Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Апошні трэнд у прафарыентацыі — арыентаванне школьнікаў на выбар прафесій, неабходных для канкрэтнага прадпрыемства. Менавіта такі алгарытм быў выбраны сёлета і ў Міханавіцкай сярэдняй школе Мінскага раёна.

“Мы супрацоўнічаем з мясцовым прадпрыемствам “Газпрам трансгаз Беларусь” ужо на працягу больш як 30 гадоў. Нашы Міханавічы нават называюць пасёлкам газавікоў. І жыллё тут пачынала і працягвае будавацца менавіта для спецыялістаў газавай прамысловасці, а ў нашай школе вучацца ў тым ліку і іх дзеці. Гэтае прадпрыемства дапамагае нашай школе паляпшаць матэрыяльна-тэхнічную базу. І такое шматгадовае спонсарскае супрацоўніцтва выйшла на новы ўзровень. Кожнаму прадпрыемству неабходны спецыялісты, і іх трэба рыхтаваць. Менавіта ў гэтым рэчышчы і працуе наш прафарыентацыйны клас”, – гаворыць дырэктар школы Уладзімір Данілавіч Каліноўскі.

Сімвалічна, што афіцыйна клас адкрыўся 1 кастрычніка, да Дня настаўніка. Для заняткаў у ім прадпрыемства прафінансавала капітальны рамонт вучэбнага памяшкання, якое абсталявала сучаснай мэбляй і сродкамі камунікацыі. Выказалі жаданне наведваць гэтыя заняткі 24 дзевяцікласнікі. Большасць з іх за год ужо вызначыліся з прафесіяй. Частка з іх будзе паступаць у гэтым годзе, а астатнія працягнуць навучанне ў школе і ў 10 і 11 класе будуць паглыблена вывучаць тыя прадметы, якія будуць неабходны ім для паступлення ва УВА. Значная частка плануе працягнуць адукацыю на энергетычных факультэтах БНТУ і БДУІР, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Усім ім прадпрыемства дасць хадайніцтва на выбраныя імі ўстановы і гарантуе праходжанне практыкі і далейшае працаўладкаванне.

Выбар не толькі будучай прафесіі, але і месца працы мае грунтоўныя перавагі для старшакласнікаў і надае іх планам на будучыню больш выразнасці.

Факультатыўныя заняткі ў школе праходзяць раз у два тыдні, і вядуць іх менавіта кіраўнікі і спецыялісты розных службаў, знаёмячы дзяцей са сваёй спецыяльнасцю. Гэта не толькі тэарэтычныя заняткі, але і экскурсіі на прадпрыемства і яго філіялы, каб дзеці на свае вочы маглі ўбачыць, як праходзіць увесь вытворчы працэс. Прадпрыемству, акрамя высокакваліфікаваных спецыялістаў неабходны і рабочыя — электрыкі, слесары, механікі, вадзіцелі і інш. Таму дзевяцікласнікі выбіраюць адпаведныя навучальныя ўстановы. Дзяўчат, якіх, дарэчы, амаль палова класа, больш вабіць сфера сувязі ці дыспетчарская служба. 

Аляксей Канапелька плануе паступаць у Мінскі радыётэхнічны каледж. Хоць хлопец захапляецца гісторыяй, усё ж аддае перавагу дакладным навукам — фізіцы і матэматыцы. Зрэшты, мяркуючы па высокім агульным бале (ажно 9,3), яму лёгка даюцца ўсе прадметы. 

“Я ўжо сёння ведаю, дзе буду працаваць, — гаворыць Аляксей, разглядваючы каляровыя краны на газаразмеркавальнай станцыі прадпрыемства. — Я цэлы год ездзіў на экскурсіі, глядзеў, як наладжана работа ў газавай сферы, гутарыў з рознымі спецыялістамі і лічу гэтую сферу перспектыўнай. Сярод шырокага спектра кваліфікацый выбраў для сябе самую цікавую — “тэхнік-электронік”. Пакуль электронныя вылічальныя сродкі буду вывучаць у каледжы, а потым працягну адукацыю ў БДУІР”.

Аляксандр Панулін з дзяцінства цягнуўся да тэхнікі, да аўтамабіляў, таму выбар будучай прафесіі аўтамеханіка для яго стаў лагічным. Надало ўпэўненасці і тое, што гэтая прафесія запатрабаваная на прадпрыемстве, якое знаходзіцца непадалёк Міханавіч. Цяпер хлопец рыхтуецца да паступлення ў Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж: “Я люблю працаваць рукамі. Спачатку з татам вучыўся перабіраць машыны, мяняць некаторыя дэталі, колы, цяпер і сам ужо шмат умею. Таму бачу сябе менавіта ў гэтай сферы”.

Святлана НІКІФАРАВА.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Учебники и учебные пособия для общего среднего образования