Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Дзіцячыя пісьменнікі абавязкова павінны быць крыху чараўнікамі і пачынаць ладзіць дзівосы ад самага пачатку стварэння кнігі. Калі я пішу новую казку, то ператвараюся ў Кніжную фею і пад вокладку хаваю нешта чароўнае, цікавае, карыснае, вясёлае, прыгодніцкае, фантазійнае... Дадаю ў творы драбок чараўніцтва, бязмерны кубачак дабрыні, шчодрую жменю цікавостак, яркае дражэ весялосці, зярняткі духоўных каштоўнасцей і загадкавы, непрадказальны на смак кампанент — для вастрыні сюжэта. Усё самае лепшае для сваіх чытачоў! А якія яны?

Уяўленне малюе цудоўных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія любяць чытаць. У іх пакоях месцяцца паліцы з кнігамі, штовечар яны бяруць адтуль нейкі асобнік і чытаюць перад сном. Радасна, калі ў іх хатніх бібліятэках ёсць і мае кнігі. Ідэальныя чытачы. Дакладна ведаю: такія існуюць! Мне выпала пісьменніцкае шчасце асабіста пазнаёміцца з такімі аматарамі чытання. Як расцвітае сэрца, калі хлопчыкі і дзяўчынкі расказваюць, што прачыталі мае кнігі, што яны ім вельмі спадабаліся і што чакаюць наступных гісторый пра герояў — ужо добрых сяброў.

Вельмі радуюся тым, хто прачытаў усе мае творы. Згадаю пра трох такіх аматараў: прыходзілі на мае творчыя сустрэчы два хлопчыкі, якія маюць у хатняй бібліятэцы ўсе мае кнігі. Першыя выданні, якіх даўно не знойдзеш у крамах, перайшлі ім у спадчыну ад старэйшых братоў-сясцёр. Трэцяя ў гэтай выдатнай кампаніі — дзяўчынка Даша — адзінае дзіця ў сям’і. Мама чытала ёй з пялюшак і мае казкі таксама! У іх асабістай бібліятэцы не было толькі самай першай маёй кнігі «Падарожжы ў Чароўны лес». І сталася так таму, што кніга выходзіла ў 2008 годзе, калі Даша яшчэ не нарадзілася. З вялікім задавальненнем я падарыла сваёй чытачцы экзэмпляр. 

Але не толькі такімі ідэальнымі мне ўяўляюцца мае чытачы. Дакладна ведаю, што яны бываюць розныя. І часам некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі ніколі б не сталі маімі чытачамі, бо... проста не любяць чытаць. Каб перамяніць сітуацыю, Кніжная фея на крылах натхнення ляціць на сустрэчы з дзецьмі ў бібліятэкі, школы, дзіцячыя садкі... І стараецца ператварыць звычайных хлопчыкаў і дзяўчынак у чытачоў! Не раз чула ад дарослых скептыкаў: «Ты столькі намаганняў, энергіі, часу, фінансаў траціш на паездкі, выступленні. Замаўляеш майстрам фееўскія строі, казачныя атрыбуты, лялькі-персанажы. Хіба патрэбны сучасным дзецям кнігі? Думаеш, усіх зацікавіш чытаннем, калі ў іх руках тэлефоны?..» Усіх, можа, і не зацікаўлю, але канкрэтных дзяцей (і іх нямала!) атрымалася! Я ведаю гэта праз зваротную сувязь не толькі з маімі юнымі чытачамі, але і іх бацькамі, якія пішуць мне ў сацсеткі. Грэюць пісьменніцкае сэрца паведамленні: «Вы сапраўдная Кніжная фея! Сын не цікавіўся кнігамі, а тую, што набыў пасля сустрэчы, чытае!», «Я не думала, што маё дзіця можа ўзяцца за чытанне без прымусу. Пасля знаёмства з вамі было столькі эмоцый, радасці і... з’явілася прага чытаць!», «Мая дачка з жаданнем чытала кнігі толькі на рускай мове. Урокі беларускай мовы і чытання не любіла. Вы здзейснілі нейкі цуд! Зачаравалі яе! Набылі ўжо некалькі вашых кніг, і яна чытае іх з вялікім задавальненнем. А калі ў другім паўгоддзі стала больш урокаў беларускай мовы — яна ўзрадавалася, бо палюбіла роднае слова. Вялікі дзякуй вам, Кніжная фея!», «На кніжнай выставе пасля праведзенай вамі цудоўнай прэзентацыі купілі вашы шахматныя казкі з аўтографам. Гэта першае, што прачытала наша дачушка на роднай мове. Хутка пойдзем набываць наступную — ваша юная чытачка хоча пазнаёміцца з лісачкай Красуняй!», «Дзякуй вам за цікавыя кнігі! Чытаю іх па вечарах сваім дзеткам. Слухаюць з задавальненнем, мы цудоўна праводзім час разам. А яшчэ ў нас добрай традыцыяй сталі пастаноўкі. Дзеці — рэжысёры і акцёры. Вашы персанажы на дамашняй сцэне штовечар. Спектакль пра Вухуціка — хіт сезона!» 

Пачытаеш такія водгукі, і думаецца, што шмат зроблена, і такі вынік пісьменніцкай працы натхняе. Але ж гэтага недастаткова. Яшчэ шмат дзяцей, хто не адкрыў для сябе дзівосны свет чытання. Зрабіць сваім чытачом таго, хто не бярэ кнігу ў рукі, — задача няпростая. Такіх прэтэндэнтаў на далейшае сяброўства з кнігай я завабліваю рознымі цікавосткамі, якія дадаю пад вокладку. Каб пазнаёміцца з выданнем, замест чытання анатацыі можна паглядзець буктрэйлер, схаваны ў QR-кодзе, — мульцікі дакладна любяць усе! Вось дзіця яшчэ ніводнага радка не прачытала, а ўжо мае ўяўленне, пра што кніга. Хутчэй за ўсё возьме і пагартае яе. І абавязкова знойдзе сярод прыгожых яркіх малюнкаў яшчэ схаваныя сюрпрызы і напаткае гульню-вандрульню. А гуляць любяць усе дзеці. І вось прэтэндэнту на сяброўства кніга ўжо падабаецца, бо яна паказвае мульцік, запрашае ў квэст-падарожжа, тэлепартуе, дае спасылкі на спампоўку арыгінальных стыкераў, прапаноўвае раздрукаваць размалёўкі, паказвае творчыя майстар-класы, перакручваецца дагары нагамі... Ну і забаўка-хадзілка ёсць.

Хутчэй за ўсё, гуляць з кнігай будуць! Але ж гульня-вандрульня і іншыя цікавосткі створаны па сюжэце кнігі, так што і тут я імкнуся надаць матывацыю да прачытання. Спадзяюся, нешта абавязкова спрацуе, і прэтэндэнт стане маім чытачом. Шчасце мець менавіта такіх!

Я пішу на роднай мове. І тут бываюць прыкрыя моманты з патэнцыйнымі чытачамі. Часам дзеці яшчэ на самым пачатку сустрэчы прызнаюцца, што не разумеюць беларускую мову. Тады я абяцаю напрыканцы растлумачыць ім усё, што яны не зразумеюць. Пазней высвятляецца, што пытанняў няма, бо цудоўна ўсвядомілі сэнс. Дзеці не адмаўляюцца ад кніг, напісаных пабеларуску, гэта, хоць і рэдка, але здараецца з бацькамі. Працую ў гэтым кірунку, здаецца, вынікі ёсць. Дык ці атрымаецца зрабіць чытачамі ўсіх? Гэта праца бясконцая, пастаянная і вельмі патрэбная. А ў нас столькі цудоўных пісьменнікаў! Мы ладзім цуды разам, кожны ў сваім амплуа, са сваімі героямі і сюжэтамі. Кнігі, сустрэчы, імпрэзы... У дзіцячых сэрцах гэта абавязкова адгукнецца!

Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ, Звязда

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Зорка нябесная, зорка зямная

Кацярына Хадасевіч-Лісавая

Нас заўсёды прываблівалі прыгожыя зорныя далячыні, хацелася спазнаць іх таямніцы. У выданні, якое вы трымаеце ў руках, адкрываюцца самыя запаветныя сакрэты бязмежнага космасу. Гэта больш чым навуковыя даследаванні, больш чым назіранне з дапамогай тэлескопаў. Гэта прыгожая рамантычная казка... Кніга пазнаёміць чытачоў з самай абаяльнай зоркай, якая таемна пабывала на Зямлі.

Фантастычныя пераўвасабленні і казачныя падзеі… Праз усё гэта давядзецца прайсці юным чытачам з незвычайным персанажам кнігі.

Стоимость – 17.33 руб.

Ссылка на подкаталог – Серия "Страна чудес"