогавыя пляцоўкі, панэльную сесію з навукова-практычнымі трэнінгамі, пленарныя пасяджэнні, работу па секцыях і “залатыя лекцыі” па сучасных навуковых напрамках. 

У гэтыя ж дні ў горадзе над Дзвіной творчую моладзь аб’яднаў заключны этап “АРТ-вакацый”, у ходзе якога былі названы ўладальнікі гран-пры рэспубліканскага фестывалю. У мерапрыемствах прыняў удзел міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У Віцебскім філіяле Беларус­кай дзяржаўнай акадэміі сувязі адбыўся выязны семінар-нарада па прасоўванні праекта “Разумныя гарады Беларусі” — першая з запланаваных Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі сумесна з Міністэрствам адукацыі рэгіянальных сустрэч па названай тэматыцы. На сёння распрацаваны навуковае суправаджэнне і ма­дэль праекта. Сфарміраваная тэарэтычная база абапіраецца на высокі ўзровень развіцця айчыннай ІТ-інфраструктуры і тэхналогій. На парадку дня — вызначэнне дакладнага алгарытму ажыццяўлення праекта. Будова платформы разнапланавая. Так, дадатак “Мой горад” дазваляе хутка знайсці патрэбную жыхарам і гас­цям населенага пункта інфармацыю — у прыватнасці, аб паслугах мясцовых прадпрыемстваў. Прыкладам можа паслу­жыць эксперыментальнае ўкараненне дадатку “Мабільны паштальён” у Оршы. Да зацікаўленай размовы разам з кіраўнікамі абодвух міністэрстваў-партнёраў, структурных пад­раздзяленняў арганізацый галіны сувязі, якія ўдзельніча­юць у рэалізацыі і суправаджэнні праекта, далучыліся прадстаўнікі кіраўніцтва аблвыканкама і райвыканкамаў, устаноў адукацыі Віцебшчыны, а таксама бізнесу і грамадскіх арганізацый. Укараненне любых тэхналогій немагчыма без кваліфікаваных кадраў. Як праінфармаваў міністр адукацыі, у Беларусі спецыялістаў для IT-сферы рыхту­юць у 19 установах вышэйшай адукацыі і 34 установах ССА больш як па 60 спецыяльнасцях. Пастаянна пашыраецца іх колькасць, абнаўляюцца стандарты і праграмы. Для далейшай эфектыўнай работы трэба сфарміраваць пералік актуальных для лічбавай эканомікі прафесій, вызначыць патрэбнасць галін у спецыялістах, распраца­ваць кваліфікацыйныя патрабаванні. Зыходзячы з гэтага, новыя спецыяльнасці будуць унесены ў Дзяржаўны класіфікатар.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара

Крыніца: Настаўніцкая газета

 

«Народная асвета» рекомендует: 

 

Энциклопедия юного учёного

 И. А. Токарева

Эта книга открывает серию «Школьная энциклопедия» и знакомит юных читателей с основными законами природы, миром молекул и звёзд, растений и животных, океанов и вулканов. В конце книги даны занимательные опыты.

17.56 руб.