Кантэнтнае арыентаванне на маладзёжную аўдыторыю павінна ажыццяўляцца з актыўным выкарыстанннем сучасных камунікацыйных тэхналогій. Пра гэта падчас міжнароднага анлайн-семінара, які арганізавалі Кітайскі камітэт ШАС па добрасуседстве, сяброўстве і супрацоўніцтве сумесна з парталам «Хуаньцюван», заўважыла Чжан Даньшань, намеснік дырэктара цэнтра збору і рэдагавання інфармацыі даччынага выдання газеты «Кітайская моладзь», галоўны рэдактар газеты «Маладзёжны даведнік».
Саме вялікае па колькасці ў свеце — пакаленне Z. Гэта людзі, якія нарадзіліся ў перыяд з 1995-га па 2010-ты гады. У 2019-м іх колькасць перавысіла 2,4 мільярда чалавек, што складае амаль траціну (32 працэнта) ад агульнай колькасці насельніцтва планеты. Не дзіўна, што вялікая ўвага падчас стварэння кантэнта надаецца менавіта запытам «зумераў», якія аддаюць перавагу візуалізацыі. Адсюль такая папулярнасць кароткіх відэа і адпаведных платформ. Паднябесная не выключэнне, тым больш, што Кітай з’яўляецца безумоўным сусветным лідарам па развіцці інтэрнэта. Як паведамілі ў Кітайскім інфармацыйным інтэрнэт-цэнтры (CNNIC), напрыканцы мінулага года колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у КНР перавысіла 1,03 мільярда, што амаль на 43 мільёны больш, чым у адпаведны перыяд 2020-га.
Узровень даступнасці інтэрнэта ў краіне дасягнуў 73 працэнта, што вышэй за сярэдні сусветны паказчык. Галоўным чынам падключэнне да «сусветнага павуціння» ў Кітаі адбываецца праз смартфоны — 99,7 працэнта карыстальнікаў выходзяць у глабальную сетку менавіта такім чынам. Кітайцы ў сярэднім зараз праводзяць у інтэрнэце каля чатырох гадзін штодня. Паводле дадзеных штогадовага даследавання Global Digital Reports 2022, універсальная платформа WeChat увайшла ў сусветны топ-5 сацыяльных сетак і нават абышла TikTok.
«Наша каманда імкнецца своечасова пераходзіць да новых падыходаў у вытворчасці кантэнта для маладзёжнай аўдыторыі», — адзначыла Чжан Даньшань. І прадэманстравала кароткія відэа, якія яны ствараюць і распаўсюджваюць з дапамогай розных інтэрнэт-платформ. Такое ўзаемадзеянне з «зумерамі» даволі прадукцыйнае. І мае свае станоўчыя вынікі.
Цікавыя высновы справаздачы аб развіцці сеткавай літаратуры, якую раней агучыла Акадэмія грамадскіх навук КНР. У ёй адзначаецца, што прадстаўнікі пакалення Z аказалі глыбокі ўплыў на змест і асноўныя каштоўнасныя арыентацыі сеткавай літаратуры, паведаміў «Хуаньцюван». Менавіта «зумеры» сталі найбуйнейшай групай чытачоў у гэтым сегменце. Па стане на канец мінулага года ў налічвалася звыш паўмільярда чытачоў інтэрнэт-літаратуры, паказчык дасягнуў рэкордна высокага ўзроўню. На народжаных пасля 1995-га прыпадала больш за 60 працэнтаў новых карыстальнікаў кітайскага мабільнага дадатка для чытання «Цыдзянь».
Для маладых чытачоў інтэрнэт-літаратура ўяўляе сабой не толькі спосаб баўлення часу, а паступова ператвараецца ў важны канал атрымання ведаў. Як адзначалася ў справаздачы, радстаўнікі пакалення Z, адчуваюць асабліва моцнае пачуццё нацыянальнага гонару і патрыятычны энтузіязм і з дапамогай каментароў выказваюць сваю любоў да Радзімы. Летась у каментарыях, якія пакінулі карыстальнікі дадатка «Цыдзянь», слова «Кітай» з’яўлялася больш за 300 тысяч разоў. Як адзначылі ў Акадэміі грамадскіх навук КНР, пакаленне Z аказала моцны ўплыў на кірункі творчасці, каштоўнасныя арыентацыі і функцыі літаратуры ў інтэрнэце. Варта адзначыць, што летась рэалізм стаў адным з самых папулярных напрамкаў літаратурнай творчасці ў кітайскім інтэрнеце.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Крыніца: «Звязда»