Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Зоркі, месяц, касмічныя караблі, іншапланецяне… Хто з нас не марыў паляцець у космас? Добра дзецям: ім для падарожжаў па Сусвеце не патрэбна нічога, акрамя фантазіі. Некалькі мазкоў пэндзлем — і ты ўжо сярод вушастых гуманоідаў, гладзіш бліскучую поўсць касмічнага ката, акунаеш ногі ў ружовы акіян…

 

Гэтыя і многія іншыя сюжэты можна было ўбачыць на адкрыцці выставы VIII адкрытага Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, у якім прынялі ўдзел больш за 10 тысяч работ з 26 краін свету: Азербайджана, Балгарыі, Грузіі, Італіі, Кубы, Францыі, Эстоніі і інш.

Тэму восьмага сезона — “Актывіруй будучыню. Мы — дзеці космасу” — юныя мастакі ўпадабалі. Яркімі мазкамі гуашы, строгімі графічнымі лініямі алоўкаў, штрыхамі пастэлі і яркай мовай газетных выразак яны давалі свае адказы на пытанні, ці ёсць жыццё на Марсе, як выглядае Зямля будучыні і ці варта баяцца сустрэчы з іншапланецянамі…

Так, уладальніца першага месца ў намінацыі “Графіка” (узроставая катэгорыя “12—13 гадоў”) навучэнка студыі выяўленчага мастацтва “Крынічка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Еўдакія Швайба расказала, што ў сваёй працы яна паспрабавала ўявіць і перанесці на паперу Індыю будучыні. Таму побач з велічнымі храмамі на яе малюнку ўзніклі касмічныя караблі і лятальныя апараты, да стварэння якіх чалавецтва пакуль не дадумалася, а звычайныя людзі суседнічаюць з фантастычнымі гібрыднымі істотамі накшталт сабакагаловага і шматрукага чалавека, якія сэлфяцца на фоне гарадскіх пейзажаў будучыні. На тое, каб увасобіць усе свае фантазіі, Дуня патраціла амаль месяц.

—  Я доўга адцягвала момант, каб узяцца за працу, прадумвала сюжэт, вобразы, меркавала, на чым зрабіць акцэнт. Вырашыла спыніцца на графіцы: вельмі
любл­ю вымалёўваць дэталі і дасканала працаваць над кожнай дробяззю. Таму самым складаным было вырашыць, як гарманічна размясціць усе свае задумы на адным аркушы, каб не перагрузіць малюнак, зрабіць яго лёгкім і светлым. Бо ў маёй будучыні — і я хацела падкрэсліць гэта на мове мастацтва — людзі будуць жыць у гармоніі з планетай і дыхаць чыстым, свежым паветрам.

Сярод тысяч работ, што былі дасланы на конкурс, вызначыць найлепшыя — няпрос­тая задача. У вачах членаў журы стракацела ад яркіх колераў, НЛА і іншапланецян. Таму асаблівая ўвага ўдзялялася не толькі майстэрству выканання, але і арыгінальнас­ці задумы.

Сустаршыня журы конкурсу Іван Дзямідавіч Кліменка, дацэнт кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заўважыў: “Кожнае дзіця — геніяльнае, і я належу да тых мастакоў, якія лічаць, што дзіцячая творчасць — гэта самае высокае мастацтва. Потым чалавек сталее, робіцца ўсё больш дасведчаным, і вучоба часам засланяе ўсе тыя даныя, якімі надзяліў чалавека Гасподзь. Таму ў мяне ёсць пажаданне юным творцам: каб яны ў сваім развіцці абапіраліся на сваё непасрэднае бачанне… Не заўсёды коль­касць укладзенай працы адпавядае яе якасці. Каштоўнасць мастацтва — і дарослага, і дзіцячага — у тым, што яно суб’ектыўнае, абапірайцеся на свой суб’ектывізм”.

Незалежнае бачанне, індывідуаль­насць, самабытнасць — менавіта гэтыя якасці стараецца развіваць у сваіх вучнях Алена Алегаўна Леўчанка, педагог аб’яднання па інтарэсах “Арт-перспектыва” пры Гомельскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Яе навучэнка Паўла Ружанцова атрымала 3-е месца ў намінацыі “Графіка” ва ўзроставай катэгорыі “8—9 гадоў”. Дзяўчынка займаецца маляваннем ужо амаль палову свайго жыцця, а Алена Алегаўна развівае яе талент бадай з першых крокаў у мастацтве.

— Заўсёды зыходжу з індывідуальнасці кожнага дзіцяці, імкнуся, каб у маіх выхаванцаў развіваліся ўяўленне і фантазія. Калі навучэнцу цікавая графіка, даю яму больш адпаведных заданняў, калі любіць гуаш — няхай так. На занятках мы разглядаем палотны вядомых мастакоў, чытаем пра іх лёсы, аналізуем работы, натхняемся. З тымі дзецьмі, хто праяўляе найбольшую цікавасць да творчасці, я займаюся дадаткова: мы спрабуем новыя тэхнікі, той жа бацік ці вітражы Ціфані, каб не засяроджвацца на нечым адным.

Калі прапанавала навучэнцам паў­дзельнічаць у конкурсе “Сябруюць дзеці на планеце”, мы шмат разважалі: што напаўняе космас, якія аб’екты там сустракаюцца, якія персанажы могуць жыць на іншых планетах. І ў кожнага нараджаліся свае незвычайныя ідэі. Работа, якую прадставіла на конкурс Паўла, называецца “Захавальнік месяца”: пры яе разглядванні ў кожнага ўзнікаюць уласныя асацыяцыі. Некаму выява захавальніка нагадвае матулю з дзіцем, нехта бачыць у ёй анёла-ахоўніка. Паўла — вельмі смелы і незалежны творца, яна не баіцца паспрачацца з настаўнікам, не баіцца памыліцца. Таму яна лёгка згаджаецца на эксперыменты, якія мы звычайна не практыкуем з дзецьмі такога юнага ўзросту.

Напрыклад, у мінулым годзе я пазнаёміла яе з лінаграфіяй — гэта тэхніка перанясення выявы на лінолеум. Яна даволі складаная, бо трэба не толькі зрабіць адбітак на матэрыяле, але і акуратна выра­заць кожны элемент, а гэта тонкая і карпатлівая праца з вострым інструментам. Паўла, перш чым рабіць выразкі, кожны пальчык дбайна пераматала скотчам — каб не параніцца. Вось такая творчая натура — рызыкоўная і прадбачлівая адначасова, — паведаміла педагог.

Выстава “Сябруюць дзеці на планеце” будзе працаваць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ўсё лета.

Ала Алегаўна Кейге, член журы конкурсу, прадстаўнік Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, заўважыла: “Я сама мастак, працую з дзецьмі, і для мяне конкурс — магчымасць паглыбіцца ў змест самой працы, у тое, як яна створана, які працэнт работы вакол яе вырастаў. Як практык, я заўсёды звяртаю ўвагу на ступень умяшання педагога, таму што дзеці думаюць па-за межамі свайго ўзросту, і дзякуй богу, што так адбываецца, аднак ёсць відавочна важкія, грубыя дарослыя думкі, якія відаць простым вокам”.

Сапраўды, майстэрства выдатнага педагога не ў тым, каб загасіць дзіцячую непасрэднасць і своеасаблівае светабачанне “правільнай” тэхнікай, а ў тым, каб надаць брыльянцікам дзіцячага мыслення дастойную агранку.

Гэта пацвярджае і Алена Уладзіміраўна Сакалоўская з Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 5. Адразу дзве яе навучэнкі, Мілана Котава і Софія Капаева, перамаглі ў конкурсе. Як расказала педагог, дзяўчынкі спынілі свой выбар на графіцы — гэтая тэхніка не вельмі папулярная сярод вучняў, бо патрабуе скрупулёзнага падыходу і ўседлівасці, якімі можа пахваліцца далёка не кожнае дзіця.

— Праца Міланы адлюстроўвае слімакоў і яшчарку, што пільна ўглядаюцца ў цёмнае неба, любуючыся незнаёмай планетай. А тая, у сваю чаргу, дзясяткамі маленькіх і вялікіх вочак з цікавасцю ўзіраецца ў нашу Зямлю, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Гэты твор не складаны тэхнічна, аднак запатрабаваў ад мастачкі майстэрства выканання. На шчасце, Мілана — вельмі ўважлівая і старанная вучаніца, якая здольна працаваць  гадзінамі, даводзячы кожны элемент малюнка да бляску. Праца Софіі — іншага характару. Яна выканана ў даволі складанай тэхніцы — адбітка. Спачатку робіцца малюнак, які хаваецца пад празрыстае шкло і абводзіцца па контуры сілікатным клеем. Калі клей высыхае, па шкляной паверхні праязджаецца валік з маслянай фарбай. Па свежых слядах робіцца адбітак на чысты аркуш паперы. Часам працэдуру даводзіцца паўта­раць дзясяткі разоў, таму што добры адбітак атрымліваецца далёка не адразу. Софіі давялося перарабляць яго 4 ці 5 разоў, пакуль атрымаўся вынік, які нас задаволіў.

Што ж, атрыманне 2-га ці 3-га месца сярод тысяч работ — сапраўды той вынік, які парадуе нават вельмі строгага педагога. Але перамога не галоўнае. Галоўнае тое, што ў любога малюнка знойдзецца свой шчыры прыхільнік. Чыё-небудзь сэрца абавязкова адгукнецца на прыязны позірк чыр­вонага марсіяніна ці ружовага касмічнага ката, і няважна, якімі фарбамі, кітайскімі ці французскімі, ён намаляваны, бо космас, як і мастацтва, — адзін на ўсіх.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота аўтара.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Как Панда Бо цвета искал

А. В. Хоменок

Медвежонок Панда Бо живёт в чёрно-белом Бамбуковом городке. Он играет на флейте в театре и грустит от того, что похож на всё вокруг, такое же чёрно-белое, как и он сам. Бо мечтает раскрасить Бамбуковый городок и отправляется на поиски красок. Ему помогает Клювик — яркая птичка, которая сочиняет стихи и знает всё-всё о цветах. Смогут ли друзья сделать Бамбуковый городок разноцветным?
Это больше, чем история о необычном приключении. Это книга о смелости следовать за мечтой. Отправляйся вместе с героями в цветное путешествие!

Художник Анастасия Гайдук.

 13.31 руб.