У наш інфармацыйны век перадумова поспеху заключаецца ва ўменні здабываць інфармацыю з розных крыніц, прадстаўляць яе ў зразумелым выглядзе і ўмець эфектыўна выкарыстоўваць. Прыёмы візуалізацыі вучэбнай інфармацыі прыходзяць на дапамогу настаўнікам філолагам.
— Сённяшнія дзеці слаба дэманструюць магчымасць структурна-лагічнага ўспрымання тэкстаў. Іх бачанне працуе павярхоўна, з разлікам на простыя паняцці і сэнсы. Дзеці выхопліваюць з вялікага аб’ёму інфармацыі веды, для атрымання якіх не трэба прыкладаць намаганняў, перагружаць сябе высвятленнем глыбіннай сутнасці, таму зніжаецца іх здольнасць аналітычна мысліць. З тэкстаў яны вылучаюць асобныя падзеі і вобразы, што хутка мяняюцца ў свядомасці, не выяўляючы сувязі. Гэта прыкметы кліпавага мыслення дзяцей, якое ў іх фарміруецца ў працэсе сацыяльных зносін, — адзначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 22 Мінска Вольга Сяліцкая. — Варта ўзяць пад увагу ідэю візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, але не падмяніць яе паняццем нагляднасці: задача візуалізацыі — вобразнае прадстаўленне інфармацыі, выяўленне ўзаемасувязі паміж тэкстам і яго графічным адпаведнікам, а не пачуццёва-зрокавае ўспрыманне інфармацыі.
Разнастайныя па форме і змесце табліцы — памочнікі настаўніцы ў рабоце з літаратуразнаўчымі і мастацкімі тэкстамі. Яны павышаюць эфектыўнасць успрымання інфармацыі, дазваляюць структураваць матэрыял, засяроджваюць увагу на галоўным, садзейнічаюць глыбокаму і трываламу яго засваенню праз самастойнае асэнсаванне зместу, дазваляюць праводзіць паралелі паміж рознымі з’явамі, паняццямі, вобразамі, садзейнічаюць сітуацыі поспеху для ўсіх вучняў.
Калі ж выкарыстоўваюцца табліцы? Па-першае, пры актуалізацыі ведаў і іх папаўненні. У пачатку работы над раздзелам “Лірычныя жанры” ў 8 класе вучні працуюць над табліцай на аснове артыкула падручніка: вызначаюць вядомыя (вершавая форма, рытм, рыфма і інш.) і новыя звесткі пра лірыку (пра паходжанне слова “лірыка”, пра тэматычны і жанравы падзел твораў). Па-другое, пры характарыстыцы літаратурнага персанажа. Пры вывучэнні твора Я.Баршчэўскага “Шляхціц Завальня” дзевяцікласнікі знаёмяцца з галоўным героем. Уяўленне пра пана Завальню фарміруецца праз табліцу: настаўнік прапануе шэраг якасцей і рыс героя (заможнасць, любоў да прыроды, гасціннасць і інш.), а вучням трэба сваімі словамі на аснове зместу твора даказаць іх наяўнасць і падабраць цытаты. Па-трэцяе, пры параўнанні герояў і вызначэнні іх ролі ў творы. Зразумець, што вобразы, створаныя А.Дударавым у драме “Вечар”, не столькі смешныя, колькі драматычныя, дазваляе табліца “Гастрыт і Мульцік — дзве ягады аднаго поля”, дзе вучні выяўляюць сутнасць мянушак герояў праз іх характары, акрэсліваюць жыццёвыя правілы персанажаў, аналізуюць паказальныя для іх фразы. Таксама праз выкарыстанне табліц навучэнцы вучацца бачыць важныя мастацкія сродкі і вызначаць іх ролю для раскрыцця ідэі твора, бачыць прычыны ўчынкаў герояў і ацэньваць іх.
Прыёмы візуалізацыі актыўна прымяняе на занятках настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 45 Магілёва Вольга Лунькова. Павысіць матывацыю школьнікаў да навучання, развіваць іх аналітычныя здольнасці дазваляе прыём “Воблака слоў”. Любы тэкст з дапамогай спецыяльных праграмных сродкаў ператвараецца ў воблака слоў, якое можна выкарыстоўваць як дыдактычны матэрыял на ўроках пры фармулёўцы тэмы, падчас работы з тэарэтычным матэрыялам (сфармулюй правіла, выкарыстаўшы воблака слоў; знайдзі памылкі ў азначэнні; раскажы пра знакі прыпынку ў пэўным сказе; знайдзі лішняе; складзі сказ і г.д.); пры выкладанні новага матэрыялу; для асэнсавання вывучаных паняццяў на этапе абагульнення тэмы ўрока, пры замацаванні ці кантролі ведаў.
Яшчэ адзін цікавы і даступны сродак візуалізацыі інфармацыі — “Стужка часу” — часавая шкала, прамы адрэзак, на якім у храналагічнай паслядоўнасці наносяцца падзеі. “Стужку часу” педагог прымяняе на ўроках літаратуры пры рабоце з біяграфіяй ці творчасцю пісьменніка, пры характарыстыцы гістарычных працэсаў, звязаных з літаратурай. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць нанізваць на “Стужку часу” не толькі тэкст, але і выявы, відэа, гук.
У захапленні вучні і ад такога сродку візуалізацыі інфармацыі, як кросенс, што азначае “перасячэнне сэнсаў”. Ён складаецца з дзевяці малюнкаў, замкнёных у стандартнае поле, як для гульні ў крыжыкі-нулікі. Кожная выява звязана з папярэдняй і наступнай па сэнсе. Задача: скласці асацыятыўны ланцужок пры дапамозе ўзаемасувязі выяў.
— Візуалізацыя ажыўляе ўрокі беларускай мовы і літаратуры. Вучні лепш засвойваюць матэрыял, пашыраюць кругагляд, павышаецца цікавасць да вывучэння прадмета, што ў сваю чаргу пазітыўна адлюстроўваецца на якасці адукацыйнага працэсу, — падкрэслівае педагог.
Даспадобы прыйшоўся выхаванцам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 223 Мінска імя І.Солтыса Іны Макарэвіч скетчноўтынг (з англійскай мовы “запіс малюнкамі”). Скетчы — ілюстраваныя нататкі з персанажамі, цытатамі, тэорыяй, кірункамі-стрэлкамі і іншымі элементамі, якія дапамагаюць структураваць, запамінаць і асэнсоўваць інфармацыю.
Вучнямі былі створаны скетчы па творах У.Ліпскага “Ад роду — да народу”, І.Грамовіча “Воблакі”, К.Чорнага “Насцечка”, Л.Случаніна “Рагнеда”, І.Пташнікава “Алені”, Я.Маўра “Багіра” і інш.
— Вучні праявілі сябе па-рознаму: хтосьці больш увагі ўдзяліў малюнкам, хтосьці — цытатам, хтосьці — запісам тэорыі і звестак пра пісьменніка, — заўважае настаўніца. — Лісты для скетчаў маглі быць рознымі па памеры, колеры, афармленні, часам гэта была проста старонка ў сшытку па беларускай літаратуры. Нехта ствараў рознакаляровыя вобразы, а нехта працаваў простым алоўкам ці ручкай. Кожны вучань быў уцягнуты ў працэс спасціжэння і стварэння новага, кожны выбіраў, запамінаў, аналізаваў, параўноўваў сваю работу з работай іншых. Спрабавалі ствараць скетчы і ў парах: нехта працуе над словам, а нехта — над вобразам.
Выкарыстанне скетчноўтынгу на ўроках беларускай літаратуры прывяло да станоўчых змяненняў: усе вучні былі ўцягнуты ў адукацыйны працэс без прымусу, што дазволіла настаўніцы з поспехам працаваць над фарміраваннем станоўчых адносін дзяцей да школы і навучання.
Наталля КАЛЯДЗІЧ, Настаўніцкая газета
«Народная асвета» рекомендует:
Как Панда Бо цвета искал
А. В. Хоменок
Медвежонок Панда Бо живёт в чёрно-белом Бамбуковом городке. Он играет на флейте в театре и грустит от того, что похож на всё вокруг, такое же чёрно-белое, как и он сам. Бо мечтает раскрасить Бамбуковый городок и отправляется на поиски красок. Ему помогает Клювик — яркая птичка, которая сочиняет стихи и знает всё-всё о цветах. Смогут ли друзья сделать Бамбуковый городок разноцветным?
Это больше, чем история о необычном приключении. Это книга о смелости следовать за мечтой. Отправляйся вместе с героями в цветное путешествие!
Художник Анастасия Гайдук.
13.31 руб.