Адпаведнае палажэнне зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі ад 5 ліпеня 2022 года № 175.
Мэта правядзення конкурсу — актывізацыя навукова-даследчай работы студэнтаў. Асноўныя задачы — стварэнне ўмоў для рэалізацыі творчых здольнасцяў студэнтаў, паглыбленне іх тэарэтычнай і навукова-практычнай падрыхтоўкі, авалоданне навыкамі выкарыстання навуковых ведаў, а таксама садзейнічанне актыўнаму ўключэнню студэнтаў у сферу навуковай дзейнасці.
Тэрміны і ўмовы правядзення, склад арганізацыйнага камітэта конкурсу штогод да 1 кастрычніка вызначаюцца загадам міністра адукацыі.
У конкурсе могуць прымаць удзел як індывідуальныя, так і калектыўныя работы студэнтаў і выпускнікоў ВНУ, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў год яго правядзення. Вылучэнне і разгляд навуковых работ ажыццяўляецца ў два этапы.
Арганізацыйнае і інфармацыйнае забеспячэнне конкурсу ажыццяўляе БДУ. Яно ўключае суправаджэнне інфармацыйна-аналітычнай сістэмы, забеспячэнне функцыянавання афіцыйнага сайта конкурсу, каардынацыю работы конкурсных камісій, а таксама збор, апрацоўку і аналіз інфармацыі па выніках конкурсу.
Палажэннем таксама вызначаны парадак прадстаўлення навуковых работ, іх разгляд конкурснымі камісіямі і падвядзенне вынікаў конкурсу.
Пастанова нумар 175 уступае ў сілу з 1 верасня 2022 года.
Надзея НІКАЛАЕВА
Крыніца: «Звязда»