Яны былі зусім маладыя. Сваю будучыню ўяўлялі толькі ў марах. Вучоба, прафесія, любімыя кнігі, шчаслівае жыццё ў сваёй старонцы — такія шчырыя і простыя жаданні юнакоў у самым пачатку самастойнага шляху. Падрасталі ў сем’ях, дзе панавала атмасфера любові да мастацтва, дзе пакланяліся паэзіі і музыцы і дзе з вялікай павагай і пашанай ставіліся адзін да аднаго. У сем’ях Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Цішкі Гартнага, Юльяна Дрэйзіна, Браніслава Тарашкевіча гадаваліся сыны, якія маглі стаць прадаўжальнікамі творчых ці навуковых спраў сваіх бацькоў. А іх забрала вайна, назаўсёды прынёсшы родным вялікае гора.


Леанід Максімавіч Гарэцкі

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Максіма Гарэцкага ўжо не было ў жывых, хоць жонка і дачка атрымаюць вестку аб гэтым толькі праз многа гадоў. Яго сын Леанід загіне на фронце, так і не даведаўшыся пра смерць бацькі. І якое містычнае супадзенне: варожая куля напаткае Леаніда ў дзень нараджэння бацькі 18 лютага 1944 года.

Вайна застала іх у розных месцах: Леанід і яго сястра Галіна жылі ў Ленінградзе, Леаніла Усцінаўна — у Кіраве (Вятцы). Ляцелі сынавы лісты ў Кіраў да згараванай маці. Балела ў яе сэрца: сын на фронце, дачка ў апалчэнні.

Пісьмы Леаніда Гарэцкага з фронту да маці, сястры і да дзядзькі Гурыка (Гаўрылы Гарэцкага) упершыню апублікаваў пісьменнік і літаратуразнавец Алесь Адамовіч у часопісе «Маладосць» № 9 за 1974 год. У прадмове да публікацыі заўважыў: «...чытаючы пісьмо за пісьмом, вы міжволі захоплены будзеце сілай і прыгажосцю душы курсанта, затым лейтэнанта Вялікай Айчыннай вайны, яго здольнасцю перад тварам смерці так светла і шырока думаць пра жыццё».

3.12.41: «Добры дзень, мама!

Я, нарэшце, спыніўся на месцы і думаю тут пастаяць даўжэй. Адрас такі: Валагодская вобласць, Нюксенскі р-н, п/а Брусянец, п/с 2, 3-я рота. ...

У нас тут падмарожвае ўжо. На фронце пад Ленінградам цяжка. Цяжка і ў Ленінградзе, у прыватнасці маім таварышам па вучобе.

Вельмі, мама, я хачу перажыць гэты час і дачакацца сапраўднага жыцця — такога культурнага, якое бачыў я ў Гурыка 1-га Мая сёлета. Я хачу жыць так, каб бачыць цябе і Гурыка, каб штодня чытаць газеты і кнігі, уволю есці і ў ахвоту працаваць. Жыццё — выдатная рэч, і я часам думаю, што калі перажыву гэты час, дык для мяне галоўным будзе тое, што я зараз лічу самым высокім, чым толькі можа займацца ў жыцці чалавек, а менавіта — літаратура, мастацтва, тэхніка, вучоба, спазнанне новага. А галоўнае — музыка і літаратура, гісторыя архітэктуры. Я цяпер бы дні навылёт слухаў Моцарта, Барадзіна, Глінку, Бізэ, Бетховена, ды яшчэ вельмі шмат выдатных твораў іншых кампазітараў: Штраус, Вагнер, Ліст, Чайкоўскі. А якое шчасце чытаць газеты, часопісы па архітэктуры! Я цяпер накінуўся б на ўсё: на літаратурныя, тэхнічныя часопісы для шырокіх мас і тыя, што адлюстроўваюць усё ў музычным, тэатральным, літаратурным свеце, усё новае ў тэхніцы, будаўніцтве, быце. ...

І вось цяпер трэба выцерпець лютыя марозы. Гэта не жарты. Але я веру ў лепшы час, буду захоўваць бадзёрасць духу, каб перажыць лягчэй цяжкасці і не зваліцца з ног, каб не прапала марна праца дарагіх людзей, якія падтрымліваюць дагэтуль маё жыццё.

Мы не ведаем, што будзе з намі, але я хачу, каб ты не падала духам і верыла ў лепшы час, калі скончыцца вайна і мы будзем жыць разам.

Галі абавязкова трэба здаць экзамены, я не давучыўся, хай давучыцца яна. Да пабачэння. Леанід».

А праз два з паловай года: «Галя! Забіты наш Лёня. Адна ты ў мяне засталася. Беражы сябе... Ён забіты 18 лютага, любы мой сыночак... Не можам мы і паплакаць разам». Дачка і маці з 1947 г. жылі разам у Ленінградзе. Захоўвалі памяць пра мужа і сына, бацьку і брата. Збераглі архіў, у якім і лісты Леаніда Гарэцкага.

Інфармацыя пра апошняе месца яго службы і месца пахавання выявілася ў суровым дакуменце таго часу «Донесение о безвозвратных потерях», узятым з інтэрнэт-партала сапраўдных дакументаў аб Другой сусветнай вайне 1939—1945 «Память народа» Міністэрства абароны РФ і Карпарацыі ЭЛАР:

«Место рождения — Белорусская ССР, Могилевская обл. Мстиславский р-н

Дата призыва — 07. 08. 1941 Фрунзенским РВК г. Ленинграда

Воинское звание — мл. лейтенант

Воинская часть — 1214 стрелковый полк 364 стрелковой Тосненской дивизии

Чл. ВЛКСМ.

Убит 18.02. 1944

Место захоронения Новгородская обл., Шимский р-н, с. Медведь. Дом культуры».

Радаслаў Браніслававіч Тарашкевіч

Дакументы, якія сведчаць пра лёс адзінага сына вучонага-мовазнаўца, пісьменніка Браніслава Тарашкевіча, захоўваюцца ў архіўным фондзе яго маці Ніжанкоўскай Веры Андрэеўны.

Паведамленне аб смерці сына ад Беларускага штаба партызанскага руху Вера Андрэеўна атрымала толькі ў 1946 годзе. Ірына Ніжанкоўская, зводная сястра Радаслава, успамінала: «Маму пастаянна непакоіла: хоць бы пахавалі Славіка! У ліпені 1944-га, перад партызанскім парадам, маці атрымала пропуск ехаць у Мінск да сына-партызана. Яна не ведала пра яго лёс, але свята верыла, што сын жывы: хтосьці са знаёмых нібыта бачыў яго... Партызаны паведамілі, што Славік загінуў. Усе ў адзін голас: «Якога хлопца мы страцілі!» Здарылася гэта падчас блакады. Яго паслалі наперад — у разведку, а там немцы».

Ніхто не ведаў, што Радаслаў Тарашкевіч быў у складзе радашковіцкай падпольнай групы, нават самыя блізкія. Працаваў у нямецкім гаспадарчым аддзеле па зборы падаткаў. Пасля вайны вядомы вучоны-філолаг прафесар Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, разведчык партызанскага атрада «Грозны», расказаў Веры Андрэеўне, што Тарашкевіч-малодшы быў партызанскім сувязным, і калі з'явілася рэальная пагроза арышту, Радаславу неабходна было тэрмінова сыходзіць з Радашковічаў — але асцярожна і абачліва, каб ніхто з блізкіх не пацярпеў. Юнак сказаў маці, што завязе кнігі знаёмай дзяўчыне ў вёску Дзякшняны і пераначуе там. А назаўтра, 9 верасня 1943 года, стала вядома, што Славіка забралі партызаны: праз вёску вялі з завязанымі рукамі, нібыта арыштаванага «нямецкага прыхвасня». Гэта была спецыяльна распрацаваная аперацыя, бо за сувязь з партызанамі немцы расстрэльвалі цэлыя сем'і.

Ніхто дакладна не мог сказаць, дзе пахавалі Радаслава Тарашкевіча. Месца называлі толькі прыкладна: каля вёскі Гарэлы Луг на Бягомльшчыне або каля Зембіна. Больш ніякіх канкрэтных звестак. На могілках у Радашковічах Вера Андрэеўна ўладкавала так званы кенатаф — умоўную магілу з помнікам і надпісам: «Светлай памяці Славіка Тарашкевіча». Яна пайшла з жыцця ў 1998-м, так і не даведаўшыся, дзе знайшоў свой апошні прытулак яе 19-гадовы сын. Веру Андрэеўну пахавалі каля створанай ёю сімвалічнай магілы сына. Пошукі звестак пра брата працягнула Ірына Уладзіславаўна Ніжанкоўская. Яна з удзячнасцю адзначае, што дакладнае месца пахавання Радаслава дапамог высветліць краязнавец Дзмітрый Брыштан. Радаслаў загінуў падчас бою ў чэрвені 1944 года каля вёскі Гарэлы Луг, а пазней быў перапахаваны.

Брацкая магіла стваралася ў цэнтры Бягомля ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў. Вырашана было ў адным месцы пахаваць патрыётаў, загінулых на тэрыторыі раёна. У ліпені 2015 года прозвішча Радаслава Тарашкевіча з'явілася на адноўленых мемарыяльных плітах брацкай магілы ў Бягомлі.

Алег Дзмітрыевіч Жылуновіч

Пра Алега Жылуновіча, сына пісьменніка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Цішкі Гартнага, даведнікі амаль не згадваюць. Біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» адзначае, што сын Цішкі Гартнага Алег «у 1941 г. пайшоў добраахвотна на фронт і загінуў, абараняючы Ленінград». Найбольш падрабязныя звесткі пра Алега Жылуновіча пакінула яго сястра Галіна Дзмітрыеўна Жылуновіч у сваіх кароткіх успамінах, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ у іх сямейным зборы. Публікуем іх тут упершыню без купюр.

«Олег Дмитриевич Жилунович, мой брат, родился 9 июля 1923 г. в г. Минске. В 1931 г. пошёл в школу. Летом 1937 г. мать отослала его в Ленинград в семью своей сестры Елизаветы Георгиевны Ивановой. Олег учился там в 7 классе и средней школе, потом поступил на учительский факультет Педагогического института им. Герцена.

Меня с матерью война застала в г. Боровичи Ленинградской (теперь Новгородской) обл., куда и адресованы письма. Мы уехали из Боровичей с последним эшелоном, который отправлялся на Урал в г. Нижний Тагил. Мать всё время звала Олега с собой, но он категорически отказался, мотивируя тем, что будет защищать Ленинград.

Однако в армию Олега не взяли из-за плохого зрения. Тогда он поступил на курсы медбратьев и работал санитаром. После войны матери сказали в райвоенкомате, что он погиб при бомбёжке госпиталя.

Пока мы были в Боровичах, Олег писал очень часто, на почтовых открытках, т.к. они доходили быстрее. Только в конце переписки он прислал несколько писем, последнее из которых, датированное 4-м ноября, пришло в Боровичи, 21-го ноября. С нашим отъездом переписка прекратилась. А весной 1942 г., когда мы переехали в г. Камышлов Свердловской обл., где обосновалась семья Е.Г. Ивановой, тётя отдала мне похоронную, полученную ею из Ленинграда в ответ на её запрос.

С детства Олег очень много читал, увлекался литературой, общей историей и историей искусства — живописи, скульптуры, архитектуры. Занимался коллекционированием марок, чем объясняются его просьбы в письмах сохранить посланную марку».

Імя Алега Жылуновіча на інтэрнэт-партале «Память народа» сустракаецца ў некалькіх дакументах. Найбольш поўныя звесткі падае шпітальны журнал, выпіску з якога прыводзім:

«Жилунович Олег Дмитриевич

Наименование и адрес части ЭГ.928

Воинское звание — красноармеец

Должность и специальность —
санитар

Место и год рождения — 1923

Каким РВК и какой обл. призван — Петроградский Ленинград. запас

Причина и время поступления на излечение — 29 / 1. 42. Истощение
ІІІ ст.

Последствия и дальнейшая судьба — умер 20 /2. 42. Дизентерия

Где похоронен — Серафимовское клад. (у іншых — Пискаревское)

Имя, отчество и фамилия и адрес жены и родственников — тётя Иванова Е. Г. Свердловская обл. г. Камышлов. Комсомольская, д. 7

Примечания — Извещ. послано Петроградским РВК Лен-д 25/2. 42»

Сяргей Юльянавіч Дрэйзін

Сын вядомага беларускага музыказнаўцы Юльяна Дрэйзіна Сяргей у пачатку Вялікай Айчыннай вайны толькі што скончыў сярэднюю школу. Ён марыў пра гуманітарную адукацыю, але яго мары не суджана было збыцца. Сям'я Дрэйзіных з 1935 г. жыла ў пасёлку Нямчынаўка пад Масквой. Менавіта там Сяргей скончыў школу, адтуль быў прызваны ў армію і накіраваны ў Чалябінск. З Чалябінска пісаў пісьмы дамоў: бацьку, маці, сястры. Пісалі з дому і яму, слалі пасылкі, прывітанні ад сяброў.

23.07.1941: «Я жывы, здаровы. ... Учора была медыцынская камісія, якую я не прайшоў. Відавочна, што ў лётчыкі я не траплю. Не траплю і ў танкавыя часці (як і іншыя хлопцы, у якіх дрэнны зрок). Прыйдзецца яўна адслужыць 4 гады ў пяхоце».

10.08.1941: «...Мілыя мае! Вы ж ведаеце, якое становішча нашай краіны, якая гераічна адбівае нахабных фашыстаў. Будзьце пільнымі! Захоўвайце ваенныя і дзяржаўныя тайны. Пішу я гэта таму, каб вы не пісалі нічога лішняга і не пыталіся ў мяне пра падрабязнасці майго жыцця».

І ўсё ж курсантам у танкавае вучылішча Сяргей Дрэйзін быў прыняты. 14 ліпеня 1942 года ён пісаў да маці: «У Чалябінску, па маіх разліках, я прабуду яшчэ доўга, але жыць буду не ў вучылішчы, бо з сённяшняга дня я не курсант, а лейтэнант танкавых войскаў СССР. А 4 гадзіне быў зачытан загад».

Апошні ліст Сяргея, які захаваўся ў архіўным фондзе яго бацькі Юльяна Дрэйзіна, датаваны 21 студзеня 1943 года. «Як усё выходзіць супраць маіх жаданняў. Сяджу цяпер і чакаю ля мора пагоды. Усе нашы паехалі, застаўся я ўдваіх з адным з маіх падначаленых каля пашкоджанай машыны. Відаць, будзем так сядзець, пакуль наша часць не скончыць ваяваць і адыдзе на адпачынак. Тады пра нас узгадаюць. Так крыўдна. Таварышы ж нашы гоняць немцаў, геройскі здзяйсняюць подзвігі. Відавочна, будуць узнагароджаны. А я сяджу ў тыле. Сорамна потым і ў вочы ім будзе глядзець...».

Лісты Сяргея Дрэйзіна былі расчытаны, перакладзены на беларускую мову і апублікаваны ў часопісе «Роднае слова» №№ 5-6 за 2008 год. Публікацыя належала загадчыку аддзела выкарыстання БДАМЛМ Таццяне Кекелевай, якая пасля накіравала запыт у Расійскі дзяржаўны ваенны архіў, з якога была атрымана даведка аб тым, што Дрэйзін Сяргей Юльянавіч, 1923 года нараджэння, знік без вестак у 1943 годзе. Сёння некаторыя факты яго ваеннай біяграфіі ўдакладняюць даныя інтэрнэт-партала «Память народа». Вядома, што ён скончыў Чалябінскае танкавае вучылішча цяжкіх танкаў, ваяваў на Заходнім фронце, быў механікам-кіроўцам танка Т-34 танкавага палка. Але ва ўсіх дакументах значыцца адно: «прапаў без вестак у 1943 г.»

Не дачакаліся з фронту сваіх сыноў народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва і народны паэт Беларусі Якуб Колас.

Юрый Міцкевіч, сын Якуба Коласа, нарадзіўся 1 мая 1917 года ў Пярмі, дзе падчас Першай сусветнай вайны знаходзілася сям' Якуба Коласа. У канцы 1930-х скончыў геаграфічны факультэт БДУ. У армію быў прызваны на тэрміновую службу ў 1940 г. Служыў пад Беластокам. У літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа захоўваюцца лісты і фотаздымкі Юрыя. Вядома, што ўдзельнічаў у баях за Смаленск. Ёсць меркаванні, што загінуў пад Вязьмай восенню 1941 года. На вялікі жаль, абставіны і дата яго гібелі так і застаюцца таямніцай.

Ганна ЗАПАРТЫКА, дырэктар Беларускага  дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

Крыніца: «Звязда»

 

«Народная асвета» рекомендует:

Вайна. Юнацтва. Подзвіг

 У. В. Вавула, М. М. Чарняўскі

У зборнік уключаны творы аб юнаках і дзяўчатах, чыё сталенне прыйшлося на жудасны ваенны час.

У кнізе дзве часткі: у першай У. В. Вавула дае хранікальна-дакументальныя звесткі аб юных героях Беларусі, у другой увазе чытачоў прадстаўлены паэмы вядомага беларускага пісьменніка Міколы Чарняўскага, прысвечаныя подзвігам юных змагароў за сваю Радзіму.

Адрасуецца дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Унікальныя фотаматэрыялы з архіва У. В. Вавулы робяць выданне асабліва каштоўным для ўсіх чытачоў.                                                       

 

25.20 руб.