На высокім беразе Дняпра ля возера Добрага сабраліся ўдзельнікі маладзёжнай дыпламатычнай школы.

Тут ужо 30 гадоў запар праходзіць палатачны міжнародны лагер пад назвай “Крынічка”. Удзельнікамі юбілейнай змены сталі падлеткі з Санкт-Пецярбурга, Курска, Навазыбкава Бранскай вобласці, з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей — усяго каля 250 чалавек. Тэма сустрэчы — “9 кадраў пра “Крынічку”, бо роўна столькі дзён праводзяць у лагеры дзеці — галоўныя героі гэтага “фільма” пра сяброўства, узаемадапамогу, агульныя каштоўнасці і ідэалы, — расказаў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў. — Лагер “Крынічка” — гэта маладзёжная дыпламатычная школа. Лагер не мае аналагаў у нашай краіне. Ён садзейнічае яднанню народаў Беларусі і Расіі, супрацоўніцтву моладзі і міратворцаў, прапагандзе міру і дружбы паміж людзьмі і краінамі.

Арганізатарамі традыцыйна выступаюць Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Рагачоўскі райвыканкам, сёлета далучылася і рэспубліканскае ўпраўленне Беларускага фонду міру. На адкрыцці начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў адзначыў, што ў Год гістарычнай памяці тэма дружбы народаў, патрыятызму, паразумення набывае асаблівую актуальнасць: “Заўсёды захоўвайце сілу духу, стойкасць і адданасць Радзіме, гэта аснова грамадства”.  

“Крынічане” — менавіта так называ­юць сябе жыхары гэтага палатачнага гарадка — сярод мачтавых соснаў правялі дні, прысвечаныя Году гістарычнай памяці. У лагер прыязджалі ветэраны вайны, працы, малалетнія вязні вайны. Школьнікі ла­дзілі для іх канцэрт. Арганізатары ўпэўнены, што моладзі важна нагадваць пра жахі вайны. Дарэчы, паездка ў Чырвоны Бераг, дзе ў вайну бралі кроў у малалетніх вязняў, — у праграме міжнароднага лагера. Незабыўныя ўражанні надоўга застануцца і ад спартыўных, інтэлектуальных і культурных мерапрыемстваў, сярод якіх — традыцыйнае для ўсіх славян тэатралізаванае Купалле. 

У лагеры адпачывалі школьнікі Рагачоўскага раёна і гомельскіх сярэдніх школ №№ 21 і 22. 

Насычаная праграма “Крынiчкi” ўключала фестываль “Дзеці — за мір!”, конкурс агітбрыгад “Дзеці мірнай Беларусі”, радыёмарафон “У гістарычнай памяці наша сіла”, выставу-прэзентацыю рэспубліканскіх праектаў “У страі заўсёды, у памяці навечна!” і “Мір у душы — мір у краіне”, фестывалі “Славянскі каларыт”, “Мір і сяброўства не ведаюць меж”, “Зорны россып”. 

Адной з задач дзіцячага міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца фарміраванне шматбаковага пазітыўнага міратворчага вопыту, прапаганда здаровага ладу жыцця і актыўнай жыццё­вай пазіцыі. 

Між іншым ёсць у лагеры адна прыгожая традыцыя. Да наступнага года бу­дуць развявацца на галінках сасны, калісьці пасаджанай удзельнікамі лагера, рознакаляровыя стужачкі — іх завязваюць маладыя людзі як сімвал сустрэчы ў наступным го­дз­­е.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, Настаўніцкая газета

 

«Народная асвета» рекомендует:

Шляхамі Францыска Скарыны

 А. К. Цітоў

Кніга прысвечана лёсу беларускага першадрукара. Яна пабудавана такім чынам, каб прасачыць гісторыю жыцця вялікага асветніка праз адлюстраванне яго дзейнасці ў пэўных гарадах Еўропы. Чытач зможа адправіцца ў падарожжа па слядах славутага друкара і пранікнуцца духам скарынаўскай эпохі, адчуць яе непаўторны каларыт.

Кніга багата ілюстравана старажытнымі гравюрамі, фотаздымкамі выдатных мясцін, партрэтамі асоб, з якімі перасякаўся Скарынаў лёс, а таксама творамі мастацтва. У выданні выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына (зараз Расійская нацыянальная бібліятэка) і Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Прыцягваліся інтэрнэт-рэсурсы. Выданне адрасуецца шырокаму колу чытачоў. 2-е выданне, стэрэатыпнае.

 Стоимость — 31.20 руб.