Больш за 650 лагераў розных тыпаў гэтым летам прымае на аздараўленне сталічных школьнікаў. Трэба сказаць, што сёлета асаблівы попыт на дзіцячы адпачынак. Ужо ў сакавіку—красавіку ў большасці летнікаў месцы былі забраніраваны.
Як паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Валерый Нафрановіч, ва ўсіх лагерах плануецца аздаравіць у летні перыяд каля 63 з паловай тысячы дзяцей. Больш за 60 працэнтаў з іх накіруецца за межы сталіцы ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем.
31 загарадны летнік за змену здольны прыняць каля васьмі з паловай тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Наогул за час канікул такім чынам аздаровіцца больш за 30 тысяч дзяцей. Гэта стала магчыма дзякуючы таму, што дарослыя паклапаціліся пра захаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы летнікаў. На працягу чатырох гадоў на яе падтрымку выдзялялася паўтара мільёна рублёў. Сёлета ўласнікі са сваіх сродкаў выдаткавалі яшчэ 5 мільёнаў на стварэнне камфартабельных і дастойных умоў для адпачынку юных беларусаў. На памяншэнне кошту пуцёвак гарадскім упраўленнем цэнтра па санаторна-курортным лячэнні будзе накіравана каля 11 мільёнаў рублёў.
Месцаў для загараднага адпачынку стала больш. Так, пасля рэканструкцыі адкрыўся аздараўленчы лагер «Агеньчык» у Ждановічах. Пачаў прымаць дзяцей лагер «На ростанях», які тры гады не функцыянаваў. У апошнім пераважна будуць адпачываць юныя спартсмены. Тут пабудаваны спартыўны стадыён, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі.
Сёлета адбылося далучэнне аздараўленчага лагера «Купалінка» да лагера «Гарызонт». Як вынік: у краіне з'явілася ўнікальная база, здольная прыняць за змену 1600 дзяцей. Кожны заезд школьнікаў — эфектная падзея, уявіце: сюды адначасова кіруецца больш за 36 аўтобусаў.
Сёлета лагеры прымаюць дзятву не толькі ў 3-4 змены, многія з іх працуюць у пяцізменным рэжыме.
Некаторыя дзеці падчас канікулаў выбіраюцца ў профільныя лагеры. Лідзіруюць спартыўна-аздараўленчыя заезды (за лета плануецца прыняць каля 11 тысяч юных спартсменаў).
Развіваецца ваенна-патрыятычны кірунак. Ужо дзявяты год лагер «Патрыёт» збірае падлеткаў, якія патрабуюць асаблівай сацыяльна-педагагічнай увагі.
Будзе арганізавана больш за 90 лагераў працы і адпачынку. На кантролі цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні — арганізацыя адпачынку сацыяльна неабароненай катэгорыі дзяцей. За лета плануецца аздаравіць каля 1400 сірот і каля тысячы дзяцей-інвалідаў.
Традыцыйным становіцца аздараўленне дзяцей у суправаджэнні аднаго з бацькоў, прычым гэты кірунак аплачваецца цалкам з гарадскога бюджэту.
Сёлета на базу аздараўленчага цэнтра «Энергетык» у чатыры змены заязджаюць малыя з цукровым дыябетам. На базе санаторыя «Зялёны бор» чакаюць пацыентаў з паталогіямі сэрца.
Ва ўзаемадзеянні з Беларускім Чырвоным Крыжам на базе лагера «Гарызонт» у пятую змену плануецца аздаравіць дзетак, якія прыедуць з Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Адпачынак будзе аплачаны за кошт спонсара.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, Звязда