Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Сёння ў нашай краіне больш чым 1 млн 847 тысяч дзяцей, — гэта 20% ад агульнай колькасці насельніцтва. Кожнае пятае дзіця выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і.

 

Якія меры прымаюцца да абароны правоў дзяцей і на што дзеці першачаргова ма­юць права? Гэтыя і іншыя пытанні знаходзіліся ў цэнтры ўвагі падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай галоўнаму дзіцячаму святу — Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

Наша краіна стала першай з краін СНД, дзе ў 1993 годзе быў прыняты і пачаў дзейнічаць Закон “Аб правах дзіцяці”. У ім — усе асноўныя правы дзетак. А рэалізуюцца яны ў іншых нарматыўных прававых актах, якія дазваля­юць дзяржаўным органам прымаць меры як па абароне правоў дзяцей, так і па забеспячэнні іх выканання.

Нацыянальная камісія па правах дзіцяці, якая дзейнічае ў краіне, каардынуе работу рэспуб­ліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і ўдзяляе павышаную ўвагу пытанням ацэнкі сітуацыі ў галіне абароны правоў дзіцяці. Камісія праводзіць пасяджэнні штогод. Сярод пытанняў, якія разглядаліся ў папярэднія гады, была дзейнасць па захаванні здароўя і жыцця дзяцей, абарона іх правоў і законных інтарэсаў, супраць­дзеянне гвалту ў адносінах да непаўналетніх, стварэнне асяроддзя, якое станоўча ўплывае на жыццё і здароўе дзіцяці, абарона дзяцей і моладзі ад гандлю наркотыкамі і інш.

Упаўнаважаныя камісіі працуюць у кожнай вобласці краіны, аператыўна прымаюць меры па выкараненні сітуацый, што парушаюць правы непаўналетніх. На працягу некалькіх гадоў прадстаўнікамі Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці праводзяцца выязныя мера­прыемствы па прыёме дзяцей і іх законных прадстаўнікоў. Гэта дазваляе ў кароткія тэрміны вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць. Так, у першым квартале бягучага года ўжо праведзены 71 прыём, з іх 19 выязных: 14 — у гарадах і 3 — у пасёлках. 

Міжнародны дзень абароны дзяцей быў устаноўлены ў 1949 годзе па рашэнні сесіі Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын. Праз 40 гадоў у Нью-Ёрку прадстаўнікі 59 краін падпісалі Канвенцыю аб правах дзіцяці. У дакуменце пазначана, што дзеці з-за сваёй уразлівасці маюць патрэбу ў асаблівым клопаце і ахове. Канвенцыяй пацвярджаецца неабходнасць прававой і іншай абароны дзіцяці да і пасля яго нараджэння.

Дзейнасць Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці рэгулюецца ўказам кіраўніка дзяржавы і членамі Нацыянальнай камісіі, якія выбіраюцца і зацвярджаюцца таксама Прэзідэнтам. 

Сёлета былі падведзены вынікі Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і аховы іх правоў, які рэалізоўваўся ў краіне з 2017 па 2021 год. Галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова сказала, што гэта быў асноўны праграмны дакумент, які комплексна вызначаў напрамкі абароны дзяцінства ў краіне. Ён істотна палепшыў становішча дзяцей, дазволіў ім рэалізоўваць сваё права на атрыманне адукацыі, ахову здароўя, санаторна-­курортнае лячэнне і інш.

“Дзякуючы Нацыянальнаму плану дзеянняў, за апошнія пяць гадоў на 42,9% знізілася гібель дзяцей пры пажарах, — зазначыла прадстаўнік міністэрства. — Таксама рэалізоўвалася работа дзіцячай тэлефоннай лініі, тэлефона даверу Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, 23 тэлефонаў экстраннай псіхалагічнай дапамогі”.

Сёння ўжо распрацаваны праект такога кшталту на найбліжэйшыя пяць гадоў. Плануецца, што праз некаторы час ён будзе зацверджаны і пачне кантраляваць работу ўсіх дзяржорганаў па абароне правоў дзяцей.

За 2021 год колькасць судовых пасяджэнняў, у якіх прынялі ўдзел органы апекі і папячыцельства, абараняючы правы і законныя інтарэсы дзяцей, склала больш за 21 тысячу. 

“Прадстаўнікі органаў апекі выступаюць у судах у тых выпадках, калі бацькі па розных прычынах не могуць самі абара­ніць правы дзіцяці або калі паміж імі ўзнікае спрэчка ў выхаванні іх дзяцей, — патлумачыла А.Сімакова. — Колькасць рашэнняў, падрыхтаваных органамі апекі і папячыцельства для разгляду на пасяджэннях гарадскіх, раённых выканкамаў, летась склала больш за 10 тысяч”.

Згодна з Законам аб правах дзіцяці, права на выхаванне ў сям’і застаецца прыярытэтным для кожнага малыша. Таму ў краіне прадпрымаецца многа крокаў па прафілактыцы сямейнага недабрабыту і разлучэння малых з баць­камі. Напрыклад, у гэтым го­дзе кампетэнтнымі органамі право­дзіцца работа ў дачыненні да больш чым 17 тысяч дзяцей, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і выхоўваюцца ў 8 тысячах сем’яў. 

“У гэтых дзяцей ёсць праблемы з пражываннем у сям’і, — сказала прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Бацькі не заўсёды належным чынам клапоцяцца пра гэтых дзетак. За гэты год ужо 635 прызнаны тымі, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне, часова адабраны ў бацькоў і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. Асаблівая ўвага да сем’яў, аказанне ім дапамогі і падтрымкі дазваляюць памяншаць колькасць дзяцей, якія жывуць без бацькоў. Калі ў 2010 годзе іх было больш за 2 тысячы, то сёння 403 дзіцяці пражываюць асобна ад сваіх мам і татаў. Згодна са статыстыкай, летась 1,2 тысячы дзяцей засталіся без апекі бацькоў па розных прычынах. Тым не менш вынікам сумеснай работы па прафілактыцы сямейнага недабрабыту з’яўляецца тое, што за апошніх пяць гадоў назіраецца выразная тэндэнцыя па зніжэнні колькасці дзяцей, якія застаюцца без апекі бацькоў па прычыне пазбаўлення іх бацькоўскіх правоў. Так, з 2015 года іх колькасць скарацілася на 23%”.

Безумоўна, не можа не радаваць тое, што бацькі наладжва­юць адносіны з дзецьмі і вярта­юць іх для выхавання ў сям’ю. Так, летась 105 дзетак зноў пераступілі парог свайго дома. Хочацца ве­рыць, што з-за памылкі дарослых яны яго больш не пакінуць. У баць­коўскіх правах у дачыненні да 124 дзяцей аднавіліся 95 дарослых. Кожны выпадак вяртання ў сям’ю з’яўляецца сур’ёзным крокам наперад. У дачыненні да дзесяці бацькоў было адменена рашэнне суда аб адабранні дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў і прынята рашэнне аб вяртанні дзяцей бацькам. 

Сістэмным механізмам падтрымкі сем’яў з’яўляецца выплата грашовай дапамогі. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, якія выплачваюцца незалежна ад даходаў сям’і і выплаты страхавых узносаў, з’яўляюцца самымі значнымі па суме. Так, памер аднаразовай грашовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае 3,1 тысячы рублёў, а пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 4,4 тысячы рублей.

Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў на першага малыша складае 540 рублёў, на другога і наступных дзяцей — 617, на дзіця-­інваліда — 694 беларускія рублі. Калі ў сям’і выхоўваюцца двое і больш дзяцей, адно з якіх ва ўзросце да 3 гадоў, то ў такім выпадку маме выплачваюцца дзве дапамогі: на малыша да 3 гадоў і на дзіця ад 3 да 18 гадоў. Агульны памер дзвюх грашовых дапамог у чэрвені гэтага года складае 772 рублі. Усяго ў краіне сістэмай грашовай падтрымкі ахоплена больш за 423 тысячы дзяцей. 

Наталля САХНО.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Книги для детей