Спадчына… Які глыбокі сэнс у гэтага пявучага слова. Гэта і месца, дзе нарадзіўся, і духоўны скарб, назапашаны стагоддзямі, і прадметы побыту нашых продкаў.

Драўляны і гліняны посуд, саматканыя ручнікі і посцілкі, калыска для дзіцяці, а яшчэ абразы ў чырвоным куце… Усё гэта захоўваецца ў музеі народнага побыту “Пад стрэхамі прадзедаў” сярэдняй школы № 17 Барысава, заснаваным у сакавіку 1999 года Святланай Міхайлаўнай Крэнь. Нядаўна пачаўся новы этап гісторыі музея — пад кіраўніцтвам дырэктара школы Андрэя Валер’евіча Волкава выконваюцца рамонтныя работы. У музеі стала больш цёпла і ўтульна, і гэта яшчэ толькі пачатак, бо настаўнікі маюць яшчэ шмат ідэй.

Кожны раз цешыцца сэрца, калі бацькі навучэнцаў прыносяць старыя прылады, медалі, кошыкі, ручнікі. Пры гэтым вочы дзіцяці напаўняюцца гордасцю і адказнасцю за кавалачак скарбу, знойдзенага і захаванага яго сям’ёй.

З вялікай падзякай да тых, хто пачаў і хто працягвае ўпарадкаванне музейных каштоўнасцей, працуе настаўнік беларускай мовы і літаратуры Максім Уладзіміравіч Давыдзенка. Настаўніцы пачатковых класаў Святлана Іванаўна Шышла, Алена Алегаўна Беразнева, Наталля Мікалаеўна Тупік, Юлія Іосіфаўна Галькевіч, Настасся Аляксандраўна Курак у адукацыйным працэсе вельмі часта звяртаюцца да музея.

Кожны раз цешыцца сэрца, калі бацькі навучэнцаў прыносяць старыя прылады, медалі, кошыкі, ручнікі. Пры гэтым вочы дзіцяці напаўняюцца гордасцю і адказнасцю за кавалачак скарбу, знойдзенага і захаванага яго сям’ёй. З усяго прынесенага бацькамі і настаўнікамі склалася сялянская хата з печкай і чыгункамі, з калыскай, абразамі над сталом, з вугальным самаварам, ночвамі і глінянымі збанамі. Утульна атрымалася, як у вясковай хаце бабулі і дзядулі. Вельмі падабаецца дзецям прыходзіць у музей. Амаль не дыхаючы, разглядаюць яны кожны экспанат.

А вось і народныя святы надышлі… І тут пачынае гучаць народная музыка, але не апрацаваная сучаснымі музыкантамі, а данесеная з глыбіні стагоддзяў, аўтэнтычная. Выканаўцамі гэтых песень сталі навучэнцы малодшых класаў, ансамбль народнай песні “Вяснянкі”. Дзяўчынкі з’яўляюцца сапраўдным упрыгажэннем школьных свят, якія праводзяцца “пад стрэхамі прадзедаў” з нагоды Каляд, Масленіцы, Купалля, зажынак і дажынак, Пакрова. Назва ансамбля пайшла ад веснавых песень, якія выконваліся падчас гукання вясны. Уся пачатковая школа і старшыя класы запомнілі словы: “Вясна красна наставала, снегі з поля саганяла… Ой, наставала, ой саганяла…” А святы, якія мы ладзім разам з вучнямі і бацькамі, абавязкова напоўнены народнымі песнямі і гульнямі. Асаблівую эфектнасць ім надае выкарыстанне народных касцюмаў.

Вельмі радасна слухаць аўтэнтычныя песні не толькі ў выкананні старэнькіх бабулек, але і нашых дзяцей. А яшчэ бачыць, як ім гэта падабаецца. Калі дзіця з любоўю адносіцца да мінулага Радзімы, то гэта і ёсць выкананне адной з важных педагагічных задач.

Марына ДУДАКОВА,
настаўніца музыкі, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 17 Барысава.
Фота Наталлі САХНО.

Крыніца: «Настаўніцкая газета»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў

М. А. Маляўка

У кніжцы расказваецца, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, якімі рэчамі гаспадарчага і хатняга ўжытку карысталіся, якую спадчыну пакінулі нам, сваім нашчадкам. Абразкі з жыцця старой вёскі перасыпаны паэтычнымі радкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі гісторыямі, народнымі прыкметамі і парадамі, прыказкамі і прымаўкамі, загадкамі. Аўтар падрыхтаваў для чытачоў заданні: трэба адказаць на пытанні, так ці іначай звязаныя з вясковай сядзібаю, лёсам яе гаспадароў, іх буднямі і святамі.

2-е выданне, перапрацаванае

Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў

 30 руб.

 

Да родных вытокаў. У дапамогу краязнаўцу

 С. Б. Холеў

У кнізе раскрываюцца асноўныя напрамкі і віды краязнаўства і змяшчаюцца матэрыялы аб спосабах арганізацыі краязнаўчай работы з навучэнцамі ва ўмовах сучаснага адукацыйнага працэсу. Падрабязна апісваецца методыка правядзення разнастайных краязнаўчых даследаванняў, накіраваных на ўсебаковае вывучэнне мясцовасці, даюцца рэкамендацыі па практычным прымяненні вынікаў праведзенай краязнаўчай работы.
Адрасуецца выкладчыкам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, студэнтам педагагічных спецыяльнасцей вышэйшых навучальных устаноў, краязнаўцам-аматарам.

14.34 руб.