З году ў год павялічваецца колькасць дзяцей з парушэннем маўлення. Усё часцей яны пачынаюць гаварыць пазней, іх маўленне беднае і прымітыўнае. Важную ролю ў вырашэнні гэтай праблемы адыгрываюць гульні, якія стымулююць пэўныя ўчасткі мозга, пабуджаючы да мазгавой актыўнасці.
Практычных дапаможнікаў з апісаннем захапляльных развіццёвых гульняў маўленчага характару, якія зацікавілі б сучасных дзяцей, няшмат. Збіранне пірамідак, катанне машынак, пальчыкавая гімнастыка і карцінкавы матэрыял вялікай цікавасці не выклікаюць. Больш за тое, дзеці часам не хочуць выконваць такія заданні. Каб гэтага не было, карэкцыйную работу варта пачынаць з чагосьці незвычайнага.
Прычыны парушэння маўленчага развіцця даволі разнастайныя. Але ў любой сітуацыі неабходны зносіны дарослага і дзіцяці. Праўда, бывае, што ніякія намаганні не прыводзяць да жаданага выніку: малыш да 3 гадоў ці то працягвае маўчаць, ці то вымаўляе пэўныя невыразныя гукі, ці то імкнецца пазбягаць зносін. Эфектыўнасць маўленчага развіцця дзяцей ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў павышаецца пры выкарыстанні гульняў.
Карэкцыйныя заняткі гульнявога характару выклікаюць у малышоў станоўчыя эмоцыі. Выконваючы розныя заданні, дзеці выказваюцца простымі словамі ці гукаперайманнямі. Маўленчыя ўменні і навыкі фарміруюцца на фоне яркіх уражанняў.
У сваёй рабоце прымяняю заданні на развіццё слыхавых арыенціровачных заданняў, разуменне маўлення і маўленчага дыхання, на фарміраванне перадумоў актыўнага маўлення, актывізацыю і ўдасканаленне слоўніка, а таксама артыкуляцыйную гімнастыку.
Прычыны парушэння маўленчага развіцця даволі разнастайныя. Але ў любой сітуацыі неабходны зносіны дарослага і дзіцяці.
Каб дзеці настроіліся на сумесную дзейнасць, абавязкова выконваю рытуал пачатку і заканчэння заняткаў. Так, у пачатку кожных заняткаў прапаную пакатаць паміж далонямі мяч, прыгаворваючы: “Я мячом круги катаю, взад-вперед его гоняю, им приглажу я ладошку, будто я сметаю крошку, а теперь последний трюк — мяч летает между рук”, ці павадзіць карагод, узяўшыся за рукі: “Кто у нас хороший, кто у нас пригожий? Антон у нас хороший, Антон у нас пригожий” (рытмічна пляскаючы ў далоні). Напрыканцы заняткаў дзеці слухаюць казку з выкарыстаннем лялечнага тэатра бібабо ці пальчыкавага тэатра.
Калі дзеці не рэагуюць на пытанні і прапанаваныя заданні, звяртаюся да шэрага прыёмаў, якія павышаюць увагу да іх. Так, гуляю з малышамі не толькі за сталом, але і на падлозе нароўні з імі. Здзіўляю дзяцей, ствараючы яркія эмацыянальныя стымулы: запальваю свечкі, пырскаю вадой, кідаю мячык у сцяну ці карзіну, арганізую жартоўны бой мяккімі цацкамі, падушкамі, папяровымі трубачкамі. Прапаную малышам для гульні незвычайныя прадметы: мухабойку, бляшанкі, пульверызатар, шчыпцы і інш. Пастаянна чаргую віды дзейнасці, даю дакладныя, даступныя, паэтапныя інструкцыі, не дапускаю лішніх пабочных слоў.
На кожных занятках праводжу работу над слыхавымі арыенціровачнымі рэакцыямі дзяцей. Для гэтага звяртаюся да гульняў на развіццё слыхавой увагі і памяці, на адрозненне немаўленчых шумаў. Асаблівую ўвагу ў дзяцей выклікаюць гульні-практыкаванні “Адгадай, што гучыць”, “Шумныя каробачкі” і “Адкуль даносіцца гук?”, якія з’яўляюцца базавымі для далейшага фарміравання разумення звернутага маўлення.
Для выпрацоўкі рытмічнасці дыхання, фарміравання плаўнага накіраванага ўдыху прапаную пагуляць з мыльнымі бурбалкамі, запаленай свечкай, ватай, дудачкай, кактэйлевымі трубачкамі, шарыкамі, пёркамі.
Эфектыўнасць маўленчага развіцця дзяцей ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў павышаецца пры выкарыстанні гульняў.
Для фарміравання адвольных рухаў маўленчай мускулатуры, развіцця рухавасці языка і губ праводжу артыкуляцыйную гімнастыку. Малышам нецікава выконваць спецыяльныя практыкаванні перад люстэркам, але ўсё кардынальна мяняецца, калі прапанаваць ім гімнастыку з выкарыстаннем прадуктаў харчавання (сушак, абаранкаў, мармеладу, хлебных палачак), логамяшочкаў з цацкамі і назвамі артыкуляцыйных практыкаванняў (“Гадзіннічкі”, “Слон”, “Плоцік”, “Трубачка”, “Жабка”), кантэйнераў ад кіндар-сюрпрызаў са спецыяльна падабранымі цацкамі для артыкуляцыйнай гімнастыкі. Так, дзеці кладуць за шчаку кавалачак яблыка, ягадку ці разынку і перакочваюць ад шчакі да шчакі, ганяюць языком па роце крошкі пячэння, шакаладу ці цукатаў, забіваючы гол, намазваюць губы чым-небудзь салодкім, а потым злізваюць.
Малышам вельмі падабаюцца практыкаванні “Ядомыя палачкі” (утрымліваюць саломінку паміж верхняй губой і носам і прыўзнімаюць яе), “Чароўны мяшочак” (дастаюць з мяшочка цацку і выконваюць адпаведнае практыкаванне), “Жабка” (губы ва ўсмешцы, бачны верхнія і ніжнія зубы), “Слонік-хабаток” (губы выцягнуты ўперад трубачкай), “Трус” (зубы сціснуты, верхняя губа прыўзнята і агаляе верхнія разцы).
Гульні для запуску маўлення падбіраю з улікам каляндарна-тэматычнага планавання, бо яно фарміруе дакладную і ўпарадкаваную структуру работы, сістэматызуе і задае паслядоўнасць у вывучэнні тэм з паступовым ускладненнем (“Піражкі з фруктовай начынкай”, “Гучна Ванечка галасіў…”, “Птушыны двор”, “Брудныя цацкі”).
Выкарыстанне гульняў павышае матывацыю дзяцей да маўленчай дзейнасці і маўленчую актыўнасць, зніжае празмерную стамляльнасць, няўседлівасць, схільнасць да маўленчага негатывізму. Галоўнае — пачаць работу як мага раней. Тады да старэйшага дашкольнага ўзросту дзеці з затрымкай маўленчага развіцця паспяхова дагоняць равеснікаў.
Аксана ГУЗАРЭВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Пінскага раёна
Крыніца: Настаўніцкая газета
«Народная асвета» рекомендует:
Учимся рассказывать и говорить правильно
И. К. Боровская
Учебное наглядное пособие «Учимся рассказывать и говорить правильно» разработано с учётом инновационных подходов к воспитанию и обучению детей дошкольного возраста. Задания разного уровня сложности учитывают жизненный опыт ребёнка и призваны способствовать не только коррекции речи, но и развитию произвольного внимания, памяти и мышления.
В пособие включены также задания, способствующие развитию мелкой моторики и подготовке руки к письму.
17.40 рублей.