Весела правесці час на летніх канікулах і зарабіць пасільнай працай першыя грошы. На Гомельшчыне другасная летняя занятасць сёлета на піку папулярнасці ў вясковых старшакласнікаў. У Гомельскім раёне 370 школьнікаў праявілі жаданне папрацаваць летам. Раённыя ўлады пайшлі насустрач падлеткам і амаль удвая павялічылі колькасць лагераў працы і адпачынку. Амаль удвая ўзрасла і колькасці сельскіх вучняў — удзельнікаў студатрадаў БРСМ.

Працоўныя канікулы

Лагеры працы і адпачынку ў асноўным адкрыты пры ўстановах адукацыі. Арганізаваць такую форму карыснай занятасці школам дапамаглі аддзел адукацыі і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага райвыканкама. Але ёсць сёлета і лагеры працы і адпачынку, адкрытыя пры падтрымцы арганізацый раёна, гатовых працаўладкаваць непаўналетніх на летні перыяд. Школы для арганізацыі працоўнай занятасці вучняў тым ліку могуць заключаць прамыя дагаворы з прадпрыемствамі. На тэрыторыі раёна 11 арганізацый, якія ў летні перыяд могуць з улікам умоў прадставіць працу непаўналетнім. У асноўным гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

— Такую сацыяльна значную ініцыятыву нашых прадпрыемстваў мы, безумоўна, падтрымліваем, — падкрэсліла старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. — Матывуем нашых гаспадарнікаў падтрымліваць школы ў імкненні далучаць дзяцей да працы. Да таго ж, гэта сапраўды запатрабавана ў жыхароў населеных пунктаў раёна. Дзеці разумеюць, як гэта — сваёй працай зарабіць грошы? Для дарослага працоўнага чалавека, можа, гэтыя сумы нязначныя, але дзяцей — добры стымул, матывацыя. Яны дазнаюцца, што такое праца, як яна можа ацэньваецца, пачынаюць і больш шанаваць чалавека працы.

Да таго ж, перакананыя ў раёне, лагеры працы і адпачынку, студатрады — важная прафарыентацыйная падрыхтоўка, асабліва для старшакласнікаў.

Начальнік аддзела адукацыі Гомельскага райвыканкама Алена Кавалёва адзначае высокую папулярнасць такой формы арганізацыі летняга вольнага часу і ў дзяцей, і ў іх бацькоў. Так, калі летась у раёне лагерамі працы і адпачынку было ахоплена 69 вучняў, у гэтым — 120, 60 школьнікаў атрымалі магчымасць папрацаваць і карысна адпачыць дзякуючы індывідуальным дагаворам, заключаным паміж установамі адукацыі і прадпрыемствамі.

Калі гаварыць аб другаснай занятасці вучняў пры падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, то гэта пашыў бялізны, рамонт школьнага інвентару, работа ў школьнай бібліятэцы. Усё залежыць ад праекта, які з удзелам дзяцей рэалізоўвае школа.

— Праекты на летні перыяд установы складаюць у пачатку навучальнага года. Пасля праходзіць узгадненне ў райвыканкаме і ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пад канкрэтныя праекты адпаведна выдзяляецца фінансаванне. Заробак у лагеры працы і адпачынку залежыць ад аб'ёму работ, якія будуць выконваць школьнікі зыходзячы з праекта, — у тонкасці механізму арганізацыі другаснай занятасці пры школах пасвячае начальнік аддзела ДУ «Гомельскі раённы навучальна-метадычны кабінет» Ганна Ахотнікова і дадае:

За работай вучаніцы Урыцкай сярэдняй школы Хрысціна Ядчанка і Данііла Сергеенка.

За работай вучаніцы Урыцкай сярэдняй школы Хрысціна Ядчанка і Данііла Сергеенка.

— Ёсць невялікія праекты, але нашы школы за іх усё роўна бяруцца, таму што не ўсе знаходзяцца блізка ад прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць працу навучэнцам, а ахвотных вельмі шмат. Школы імкнуцца на летнія месяцы пакінуць самыя ёмістыя па аб'ёме праекты, каб дзеці фінансава адчулі стымул.

Сёлета многія школы працягнулі такую схему карыснай занятасці, калі вучні могуць папрацаваць і адпачыць у лагеры працы і адпачынку, а потым яшчэ і працаўладкавацца праз прадпрыемства ці праз БРСМ. Летась пры такой занятасці за месяц працы дзеці зараблялі да 200 рублёў.

Кастынг ахвотных працаваць

Зяброўская і Клімаўская сярэднія школы для арганізацыі лагераў працы і адпачынку сёлета заключылі дагавор з Каранёўскай эксперыментальнай лясной базай Інстытута лесу НАН Беларусі. У школах настолькі шмат ахвотных папрацаваць, што для ўдзелу ў летніках праводзяць адбор. Змена ў такім лагеры для мясцовых школьнікаў — форма заахвочвання, узнагарода.

— Лагер працы і адпачынку для нашых дзяцей доўжыцца 18 дзён. Падлеткі, вядома, жывуць у сучасным свеце і самі гавораць, што ў такой занятасці бачаць рэальныя грошы, якія могуць самі зарабіць, — настрой сваіх працавітых вучняў перадае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Зяброўскай сярэдняй школы Вераніка Нямкова. — Бацькі гэтую ініцыятыву старанна падтрымліваюць, бо ў тым ліку, што не менш важна, у лагеры працы і адпачынку дзеці забяспечаны трохразовым харчаваннем: сняданак, абед і падвячорак. Працуюць нашы вучні з 9 да 13 гадзін, з неабходнымі перапынкамі: працоўнымі дагаворамі прадугледжаны пэўны рэжым працы, дапушчальны для непаўналетніх.

Пасля працы — абед. Затым — гульні ў спартзале. Прапануюць таксама экскурсіі, культурна-масавыя мерапрыемствы, квэсты.

У школьнікаў Зябраўскай сярэдняй школы, якім не хапіла месца ў лагерах працы і адпачынку, пры падтрымцы раённай арганізацыі БРСМ вырашыла сфарміраваць студэнцкія атрады. Сёлета іх будзе два: папрацаваць змогуць зноў жа ў Каранёўскай эксперыментальнай лясной базе Інстытута Лесу НАН Беларусі і на прадпрыемстве ААТ «Птушкафабрыка «Світанак».

Настасся Глумава і Дар'я Пабядзенка ў лагеры працы і адпачынку выконваюць заказ па пашыве бялізны для групы прадоўжанага дня.

Настасся Глумава і Дар'я Пабядзенка ў лагеры працы і адпачынку выконваюць заказ па пашыве бялізны для групы прадоўжанага дня.

Сабраць «на мора»

На тэрыторыі адной з самых буйных устаноў адукацыі раёна — Урыцкай сярэдняй школы — на працягу амаль трох тыдняў паспяхова працуе лагер працы і адпачынку «Рытм». Яго ўдзельніцы — дзесяць выпускніц восьмага класа.

— Мне падабаецца наведваць лагер, таму што сюды ходзяць многія мае сяброўкі. Мы разам і працуем, і адпачываем, — прызнаецца вучаніца Урыцкай сярэдняй школы Настасся Глумава.

Сяброўкі, а цяпер яшчэ і калегі па працы дадаюць, з плюсаў — магчымасць бясплатна асвоіць прафесію швачкі, правесці час з карысцю ў добрай кампаніі, да таго ж і зарабіць грошы. За ўвесь перыяд дзяўчаты зарабляюць у сярэднім 70 рублёў.

— Мы з бацькамі плануем паехаць адпачываць. Мне будзе прыемна ўнесці свой матэрыяльны ўклад, — гаворыць аб сваёй матывацыі папрацаваць Настасся Глумава.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Урыцкай сярэдняй школы Вольга Лапіцкая расказвае, што такі від канікулярнай занятасці ў іх школе папулярны ўжо некалькі гадоў:

— Сёлета нашай школе ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама было вылучана толькі 10 вакансій, хаця ахвотных было значна больш. Безумоўна, удзельніцы лагера працы і адпачынку павінны былі прайсці адбор па стане здароўя. Куратар дзяўчат — настаўніца працоўнага навучання Алена Картузава. Пад яе наглядам нашы вучаніцы шыюць пасцельную бялізну для навучэнцаў групы прадоўжанага дня. Мы вырашылі, што калі дзяўчаты скончаць работу над наборамі бялізны, то самі перададуць іх малодшым школьнікам, раскажуць, як папрацавалі сёлета ў школе на агульную карысць.

Намеснік дырэктара адзначыла, што сёлета, дзякуючы супрацоўніцтву з раённай арганізацыяй БРСМ, урыцкія школьнікі актыўна працуюць у якасці байцоў студатрадаў.

— Са сваіх назіранняў за вучнямі, якія бралі ўдзел у студатрадзе або ў лагеры працы і адпачынку, магу цвёрда сказаць: такі вопыт падлеткаў разнявольвае, гарантуе ўпэўненасць у сабе. Новых сяброў, цікавыя новыя захапленні знаходзяць нават тыя, хто быў адзіночкам. Дзеці добра навучаюцца камунікаваць, — падзялілася педагог.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Крыніца: «Звязда»