Кожны дзясяты вучань 5—7 класаў адчуваў на сабе не толькі наступствы булінгу, але і разумеў, што з’яўляецца аб’ектам мэтанакіраванага цкавання. Да такой высновы прыйшлі ў выніку Міжнароднага параўнальнага даследавання PISA, у якім наша краіна прымала ўдзел чатыры гады назад.

7 важных крокаў

Згодна з даследаваннямі спецыялістаў, булiнг праяўляецца ў 2—7 класах. Гэта якраз той узрост, калі дзеці вучацца ўзаема­дзейнiчаць у калектыве, прымяраюць на сябе пэўныя сацыяльныя ролі, пачынаюць разумець, якое месца яны займаюць у сістэме ўзаемаадносін. 

Два гады назад 26 школ краіны далучыліся да эксперыментальнага праекта “Дружалюбнае і падтрымліваючае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Ініцыятыву, якая накіравана на прафілактыку булінгу ў школе, рэалізуе Інстытут псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка пры падтрымцы ЮНІСЕФ. Для таго каб праект паказаў сваю эфектыўнасць, да ўдзелу ў ім прыцягнулі не толькі навучэнцаў 5—11 класаў, але і настаўнікаў і бацькоў.  

Фестываль “Школа, свабодная ад гвалту (булінгу)”, які не так даўно прайшоў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, быў арганізаваны для таго, каб падвесці пэўныя вынікі. 

“Фестываль праводзіўся з той мэтай, каб прааналізаваць, што было дасягнута за час рэалізацыі праекта ў 2021/2022 навучальным годзе, — тлума­чыць загадчык кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт, кіраўнік эксперыментальнага праекта Ала Музычэнка. — Падчас двухдзённай праграмы ўдзельнікі ініцыятывы маглі падзяліцца назапашаным вопытам, умацаваць узаема­дзеянне праектных школ паміж сабой, а таксама прыцяг­нуць навучэнцаў да распрацоўкі новых рашэнняў па прафілактыцы булінгу, у тым ліку ў анлайн-прасторы. Пілотная праграма праекта разлічана на 5 гадоў. Але нам было важна ўбачыць прамежкавыя вынікі, зразумець, што паказаў праект, і пачуць ад саміх дзяцей, што працуе больш эфектыўна, а над чым яшчэ трэба праца­ваць, паляп­шаць. Наша ма­дэль праекта па барацьбе з булінгам — гэта вынік навукова-даследчай работы па адаптацыі харвацкай ма­дэлі “Бяспечнае і падтрымліваючае асяроддзе ў школах”, якую ажыццяўляе БДПУ ў партнёрстве з прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Развіццю праекта садзейнічае Міністэрства адукацыі”. 

Харвацкая мадэль была адаптавана пад нашы ўмовы і сёння праходзіць апрабацыю.

Мадэль увасабляецца дзякуючы сямі важным крокам і садзейнічае фарміраванню каштоўнасці ўзаемнай павагі ў вучняў. Бе­зумоўна, за тым, наколькі правільна робяцца крокі, вядзецца назіранне. Так, да прафілактыкі гвалту далучаюць бацькоў, настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады”.

Чужыя ролі

Праект рэалізоўваецца з ўдзелам ментара — пазаштатнага ўдзельніка адука­цыйнага працэсу. Яго пазіцыя мае відавочныя перавагі: пад яго наглядам ствараецца давернае ўзаемадзеянне з работнікамі, дзецьмі і бацькамі. Так адбываецца дзякуючы няўключанасці ментара ў сістэму субардынацыі і прафесійных адносін унутры школы. Спецыяліст павінен захоўваць нейтральную, але разам з гэтым кампетэнтную пазіцыю.

Канчатковым вынікам рэалізацыі мадэлі, на які працуюць усе без выключэння, з’яўляецца стварэнне ў школе ўмоў, якія бу­дуць спрыяць псіхалагічнаму камфорту ўдзельнікаў адука­цыйнага пра­цэсу.

“Крокі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца работа праекта, у Харватыі праходзілі больш інтэнсіўна, — прыводзіць адрозненні А.Музычэнка. — Мы для нашых дзяцей зрабілі этапы рэалізацыі ідэі размеранымі, паступовымі. Сёння, пасля азнаямлення і навучання ўсіх удзельнікаў эксперы­ментальных пляцовак, пераходзім на этап, які патрабуе цэласнай сістэмы ўзаемадзеяння, рэагавання на сітуацыі булінгу ад усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Праса­чыць эфектыўнасць рэалізацыі праекта ўдалося дзякуючы псіхадыягностыцы, якая праводзілася на пачатку і ў канцы навучальнага года. Назіранні псіхолагаў паказ­ваюць, што ўключэнне навучэнцаў у ролю ­агрэсараў змяншаецца. Але, безумоўна, ёсць праблемныя класы, у якіх не ўсё так проста і праблема хутка не вырашыцца. Упэўнена: каб прыцягнуць увагу да булінгу, трэба гаварыць пра яго падчас баць­коўскіх сходаў, каб дарослыя разумелі, з чым дзіця можа сутыкнуцца ў класе”.   

Безумоўна, актуальным з’яўляецца пытанне, ці можна разабрацца з сітуацыяй ганення толькі з адной пазіцыі — ахвяры альбо агрэсара, ці ўсё ж трэба звяртацца да групавой работы, якая здольна перайначыць свядомасць. Паколькі булінг — групавая з’ява, значыць, вырашаць праблему таксама трэба ў групе. Індывідуальная работа з ахвярай ці аг­рэсарам не будзе мець эфекту, а парады накшталт “дай здачы” ці “пасябруй з крыў­дзіцелем“ не дапамогуць. Псіхалагічныя прыёмы не будуць праца­ваць на вынік да таго часу, пакуль не спыніцца цкаванне. Але як гэта зра­біць? Спачатку неабходна вывесці дзіця з сітуацыі булінгу, і ўжо толькі пасля гэтага з ім можа працаваць псіхолаг. 

Булінг? Не ў маёй школе

У 2018 годзе ў нашай краіне ЮНІСЕФ правёў даследаванне на тэму гвалту ў школах. Аказалася, што кожны другі навучэнец падвяргаецца псіхалагічнаму насіллю з боку равеснікаў. Падлеткі сутыкаюцца з цкаваннем і ў анлайн-прасторы. Вынікі апытання ЮНІСЕФ, якое не так даўно праводзілася сумесна з адным з мабільных аператараў, паказала, што больш за 30% дзяцей сутыкаліся з запалохваннямі і цкаваннем у інтэрнэце. Так, 92,4% дзяцей ва ўзросце 6—17 гадоў карыстаюцца інтэрнэтам і праводзяць у ім каля 3 гадзін у дзень. Зразумела, чым больш старэйшае дзіця, тым больш часу яно знаходзіцца ў сетцы. 

А 18,2% навучэнцаў старшых класаў падвяргаліся кібербулінгу, які здольны ўплываць на іх эмацыянальны і псіхалагічны стан. 

Для таго каб інтэрнэт уяўляў сабой бяспечнае для дзяцей асяроддзе, з 2019 года ў краіне рэалізуецца сумесная інфармацыйная кампанія “За бяспечнае дзяцінства”, мэта якой — дапамагчы тым дзецям і падлеткам, якія сутыкнуліся з гвалтам у інтэрнэце. 

Рэалізацыя праекта “Булінг? Не ў маёй школе” ўключае ў тым ліку дыягностыку гвалту і булінгу ў школах. Аб праблеме, калі яна становіцца відавочнай, паведамляюць бацькам і настаўнікам. А вучням агуч­ваюць правілы паводзін і зносін. Безумоўна, на ўсіх этапах  праекта  працуе ментар.

Вучыцца на наступствах сваіх дзеянняў дзеці не ўмеюць. Сядзець і чакаць, пакуль навучэнцы пасталеюць, — няправільна. Пад ляжачы камень вада не цячэ, таму мы, псіхолагі і настаўнікі, павінны гэтаму паспрыяць.

Т.Фядотава

Вучні, якія з’яўляюцца галоўнымі героямі праекта, вырашаюць, якія спосабы стварэння дружалюбнай атмасферы ў школе можна знайсці. Задача настаўнікаў і ментара — сказаць, наколькі правільна навучэнцы мысляць. Падчас правя­дзення фестывалю ў НДЦ “Зубраня” дзеці, удзельнікі праекта, многа разважалі пра тое, што садзейнічае ўзнікненню булінгу. 

“Галоўная праблема булінгу — гэта яго наступствы, — упэўнена навучэнка гімназіі № 4 Мінска Вераніка Калтовіч. — Пастаянна быць аб’ектам кпінаў і здзекаў — гэта не значыць пасварыцца з кім-небудзь ці па­чуць грубасць у свой адрас. Гэта так проста не забываецца і працягваецца даволі доўга і сістэматычна. А боль, нянавісць і крыўда нарастаюць, і так хочацца даць ім выхад! Я аналізавала статыс­тыку і ўбачыла, што да 10% дзяцей рэгулярна, раз у тыдзень, і 55% навучэнцаў час ад часу падвяргаюцца тым ці іншым формам жорсткага абыходжання з боку адна­класнікаў. 

40% ахвяр школьнага цкавання наогул нікому ніколі пра гэта не гаво­раць. Я задумалася, як гэта: пражыць жыццё, хаваючы ў сабе ўсю ­злосць і пастаяннае жаданне адпом­сціць, прагнучы справядлівасці. Здзекі, булінг, цкаванне — як ні назаві, у любым выпадку маюць накапляльны эфект.

Наша гімназія другі год удзельнічае ў праекце па барацьбе з булінгам. Таксама педагогі эфектыўна зай­маюцца работай у гэтым кірунку. Напрыклад, псіхолаг право­дзіць трэнінгі, а на класных га­дзінах мы карыстаемся методыкамі з дапаможніка, які быў падораны арганізатарамі праекта. Мы пастаянна ўдзельнічаем у ананімных апытаннях і, безумоўна, адчуваем падтрымку. На стэндах у нашай гімназіі многа антыбулінгавай інфармацыі, наклеек. Калі на іх гляджу і задумваюся аб праблеме, то разумею, што тут нас зразумеюць і выслухаюць, дапамогуць пазбегнуць цкавання. Школе не абыякавы нашы праблемы. Што тычыцца ўдзелу ў праекце, то ён тлума­чыць школьнікам важнасць ­удзелу ў барацьбе з булінгам. Ва ўсіх, каго закранае гэтая тэма, узнікаюць розныя пачуцці. А навучэнцы нашай гімназіі змагаюцца з праблемай у тым ліку праз творчасць — малюнкі і вершы, што прысвечаны згаданай праблеме”. 

Гімназія № 4 Мінска знаходзіцца ў праекце ўжо 2 гады. Са слоў педагога-псіхолага Таццяны Фядотавай, яго можна прымяняць не толькі для прафілактыкі булінгу. 

“Комплекс заняткаў, які прапаноўваецца праграмай праекта, добра падыхо­дзіць для згуртавання дзяцей у класе, — гаворыць з уласнага вопыту Т.Фядотава. — Распрацоўкі праекта — гэта знаходка. Я прымяняю яго для адаптацыі дзяцей у 5 класе. Калі праводзіла апытанне сярод навучэнцаў старшых класаў у фармаце індывідуальнай гутаркі, то цікавілася ў іх, для якіх класаў актуальная праблема булінгу. Яны ўсе без выключэння сказалі, што праект акутальны для тых, хто вучыцца ў 4—6 класах. І гэта насамрэч так. У гэтым узросце самакантроль у дзяцей толькі пачынае фарміравацца. І тым не менш, улічваючы прафілактычны складнік праекта — навучанне метадам вырашэння канфліктаў, ён будзе карысны для многіх. Калі дзіця здзяйсняе нейкі дрэнны ўчынак, мы адразу спрабуем увесці ў дачыненні да яго пэўныя абмежаванні. Калі звярнуцца да ідэі праекта, то ў ёй, наадварот, за аснову бярэцца размова з дзіцем. Важна яго паслухаць і пачуць, чаго не хапае, каб вучань у школе добра сябе адчуваў, каб хацеў хадзіць у школу. 

Калі гэтая каштоў­насць парушаецца кімсьці ці сам вучань яе парушыў, то як гэта можна адна­віць? Заўважце, мы не думаем, як пакараць, а робім акцэнт менавіта на тым, як аднавіць тое, што сапсавана. Такі падыход — гэта пера­варот у розумах дзяцей. Калі атрымаецца дапамагчы дзецям так ду­маць і рабіць, то гэта будзе вялікім дасягненнем праекта. Так, гэта складана, але магчыма. Неяк пацікавілася ў вучняў, якія правілы кантролю булінгу існуюць у нашай гімназіі. Яны здзівіліся, што ўвогуле ёсць такія правілы. Дзяжурныя па школе, савет прафілактыкі — гэта ўсё, зыходзячы з адказаў дзяцей, пра пакаранне. Затое пытанне наконт таго, як змя­ніць сітуацыю і зра­біць так, каб ніхто нікога не крыў­дзіў, — вось што актуальна для кожнай школы. 

Булінг — гэта вынік, ён ужо адбыўся. А як зрабіць так, каб яго не было? Над гэтым павінны паду­маць усе. Многія лічаць, што булінг праходзіць з узростам: дзіця вырастае і ра­зумее, што крыўдзіць некага, — гэта няправільна“. 

Не сакрэт: у сiтуацыi булiнгу дзiця трансліруе тыя нормы паводзiн, якiя дапушчальныя ў калектыве, дзе яно знаходзiцца. Калі прыбраць з класа ­агрэсара альбо ахвяру, iх месца зойме нехта iншы. Відавочна, што праблема не ў канкрэтным вучнi, а ў тым, што так паво­дзiць сябе з аднакласнiкамi лiчыцца дапушчальным. Усё гэта чарговы раз пацвярджае, што да вырашэння праблемы булінгу і цкавання трэба падыхо­дзіць абдумана. Вырашыць такія сітуацыі на раз-два не атрымаецца: яны патрабуюць вялікіх намаганняў. У першую чаргу патрэбны комплексны падыход, таму што праблема тычыцца не толькі дзяцей, але і бацькоў, настаўнікаў, а таксама адміністрацыі школы. Усе павінны быць зацікаўлены ў тым, каб праблема вырашылася з мінімальнымі псіхалагічнымі наступствамі для ўсіх без выключэння ўдзельнікаў спрэчкі.

Наталля САХНО, Настаўніцкая газета

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Педагогическое взаимодействие с родителями учащихся, требующих повышенного внимания

 Н. А. Залыгина, М. Е. Минова

Пособие для педагогов учреждений образования, реализующих образовательные программы общего среднего образования, специальных учебно-воспитательных учреждений, специального лечебно-воспитательного учреждения.

В пособии представлены научно обоснованные и практико-ориентированные модели педагогического взаимодействия с родителями учащихся, требующих повышенного внимания, содержатся теоретические и методические материалы, которые помогут педагогам организовать и осуществить взаимодействие с родителями.

Адресуется учителям, классным руководителям, воспитателям, социальным педагогам и педагогам-психологам.

 

28.38  руб. 
 
 

Г. Ф. Вечорко 

Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье. 

Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

2-е издание

30.47 руб. 

 

Семейная педагогика. Практикум

Г. Ф. Вечорко

Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.

Издание доступно в электронном варианте в приложении "Школа в кармане".

35.78 руб.