Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Як пакарыць алгарытмы і навучыцца з іх дапамогай прымаць правільныя рашэнні, якімі павінны быць школьныя падручнікі па інфарматыцы і чаму карысна валодаць Pascal — ведае Уладзімір КОТАЎ.

У пачатку года свет пабачыў электронны вучэбна-метадычны комплекс па вучэбнай дысцыпліне «Алгарытмы і структуры даных». Яго стваральнік — выкладчык факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі Уладзімір Міхайлавіч Котаў. У 2021 годзе ён атрымаў грант Прэзідэнта Беларусі ў галіне навукі і адукацыі на распрацоўку і ўкараненне гэтага комплексу ў адукацыйны працэс.

Комплекс складаецца з вучэбнай праграмы, дапаможніка «Зборнік задач па тэорыі алгарытмаў» і дыягнастычнага інструментарыю. Ён створаны для студэнтаў, якія вучацца на спецыяльнасцях «Інфарматыка», «Прыкладная інфарматыка (па напрамках)», «Прыкладная матэматыка (па напрамках)». «На ФПМІ чытаюцца курсы «Алгарытмы і структуры даных» і «Тэорыя алгарытмаў», у якіх асвятляецца вельмі запатрабаваная тэма «Звязаныя алгарытмы». У межах гранта я распрацаваў зборнік задач па алгарытмах, напісаў лекцыйны матэрыял, заданні для практычных заняткаў і наборы тэстаў, з дапамогай якіх можна праверыць, наколькі студэнты зразумелі тэму і ці навучыліся рашаць складаныя задачы з эўрыстычным ці пераборным характарам або няпоўнай інфармацыяй», — патлумачыў прафесар.

Увогуле, гэты комплекс дасць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій, а таксама эфектыўнасць выступлення каманд навучэнцаў і студэнтаў на міжнародных спаборніцтвах. «Разам са студэнтамі мы стварылі платформу Insight runner, на якой праводзяцца спаборніцтвы. Яна даступная для ўсіх, і ў нашых спаборніцтвах могуць удзельнічаць і школьнікі, і студэнты, і выкладчыкі», — дадаў Уладзімір Міхайлавіч, які шмат гадоў займаецца алімпіядамі. У 90-х ён 10 гадоў трэніраваў зборную Беларусі па інфарматыцы. Зараз на яго платформе трэніруюцца студэнты, якія паспяхова выступаюць на чэмпіянатах свету па праграмаванні. Між іншым каманда БДУ 20 разоў выходзіла ў фінал чэмпіянату.

Вучэбная распрацоўка У.М.Котава ўжо зацікавіла некаторыя фірмы, якія прапанавалі выкарыстоўваць яго дыягнастычны інструментарый для вырашэння сваіх практычных задач. «Напрыклад, паміж БДУ і Huawei заключана пагадненне на выкарыстанне нашага інструментарыю. Такія сур’ёзныя кампаніі ставяць перад намі многа практыка-арыентаваных задач, на якіх студэнты і вучацца. Увогуле, у нас атрымаўся добры сімбіёз, бо і навучэнцы задзейнічаны, і выкладчыкі крыху разгружаны, таму што наша аўтаматызаваная платформа сама правярае і ацэньвае задачы», — паведаміў прафесар. У яго далейшых планах — распрацоўка новых практыка-арыентаваных задач і тэстаў, правядзенне спаборніцтваў на базе платформы і пашырэнне супрацоўніцтва з кампаніямі і прадпрыемствамі.

Дарэчы, 50 гадоў жыцця У.М.Котава звязаны з БДУ. Тут ён скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і аспірантуру, абараніў кандыдацкую і доктарскую, стаў выкладчыкам, пасля — загадчыкам кафедры і прафесарам. Менавіта ва ўніверсітэце дзясяткі гадоў назад ён захапіўся алгарытмамі, якім і сёння аддае перавагу, таму і можа расказваць пра іх гадзінамі: «Калі простымі словамі, то і канкрэтнаму чалавеку, і прадпрыемству алгарытмізацыя дапамагае прымаць дакладныя рашэнні. Спачатку — алгарытм, потым — яго рэалізацыя».

Да таго ж Уладзімір Міхайлавіч — навуковы кіраўнік аўтарскага калектыву школьных падручнікаў па інфарматыцы, якія сёння выкарыстоўваюцца ва ўсіх установах адукацыі. Дзякуючы яго ініцыятыве, у падручніках для 11 класа з’явіўся вялікі раздзел, прысвечаны інфармацыйнай бяспецы. «У інтэрнэце можна многа ўсяго знайсці — і карыснага, і шкоднага. Прычым шукаць доўга не трэба, знаходзіцца само. А для юнага чалавека гэта рэальная пагроза, — акцэнтаваў увагу прафесар. — Мы стараемся зрабіць падручнікі даступнымі і сучаснымі, каб яны адпавядалі часу. Таму ў нас ёсць электронная версія, якую мы актуалізуем штогод».

Хутка ў школах з’явіцца профіль па інфарматыцы. Прафесар паведаміў, што для настаўнікаў рыхтуе метадычныя рэкамендацыі па выкладанні раздзела «Алгарытмізацыя». «Калі вучань хоча займацца алгарытмізацыяй, то гэта трэба рабіць на неабходнай мове. І чым мова больш строгая, тым лепш можна ёй навучыць. А чым больш мова дапушчае вольнасцей, тым хутчэй чалавек зробіць памылку. Pascal — вучэбная мова, якая дазваляе прытрымлівацца адзінага падыходу: ад простага да складанага. Хоць у школьнай праграме мова і не прапісана і можна выбраць любую, але, на мой погляд, лепш пачынаць з Pascal. Дзве трэці настаўнікаў адабраюць мой падыход, хоць вучні ставяцца да гэтага па-рознаму. Аднак калі ў старшых класах яны вырашаюць стаць праграмістамі, то разумеюць, наколькі патрэбна гэтая мова», — сказаў У. М. Котаў.

Ён перакананы, што на ўроках інфарматыкі дзеці павінны асвоіць камп’ютар і не баяцца яго, авалодаць асновамі логікі і стаць дысцыплінаванымі: «Зрабіць гэта ўдаецца дзякуючы мове Pascal, бо яна патрабуе жорсткай дысцыпліны. Зараз разглядаецца пытанне аб увядзенні інфарматыкі ў 5 класе, каб развіваліся і логіка, і маторыка і каб дзеці вучыліся хутка набіраць на клавіятуры».

На маё ж пытанне, чаму школа павінна навучыць дзяцей, прафесар сцісла адказаў: «Навучыць вучыцца». І гэта бясспрэчна!

Вольга АНТОНЕНКАВА, Настаўніцкая газета

 

Наша дасье.

Уладзімір Міхайлавіч Котаў – загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.

Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па інфарматыцы для агульнаадукацыйнай школы.

 

«Народная асвета» рэкамендуе:  

 

Информатика, 10 класс

 В. М. Котов, А. И. Лапо, Ю. А. Быкадоров, Е. Н. Войтехович

Учебное пособие для 10 класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения (с электронными приложениями).

 4.78 руб.

 

Інфарматыка, 10 клас

 У. М. Котаў, А. І. Лапо, Ю. А. Быкадораў, А. М. Вайцеховіч

Вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання (з электроннымі дадаткамі).

 8.45 руб.

 

Інфарматыка, 9 клас

У. М. Котаў, А. І. Лапо, Ю. А. Быкадораў, А. М. Вайцеховіч

Вучэбны дапаможнік для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання.

 3.58 руб.