Кожны дзясяты вучань 5—7 класаў адчуваў на сабе не толькі наступствы булінгу, але і разумеў, што з’яўляецца аб’ектам мэтанакіраванага цкавання. Да такой высновы прыйшлі ў выніку Міжнароднага параўнальнага даследавання PISA, у якім наша краіна прымала ўдзел чатыры гады назад.
7 важных крокаў
Згодна з даследаваннямі спецыялістаў, булiнг праяўляецца ў 2—7 класах. Гэта якраз той узрост, калі дзеці вучацца ўзаемадзейнiчаць у калектыве, прымяраюць на сябе пэўныя сацыяльныя ролі, пачынаюць разумець, якое месца яны займаюць у сістэме ўзаемаадносін.
Два гады назад 26 школ краіны далучыліся да эксперыментальнага праекта “Дружалюбнае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Ініцыятыву, якая накіравана на прафілактыку булінгу ў школе, рэалізуе Інстытут псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка пры падтрымцы ЮНІСЕФ. Для таго каб праект паказаў сваю эфектыўнасць, да ўдзелу ў ім прыцягнулі не толькі навучэнцаў 5—11 класаў, але і настаўнікаў і бацькоў.
Фестываль “Школа, свабодная ад гвалту (булінгу)”, які не так даўно прайшоў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, быў арганізаваны для таго, каб падвесці пэўныя вынікі.
“Фестываль праводзіўся з той мэтай, каб прааналізаваць, што было дасягнута за час рэалізацыі праекта ў 2021/2022 навучальным годзе, — тлумачыць загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт, кіраўнік эксперыментальнага праекта Ала Музычэнка. — Падчас двухдзённай праграмы ўдзельнікі ініцыятывы маглі падзяліцца назапашаным вопытам, умацаваць узаемадзеянне праектных школ паміж сабой, а таксама прыцягнуць навучэнцаў да распрацоўкі новых рашэнняў па прафілактыцы булінгу, у тым ліку ў анлайн-прасторы. Пілотная праграма праекта разлічана на 5 гадоў. Але нам было важна ўбачыць прамежкавыя вынікі, зразумець, што паказаў праект, і пачуць ад саміх дзяцей, што працуе больш эфектыўна, а над чым яшчэ трэба працаваць, паляпшаць. Наша мадэль праекта па барацьбе з булінгам — гэта вынік навукова-даследчай работы па адаптацыі харвацкай мадэлі “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”, якую ажыццяўляе БДПУ ў партнёрстве з прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Развіццю праекта садзейнічае Міністэрства адукацыі”.
Харвацкая мадэль была адаптавана пад нашы ўмовы і сёння праходзіць апрабацыю.
Мадэль увасабляецца дзякуючы сямі важным крокам і садзейнічае фарміраванню каштоўнасці ўзаемнай павагі ў вучняў. Безумоўна, за тым, наколькі правільна робяцца крокі, вядзецца назіранне. Так, да прафілактыкі гвалту далучаюць бацькоў, настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады”.
Чужыя ролі
Праект рэалізоўваецца з ўдзелам ментара — пазаштатнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. Яго пазіцыя мае відавочныя перавагі: пад яго наглядам ствараецца давернае ўзаемадзеянне з работнікамі, дзецьмі і бацькамі. Так адбываецца дзякуючы няўключанасці ментара ў сістэму субардынацыі і прафесійных адносін унутры школы. Спецыяліст павінен захоўваць нейтральную, але разам з гэтым кампетэнтную пазіцыю.
Канчатковым вынікам рэалізацыі мадэлі, на які працуюць усе без выключэння, з’яўляецца стварэнне ў школе ўмоў, якія будуць спрыяць псіхалагічнаму камфорту ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.
“Крокі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца работа праекта, у Харватыі праходзілі больш інтэнсіўна, — прыводзіць адрозненні А.Музычэнка. — Мы для нашых дзяцей зрабілі этапы рэалізацыі ідэі размеранымі, паступовымі. Сёння, пасля азнаямлення і навучання ўсіх удзельнікаў эксперыментальных пляцовак, пераходзім на этап, які патрабуе цэласнай сістэмы ўзаемадзеяння, рэагавання на сітуацыі булінгу ад усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Прасачыць эфектыўнасць рэалізацыі праекта ўдалося дзякуючы псіхадыягностыцы, якая праводзілася на пачатку і ў канцы навучальнага года. Назіранні псіхолагаў паказваюць, што ўключэнне навучэнцаў у ролю агрэсараў змяншаецца. Але, безумоўна, ёсць праблемныя класы, у якіх не ўсё так проста і праблема хутка не вырашыцца. Упэўнена: каб прыцягнуць увагу да булінгу, трэба гаварыць пра яго падчас бацькоўскіх сходаў, каб дарослыя разумелі, з чым дзіця можа сутыкнуцца ў класе”.
Безумоўна, актуальным з’яўляецца пытанне, ці можна разабрацца з сітуацыяй ганення толькі з адной пазіцыі — ахвяры альбо агрэсара, ці ўсё ж трэба звяртацца да групавой работы, якая здольна перайначыць свядомасць. Паколькі булінг — групавая з’ява, значыць, вырашаць праблему таксама трэба ў групе. Індывідуальная работа з ахвярай ці агрэсарам не будзе мець эфекту, а парады накшталт “дай здачы” ці “пасябруй з крыўдзіцелем“ не дапамогуць. Псіхалагічныя прыёмы не будуць працаваць на вынік да таго часу, пакуль не спыніцца цкаванне. Але як гэта зрабіць? Спачатку неабходна вывесці дзіця з сітуацыі булінгу, і ўжо толькі пасля гэтага з ім можа працаваць псіхолаг.
Булінг? Не ў маёй школе
У 2018 годзе ў нашай краіне ЮНІСЕФ правёў даследаванне на тэму гвалту ў школах. Аказалася, што кожны другі навучэнец падвяргаецца псіхалагічнаму насіллю з боку равеснікаў. Падлеткі сутыкаюцца з цкаваннем і ў анлайн-прасторы. Вынікі апытання ЮНІСЕФ, якое не так даўно праводзілася сумесна з адным з мабільных аператараў, паказала, што больш за 30% дзяцей сутыкаліся з запалохваннямі і цкаваннем у інтэрнэце. Так, 92,4% дзяцей ва ўзросце 6—17 гадоў карыстаюцца інтэрнэтам і праводзяць у ім каля 3 гадзін у дзень. Зразумела, чым больш старэйшае дзіця, тым больш часу яно знаходзіцца ў сетцы.
А 18,2% навучэнцаў старшых класаў падвяргаліся кібербулінгу, які здольны ўплываць на іх эмацыянальны і псіхалагічны стан.
Для таго каб інтэрнэт уяўляў сабой бяспечнае для дзяцей асяроддзе, з 2019 года ў краіне рэалізуецца сумесная інфармацыйная кампанія “За бяспечнае дзяцінства”, мэта якой — дапамагчы тым дзецям і падлеткам, якія сутыкнуліся з гвалтам у інтэрнэце.
Рэалізацыя праекта “Булінг? Не ў маёй школе” ўключае ў тым ліку дыягностыку гвалту і булінгу ў школах. Аб праблеме, калі яна становіцца відавочнай, паведамляюць бацькам і настаўнікам. А вучням агучваюць правілы паводзін і зносін. Безумоўна, на ўсіх этапах праекта працуе ментар.
Вучыцца на наступствах сваіх дзеянняў дзеці не ўмеюць. Сядзець і чакаць, пакуль навучэнцы пасталеюць, — няправільна. Пад ляжачы камень вада не цячэ, таму мы, псіхолагі і настаўнікі, павінны гэтаму паспрыяць.
Т.Фядотава
Вучні, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі праекта, вырашаюць, якія спосабы стварэння дружалюбнай атмасферы ў школе можна знайсці. Задача настаўнікаў і ментара — сказаць, наколькі правільна навучэнцы мысляць. Падчас правядзення фестывалю ў НДЦ “Зубраня” дзеці, удзельнікі праекта, многа разважалі пра тое, што садзейнічае ўзнікненню булінгу.
“Галоўная праблема булінгу — гэта яго наступствы, — упэўнена навучэнка гімназіі № 4 Мінска Вераніка Калтовіч. — Пастаянна быць аб’ектам кпінаў і здзекаў — гэта не значыць пасварыцца з кім-небудзь ці пачуць грубасць у свой адрас. Гэта так проста не забываецца і працягваецца даволі доўга і сістэматычна. А боль, нянавісць і крыўда нарастаюць, і так хочацца даць ім выхад! Я аналізавала статыстыку і ўбачыла, што да 10% дзяцей рэгулярна, раз у тыдзень, і 55% навучэнцаў час ад часу падвяргаюцца тым ці іншым формам жорсткага абыходжання з боку аднакласнікаў.
40% ахвяр школьнага цкавання наогул нікому ніколі пра гэта не гавораць. Я задумалася, як гэта: пражыць жыццё, хаваючы ў сабе ўсю злосць і пастаяннае жаданне адпомсціць, прагнучы справядлівасці. Здзекі, булінг, цкаванне — як ні назаві, у любым выпадку маюць накапляльны эфект.
Наша гімназія другі год удзельнічае ў праекце па барацьбе з булінгам. Таксама педагогі эфектыўна займаюцца работай у гэтым кірунку. Напрыклад, псіхолаг праводзіць трэнінгі, а на класных гадзінах мы карыстаемся методыкамі з дапаможніка, які быў падораны арганізатарамі праекта. Мы пастаянна ўдзельнічаем у ананімных апытаннях і, безумоўна, адчуваем падтрымку. На стэндах у нашай гімназіі многа антыбулінгавай інфармацыі, наклеек. Калі на іх гляджу і задумваюся аб праблеме, то разумею, што тут нас зразумеюць і выслухаюць, дапамогуць пазбегнуць цкавання. Школе не абыякавы нашы праблемы. Што тычыцца ўдзелу ў праекце, то ён тлумачыць школьнікам важнасць удзелу ў барацьбе з булінгам. Ва ўсіх, каго закранае гэтая тэма, узнікаюць розныя пачуцці. А навучэнцы нашай гімназіі змагаюцца з праблемай у тым ліку праз творчасць — малюнкі і вершы, што прысвечаны згаданай праблеме”.
Гімназія № 4 Мінска знаходзіцца ў праекце ўжо 2 гады. Са слоў педагога-псіхолага Таццяны Фядотавай, яго можна прымяняць не толькі для прафілактыкі булінгу.
“Комплекс заняткаў, які прапаноўваецца праграмай праекта, добра падыходзіць для згуртавання дзяцей у класе, — гаворыць з уласнага вопыту Т.Фядотава. — Распрацоўкі праекта — гэта знаходка. Я прымяняю яго для адаптацыі дзяцей у 5 класе. Калі праводзіла апытанне сярод навучэнцаў старшых класаў у фармаце індывідуальнай гутаркі, то цікавілася ў іх, для якіх класаў актуальная праблема булінгу. Яны ўсе без выключэння сказалі, што праект акутальны для тых, хто вучыцца ў 4—6 класах. І гэта насамрэч так. У гэтым узросце самакантроль у дзяцей толькі пачынае фарміравацца. І тым не менш, улічваючы прафілактычны складнік праекта — навучанне метадам вырашэння канфліктаў, ён будзе карысны для многіх. Калі дзіця здзяйсняе нейкі дрэнны ўчынак, мы адразу спрабуем увесці ў дачыненні да яго пэўныя абмежаванні. Калі звярнуцца да ідэі праекта, то ў ёй, наадварот, за аснову бярэцца размова з дзіцем. Важна яго паслухаць і пачуць, чаго не хапае, каб вучань у школе добра сябе адчуваў, каб хацеў хадзіць у школу.
Калі гэтая каштоўнасць парушаецца кімсьці ці сам вучань яе парушыў, то як гэта можна аднавіць? Заўважце, мы не думаем, як пакараць, а робім акцэнт менавіта на тым, як аднавіць тое, што сапсавана. Такі падыход — гэта пераварот у розумах дзяцей. Калі атрымаецца дапамагчы дзецям так думаць і рабіць, то гэта будзе вялікім дасягненнем праекта. Так, гэта складана, але магчыма. Неяк пацікавілася ў вучняў, якія правілы кантролю булінгу існуюць у нашай гімназіі. Яны здзівіліся, што ўвогуле ёсць такія правілы. Дзяжурныя па школе, савет прафілактыкі — гэта ўсё, зыходзячы з адказаў дзяцей, пра пакаранне. Затое пытанне наконт таго, як змяніць сітуацыю і зрабіць так, каб ніхто нікога не крыўдзіў, — вось што актуальна для кожнай школы.
Булінг — гэта вынік, ён ужо адбыўся. А як зрабіць так, каб яго не было? Над гэтым павінны падумаць усе. Многія лічаць, што булінг праходзіць з узростам: дзіця вырастае і разумее, што крыўдзіць некага, — гэта няправільна“.
Не сакрэт: у сiтуацыi булiнгу дзiця трансліруе тыя нормы паводзiн, якiя дапушчальныя ў калектыве, дзе яно знаходзiцца. Калі прыбраць з класа агрэсара альбо ахвяру, iх месца зойме нехта iншы. Відавочна, што праблема не ў канкрэтным вучнi, а ў тым, што так паводзiць сябе з аднакласнiкамi лiчыцца дапушчальным. Усё гэта чарговы раз пацвярджае, што да вырашэння праблемы булінгу і цкавання трэба падыходзіць абдумана. Вырашыць такія сітуацыі на раз-два не атрымаецца: яны патрабуюць вялікіх намаганняў. У першую чаргу патрэбны комплексны падыход, таму што праблема тычыцца не толькі дзяцей, але і бацькоў, настаўнікаў, а таксама адміністрацыі школы. Усе павінны быць зацікаўлены ў тым, каб праблема вырашылася з мінімальнымі псіхалагічнымі наступствамі для ўсіх без выключэння ўдзельнікаў спрэчкі.
Наталля САХНО, Настаўніцкая газета
«Народная асвета» рекомендует:
Педагогическое взаимодействие с родителями учащихся, требующих повышенного внимания
Н. А. Залыгина, М. Е. Минова
Пособие для педагогов учреждений образования, реализующих образовательные программы общего среднего образования, специальных учебно-воспитательных учреждений, специального лечебно-воспитательного учреждения.
В пособии представлены научно обоснованные и практико-ориентированные модели педагогического взаимодействия с родителями учащихся, требующих повышенного внимания, содержатся теоретические и методические материалы, которые помогут педагогам организовать и осуществить взаимодействие с родителями.
Адресуется учителям, классным руководителям, воспитателям, социальным педагогам и педагогам-психологам.
Г. Ф. Вечорко
Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье.
Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.
2-е издание
30.47 руб.
Семейная педагогика. Практикум
Г. Ф. Вечорко
Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.
Издание доступно в электронном варианте в приложении "Школа в кармане".
35.78 руб.