У дзяцінстве яна жыла ў бэзавым доме — менавіта ў такі незвычайны колер быў пафарбаваны шматпавярховы дом у гарадскім пасёлку Краснасельскі, што на Ваўкавышчыне. У такім доме лёгка было захапіцца паэзіяй. Пра конкурс рукапісаў імя Цёткі, першы верш, напісаны па-беларуску, падтрымку творчых жанчын «Алеся» гутарыць са старшынёй Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Людмілай КЕБІЧ. 

Візітка

Людміла Кебіч — паэтэса, празаік, перакладчыца. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Пераможца Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор года» ў намінацыі «Песенны жанр» (2010 год). Аўтар 22 кніг, сярод іх — зборнікі вершаў «Зялёная рутвіца», «На беразе белай ракі», «Бэзавы дом». Рукапіс «Трыялеты. Тэрцыны. Рандэлі» стаў пераможцам ІІІ абласнога літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі «Паэзія».

На Прынямонні шануюць класікаў

— У якіх падзеях, імпрэзах удзельнічала ваша творчая суполка ў Год гістарычнай памяці і 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа? 

— Вясной мы ўдзельнічалі ў акцыі «Чытаем Купалу разам», якую традыцыйна зладзіў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Па запрашэнні калег з Магілёўскага аддзялення СПБ у Стоўбцах паўдзельнічалі ў цырымоніі падвядзення вынікаў адкрытага Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, прысвечанага юбілею нашых класікаў. Пабывалі ў коласаўскіх мясцінах — мемарыяльнай сядзібе Акінчыцы, у Альбуці, Смольні.

У чэрвені гродзенскіх пісьменнікаў прымаў горад Маладзечна і Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Тады ж наведалі Вязынку, дзе ўшанавалі памяць Янкі Купалы.

Плануем выдаць калектыўны зборнік вершаў — прысвячэнняў класікам беларускай літаратуры: найперш Янку Купалу і Якубу Коласу, а таксама Максіму Багдановічу, Цётцы, Элізе Ажэшцы, іншым творцам. Дарэчы, у гэты зборнік увойдуць вершы і паэтаў-аматараў. 

Сёлета нашы літаратары публікаваліся ў калектыўных зборніках «Чарнабыльніку вечная горыч», «Жаночыя мары» і ў зборніку серыі «Беларусь літаратурная», у якім выдавецтва «Мастацкая літаратура» да Дня беларускага пісьменства прадставіла творы членаў усіх абласных аддзяленняў.

— Што робіцца, каб у літаратуру прыходзілі новыя маладыя аўтары?

— У нас дзейнічаюць грамадская літаратурная школа, дыскусійны клуб «Словадром». Працуем з літаратурнымі аб’яднаннямі вобласці. Стараемся, каб нашы праекты не мелі аналагаў, і гэта ў нас атрымліваецца. У ліпені правялі ў яблыневым садзе Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага паэтычную сустрэчу «Раскоша летняга радка», прысвяцілі яе творчасці маладых паэтаў. 
Кожныя два гады Гродзенскае аддзяленне СПБ выдае альманах «На Нёманскай хвалі». У нядаўнім, сёмым, нумары прадстаўлена творчасць 42 аўтараў. З’явіліся новыя імёны, сярод іх — маладая паэтэса Кацярына Ігнацюк. 

З прысвячэннем Цётцы 

— Жанчыны часцей за мужчын сыходзяць з літаратуры праз сямейныя клопаты. Ці спрабуеце неяк уплываць на гэтую сітуацыю? 

— Вельмі стараемся. Я сама рана пачала пісаць і друкавацца, а калі нарадзіліся дзеці, змоўкла надоўга. Потым пачала пісаць зноў — у вольныя хвіліны, па начах. 

Далучаем творчых жанчын да нашых імпрэз, конкурсаў. Антаніну Нурэтдзінаву, выкладчыцу Гродзенскага ўнівесітэта, накіравалі ў Брэст на конкурс паэзіі, яна заняла там першае месца. Вікторыя Смолка — маладая паэтэса, член СПБ, піша цудоўныя вершы на беларускай мове. Кацярыне Ігнацюк мы параілі прапанаваць рукапіс на конкурс імя Цёткі. Перамога ў намінацыі «Адкрыццё года» дапаможа ёй выдаць кнігу. 

— Конкурс імя Цёткі, лісты да Алаізы Пашкевіч... Ці абуджае ўсё гэта ў гродзенцах цікавасць да літаратуры, жаданне шанаваць роднае слова, як заклікала іх знакамітая зямлячка? 

— Так. Літаратурны конкурс яе імя існуе з 2011 года. Наша зямлячка абуджала свядомасць беларусаў, найперш жанчын, яна — паэтэса-патрыётка, аўтарка «Першага чытання для дзетак беларусаў». Штогод наведваем Астрынскую школу імя Алаізы Пашкевіч у Шчучынскім раёне і музей Цёткі, дзе выступаем перад аматарамі літаратуры. Падчас працы ў Гродзенскім каледжы мастацтваў я напісала прысвечаную Цётцы паэму «Запалі лучыну, маці». Студэнты каледжа па ёй паставілі спектакль, ён дужа спадабаўся вядомай даследчыцы творчасці Алаізы Пашкевіч Валянціне Коўтун. Думаю, нашы намаганні спрыяюць павазе гродзенцаў да роднай літаратуры. 

Першы верш па-беларуску напісала пра Радзіму

— Калі часцей хочацца звярнуцца да паэзіі — у хвіліны радасці або суму?

— Пісаць вершы мне хочацца заўсёды. Пішу, калі не замінаюць паўсядзённыя клопаты і застаюся адна. Калі не спіцца, калі хварэю... вершы нібыта ўзнікаюць перада мной, а я толькі запісваю. У першую чаргу лічу сябе паэткай, хоць люблю пісаць і празаічныя творы — апавяданні, лірычныя мініяцюры, часам аповесці.

— Кніга «Бэзавы дом» — пра Беларусь, горад Гародню, пра малую радзіму: «Там, сярод густых лясоў яловых, / дзе спакон жылі мае дзяды, / я адчула спеўнасць роднай мовы, / палюбіла край свой назаўжды». А з чаго пачалася любоў да беларускай мовы?

— Першы верш я напісала яшчэ ў пачатковай школе, а першы па-беларуску — калі мне было сямнаццаць гадоў. Напісала яго, натхнёная песняй «Радзіма мая дарагая». З таго часу пішу вершы толькі на роднай мове. Любоў да яе — з сям’і, ад маіх вясковых бабуль, якія спявалі народныя песні. Я слухала, запамінала, сама спявала з імі. У юнацтве наведвала Гудзевічы, дзе настаўнік, краязнаўца Алесь Белакоз стварыў беларускі літаратурна-краязнаўчы музей. Туды па яго запрашэнні прыязджалі пісьменнікі Гродзеншчыны і са сталіцы. Вершы чыталі Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, а я сядзела ў куточку і лавіла кожнае іх слова. Калі пачала сама пісаць, Алесь Мікалаевіч Белакоз ухваліў і параіў: «Людачка, пішы пра Радзіму». 

Літаратурныя сустрэчы ў Гудзевічах сталі традыцыйнымі.

— Вашы вершы музыкальныя, некаторыя стылізаваныя пад народныя песні. Адкуль такое веданне традыцыйнай паэтычнай культуры?

— У першую чаргу, ад мамы і таты, ад цудоўных настаўнікаў Краснасельскай школы, вучобы на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. А раней скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча, дзе знаёмілася са старадаўняй народна-песеннай творчасцю. Мае бацькі былі настаўнікамі, я расла ў асяроддзі, дзе шмат чыталі, размовы вяліся пра літаратуру, мастацтва. Мама пісала вершы, тата граў на многіх музычных інструментах, добра спяваў, вучыў мяне песням на розных мовах — на беларускай, польскай, чэшскай... 

— Вы аўтар кнігі «Трыялеты. Тэрцыны. Рандэлі»... Ці варта сёння ўваскрашаць тыя архаічныя формы? 

— Напачатку я проста хацела паспрабаваць. Люблю санеты Адама Міцкевіча, санеты і трыялеты Максіма Багдановіча. І я пачала гуляць з паэтычнымі формамі — а потым трыялеты, тэрцыны, рандэлі паліліся такім патокам, што сама не заўважыла, як напісала кнігу. 

Пра жаночы род і пакліканне

— Ваша лірычная гераіня моцна стаіць на зямлі, бо ўплецена каранямі ў свой род. І ў той жа час яна — паэтка... Як адшукаць гармонію жанчыне-творцы, калі крылы клічуць угору, а жыццё прымушае клапаціцца аб зямным? 

— Раю жанчынам не закопваць у зямлю свой талент. Ісці праз церні. Калі пісаць — ваша пакліканне, вы ўсё роўна да яго вернецеся. Усюды будуць чакаць знакі лёсу, да іх трэба прыслухоўвацца. І ніколі не здавацца. Хочацца пісаць — ідзіце сваім шляхам. Як зразумець, ці ваш гэта шлях? Вельмі проста. Калі займаецеся творчасцю, і вам добра, лёгка, радасна, значыць, гэта вашае. 

— Вы неяк казалі, што натхненне да стварэння кніг для дзяцей чэрпаеце ва ўласных унуках... 

— У мяне трое дзяцей, чацвёра ўнукаў — маё жаночае шчасце. Унук Аляксей ужо жанаты, ён лінгвіст, ведае некалькі замежных моў, у тым ліку японскую і шведскую. Унучка Валянціна скончыла ўніверсітэт, вучыцца на другім курсе магістратуры па спецыяльнасці «робататэхніка». Алеся паступіла ў каледж мастацтваў, яна выдатна малюе, праілюстравала адну з маіх кніг. А малодшая ўнучка Мар’яна нядаўна пачала складаць песні і напісала іх ажно тры адразу! Дарэчы, кожнаму з унукаў я прысвяціла і выдала кнігі. 

— Чым захапляецеся, акрамя літаратуры?

— Пішу музыку — хоць раз у тыдзень стараюся сесці за фартэп’яна. Вельмі люблю чытаць. Шмат чытаю кніг беларускіх аўтараў. 

— Над чым працуеце цяпер? 

— Пішуцца вершы. Мінулым летам напісала паэму пра вёску, пра мой род, пра дом, які будаваў дзед, — у тым доме нарадзіўся мой тата і яго сем братоў. Хацела б выдаць кніжку паэзіі, кніжку загадак для дзяцей. Падрыхтавала да выдання кнігу прозы. Цяпер працую над цыклам вясковых гісторый. Так што сумаваць няма калі.

Гутарыла Алена БРАВА
Фота з асабістага архіва Л. Кебіч

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Па матэрыялах https://zviazda.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

Рай для адзіноты

 Людміла Кебіч

Вершы і паэмы кнігі малююць шырокую панараму жыцця лірычнай гераіні, якая ў многім падобная аўтару. Гэты вобраз багаты і шматгранны, ён праходзіць пэўную эвалюцыю ад "простай жанчыны", маці, грамадзянкі да глыбокага філосафа, патрыёта, чалавека высокай маралі і вялікай моцы духу. Для паэзіі Людмілы Кебіч характэрна выяўленне эмацыянальных уражанняў, эстэтычна афарбаваных роздумаў, пазарацыянальных адчуванняў і памкненняў. Ідэйна-сэнсавымі дамінантамі.  

 

Бэрак, Бэрак, дай цукерак!

Людміла Кебіч 

Міфалагічныя персанажы беларускага фальклору і ў наш час могуць зацікавіць дзяцей і паспрыяць іх выхаванню, папоўніць спіс слушных парад сучасным матулям, настаўнікам і выхавацелям. Чытайце гэтую кніжку, малюйце персанажаў, якія найбольш спадабаліся, завучвайце вершы на памяць.
Адрасуецца дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, бацькам і выхавацелям.

 

 

Як Алеська пальчыкі лічыла

Людміла Кебіч 

Ёсць жаданне падняць сабе настрой і ад душы пасмяяцца? Гэта кніжка для вас! Пісьменніца Людміла Кебіч радуе чытачоў вясёлымі апавяданнямі-мініяцюрамі пра тое, што можна пачуць ад маленькіх «філосафаў», сыноў і дачок, унукаў і ўнучак. Чытайце кнігу ўсёй сям’ёй і ўсміхайцеся.

 

Книги можно приобрести в магазинах ОАО «Белкнига», РУП «Академкнига», книжном магазине «Адукацыя», а также найти в библиотеках страны.