Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


У школьнікаў доўгачаканыя канікулы. Як жа правядзе іх сталічная дзетвара?

Летам для мінскіх школьнікаў гасцінна расчыніў дзверы 31 аздараўленчы загарадны лагер. У іх створаны добрыя ўмовы для адпачынку, аздараўлення, кожны мае сваю асаблівасць. Таксама ў кожнай сталічнай школе запрацавалі тэматычныя атрады. Усяго ў Мінску плануецца аздаравіць больш за 65 тысяч дзяцей. Сярэдні кошт пуцёўкі ў загарадны лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе 639 рублёў. Вызначаны памеры памяншэння кошту. Датацыя на адпачынак не менш за 18 дзён складзе 229 рублёў, у спартыўна-аздараўленчым лагеры — 253 рублі. 

Актыўна на канікулах будуць працаваць і цэнтры дадатковай адукацыі. Як расказала старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Наталля Праскурава, у летні перыяд усе ўстановы дадатковай адукацыі запрацуюць у новым фармаце. Разнастайныя секцыі, гурткі прымуць усіх жадаючых школьнікаў. Гэта значыць, што ўсе дзеці, хто захоча паўдзельнічаць у рабоце якой-небудзь секцыі ці гуртка, у любы час могуць прыйсці і зрабіць гэта. 

Работа з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі вядзецца круглы год і не перапыняецца нават летам. У Мінску з 1 чэрвеня дзейнічаюць студыі па падрыхтоўцы навучэнцаў да інтэлектуальных спаборніцтваў і конкурсаў па біялогіі (на базе гімназіі № 146 і біяфаку БДУ), беларускай мове і літаратуры (на базе гімназій №№ 4, 14), англійскай мове і грамадазнаўстве (на базе гімназіі № 7), рускай мове і літаратуры (на базе гімназіі № 24), гісторыі (на базе гімназіі № 15). 

Профільны атрад гарадскога школьнага лагера з дзённым знаходжаннем для адораных і высокаматываваных дзяцей і падлеткаў па прадмеце “Інфарматыка” пачаў працаваць на базе сталічнай сярэдняй школы № 191. У ім праходзяць падрыхтоўку 24 навучэнцы. Праграмай прадугледжаны заняткі па такіх напрамках, як вэб-майстар: асновы праграмавання і алгарытмізацыі, рашэнне лагічных і матэматычных задач, праграмаванне на мове С, рашэнне алімпіядных задач, англійская мова для пачынаючых праграмістаў. 

Не толькі добра адпачыць, але і даведацца шмат новага і цікавага, павысіць свой адукацыйны ўзровень змогуць школьнікі і ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лідар”, дзе ўрачыста адкрылася першая змена. Плануецца, што за летнія месяцы “Лідар” прыме пяць змен па 200 чалавек ва ўзросце ад 6 да 17  гадоў. Таксама на яго тэрыторыі ўстаноўлены палатачны гарадок. Ён разлічаны на 30 вучняў і будзе дзейнічаць на працягу дзевяці змен. 

Лета — гэта час, калі навучэнцы могуць паспрабаваць зарабіць свае першыя грошы ў складзе студэнцкіх атрадаў, акрамя таго, будзе арганізавана часовая працоўная занятасць. Плануецца, што такой магчымасцю змогуць скарыстацца больш за 5,5 тысячы школьнікаў. Найбольшая колькасць навучэнцаў будзе працаваць на аб’ектах прадпрыемства “Мінскзелянбуд”, камунальныя службы таксама плануюць прыцягваць маладых людзей. Гасцінна расчыніць дзверы перад жадаючымі папрацаваць мінскі заапарк.

Каля 1000 сталічных школьнікаў папрацуюць у складзе студэнцкіх атрадаў. Такія атрады, дарэчы, будуць стварацца і ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

Сонца ў «Расінцы». Як правільна выбраць аздараўленчы лагер

У пачатку лета кожны з бацькоў задаецца пытаннем, дзе адпачыць яго дзіцяці. Як правільна выбраць дзіцячы аздараўленчы лагер, каб дзіця правяло час з карысцю, весела, знайшло новых сяброў і набралася яркіх уражанняў.

Сакрэты поспеху

У філіяле “Дзіцячы санаторый “Расінка” ААТ “Белаграздраўніца”, што знаходзіцца ў Віцебскай вобласці Мёрскага раёна, наладжана работа па актуальных напрамках сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы з дзецьмі. 

Сённяшні час узнімае вельмі сур’ёзныя пытанні, якія патрабуюць глыбокага аналізу, сістэмнасці і адладжанасці, дакладных арганізацыйных момантаў у рабоце з дзецьмі. Выдатныя працэдуры, смачнае харчаванне, цудоўны адпачынак — гэта галоўныя складнікі аздараўлення дзяцей, аднак паспяховым адпачынак можа быць толькі тады, калі створаны і выконваюцца ўсе правілы бяспекі і наладжаны ўзаемаадносіны дзяцей. Калі дзіця ў санаторыі з першых дзён адчувае сябе маральна і псіхалагічна камфортна, а самае галоўнае — бяспечна, то і ўсё, што ўключае ў сябе аздараўленне, будзе прыносіць радасць і карысць. 

Перш за ўсё перад санаторыем як аздараўленчай установай стаіць задача стварэння аптымальных умоў для праходжання паспяховай сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў, абарона іх інтарэсаў, стварэнне станоўчага псіхалагічнага клімату і душэўнага камфорту.

У дзяцей узнікаюць унутраныя цяжкасці пераходнага ўзросту, пачынаючы з псіхічных і гарманальных працэсаў і заканчваючы перабудовай “Я”-канцэпцыі. Прычын у адхіленні дзяцей у развіцці і паводзінах шмат, і сам падлетак не здольны справіцца са сваімі праблемамі, яму патрэбна дапамога.

Асаблівай увагі патрабуе група дзяцей з дэвіянтнымі паво­дзінамі. Сюды ўваходзяць дзеці з дэлінквентнымі, крымінальнымі і антысацыяльнымі паводзінамі, гэта значыць, супрацьпраўнымі паводзінамі. Сустракаюцца ў санаторыі і прадстаўнікі нефармальных субкультур моладзі: эма, рэперы, футбольныя балельшчыкі (фаны). Ёсць дзеці з рознымі відамі расстройстваў адаптацыі. І ў большасці выпадкаў псіхатраўміруючай сітуацыяй з’яўляецца не саматычнае захворванне, а міжасобасныя адносіны і страта блізкіх. З такімі дзецьмі праводзіцца работа, накіраваная на асобасны рост, выпрацоўку новых стратэгій і адносін да праблемы, фарміраванне адэкватнай самаацэнкі.

Як стаць чэмпіёнам заезду

Некаторыя формы работы даўно і добра прыжыліся ў санаторыі, сталі традыцыйнымі, але яны штогод папаўняюцца новымі, паколькі жыццё не стаіць на месцы, асабліва сярод моладзі. Мерапрыемствы павінны адпавядаць запатрабаванням дзяцей, іх інта­рэсам, быць актуальнымі і карыснымі, а часам і значнымі ў іх далейшым жыцці. Так, напрыклад, работа гідаў, якія выбіраюцца сярод дзяцей на конкурснай аснове, дзе дзеці праходзяць так званы кастынг. Права быць гідам для дзяцей вельмі значнае і ганаровае. Яны сустракаюць дзяцей з іх бацькамі, якія прыбылі ў санаторый, дапамагаюць паднесці багаж і па ходзе руху расказваюць пра санаторый, адказваюць на пытанні, дзеляцца ўласнымі ўражаннямі аб адпачынку. Як паказвае практыка, такая форма работы падабаецца і дзецям, і іх бацькам.

Паспяховым адпачынак можа быць толькі тады, калі створаны і выконваюцца ўсе правілы бяспекі і наладжаны ўзаемаадносіны дзяцей.

Самакіраванне, ці работа актыву ў атрадах — яшчэ адна эфектыўная форма работы ў санаторыі. Дзеці вучацца правільным зносінам, разам з дарослымі займаюцца планаваннем, складаннем сцэнарыяў, уключаюцца ў актыўную творчую дзей­насць. Штодзень праходзяць саветы камандзіраў атрада, дзе абмяркоўваецца правядзенне мерапрыемстваў і ўдзел у іх, даецца ацэнка кожнаму пражытаму дню атрада: якія поспехі, недахопы, якая і ў чым неабходна падтрымка і дапамога. Такія парады да­юць магчымасць актывам атрадаў пазнаёміцца лепш, разам узаемадзейнічаць, садзейнічаць згуртаванню дзяцей усіх атрадаў.

У санаторыі актыўна выкарыстоўваецца такая форма работы, як рэйтынг атрадаў, што стымулюе дзяцей да росту, поспеху, сумеснага супрацоўніцтва, дзе роўны вучыць роўнага, стымулюе да перамогі, садзейнічае здароваму духу канкурэнцыі, падтрымцы і павазе  сапернікаў. Пры падвядзенні вынікаў у канцы змены атрад-пераможца атрымлівае ганаровае званне “Чэмпіён заезду”, узнагароджваецца пераходным кубкам і бясплатнай паездкай на экскурсію ў Мёры. А актывісты, творчыя ініцыятыўныя дзеці і дзеці, якія праявілі сябе ў спорце, у атрадных справах, заахвочваюцца “залатымі” білетамі, якія даюць магчымасць адправіцца ў бясплатную экскурсію па “залатым кальцы” Браслаўшчыны.

У Год гістарычнай памяці

Выхаваўчая работа ў санаторыі спланавана з улікам патрабаванняў часу, накіравана на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

Дзень Перамогі святкавала ўся краіна. Прымеркаваныя да важнай даты мерапрыемствы прайшлі і ў “Расінцы”. Добрай санаторнай традыцыяй з’яўляецца экскурсійны паход у в.Пераброддзе да абеліска воінскай славы. У Пераброддзі дзеці ўдзельнічалі ва ўрачыстым мітынгу, на якім прысутнічала ганаровая варта пагранічнай камендатуры “Опса” Полацкага пагран­атрада. Завяршыўся святочны дзень у санаторыі “Расінка” масавай ваенна-патрыятычнай гульнёй “Зарніца”. Галоўная задача, якую ставіць перад сабой педагагічны калектыў санаторыя, акцэнтаваць увагу падрастаючага пакалення на неабходнасці памятаць тыя страшныя дні, перадаваць гэтыя веды наступным пакаленням, не дапускаць скажэння і перапісвання гісторыі, а таксама берагчы родную зямлю.

Летнія ўрокі

Удала і эфектыўна, а галоўнае  з карысцю для справы ў санаторыі выкарыстоўваюць такія формы работы, як “Школа этыкету”, “Школа здаровага ладу жыцця”, “Урок беражлівасці”, якія дапамагаюць не толькі папаўняць веды дзяцей аб правілах карыстання сталовымі прыборамі, правілах паводзін людзей у грамадстве або як і чаму трэба быць беражлівымі, але і падмацоўваць гэтыя веды абавязковай практыкай у штодзённым жыцці. Цікавымі і запамінальнымі сталі для дзяцей урокі рамеснікаў, на якіх моладзь знаёміцца з гісторыяй прафесій, рамеснай справай па розных напрамках, дзе даецца магчымасць самім папрабаваць штосьці вырабіць з гліны, дрэва, нітак, пражы і іншага матэрыялу.

Ужо больш як 10 гадоў санаторый “Расінка” цесна супрацоўнічае з хрысціянскімі храмамі праваслаўнай і каталіцкай канфесіі. У санаторыі праходзяць урокі духоўна-маральнага выхавання, дабрачынныя акцыі, святы, якія са­дзейнічаюць выхаванню дзяцей на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей, дзе месца агрэсіі і злосці займаюць дабро, павага і міласэрнасць.

Атрад-пераможца ўзнагароджваецца пераходным кубкам і бясплатнай паездкай на экскурсію ў Мёры.

Найбольш палюбілася ўсім гальштучная сістэма: кожны атрад праходзіць пасвячэнне ў рады адпачывальнікаў санаторыя, і дзецям павязваюць гальштукі. Кожнаму атраду прысвойваецца пэўны колер. Дзеці даражаць гальштукамі, баяцца дзе-небудзь забыць і згу­біць. Перад ад’ездам на гальштуках дазваляецца пакідаць надпісы, пажаданні, свае ўражанні, і як добрая памяць аб адпачынку ў санаторыі — гальштукі застаюцца ў дзяцей.

Я ніколі не бачыла такога прыгожага возера

З водзываў дзяцей.

Саша, 14 гадоў, Мінск: “Я адпачывала ў многіх лагерах і ў розных краінах. Была ў лагеры ў Польшчы, Балгарыі, Францыі, але “Расінка” мне спадабалася больш за ўсё. Я хачу сюды абавязкова вярнуцца ў наступным годзе. Тут неверагодная атмасфера сяброўства, радасці і разумення таго, што ўсе дарослыя хочуць зрабіць твой адпачынак запамінальным. Мне падабаецца павага да дзяцей”.

Радасна разумець, што такое цудоўнае месца для адпачынку і развіцця дзяцей знаходзіцца ў нашай роднай Беларусі.

Яна, 16 гадоў, Мінск: “У лагеры за 11 дзён было столькі цікавага і новага для мяне, што хочацца вярнуцца абавязкова ў наступным годзе. Я знайшла шмат новых сяброў, адпачыла, прайшла лячэбныя працэдуры, у нас былі выдатныя выхавальнікі і самае галоўнае — такога шчасця ад адпачынку і зносін у мяне яшчэ не было”.

Насця, 12 гадоў, Гродна: “Я сама знайшла гэты санаторый у інтэрнэце і папрасіла бацькоў купіць мне пуцёўку. Я ніколі не бачыла такога прыгожага возера, кожны вечар любавалася заходам сонца. Я праехала 500 км, і гэта было таго варта. Гэта лепшы адпачынак у маім жыцці”.

Як педагог-псіхолаг і суправа­джальнік дзіцячых груп я палюбіла гэты лагер за тое, што за такі кароткі перыяд дзеці раскрыліся нечакана і па-іншаму, праявілі свае самыя лепшыя якасці. А гэта сведчыць аб вельмі высокім узроўні арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў і ўсяго выхаваўчага пра­цэсу. Радасна разумець, што такое цудоўнае месца для адпачынку і развіцця дзяцей знаходзіцца ў нашай роднай Беларусі, што людзі, якія там працуюць, укладаюць усю душу і ўсе свае прафесійныя веды ў кожнае  дзіця.

І, перш чым выбіраць адпачынак для сваіх дзяцей за мяжой, хочацца прыгадаць прыказку — “За морам цяплей, а ў нас святлей”.

Наталля СТЭЛЬМАХ, 
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска, кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна Мінска;
Жанна АКАЧОНАК, 
загадчыца па выхаваўчай рабоце філіяла “Дзіцячы санаторый “Расінка” ААТ “Белаграздраўніца”.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Книги для детей