Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


За доўгі час нашага партнёрскага супрацоўніцтва не раз лавіў сябе на думцы, што з Таццянай Васільеўнай Жук заўсёды камфортна і немагчыма пасварыцца. Думаў-­разважаў, у чым сакрэт, і нарэшце зразумеў: у душэўнай чуласці, павазе да людзей і жаночай мудрасці, заснаваных на сямейным выхаванні і жыццёвым вопыце.

Таццяна Васільеўна родам з Піншчыны. Нарадзілася ў сям’і педагогаў. Дзяцінства праходзіла ў Грыўковіцкай базавай школе, якой кіраваў тата?— Васіль Аляксандравіч Палхоўскі, настаўнік хіміі і біялогіі. Маці Галіна Рыгораўна выкладала там рускую мову і літаратуру. Ня­гледзячы на раннюю прафарыентацыю, дзяўчына не ўяўляла сябе настаўніцай і марыла звязаць жыццё з меды­цынай. Але ў апошні момант перадумала і паступіла на школьнае аддзя­ленне тагачаснага Пінскага пед­вучылішча імя А.С.Пушкіна. Педагагічная практыка пацвердзіла правільнасць такога нечаканага выбару. 

Таццяна Васільеўна лічыць, што ў жыцці няма нічога выпадковага. Так, падчас медыцынскай падрыхтоўкі ў мясцовай дзіцячай бальніцы яна трапіла ў палату з аднагадовымі малышамі з АПФР, ад якіх адмовіліся бацькі. Маладая дзяўчына тады не магла ўя­віць, што яе далейшая прафесійная дзейнасць будзе звязана менавіта з гэтай катэгорыяй дзяцей. 

— Сустрэча з асаблівымі дзеткамі выклікала моцныя эмоцыі,?— прызнаецца Т.В.Жук. — Хацелася не толькі падарыць ім крыху цеплыні і дабрыні, але і каб іх лёсы склаліся шчасліва. 

Пасля заканчэння вучылішча Таццяна Васільеўна вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю па выбраным напрамку дзейнасці, для чаго адправілася на факультэт педагогікі і методыкі пачатковай адукацыі БрДУ імя А.С.Пушкіна. Працоўную дзейнасць пачынала ў брэсцкай ся­рэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. 

— Вельмі хвалявалася, калі пераступала парог 1 класа, — успамінае Таццяна Васільеўна.?— Думала, ці хопіць атрыманых ведаў і прафесіяналізму, каб навучыць дзяцей чытаць і пі­саць. Але апасалася гэтага дарэмна. Адаптавалася даволі хутка. Да кожнага дзіцяці адносілася як да ўласнага. Зразумела, што самае важнае — захапіць выхаванцаў, зрабіць усё магчымае, каб яны не расчараваліся ў педагогу і вучобе, не страцілі цікавасці да яе. Таму настаўніца ўсяляк імкнулася ўлюбіць дзяцей у школу, пасябраваць іх паміж сабой, стварыць моцную школьную сям’ю, бо ад згуртаванага калектыву залежыць вельмі многае.

Педагог давала веды на канкрэтных жыццё­вых прыкладах, вучыла цярпімасці адно да аднаго, адаптацыі да цяжкіх сітуацый. А яшчэ пераконвала дзяцей, што галоўнае?— не адзнакі, а чалавечыя якасці, якія дзеці пераймаюць ад дарослых, у тым ліку ад настаўніка, які з’яўляецца для пачаткоўцаў не меншым аўтарытэтам, чым мама і тата. Не дзіўна, што бацькі імкнуліся аддаць дзяцей менавіта ў клас Таццяны Васільеўны. 

— Вялікі талент — дабівацца ўсяго без крыку, ла­дзіць з вучнямі ў любых сітуацыях, бачыць у кожным асобу, умець паставіць сябе на месца дзіцяці… На гэтым грунтуюцца прынцыпы народнай педагогікі, якія я пераняла ад маёй бабулі, — гаворыць Таццяна Васільеўна.

На жаль, праз 7 гадоў ёй давялося пакінуць школу з-за прафесійнага захворвання. Давялося шукаць работу без галасавых нагрузак, адчуваючы моцны псіхалагічны дыскамфорт.

З 2004 года жыццё ­Т.В.Жук звязана з Брэсцкім абласным ЦКРНіР, дзе яна спачатку працавала намеснікам дырэктара па асноў­най дзейнасці, а потым узначаліла ўстанову. Таццяна Васільеўна лічыць, што ёй пашанцавала: новая работа супала з даўняй цікавасцю да медыцыны і педагогікі. Кіраўнік пастаралася сфарміраваць калектыў, які быў бы дружнай сям’ёй, дзе адносіны будаваліся б на даверы і ўзаемапавазе, а дасягаць пастаўленых мэт можна было б без напружання голасу.

— Зрабіць гэта ўдалося, але спачатку было псіхалагічна цяжка прызвычаіцца да дзяцей з АПФР, асабліва з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, — расказвае Таццяна Васільеўна. — Спачатку нават былі думкі сысці. Але, на шчасце, удалося ­зняць бар’ер непрыняцця і страху, зрабіць “прышчэпку талерантнасці” шляхам устанаўлення візуальна-тактыльнага кантакту з асаблівымі дзецьмі. Галоўны тэст на прафпрыдат­насць для работы ў сістэме спецыяльнай адукацыі — уменне знайсці ў сабе мужнасць і сілу падысці да дзіцяці з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, узяць яго за руку і паглядзець яму ў вочы, а затым, перамагаючы востры душэўны боль, уба­чыць і прыняць у ім незвычайнае дзіця, а не звычайнага ­інваліда. Вопыт паказаў, што такі падыход працуе. 

Таццяна Васільеўна — аўтар ідэі і сцэнарыя дакументальнага фільма “Інклюзіўная культура грамадства — магія дотыку і погляду”, а таксама праграмы павышэння кваліфікацыі педработнікаў “Інклюзіўная культура педагога: ад тэорыі да практыкі”. 

Паколькі па першай адукацыі Таццяна Васільеўна не настаўнік-дэфектолаг, то гэта, на яе думку, дазваляе ёй не падганяць асаблівых дзяцей пад пэўныя рамкі, а даказ­ваць, што ў іх не абмежаваныя, а бязмежныя магчымасці.

На пасадзе дырэктара Т.В.Жук паставіла перад сабой амбіцыйную задачу — змяніць светапогляд людзей, якія лічаць асоб з інваліднасцю абузай, грэбліва адводзячы ад іх позірк пры сустрэчы. Работу ў ЦКРНіР Таццяна Васільеўна пачала з фарміравання талерантных адносін да дзяцей з АПФР, найперш з боку кіруючых кадраў. Для гэтага была распрацавана мадэль фарміравання інклюзіўнай культуры ў сістэме адукацыі Брэсцкай вобласці, у рамках якой праходзяць спецыяльныя семінары на розныя тэмы, абласныя конкурсы на лепшую рэгіянальную мадэль інклюзіўнай практыкі, творчы інклюзіўны фестываль “Разам мы зможам больш!”, які збірае больш за 400 асаблівых дзяцей з усіх рэгіёнаў Брэстчыны, дабрачынныя навагоднія ёлкі, спартыўна-масавыя і іншыя мерапрыемствы… Іх удзельнікаў аб’ядноўвае вера ў тое, што самая вялікая каштоўнасць — чалавечае жыццё ва ўсіх яго праявах. 

Пад кіраўніцтвам Т.В.Жук у рэгіёне праводзіцца сістэмная і мэтанакіраваная работа па своечасовым выяўленні асаблівых дзяцей і аказанні ім кваліфікаванай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. За 15 гадоў ахоп гэтай работай павысіўся з 74% да 100%. На Брэстчыне створана не толькі адзіная сетка ЦКРНіР, якія каардынуюць сістэму спецыяльнай адукацыі ў кожным раёне, але і каманда крэатыўных калег-аднадумцаў — дырэктараў ЦКРНіР.

Дзякуючы намаганням Таццяны Васільеўны, наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі аховы здароўя і ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Так, у рамках сумеснага з абласным упраўленнем аховы здароўя плана на Брэстчыне паспяхова функцыянуе абласная міжведамасная ма­дэль аказання комплекснай псіхолага-медыка-педагагічнай дапамогі дзецям ранняга ўзросту з АПФР. Акрамя таго, рэалізаваны абласны план міжведамаснага ўзаемадзеяння з абласным камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва па пераходзе выпускнікоў ЦКРНіР у тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Па словах Т.В.Жук, вельмі важна не спыняцца на дасягнутым. Уласным прыкладам дырэктар паказвае, што неабходна пастаянна павышаць прафесійны ўзровень. З гэтай мэтай яна не толькі актыўна ўдзельнічае ў міжнародных стажыроўках і профільных канферэнцыях, але і арганізоўвае іх у Брэсце. Сёлета абласны ЦКРНіР стаў членам і пакуль адзіным афіцыйным прадстаўніком нашай краіны ў Міжнароднай федэрацыі “Абілімпікс”. Ва ўзаема­дзеянні з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі, ПТНУ і ССНУ Брэстчыны гэта дазволіць не толькі істотна павысіць якасць прафарыентацыйнай работы, але і палеп­шыць грамадскае ўспрыманне прафесійнага патэнцыялу людзей з інваліднасцю і іх удзелу ў сацыяльна-эканамічным жыцці краіны. 

Таццяна Васільеўна азнаёмілася з сістэмай работы з асаблівымі дзецьмі ў Расіі, Казахстане, Грузіі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, ЗША… Яна лічыць, што ў сляпым капіраванні чужога вопыту няма неабходнасці. Кожная краіна выбірае свой шлях пабудовы інклюзіўнага грамадства. Для Беларусі прынцыпова важна захаваць нацыянальную сістэму спецыяльнай адукацыі, якая ў сацыяльным і прафесійным плане не саступае па якасці перадавому сусветнаму вопыту і паказвае прыклад іншым. 

Дзяліцца сваімі напрацоўкамі і пераймаць чужыя неабходна: гэта дазваляе прыўносіць у практыку лепшыя педагагічныя тэхналогіі і стварае здаровы дух канкурэнцыі. Айчын­ная сістэма карысная і цікавая тым, што накіравана на дасягненне выніку як у навучанні і атрыманні прафесіі, так і ў далейшым жыццеўладкаванні кожнага асаблівага дзіцяці. На міжнародных канферэнцыях і майстар-класах па фарміраванні інклюзіўнай культуры Таццяна Васільеўна актыўна прапагандуе нацыянальную інклюзіўную палітыку, паказваючы дзяржаўную падтрымку і сацыяльныя гарантыі дзецям з АПФР.

Асобасныя, дзелавыя і прафесійныя якасці, высокі аўтарытэт сярод калег дазволілі Т.В.Жук узнача­ліць спачатку абласны савет дырэктараў ЦКРНіР, а затым савет кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Беларусі.

Сёння Таццяна Васільеўна завяршае работу над кандыдацкай дысертацыяй, прысвечанай фарміраванню інклюзіўнай культуры ў суб’ектаў сеткавага ўзаемадзеяння ў працэсе адукацыі дзяцей з інваліднасцю. У планах — адкрыццё на базе ЦКРНіР рэсурснага цэнтра для дзяцей ранняга ўзросту з аўтызмам. Кадравы і матэрыяльна-тэхнічны патэнцыял дазваляе гэта зрабіць.

— Каб нешта атрымалася, трэба рабіць усё з душой, любоўю да людзей і любімай справы, а таксама да сваёй сям’і, дзе ты чэр­паеш сілы і дзе знаходзіш разуменне і падтрымку ва ўсім, цеплыню шчырых узаемаадносін. Але дасягнуты поспех не можа быць выключна асабістым, бо, як вядома, адзін у полі не воін. Выдатны калектыў цэнтра, згуртаваная каманда дырэктараў ЦКРНіР вобласці, падтрымка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, галіновага міністэрства і калег з рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі — вось аснова поспеху ў вырашэнні актуальных задач спецыяльнай адукацыі, — падсумоўвае выдатнік адукацыі Беларусі Таццяна Васільеўна Жук.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Па матэрыялах https://nastgaz.by/.
 
В 2020 году в издательстве «Народная асвета» вышло пособие Татьяны Васильевны Жук «Формирование жизненных компетенций у детей с инвалидностью». Данное пособие знакомит педагогов и всех заинтересованных лиц с педагогическими основами формирования жизненных компетенций у детей и подростков с инвалидностью, обучающихся в центрах коррекционно-развивающего обучения и реабилитации. Авторы делятся с читателями практическим опытом, интересными находками в работе с очень сложной, неоднородной по составу категорией детей и подростков — детьми с тяжелыми множественными нарушениями.
 
 27.60 руб.