Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Дыялогавая пляцоўка па пытаннях павышэння якасці падручнікаў па беларускай мове і беларускай літаратуры адбылася ў Магілёве.

Удзельнікамі актуальнай размовы сталі настаўнікі з розных раё­наў вобласці, у тым ліку ўдзельнікі доследнай праверкі, аўтары і рэцэнзенты вучэбных дапаможнікаў, спецыялісты ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых. 

Асноўнай тэмай размовы стала абмеркаванне ключавых напрамкаў удасканалення падручнікаў і форм метадычнай падтрымкі настаўнікаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі.

Дэталёва абмеркавалі таксама функцыянаванне Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Як было падкрэслена, МДАІРА сёння займае лідзіруючую пазіцыю ў сістэме адукацыі рэгіёна, выступае вядучым цэнтрам павышэння кваліфікацыі, падтрымкі адукацыйных ініцыятыў і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту. Штогод кваліфікацыю ў інстытуце павышаюць больш за 5 тысяч педагагічных работнікаў. Высокакваліфікаваныя супрацоўнікі рэгулярна арганізуюць і праводзяць для педагогаў метадычныя мерапрыемствы. Усе адукацыйныя праграмы складаюцца з улікам сучасных адукацыйных тэндэнцый і адрасных запытаў навучальных устаноў. Як вынік, сёння каля 70% педагогаў вобласці маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 39 чалавек з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі. 

— Пытанні якасці агульнай сярэдняй адукацыі і якасці вучэбных дапаможнікаў знаходзяцца на пастаянным кантролі. Забяспечваецца работа па паляпшэнні адукацыйнага працэсу. Дыялогавыя пляцоўкі ўжо адбыліся ў Віцебску, Гродне, Гомелі, Брэсце. Іх мэта — аб’ектыўная ацэнка практыкі прымянення абноўленых падручнікаў, вызначэнне шляхоў вырашэння выяўленых праб­лем. Дыялог дазваляе ўлічыць усе меркаванні, пункты гледжання, заўвагі і прапановы, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Больш падрабязна пра абноўленыя падручнікі па беларускай мове і літаратуры расказала дырэктар Нацыянальнага інстытута развіцця адукацыі Валян­ціна Гінчук. Паводле яе слоў, абноўленыя падручнікі ўкараняліся ў адукацыйны працэс у 2015—2022 гадах — усяго 217 падручнікаў для 1—11 класаў.

— За гэтым стаіць вялікая праца аўтарскіх калектываў, рэцэнзентаў, настаўнікаў-практыкаў, членаў прадметных секцый навукова-метадычнага савета і дзяржаўных камісій. Асаблівасці новых дапаможнікаў — у больш даступнай падачы вучэбнага матэрыялу, практыкаарыентаванасці, наяўнасці розных форм прадстаўлення вучэбнай інфармацыі, акцэнце на беларускі кантэнт, сучасным дызайне. Існуюць розныя механізмы ўдасканалення вучэбных дапаможнікаў. Але ў новым навучальным годзе вырашана ўнесці ў іх пэўныя змяненні. Бу­дуць арганізаваны вучэбныя семінары для аўтараў падручнікаў, рэцэнзентаў і ўдзельнікаў доследнай праверкі. Перад масавым укараненнем усе новыя вучэбныя дапаможнікі будуць праходзіць апрабацыю ў асобна ўзятых установах адукацыі. Вынікі іх дапрацоўкі па заўвагах плануецца абмяркоўваць на сумесных нарадах, — расказала Валянціна Васільеўна.

Падчас дыялогу магчымасць выказацца была і ў магілёўскага настаўніцтва. Педагогі гаварылі аб тым, што ў праграму па беларускай літаратуры варта дадаць некалькі гадзін на рэгіянальны матэрыял, больш шырока разглядаць біяграфіі вядомых пісьменнікаў, якія з’яўляюцца тытульнымі асобамі нашай нацыі. Да падручнікаў па беларускай мове магчыма прадугледзець тэматычныя тлумачальныя слоўнікі, так вучням будзе лягчэй запамінаць значэнне слоў і іх правільнае вымаўленне. Наогул, прагучала нямала дзейсных прапаноў, кожная з якіх будзе прынята да ўвагі ў рабоце па ўдасканаленні вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў. 

Настаўнікі дзякавалі за сучасныя падручнікі, запэўнівалі, што праца­ваць па іх толькі ў радасць. Абноўленыя вучэбныя дапаможнікі дазваляюць дзецям здабываць веды не толькі ў гатовым выглядзе, але і самастойна. Да таго ж падручнікі маюць выдатны выхаваўчы патэнцыял, са­дзейнічаюць фарміраванню неабходных кампетэнцый і якасцей у вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Учебники и учебные пособия для общего среднего образования