Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Нацыянальны дзіцячы адукацыйна­-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” — гэта не проста лагер для адпачынку. Гэта цэнтр распрацоўкі і рэалізацыі тэматычных праграм выхавання, якія развіваюць лідарскі і творчы патэнцыял дзяцей і падлеткаў, фарміруюць навыкі здаровага ладу жыцця. Цэнтр уваходзіць у рэспубліканскі кластар па рабоце з адоранымі дзецьмі. Пра асабісты, арганізацыйны і метадычны інтэнсіў расказвае яго дырэктар Надзея АНУФРЫЕВА.

Актыўная педагогіка

— Маё жыццё так ці інакш заўсёды было звязана з педагогікай. Я пачынала працаваць, калі ў школах былі педагогі-арганізатары па пазакласнай і паза­школьнай выхаваўчай дзейнасці. Была завучам у школе, потым дырэктарам. Затым працавала загадчыцай раённага аддзела адукацыі, намеснікам старшыні райвыканкама. У выніку ў “Зубраня” прыйшла падрыхтаваным работнікам і сталым чалавекам, што вельмі дапамагала ў прыняцці важных рашэнняў. Жыццё імкліва бя­жыць наперад і ўжо амаль 20 гадоў я працую ў гэтым цудоўным месцы. Час прайшоў як адно імгненне. Хуткасці дадае інтэнсіўная работа.

Змена ў цэнтры доў­жыцца 21 дзень, а ў летні перыяд — 18. Дзеці з першага дня ўключаюцца ў дзей­насць, таму мы не можам рыхтавацца да мерапрыемства падоўгу. Уся работа запускаецца разам з пачаткам змены: дыягностыка, экскурсіі, конкурсы, фестывалі, гурткі, заняткі. Напярэдадні змены арганізоўваецца адпаведная работа з выхавальнікамі, каб паглыбіць іх у тэматыку змены: культуралагічныя практыкумы, заняткі. Мы рэалізуем больш за 40 профільных праектаў падчас навучальнага года. Акрамя гэтага, у летні перыяд арганізуем 5 змен, у кожнай з якіх 5 узроставых праектаў. Падчас змены ў нас можа знахо­дзіцца 1250 чалавек. У адным праекце, як правіла, задзейнічаны 200—250 чалавек.

Выхаваўчая сістэма цэнтра сумяшчае вопыт дзіцячага аздараўленчага лагера, установы дадатковай адукацыі і агульнаадукацыйнай установы. Вялікая роля ў арганізацыі дзейнасці адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” адводзіцца метадычнай рабоце. У нас ёсць аддзел арганізацыйна-метадычнай работы, спецыялісты якога распрацоўваюць праекты. Затым гэтыя праекты прадстаўляюцца падчас метадычнага савета і зацвярджаюцца ім, а потым нашы педагогі і выхавальнікі прахо­дзяць навучанне, каб працаваць па новых праектах ці праграмах. Акрамя таго, будучы адукацыйным цэнтрам, дапама­гаем метадычна сваім калегам з іншых лагераў і цэнтраў. Падрыхтоўка кад­раў — таксама адзін з напрамкаў нашай дзейнасці. Актыўна працуем з тымі, хто прыязджае ў цэнтр праца­ваць на некалькі гадоў, а таксама з членамі студэнцкіх атрадаў, з педагогамі, якія працуюць у аздараўленчых лагерах падчас летняй аздараўленчай кампаніі. Увогуле, працуем шмат, інакш проста немагчыма адпавядаць запытам дзяцей і дзяржавы.

З меркавання ў перакананне

— У нашым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры створаны неабходныя ўмовы для сацыяльнага станаўлення і свядомага выбару маладымі грамадзянамі свайго жыццёвага шляху, іх падрыхтоўкі да адказнага ўдзелу ў развіцці беларускай дзяржавы і грамадства. У цэнтры распрацавана сістэма па развіцці і станаўленні актыўнай асобаснай пазіцыі ўдзельнікаў змен праз арганізацыю лекцый, дыскусій, круглых сталоў, мазгавых штурмаў, форумаў па праблемах дзіцячага і мала­дзёжнага руху, распрацоўку і рэалізацыю сацыяльных, дзелавых, творчых праектаў, удзел у дабрачынных акцыях, у рабоце органаў самакіравання. Арганізуюцца сустрэчы з палітыкамі, навукоўцамі, вядомымі дзеячамі культуры і мастацтва, мала­дзёжнымі лідарамі.

 

 

Аляксандр Пятровіч Блізнюк — адзін са старажылаў школы адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. Інфарматыку ён выкладае тут крыху больш за 20 гадоў. І, як адзначыў педагог, інфарматыка 20 гадоў назад і цяпер — гэта зусім розныя рэчы. Для нагляднасці інтэнсіфікацыі ў прадмеце паказвае  старыя камп’ютары, дыскеты і дыскі, якія стаяць на асобным стале. Гэтае рэтра дапамагае яму і вучням прадэманстраваць глабальныя змены. А каб паспяваць за змяненнямі, трэба ўвесь час трымаць руку на пульсе, таму Аляксандр Пятровіч пастаянна займаецца самаадукацыяй. Напрыклад, вялікіх поспехаў дасягнуў у камп’ютарнай графіцы. І калі вы ўбачыце ў “Зубраняці” банеры, то яны зроблены Аляксандрам Пятровічам. 

Напрыклад, падчас адкрыцця рэспубліканскага патрыятычнага злёту моладзі і пастаянна дзеючых дыялогавых пляцовак “Ад меркавання да светапогляду” з дзецьмі гаварылі пра значэнне для краіны і кожнага грамадзяніна дзяржаўных сімвалаў, пра важнасць выбараў і дзейнасць Цэнтр­выбаркама, пра значэнне прафсаюзнай арганізацыі. Калі гэтыя размовы праходзяць з першымі асобамі, то набываюць іншы сэнс, больш глыбокі і свядомы. Сур’ёзная настроенасць дарослых перадаецца дзецям. Нашы выхаванцы рэгулярна сустракаюцца з міністрам адукацыі. Для моладзі важна атрымліваць адказы на свае пытанні з першых вуснаў. Акрамя таго, такія сустрэчы заўсёды чалавечныя, душэўныя. Сёння маладыя лю­дзі маюць сваё меркаванне па многіх пытаннях. Трэба, каб гэтыя меркаванні перарасталі ў перакананні, якія з’яўляюцца каштоўнасцю ў нашым грамадстве.

Адпачынак насычаны і змястоўны

— Цяпер, падчас летняга адпачынку, рэалізуем пазнавальна-аздараўленчыя праекты. Летам да ліку важатых, якія працуюць на працягу навучальнага года, далучаюцца студэнты, а таксама настаўнікі нашай школы. У нашым калектыве ёсць і педагогі дадатковай адукацыі, і харэограф. Працуем па прынцыпе ўзаемазамяняльнасці, што эфектыўна, бо аздараўленчая праграма рэалізуецца з элементамі адукацыйных праграм, якія выкарыстоўваюцца падчас навучальнага года. 

Напрыклад, калі дзеці праяўляюць павышаную цікавасць да біялогіі, то ў нас можна наведаць грыбную паляну, дзе прадстаў­лены розныя грыбы. Яны хоць і штучныя, але знешне на 100 працэнтаў адпавядаюць рэальным. Ёсць такая ж ягадная паляна. Стварылі паляну “Птушыны гай”, дзе можна паслу­хаць спевы птушак і зрабіць першыя крокі ў арні­талогіі. Дзеці ходзяць на рыбалку, дзе зноў-такі не проста ловяць рыбу, а знаё­мяцца з пад­водным светам возера Нарач. Папулярным месцам стала экалагічная пляцоўка “Бабровая хатка” з міні-заапаркам (кантактным, дарэчы) і агародам з традыцыйнымі для беларусаў культурамі. Ёсць геаграфічная пляцоўка — карта Беларусі з рэкамі, дарогамі, абласнымі цэнтрамі, створаны геаграфічны цэнтр.

Старшакласнікаў вучым збіраць гербарый, расказваем, як правільна су­шыць расліны, камплектаваць. Праводзім вялікія экалагічныя святы. У нас ёсць экалагічная сцежка і Дом экалагічнай асветы, дзе профільныя атрады працуюць у лабараторыях (праводзяць лакальныя навуковыя даследаванні: бяруць пробы вады і паветра, робяць пэўныя замеры), каб глыбей пранікаць у тэматыку захавання экалогіі і прыродакарыстання. Акрамя гэтага, даследуем клімат на тэрыторыі “Зубраняці”. Ствараем пляцоўку для гідралагічных назіранняў. Увогуле, мы шмат займаемся экалогіяй, бо знаходзімся на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.

 

Наталля Браніславаўна Вяршыла настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школе “Зубраняці” працуе з 2014 года. Інтэнсіўная работа ў адукацыйна-аздараўленым цэнтры патрабуе мабільнасці і аператыўнасці ў дзеяннях. Наталля Браніславаўна — натура творчая і тэмпераментная, што робіць яе заняткі эмацыянальнымі і запамінальнымі. А з дапамогай сучасных вучэбных прыстасаванняў яны становяцца яшчэ і тэхналагічнымі. Наталля Браніславаўна распрацоўвае тэсты для сваіх вучняў, натхняе іх родным словам. 

Распрацавалі гістарычна-экскурсійны маршрут “Дарогамі мужнасці”. Нарачанскія лясы сталі сведкамі нападу крыжакоў, наступлення шведскай арміі Карла XII і ўцёкаў напалеонаўскіх войскаў. На беразе возера Нарач па цяперашняй тэрыторыі НДЦ “Зубраня” праходзіла лінія фронту ў гады Першай сусветнай вайны, тут дзейнічалі партызанскія атрады ў часы барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Маршрут, па­дзелены на некалькі інфармацыйных пляцовак, не толькі знаёміць з гістарычнымі падзеямі і іх удзельнікамі, але і дэманструе ваенныя атрыбуты розных эпох. Мы там зрабілі зямлянку, цяпер будзем уладкоў­ваць партызанскую стаянку.

Вучэбна-экскурсійны цэнтр старадаўняй бытавой культуры беларусаў “Хутар Неслуч” знаёміць з бытавой культурай беларусаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. На хутары праводзяцца святы, дзе дзеці знаёмяцца з народнымі традыцыямі ў дзеянні. Акрамя гэтага, дзеці могуць паспрабаваць пілаваць дровы, зграбаць сена, мыць бялізну. Ёсць на хутары і карчма, дзе можна пачаставацца блінамі і гарбатай. Абавязкова расказваем гісторыю хутара і яго гаспадароў. 

Летам арганізуем палатачны лагер, які працуе па профільнай праграме (спартыўны, турыстычны, края­знаўчы, ваенна-патрыятычны, валанцёрскі і іншыя напрамкі). У ім праводзяцца змены-дзевяці­дзёнкі. Профільная змена ў такім тэрміне праходзіць у інтэнсіўным рэжыме, але ад гэтага яна не становіцца менш цікавай. Дзецям падабаюцца і незвычайныя ўмовы пражывання, і забаўляльная праграма. Робім усё, каб адпачынак быў цікавым і насычаным.

Акрамя таго, у жніўні разам з АПА праводзім вучэбна-трэніровачныя зборы пераможцаў міжнародных алімпіяд па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, інфарматыцы. Актыўна працуем са школьнымі лідарамі, піянерамі, членамі БРСМ. У нас ёсць змена выдатнікаў. Увогуле, пуцёўка ў “Зубраня” лічыцца ўзнагародай, таму да нас едуць матываваныя, творчыя і таленавітыя дзеці. 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Книги для детей