Падрыхтоўка да школы заўсёды хвалюючая як для дзяцей, так і для дарослых. Самыя адказныя бацькі спяшаюцца навучыць будучага першакласніка чытаць і пісаць. Некаторыя нават умудраюцца прайсці з дзіцем амаль усю праграму першага класа. Да чаго трэба рыхтаваць яго насамрэч? І ў якім узросце лепш аддаваць дзіця ў школу? Гэтыя і іншыя пытанні, што хвалююць многіх бацькоў, мы задалі дзіцячаму псіхолагу Людміле Губскай.


Пачынаць трэба амаль з нараджэння

— Сыну маёй сяброўкі было тры гады, калі бабуля падарыла яму буквар. Неяк падчас тэлефоннай размовы яна сказала дачцэ: «Спадзяюся, ты ўжо пачала вучыць літары з Мацвейкам». Праз пару дзён заняткаў малы ненавідзеў гэты буквар... Людміла, як вы лічыце, ці варта вучыць дзяцей чытаць да школы?

— Нейрапсіхолагі раяць не пачынаць вучыць дзяцей чытаць раней, чым ім споўніцца пяць гадоў. Бо ранняе чытанне перашкаджае нармальнаму, здароваму развіццю, у прыватнасці, няправільна фарміруюцца нейронныя сувязі ў мозгу. У выніку бліжэй да школьнага ўзросту мы можам атрымаць сітуацыю, калі дзіця зусім не захоча вучыцца, будзе рабіць тое неахвотна. Усяму свой час. Энергія мозга — накіраваная і канечная. Калі мы яе накіруем не туды, яна растраціцца. Ва ўзросце ад года да шасці лепш накіраваць яе на фізічную актыўнасць, узаемаадносіны з аднагодкамі, асваенне бытавых навыкаў. А то атрымліваецца дзіўная сітуацыя: дзіця яшчэ ходзіць у памперсе, але ўжо чытае.

Больш за тое, школьная праграма пабудавана так, што дзеці, якія бегла чытаюць, усё адно вучаць разам з усімі спачатку літары, потым склады... Таму ім рэальна будзе сумна на ўроках. Ёсць, вядома, ініцыятыўныя настаўнікі, якія кожнаму дзіцяці падбяруць заданне па ўзроўні, але ніхто не гарантуе, што вам трапіцца менавіта такі. Калі ваш сын праяўляе павышаны інтарэс, пытаецца, што гэта за літара, вядома, адказвайце. Але ёсць бацькі, якія лічаць сваім абавязкам навучыць дашкольніка чытаць нават супраць яго жадання, пачынаюць прымушаць, выкарыстоўваюць розныя спосабы маніпуляцыі, каб ён запомніў алфавіт. Гэта псуе ўсе імкненні дзіцяці і прыводзіць да пагаршэння адносін з бацькамі.

Тым мамам і татам, якія з нейкіх прычын не аддавалі дзетак у садок, псіхолаг раіць за год да школы павадзіць іх туды. Гэтага дастаткова. У старэйшай групе дзіцячага садка знаёмяць з чытаннем, пісьмом, паняццем урокаў. Зусім запускаць працэс і разлічваць, што дзіця будзе сябе камфортна адчуваць у калектыве, калі яно не мае ніякага ўяўлення пра літары і лічбы, не варта. Дзеці збольшага, асабліва ў вялікіх гарадах, ідуць у першы клас з нейкімі базавымі ведамі. Але гэта агульнае ўяўленне трэба фарміраваць, не седзячы над букваром штодзень гадзінамі, а нязмушана, падчас гульні. Цудоўна, калі дома на халадзільніку вісіць магнітная азбука з яркімі малюнкамі. Дзеці, напрыклад, з задавальненнем паказваюць літару, на якую пачынаецца іх імя.

Перад школай важней сканцэнтравацца не на букварах і пропісях, а на развіцці практычных навыкаў дзіцяці. У прыватнасці, гатоўнасць будучага першакласніка да новага этапу жыцця вызначаецца ў тым ліку і яго ўменнем завязваць шнуркі і зашпільваць гузікі.

Некаторыя бацькі не разумеюць, што дзіця павінна вучыцца выконваць базавыя рэчы — есці, апранацца, распранацца. Нельга ўсё рабіць за яго: потым яно самастойна нічога не зможа зрабіць у школе, у той час як аднакласнікі будуць гэта рабіць не задумваючыся.

Навучыце сваіх сына ці дачку прасіць аб дапамозе. Калі дзецям цяжка, калі ў іх штосьці не атрымліваецца, яны, як правіла, пачынаюць злавацца, раздражняцца, хтосьці стараецца адгарадзіцца ці вырашыць праблему самастойна, нехта спісвае адказ у суседа па парце. Уменне адсочваць свой стан і паведамляць пра тое, што ты стаміўся ці дрэнна сябе адчуваеш, куды важнейшае за ўменне лічыць ці прыгожа пісаць у пропісях.

— Насамрэч падрыхтоўку да школы бацькі пачынаюць з самага нараджэння дзіцяці, — кажа Людміла Губская. — Калі чытаюць яму ўслых, расказваюць штосьці, называюць прадметы, якія яго акаляюць, цярпліва адказваюць на шматлікія пытанні, дазваляюць мераць лужы і залазіць на дрэвы. У гэтым выпадку да шасці-сямі гадоў сфарміруецца будучы першакласнік. Усе дзеці па сваёй прыродзе цікаўныя. Таму галоўная задача бацькоў — не задушыць гэтую прыроджаную прагу да пазнання.

Найлепшая падрыхтоўка — гульня

Тыя бацькі, якія думаюць, што чым бліжэй да школы, тым менш дзіця павінна гуляць, моцна памыляюцца. Менавіта гульня — найлепшая падрыхтоўка да школы. Сёння псіхолагі і педагогі занепакоеныя, што дзеці пераходзяць у школу з садка не нагуляўшыся, што гульні дзяцей у 5-6 гадоў прымітыўныя і нецікавыя. Такая сітуацыя ўзнікае ў тым ліку і таму, што дарослыя лянуюцца і не ўключаюцца ў гульню альбо робяць гэта цераз сілу.

— Многія лічаць, што гульня і навучанне не могуць існаваць побач, — кажа Людміла Губская. — Насамрэч менавіта гульня ўзмацняе імкненне атрымліваць веды. Дзіця лёгка можа засвоіць і чытанне, і множанне, калі гэтага будуць патрабаваць умовы гульні. Менавіта праз гульню можна развіць мысленне, памяць, увагу, фантазію дзіцяці. Калі гульня захоплівае малое, яно будзе гуляць з вамі паўсюль: дома, на прагулцы, у цягніку.

«Белая, квадратная, знаходзіцца над галавой», — раптам загадкава кажа мама, гатуючы вячэру. «Столь» — забыўшыся на капрызы, адразу ўключаецца ў гульню чатырохгадовы сын і загадвае сваё слова. Можна пагуляць у «А давай наадварот». Дзіця называе слова, а вы падбіраеце да яго антонім: белая — чорная, вялікая — маленькая, гучная — ціхая. Потым мяняецеся ролямі. Падобных слоўных гульняў мноства. Можна пашукаць у кнігах, інтэрнэце, а можна прыдумаць свае.

Яшчэ з дашкольнікам карысна гуляць у гульні, у якіх дзіця будзе ўважліва слухаць дарослага і рэагаваць на яго словы. Гэта вельмі важна, бо многія дзеці проста некуды «сплываюць», калі настаўнік штосьці расказвае. Напрыклад, калі вы кажаце — «кар-кар», — дзеці два разы махаюць рукамі, як крыламі. Кажыце «мяў-мяў-мяў-мяў» — яны чатыры разы труць носік «лапкай». Кажаце «ква-ква-ква» — дзеці тры разы падскокваюць. А што трэба зрабіць, калі я кажу «мяў-мяў, кар, ква-ква-ква»? У гэтую гульню можна гуляць усёй сям'ёй. Альбо прыдумайце невялічкую казачку і раскажыце яе дзецям, перад гэтым папрасіўшы іх гучна пляскаць штораз, калі пачуюць лічбу «тры».

Вельмі карысна навучыць дашкольніка стаяць і скакаць на адной ножцы. Лічыцца, што для нармальнай вучобы ў школе дзіця павінна стаяць на кожнай назе па хвіліне. Зноў жа, гэта выдатна развівае вядомая гульня ў «класікі». Можна пагуляць і ў чаплю, якая стаіць на адной назе. Папрасіце «птушку» праскакаць з аднаго канца пакоя і назад. Зладзьце спаборніцтва: хто з дзяцей даўжэй прастаіць на правай назе, а хто — на левай.

Некаторыя дзеці выдатна могуць палічыць скорагаворкай «адзін, два, тры...» да 20. Пры гэтым не могуць засяродзіцца і зрабіць рукамі-нагамі тое, аб чым іх просіш. А з буйной маторыкай звязаныя многія навыкі, у тым ліку і навыкі пісьма, сувязь паміж слыхавым і зрокавым успрыманнем, уменне кіраваць сабой. Пакуль пыласосіце, папрасіце дзіця прайсці пяць вялікіх крокаў наперад і тры маленькія назад. Чатыры крокі на пятачках, потым чатыры на насочках. Падскокнуць тры разы, потым прайсці сем крокаў, потым падскокнуць яшчэ тры разы. Цудоўна развівае адчуванне і разуменне свайго цела дзіцячая гульня з мячом «халі-хало». І наогул вельмі важна, каб дзіця кантактавала не толькі з дарослымі, але і са сваімі аднагодкамі. Каб не было, як у Мішы... Яго мама паклапацілася пра годную інтэлектуальную падрыхтоўку любімага сына, аднак практычна ізалявала яго ад аднагодкаў, каб не навучыўся на вуліцы дрэннаму. Пасля таго, як Міша пайшоў у першы клас, у яго, зразумела, з'явіліся сур'ёзныя праблемы ў стасунках, якія праявіліся на псіхасаматычным узроўні — хлопчык часта хварэў і прапускаў урокі.

Аддаваць у 6 ці 7 гадоў — вельмі важнае рашэнне

— Як вызначыць, ці гатовае дзіця да школы?

— Ёсць два асноўныя фізіялагічныя крытэрыі гатоўнасці да школы. Першы: змена зубоў. У дзіцяці павінны хоць бы выпасці першыя малочныя зубы. Бо разам са зменай зубоў пачынаюць выстройвацца нейронныя сувязі ў галаўным мозгу, якія дазваляюць аддзяляць сябе ад выніку сваіх дзеянняў. (Напрыклад, дзіця дрэнна напісала літару. Той, хто гатовы да школы, падумае «нічога, наступны раз пастараюся і напішу акуратней».) У шэсць гадоў не ва ўсіх дзяцей такая якасць ёсць. З гэтай прычыны першакласнік, які напісаў літару не так, як яму хацелася (крыва, выйшаў за радок) лічыць, што ён дрэнны. Гэта вельмі траўматычная характарыстыка. Калі дзіця па некалькі разоў на дзень пераконваецца ў тым, што яно дрэннае, бо не атрымалася першым падняць руку, каб адказаць; выкрыкнуў адказ і яму зрабілі заўвагу; памыліўся ў падліках. І калі такіх нюансаў шмат, то самаацэнка заніжаецца. Калі самаацэнка заніжаецца на пачатковым этапе навучання, дзіця будзе старацца пазбягаць цяжкасцяў, з якімі сутыкнулася. І пасля вельмі складана аднавіць цікавасць да вучобы.

Другі фізіялагічны крытэрый — вырастаюць рукі. Дзіця, калі перакідвае правую руку праз галаву, можа дацягнуцца да мочкі левага вуха, і наадварот, левай рукой дакрануцца да мочкі правага вуха. Гэта той мінімум, на які раю звярнуць увагу ўсім бацькам.

Псіхалагічная ж гатоўнасць вызначаецца ва ўменні выслухаць заданне і выканаць яго. Некаторыя дзеці вельмі спяшаюцца: яшчэ ўмовы не сказалі, а яны ўжо ўсё зрабілі. Вядома, няправільна. І пры гэтым не хочуць выпраўляць памылку. Акрамя таго, дзіця можа, слухаючы заданне, прапускаць нейкія важныя нюансы. Гэта таксама няпоўная псіхалагічная гатоўнасць. Тады і на ўроках яно не зможа запомніць, што кажа настаўнік. Не таму, што памяць дрэнная, а таму, што яшчэ не сфарміраваліся пэўныя нейронныя сувязі. Нейра-псіхалагічнае тэсціраванне перад школай — вельмі карысная рэч. Я б яго ўводзіла ў абавязковым парадку, каб разумець моцныя і слабыя бакі дзіцяці і ведаць, што трэба развіць, каб не было потым цяжкасцяў у школе.

Ні фізіялагічныя, ні псіхалагічныя моманты падрыхтоўкі да школы нельга фарсіраваць. Гэтаму нельга навучыць, нельга іх сфарміраваць. Мы толькі можам назіраць. Бо адно дзіця ў шэсць гадоў можа быць абсалютна гатовым да школы, а другое ў такім жа ўзросце можа праяўляць псіхалагічную ці фізіялагічную негатоўнасць. Як правіла, апошніх лепш адпраўляць у першы клас на год пазней, яны тады будуць адчуваць сябе камфортней і асвойваць школьную праграму лепш.

Але калі яшчэ з дзяўчынкамі бацькі згодныя пачакаць, то з хлопчыкамі — не заўсёды. Неяк на кансультацыі тата з мамай разышліся ў аглядах. Мужчына настойваў, каб сын — на момант 1 верасня яму было б 6 гадоў і 2 месяцы — ішоў у школу. Мама была супраць. І мела рацыю, бо ў хлопчыка не было ніякай матывацыі да навучання. На што тата казаў: «Нічога страшнага. Ён справіцца, памучыцца некалькі месяцаў, даспее і будзе добра вучыцца». Рашэнне весці дзіця ў школу сёлета ці праз год — вельмі важнае рашэнне. Калі мы прамарудзім ці, наадварот, паспяшаемся, то і ў тым, і ў другім выпадку будзе стрэс. Гэта накладзе адбітак на імкненне дзіцяці вучыцца па жыцці.

— Ёсць дзеці, якія ў шэсць гадоў гатовыя да школы. А бацькі, жадаючы працягнуць дзяцінства ці з нейкай іншай прычыны, чакаюць і аддаюць у школу на год пазней. Ці маюць яны рацыю?

— Часта дзіця аддаюць у школу пазней, чым ён гатовы, проста таму, што бацькам так зручней. У маёй практыцы была сям'я, дзе нарадзілася трэцяе дзіця. Сярэдняга сына з гэтай прычыны не аддалі ў школу ў шэсць гадоў, бо маме складана было б зімой вадзіць і забіраць яго са школы. Таму вырашылі, што ён яшчэ год пабудзе дома. Хлопчык быў вельмі развіты. Мала таго, што яго расстроілі гэтым рашэннем, дык яшчэ і адбілі ўвесь энтузіязм. Цяпер ён вучыцца напаўсілы. У дзяцей, якія ідуць у школу пазней, чым яны гатовыя, часта праяўляецца паталагічнае, нястрымнае калекцыянаванне. Яны пачынаюць збіраць машынкі, потым маркі, потым мінералы... Калі вы бачыце, што спазніліся, што ўсё ж такі трэба было ісці ў школу раней, гэта можна выправіць. На наступны год дзіця можна адразу аддаць у другі клас, здаўшы ўступныя іспыты, і тым самым навярстаць упушчаны час.

Як зрабіць так, каб дзіцяці хацелася ісці ў школу?

  • Пастарайцеся стварыць у сям'і атмасферу радаснага чакання 1 верасня. Вельмі важна, каб сям'я рыхтавалася да школы, як да свята, нечага асаблівага, цікавага. Выбірайце школьную форму і іншыя рэчы з задавальненнем (а не са словамі: «Зноў гэтыя чэргі!.. Столькі грошай трэба траціць!..»), тады і дзіця пяройме гэты пазітыўны настрой. Некаторыя ж бацькі запужваюць сваіх непаслухмяных гарэз: «Вось пойдзеш у школу, там табе пакажуць». А потым, праз два гады, здзіўляюцца, чаму сын ці дачка не хочуць ісці ў школу.
  • Абавязкова адзначце Дзень ведаў. Схадзіце ўсёй сям'ёй у кафэ, пагуляйце па парку, зрабіце памятныя фотаздымкі. Можна падрыхтаваць для свайго першакласніка невялічкі сюрпрыз — падарыць у гэты дзень штосьці, пра што ён даўно марыў.
  • Вельмі часта, таму што дзіця ідзе ў першы клас, мама адным махам адмяняе ўсе гурткі (танцы, маляванне, спартыўную секцыю), якія яно наведвала дагэтуль. У сувязі з гэтым у малечы можа скласціся ўражанне, што школа — гэта нешта страшнае: як перад ураганам — дзверы зачыняем, вокны завешваем. Не варта абмяжоўвацца толькі ўрокамі. Наадварот, жыццё дзіцяці пасля пераходу ў школу павінна стаць яшчэ больш яркім і разнастайным.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Па матэрыялах https://zviazda.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Семейная педагогика

Г. Ф. Вечорко 

Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье. 

Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

2-е издание

30.47 руб. 

 

Семейная педагогика. Практикум

Г. Ф. Вечорко

Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

Издание доступно в электронном варианте в приложении "Школа в кармане".

35.78 руб.