Неяк, гуляючы з сынам на дзіцячай пляцоўцы, пачула злосны жаночы вокрык. Раз'юшаная маці схапіла за руку свайго сына і са словамі «як жа ты мне надакучыў!» некалькі разоў што ёсць моцы ўдарыла яго па пятай кропцы. За што — не ведаю. Але запомніла поўныя жаху вочы таго хлопчыка і яго малодшай сястры, якая ўся ў слязах кленчыла: «Мамачка, не чапай Сашку»... Адны бацькі свядома б'юць дзяцей у «выхаваўчых» мэтах, другія — ад бяссілля змагацца з іх разбуральнай актыўнасцю, трэція — ад няведання, як рабіць інакш, а чацвёртыя — таму што так рабілі іх тата ці мама, метад «бізуна і перніка» вельмі часта перадаецца ў сям'і з пакалення ў пакаленне.

Дзяцей біць нельга ні пры якіх абставінах, у адзін голас кажуць псіхолагі. Як фізічныя метады пакарання адбіваюцца на неакрэплай псіхіцы? У нашым матэрыяле — не толькі адказ на гэта пытанне, але і падказкі, як без прымянення сілы рэагаваць на правіннасці дзіцяці.

Метад «лямпавага тэлевізара»

Мне таксама ў дзяцінстве час ад часу перападала. Прыгадваю гэта як страшны сон, таму яшчэ да таго, як выйсці замуж, цвёрда вырашыла, што ніколі не падыму руку на сваё дзіця. Хоць часам стрымаць сябе вельмі няпроста. Такое адчуванне, што ў дзяцей талент — выводзіць бацькоў з сябе. Калі знаходжуся за крок да таго, каб прымяніць татаў метад выхавання, згадваю цытату, якую выпісала сабе ў нататнік на адным з вэбінараў для маладых бацькоў: «Колькі можна яму паўтараць?», «Ён сам напрасіўся», «Ён мяне давёў!» — так дарослыя апраўдваюць фізічны гвалт у адносінах да дзіцяці. Як быццам вас ніколі не даводзіў начальнік, муж, жонка, сяброўка, маці... Пры гэтым вы ж не кідаецеся на іх з рэменем? Наадварот — знаходзіце альтэрнатыўныя метады вырашэння пытанняў, неяк дамаўляецеся. Чаму ж з дзецьмі некаторыя бацькі сабе такое дазваляюць?»

«Гэта сапраўды працуе, інакш такімі прыёмамі не карысталіся б на працягу тысячагоддзяў, — піша Людміла Петраноўская ў кнізе «Таемная апора». — Але трэба разумець, што пляскач, крык, замыканне ў туалеце і Баба-яга працуюць не таму, што дзіця ўсвядоміла няправільнасць сваіх паводзін і зрабіла высновы. Яно нічому не навучылася ў гэтай сітуацыі, нічога не зразумела. Бацькі проста здолелі грубым уздзеяннем запусціць праграму выніку, падобна таму, як раней чынілі лямпавы тэлевізар, які забарахліў, — шарахнуўшы па ім кулаком. Ёсць сітуацыі, у якіх не застаецца нічога іншага, чым крыкнуць ці пляснуць, каб дзіця неадкладна паслухалася, каб не даць яму магчымасці далей бесклапотна бегчы ў бок праезнай часткі. Толькі не трэба мець ілюзіі, што ў гэты момант вы яго выхоўваеце. Нічога агульнага з выхаваннем гэта не мае».

— Калі ў вас задача чаму-небудзь навучыць дзіця, а не проста прынізіць і пакрыўдзіць, то майце на ўвазе, што нават лёгкі пляскач пазбаўляе малога здольнасці ўспрымаць інфармацыю, — тлумачыць дзіцячы псіхолаг Людміла ГУБСКАЯ. — У стане стрэсу яно можа думаць толькі пра рэакцыю дарослага, а не пра тое, як палепшыць свае паводзіны. Больш за тое, фізічнае пакаранне — самы неэфектыўны метад уздзеяння, бо ніколі не прыносіць выніку. Паводзіны дзіцяці, яго ўчынкі глабальна не зменяцца. Да таго ж агрэсія бацькоў, як правіла, перадаецца. Таму з часам яны атрымліваюць яшчэ больш бескантрольныя паводзіны дзіцяці. Але дарослыя, якія прымяняюць фізічнае пакаранне, на жаль, не аналізуюць аддаленыя наступствы. Б'ючы, мы вучым дзіця падпарадкоўвацца, рабіць так, як нам зручна. Але калі малеча вырасце, яна панясе з сабой гэта ўменне. А каму ваш сын ці дачка будзе падпарадкоўвацца пасля вас — вялікае пытанне. Больш за тое, жорсткае абыходжанне з дзіцем выклікае незваротныя змены яго псіхічнага, а часам і інтэлектуальнага развіцця, фарміруе фобіі, панічныя атакі. Дзеці, якіх б'юць у дзяцінстве, у дарослым жыцці больш схільныя да дэпрэсій, розных форм залежнасцяў, суіцыду.

Безумоўна, калі дзіцяці не моцна балюча і не вельмі страшна, глабальнага ўздзеяння гэта не аказвае. Малое проста вучыцца біцца ў адказ. Таму нядзіўна, што найбольш актыўна б'юцца на пляцоўках з іншымі дзецьмі менавіта тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх так ці інакш б'юць дома.

Псіхолагі раяць адмовіцца ад усіх выхаваўчых мер, звязаных з прычыненнем болю, яшчэ і таму, што з кожным ударам парушаецца натуральная сувязь дзіцяці з бацькамі. Яно страчвае пачуццё бяспекі. А гэта базавая патрэба чалавека, падмурак для здаровага псіхалагічнага развіцця.

Дом — гэта не музей

Калі дзіця не змяшчаецца папярок лаўкі, то, кажуць, выхоўваць ужо позна. Таму, паводле слоў Людмілы Губскай, варта пачынаць рабіць гэта з нараджэння.

— Задача бацькоў быць эмацыянальна адкрытымі. Калі дзіця, штосьці нарабіла, то важна паказваць сваё расстройства, сум з гэтай нагоды. У адваротным выпадку якасць выхавання зніжаецца, бо малеча пазбаўлена арыенціраў: не ведае, што такое добра, што такое дрэнна з пункту гледжання культуры сям'і. Немаўляты вельмі назіральныя, яны добра скануюць стан бацькоў, счытваюць кожны жэст, міміку, інтанацыю і разумеюць, што яны значаць. Таму нават поза нашэння на руках мае значэнне: важна, каб дзіця заўсёды бачыла твар мамы і таты, як яны рэагуюць на тое, што адбываецца, на новую цацку, новага чалавека.

Вельмі вялікім злом з'яўляюцца ўсе блакіратары дзвярэй, шафаў. Заходзіш у сям'ю — а там усё заклеена. Дзіця не можа нікуды залезці, і бацькам не патрэбна нічога яму тлумачыць. Але гэта як у музеі. Такое дзіця зойдзе ў госці — і ў яго няма межаў. Яно зусім не разумее, што значыць словы «асцярожна», «гэта небяспечна». Чым больш бацькі тлумачаць дзецям, тым лепш. Напрыклад, залез малы на зэдлік і раз за разам выціскае сабе на ручкі вадкае мыла з дазатара. Мама з сумным тварам кажа: «Так рабіць нельга, бо нам не будзе чым мыць ручкі». Дзіця хутчэй за ўсё працягне сваю захапляльную гульню. Тады бяром яго на рукі і выносім з ваннага пакою, выключаем святло і абавязкова займаем чымсьці альтэрнатыўным, напрыклад, прапаноўваем зрабіць мыльны раствор і разам пускаць мыльныя бурбалкі.

Такой жа тактыкі прытрымліваемся, і калі ваш малы пачынае абсыпаць іншых дзетак пяском. Вядома, значна прасцей вырваць з рук лапатку і пляснуць дзіця. Яно паплача і перастане сыпаць гэты пясок на іншых. Але не назаўсёды... Калі раз за разам, прамаўляючы ўслых свае адчуванні, выносіць малечу з ваннага пакою, з пляцоўкі і штосьці прапаноўваць узамен — яно перастане паўтараць разбуральныя дзеянні. Бо ўсе дзеці прагнуць атрымліваць выключна станоўчыя эмоцыі. Так паступова дзіця навучаецца правільнаму ўзаемадзеянню.

Дзеці, якія раслі ў атмасферы ўзаемаразумення, падрастаючы, працягваюць захоўваць тэндэнцыю да ўзаемаразумення. Бацькі ж, якія прытрымліваліся прынцыпу запалохвання, хутчэй за ўсё пацерпяць фіяска. Менавіта ў падлеткавым узросце дзіця дае адпор, кажа: «Калі вы мне хоць пальцам краняце, то я буду гэта аспрэчваць у судзе». Дзеці зараз не такія, якімі мы былі раней, у іх ёсць доступ да інфармацыі, яны разумеюць свае правы.

Не лянуйцеся, шукайце альтэрнатыўныя формы выхавання. Замест таго, каб караць рэменем ці замыкаць у пакоі, падумайце разам, як выправіць сітуацыю. Напрыклад, калі дзіця раскідала цацкі або разбіла кубак, яно павінна ўсё прыбраць. Калі забылася свае падручнікі ў школе — папрасіць дапамогі ў аднакласнікаў. Накіруйце эмоцыі на вырашэнне праблемы. Некаторым сем'ям вельмі дапамагае каляндар добрых спраў. Вешаюць разлінеены ватман на халадзільнік і клеяць туды налепкі за добрыя ўчынкі. Напрыканцы месяца, напрыклад, за 40 налепак бацькі купляюць чарговага коніка, якіх дзіця калекцыянуе. У выніку ўсе пачынаюць фіксавацца на станоўчым, і паводзіны значна паляпшаюцца.

Абдыміце і папрасіце прабачэння

— Адна з маіх любімых кніг «Аскепкі дзіцячых траўм» пачынаецца так: «Неабавязкова тое, што не забівае, робіць нас мацнейшымі». Яно пакідае незабыўныя шрамы нашай псіхіцы і рана ці позна ўсё адно «выстраліць». Дзіцячыя траўмы, няважна, псіхалагічны ці фізічны гвалт, непазбежна потым праяўляюць сябе, — працягвае Людміла Губская і прыводзіць прыклад са сваёй практыкі. — Галю (імя зменена) ў дзяцінстве вельмі жорстка білі за любую правіннасць усімі падручнымі сродкамі. Неяк мама схапіла з будоўлі, якая была побач, металічны прут і адлупцавала ім сваю дачку. Прычым, як высветлілася пазней, за тое, што дзяўчынка не рабіла. У выніку дзяўчынка вырасла і свядома не нараджае дзяцей, у яе галаве склаўся стэрэатып, што яна будзе дрэннай мамай. Сваімі думкамі яна правакуе псіхалагічнае бясплоддзе.

Калі вы ўсё ж такі сарваліся і на эмоцыях далі сваёй крывіначцы плескача, не дакарайце сябе, лепш папрасіце прабачэння і абдыміце. Дзіцяці важна адчуваць, што яго па-ранейшаму любяць і прымаюць. Патлумачце, чаму вы раззлаваліся. Пры гэтым у любой сітуацыі ацэньвайце непасрэдна дзеянні. Галоўны пасыл павінен быць не «ты дрэнны», а «ты зрабіў дрэнны ўчынак». Адчуваеце розніцу?

А наогул, калі вы сталі раздражнёнымі і часта зрываецеся на дзяцей, вам хутчэй за ўсё трэба заняцца не выхаваннем, а ўласным псіхалагічным здароўем, перагледзець свой рэжым дня. Бо правіла «задаволеныя бацькі — шчаслівыя дзеці» — ніхто не адмяняў.

Як сябе стрымаць, каб не ўдарыць?

1) Лічыце да трох. Апусціцеся на ўзровень дзіцяці і загінайце перад яго тварам пальцы са словамі: «Адзін: мне не падабаецца, што ты робіш. Два: я пачынаю злавацца. Тры: я злуюся». Пакуль вы лічыце, гнеў крыху астыне.

2) Мяняйце ракурс. Калі вам не падабаецца, як сябе паводзіць дзіця, у момант гневу павярніцеся да яго бокам. Калі глядзець не прама, а скоса, справіцца са сваімі эмоцыямі будзе прасцей.

3) Насіце на запясці рызінку. У момант, калі пачынаеце злавацца, адводзьце яе ўбок і адпускайце. Пераключэнне на фізічныя адчуванні, дапамагае фіксавацца не на капрызах дзіцяці, а на сваіх адчуваннях.

4) Прасіце дапамогі. Калі мама адчувае, што выходзіць з сябе, лепш за ўсё папрасіць тату, які сядзіць за камп'ютарам, замяніць яе на хвілін 20. А самой, замест таго, каб выходзіць з сябе, варта выйсці прагуляцца, падыхаць свежым паветрам. Такі метад цудоўна дапамагае ўсім пераключыць увагу. Але пра гэты варыянт дарослым трэба дамовіцца загадзя.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Па матэрыялах https://zviazda.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

 

Г. Ф. Вечорко «Семейная педагогика»

Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье. 

Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

2-е издание

Стоимость – 30.47 руб.

 

 

Г. Ф. Вечорко «Семейная педагогика. Практикум»

Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

Издание доступно в электронном варианте в приложении "Школа в кармане".

Стоимость – 35.78 руб.