У літаратурным працэсе асобнае месца займае тэма адзнак творчых здабыткаў. Дзяржаўнымі ўзнагародамі, прэміямі... Як, зразумела, і чытацкай увагай... І даволі часта ў сістэме зносін пісьменніка з грамадствам, пісьменніка з уладай узнікаюць самыя розныя непаразуменні. Паэты, празаікі, драматургі, аддаючы ўсе свае сілы на стварэнне мастацкага твора, выяўляючы сваю пазіцыю, выносячы мастацкі вердыкт часу і прасторы, патрабуюць да сябе і адпаведнай увагі. І калі з раманамі, аповесцямі, нават п’есамі, усё болей-меней зразумела, то разгледзець, напрыклад, таленавітага літаратурнага крытыка не заўсёды атрымліваецца... Што ўжо казаць пра мастацкі пераклад. А між тым без перакладных кніг і сам выдавецкі працэс, само развіццё нацыянальнай мастацкай літаратуры мізарнеюць, губляюцца ва ўнутраных, часам даволі абмежаваных абсягах. 


І калі ў беларускай літаратуры 1940-1980-х гг. не так і шмат было «чыстых» перакладчыкаў, то свае актыўнасці на самым высокім узроўні ў мастацкім перакладзе праяўлялі Якуб Колас, Янка Купала, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, многія вядомыя паэты і празаікі. І што кідалася ў вочы, іх творчая дзейнасць у галіне перакладу адзначалася высокімі ўзнагародамі. Нават — Дзяржаўнай прэміяй БССР. Аркадзь Куляшоў атрымаў яе за пераклады паэзіі М. Ю. Лермантава (выйшла і асобная кніга М.Ю. Лермантава па-беларуску — «Выбраная паэзія»), паэтаў «Энеіда» І. П. Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Генры Лангфела. Рыгор Барадулін, акрамя як за арыгінальную паэтычную творчасць — зборнік вершаў «Рум», так і за кнігу перакладаў выбранай лірыкі Федэрыка Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады». Таксама — і Ніла Гілевіча: за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць. Перакладчыка Язэпа Семяжона ў 1982 годзе адзначылі Дзяржаўнай прэміяй БССР за пераклад паэмы «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. У 1992 годзе лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі ўжо суверэннай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь стаў Васіль Сёмуха за пераклад рамана Томаса Мана «Доктар Фаўстус». У 2000-м — Уладзімір Скарынкін быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за пераклад паэмы Дантэ Аліг’еры «Боская камедыя». 

Але ў Саюзе пісьменнікаў не аднойчы ўзнікала пытанне пра выдзяленне асобнай пазіцыі ў прэміяльным раскладзе па прысуджэнню Дзяржаўнай прэміі БССР менавіта за мастацкі пераклад. Творцы, кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў, крытыкі і літаратуразнаўцы разумелі, што далейшае развіццё гэтага віда літаратуры патрабуе болей пільнай увагі. Часцей сталі разглядацца пытанні мастацкага перакладу на старонках літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. Выходзілі працы, даследванні, прысвечаныя перакладчыцкай дзейнасці Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова, іншых вядомых творцаў. 

 

І ў верасні 1979 года старшыня Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры Пятрусь Броўка і першы сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Іван Шамякін звяртаюцца ў Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі і Савет міністраў БССР. Пісьмо досыць лаканічнае і ў прынцыпе яснае, канкрэтнае. Усё па сутнасці. Працытуем гэты зварот: «Камітэт па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры і Саюз пісьменнікаў БССР просяць устанавіць дадаткова адну прэмію за лепшыя пераклады твораў беларускай літаратуры на рускую мову і мовы брацкіх савецкіх рэспублік і твораў мастацкай літаратуры народаў СССР і прагрэсіўных літаратур свету на беларускую мову. Такая прэмія была б выдатным стымулам для перакладчыкаў, узняла б іх творчую актыўнасць, спрыяла б павышэнню мастацкага ўзроўню перакладаў, служыла б высакароднай справе развіцця літаратурных сувязяў. Перспектыва атрымання ганаровага звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР прыцягнула б да высакароднай справы перакладаў найбольш вядомых савецкіх празаікаў, паэтаў, драматургаў». 

Тут яшчэ адзін клопат выяўляецца... Кнігі беларускіх пісьменнікаў шмат выдаваліся ў Маскве і Ленінградзе ў перакладзе на рускую мову. У выдавецтвах «Художественная литература», «Советский писатель», «Молодая гвардия», «Детская литература»... За гады Савецкай улады сфарміраваўся вялікі атрад перакладчыкаў. Сярод іх — Мікалай Гарбачоў, Арсеній Астроўскі, Іна Сяргеева, Арсеній Астроўскі, Якаў Хелемскі, Валянціна Шчадрына, Уладзімір Дзяржавін, Мікалай Браўн... Творы беларускіх аўтараў з ахвотай перакладалі Сяргей Гарадзецкі, Аляксандр Пракоф’еў, Міхаіл Ісакоўскі, Аляксандр Твардоўскі... І ў Мінску шмат хто вызначыўся на ніве пераўвасаблення беларускай літаратуры на рускую мову: Браніслаў Спрынчан, Валянцін Тарас, Уладзімір Жыжэнка, Георгій Папоў... Іх праца таксама патрабавала ацэнкі. Ды і ў 1960-1970-я гг. пачала выяўляцца асаблівая ўвага да беларускай літаратуры з боку перакладчыкаў на мовы народаў Савецкага Саюза, мовы народаў сацыялістычных краін Еўропы і Азіі. Такая праца насіла выдатны характар прапаганды беларускага мастацкага слова, а значыць — і Беларусі ў свеце. 

Пятрусь Броўка. Фота: goodreads.com

Пятрусь Броўка. Фота: goodreads.com

На звароце аўтарытэтных Петруся Броўкі і Івана Шамякіна (каму, як не ім, народнаму паэту Беларусі і народнаму пісьменніку Беларусі, ведаць вагу перакладчыцкай працы, яе ролю для нацыянальнай мастацкай літаратуры?!) сакратар ЦК КПБ А. Кузьмін накладвае рэзалюцыю: «Тав. Петрашкевічу А. Л. Уносьце прапанову. Я — за. (Подпіс)». 

Здавалася б, паразуменне ў ЦК знойдзена... І, магчыма, у Саюзе пісьменнікаў ужо разлічвалі на станоўчае вырашэнне пытання. У тыя часіны выходзіў альманах перакладаў «Далягляды». Пасля з яго вылучыўся новы альманах «Братэрства». У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выходзілі серыі «Проза народаў СССР» і «Паэзія народаў СССР». 

І толькі напрыканцы года — 18 снежня — у ЦК КПБ прыходзіць адказ з Савета міністраў БССР за подпісам намесніка старшыні Савета міністраў рэспублікі Н. Сняжковай. Назва дакумента — «Аб усталяванні Дзяржаўнай прэміі БССР за пераклады літаратурных твораў». І вось які вердыкт — канешне ж, абгрунтаваны, па свойму вывераны і дакладны, але зусім без уліку пісьменніцкіх меркаванняў, без асэнсавання праблемы з пункту гледжання развіцця мастацкага перакладу як з’явы ў галіне культуры — выносяць ва ўрадзе: «У Савеце міністраў БССР разгледжана прапанова тт. Броўкі П. У. і Шамякіна І. П. аб усталяванні дадаткова Дзяржаўнай прэміі БССР за лепшыя пераклады літаратурных твораў. 

У адпаведнасці з пастановай ЦК КПБ і Савета міністраў БССР ад 07.05. 71 N 160 “Аб Дзяржаўных прэміях БССР” у галіне літаратуры, журналістыкі, мастацтва і архітэктуры ўсталявана дзевяць прэмій, з якіх чатыры ў галіне літаратуры, у тым ліку: 

  • адна прэмія імя Я. Купалы — за творы паэзіі і драматургіі;
  • адна прэмія імя Я. Коласа — за творы прозы і літаратуразнаўчыя працы;
  • адна прэмія імя П.Н. Лепяшынскага — за публіцыстычныя матэрыялы работнікаў рэдакцый, рабочых і сельскіх карэспандэнтаў, апублікаваных у друку, перададзеныя па радыё і тэлебачанню ці асобнымі кнігамі; 
  • адна прэмія — за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей. 

Ні ў адной з саюзных рэспублік Дзяржаўныя прэміі ў галіне мастацкага перакладу не ўстанаўліваліся.

У рэспубліцы прысуджаліся Дзяржаўныя прэміі БССР за лепшыя пераклады літаратурных твораў з ліку заснаваных. 

Так, у 1970 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы народнаму паэту БССР Куляшову Аркадзю Аляксандравічу за пераклады кніг «Выбраная паэзія» М. Ю. Лермантава, «Энеіда» І. П. Катлярэўскага і «Спеў аб Гаяваце» Генры Лангфела. 

У сувязі з выкладзеным лічылі б немэтазгодным усталяваць дадаткова Дзяржаўную прэмію БССР у галіне мастацкага перакладу літаратурных твораў, а разглядаць працы найболей знаных перакладчыкаў на ўзроўні з усімі літаратурнымі творамі, якія вылучаюцца на саісканне Дзяржаўнай прэміі БССР. 

Пытанне аб прысуджэнні Дзяржаўнай прэміі БССР вядомаму перакладчыку Якаву Хелемскаму можа быць разгледжана Камітэтам па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры ў ліку кандыдатур, вылучаных на саісканне Дзяржаўнай прэміі БССР 1980 года«. 

Так завершылася гісторыя аднаго, як і зараз падаецца, лагічнага звароту. Станоўчае рашэнне магло б паспрыяць стварэнню болей прывабнага іміджу беларускай мастацкай літаратуры перад чытачом. Але «перспектыва атрымання ганаровага звання» для бальшыні перакладчыкаў мастацкай літаратуры так і засталася няспраўджанай перспектывай...

Мікола БЕРЛЕЖ

Крыніца: «Звязда»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Жоўты бусел

Кітайскія народныя казкі.

У кніжку ўвайшлі кітайскія народныя казкі, у якіх раскрываюцца мудрасць, працавітасць, душэўная прыгажосць кітайскага народа. У творах апяваюцца мір, сяброўства, стваральная праца, высокая чалавечая годнасць як асноўныя ўмовы для сапраўднага шчасця і справядлівасці на зямлі. Пераклаў казкі на беларускую мову вядомы пісьменнік Міхась Пазнякоў.

Мастак Лізавета Пастушэнка.

Стоимость — 11.58 руб.

 

Залатая гусь

 Браты Грым

У гэтай кнізе вы знойдзеце пяць вядомых нямецкіх народных казак, сабраных і расказаных братамі Якабам і Вільгельмам Грым. Героі гэтых казак — бязглуздыя і хітраватыя, сквапныя і шчодрыя, гультаяватыя і працавітыя, падступныя і высакародныя, сумленныя, адважныя — чакаюць сустрэчы з чытачамі.

Пераклад з рускай мовы Міхася Пазнякова. Мастак Tazianna.

 

 Стоимость —  13.81 руб.

 

Правадыр чырванаскурых

 О. Генры

Кніга знаёміць маленькіх чытачоў з творчасцю амерыканскага пісьменніка О. Генры — вядомага майстра кароткага апавядання. «Правадыр чырванаскурых» — гумарыстычная навела, якая была напісана ў 1907 годзе. Пераклаў апавяданне на беларускую мову вядомы беларускі пісьменнік Мікола Чарняўскі.

Адрасуецца дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

 

 Стоимость — 12.69 руб.

 

Казкі дзядзечкі Рымуса

Джаэль Харыс

Гэтай кнігай выдавецтва адкрывае новую серыю «Замежная класіка — дзецям».
Кніга знаёміць юных чытачоў з творчасцю амерыканскага пісьменніка Дж. Ч. Харыса — з яго казкамі пра Братку Труса, Братку Ліса, Братку Мядзведзя і іншых звяроў. Дасціпныя і павучальныя казкі ў перакладзе з апрацоўкай вядомага беларускага пісьменніка Міколы Маляўкі адрасуюцца дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Стоимость —  18.75 руб.

 

Свінапас

Х. К. Андэрсен

Казка аб неразумнай, разбалаванай прынцэсе, якая адмовіла прынцу ў яго шчырых пачуццях, але паквапілася на цацкі бруднага свінапаса.

Пераклаў і апрацаваў Міхась Пазнякоў. Мастак Арика Тасуа.

Стоимость — 10.92  руб.