Штогод у свеце сярод дзяўчынак ва ўзросце 15—19 гадоў рэгіструецца 12 мільёнаў выпадкаў родаў (у краінах, якія развіваюцца), 10 мільёнаў выпадкаў непажаданай цяжарнасці, 5,6 мільёна абортаў, прычым 3,9 мільёна з іх носяць небяспечны характар, што спрыяе росту мацярынскай смяротнасці. Трэба сказаць, што ў Беларусі зніжэнне мацярынскай смяротнасці адбываецца хутчэй, чым у іншых краінах, і яна складае ўсяго два выпадкі на 100 тысяч родаў. Пры гэтым праўдзівая і правераная інфармацыя пра рэпрадуктыўнае здароўе, у прыватнасці прафілактыку інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, падлеткавую цяжарнасць і аборты, мусіць быць даступнай для маладых людзей і дзяўчат. Але як правільна падаваць яе моладзі?
Ініцыятары размоў — бацькі
У 2020 годзе ў Беларусі было праведзена даследаванне, якое складалася з выбарачнага апытання бацькоў школьнікаў ад 6 да 18 гадоў. Апыталі каля 1000 рэспандэнтаў, з якіх 53,7 % — жанчыны.
Больш за 60 % бацькоў выступалі ініцыятарамі размоў з дзецьмі на інтымныя тэмы. Але палове з іх было складана падабраць словы, якія адпавядаюць узросту дзіцяці, 37 % зведвалі пачуццё няёмкасці пры размове, 23 % не змаглі зразумела растлумачыць тое, што хацелі данесці, у 21 % узніклі сумненні ў дакладнасці ўласных ведаў.
Дарэчы, амаль палова рэспандэнтаў мяркуе, што пытаннямі палавога выхавання павінны займацца ў роўнай ступені школа і бацькі. Больш за 60 % адносіцца да адукацыйных праграм у галіне палавога развіцця і здароўя станоўча, 15,2 % — нейтральна. І толькі зусім невялікі працэнт бацькоў баіцца, што адукацыйныя праграмы такога кшталту могуць нанесці шкоду дзіцяці.
Інфармацыя мусіць адпавядаць узросту
Многія бацькі, асабліва тыя, у якіх дзеці яшчэ не дасягнулі школьнага ўзросту, задаюцца пытаннем: а ці не малое маё дзіця для падобнай інфармацыі? Адказ на яго дае дзіцячы і падлеткавы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Вольга Дрыла:
— Любая інфармацыя можа падавацца ў адпаведнасці з узростам дзіцяці. Напрыклад, дашкольнік не маленькі для інфармацыі аб тым, як называюцца яго палавыя органы. І наогул, палавое выхаванне — гэта не толькі тое «страшнае» слова з чатырох літар. Гэта вельмі шырокая інфармацыя для розных узростаў. Яна датычыцца як фізіялагічных, так і псіхалагічных аспектаў сталення дзіцяці. Сюды ўваходзіць інфармацыя, напрыклад, аб асабістых межах, аб зменах, якія адбываюцца з целам пры палавым саспяванні, аб супрацьзачаткавых сродках і многае іншае.
Калі бацькі перажываюць, ці змогуць правільна і проста растлумачыць дзіцяці нейкія рэчы, Вольга Дрыла раіць не спрабаваць вынайсці веласіпед, а звярнуцца да чужога вопыту — псіхолагаў, спецыяльнай літаратуры.
Як не абудзіць лішні інтарэс?
Гэта яшчэ адно з пытанняў, якое хвалюе бацькоў.
— Калі даваць інфармацыю ў адпаведнасці з узростам дзіцяці і заставацца ў рамках яго пытання, то дадатковай цікавасці гэта не выкліча. Наогул, цікавасць часцей за ўсё дзеці праяўляюць да таго, што дарослыя не тлумачаць, але забараняюць, — супакойвае Вольга Дрыла.
Але ці законнае палавое выхаванне?
— Так. Паводле дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, да псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў непаўналетнія могуць звяртацца па ананімную дапамогу, — тлумачыць эксперт.
Канфідэнцыяльна і праўдзіва
Крыніцай надзейнай і праўдзівай інфармацыі могуць быць не толькі бацькі ці школьны псіхолаг. Не сакрэт, што сёння падлеткі шмат часу праводзяць у сусветным павуцінні і гэта адна з самых папулярных крыніц ведаў для іх. Таму вельмі важная якасць той інфармацыі, якую яны атрымліваюць. Напрыклад, фонд ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі падпісаў Мемарандум аб узаемаразуменні з праектам Іntіmatіca, які дапамагае падлеткам, моладзі і іх бацькам проста і даступна атрымліваць дакладныя звесткі ў пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя.
— Такія мабільныя дадаткі, як Іntіmatіca App, дапамогуць і бацькам, і маладым людзям атрымаць веды на ўмовах канфідэнцыяльнасці, — тлумачыць кіраўнік фонду Вольга Атрошчанка. — У любога з нас ёсць рэчы, пра якія мы не гатовыя казаць адкрыта. Кансультацыі праз дадатак — гэта адзін з тых шляхоў, які дазволіць атрымліваць правераную і праўдзівую інфармацыю, заснаваную на фактах. І дасць магчымасць выкарыстоўваць яе так, каб не нашкодзіць ні сабе, ні блізкім.
Беларусь — лідар па зніжэнні мацярынскай смяротнасці
Вольга Атрошчанка дадала, што сёння Беларусь — лідар па тэмпах зніжэння ўзроўню мацярынскай смяротнасці:
— Зніжэнне адбываецца хутчэй, чым ў іншых краінах. Смяротнасць складае ўсяго два выпадкі на 100 тысяч жыванароджаных. У нас добрыя колькасныя паказчыкі.
А вось работа з падлеткамі і моладдзю застаецца адным з важных напрамкаў. На жаль, пакуль вельмі многія аспекты, звязаныя з палавым выхаваннем і рэпрадуктыўным здароўем, або табуіраваны, або знаходзяцца пад уплывам стэрэатыпаў, паводле якіх маладыя людзі не маюць магчымасці казаць пра гэта адкрыта.
У 2019 годзе ў Беларусі правялі «Шматіндыкатарнае кластарнае абследаванне для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын». Яно паказала, што толькі 53 % маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў дакладна ведаюць, якім чынам забяспечваць прафілактыку ВІЧ і СНІД, а таксама іншых захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.
На жаль, гэта не такі добры паказчык. Мабільны дадатак і сайт, прысвечаныя палавому выхаванню, дапамогуць і маладым людзям, і іх бацькам павысіць узровень ведаў.
— Мы не можам не закрануць тыя праблемы, якія існуюць і ў нас, і ў іншых краінах: ВІЧ-інфекцыя, захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, падлеткавая цяжарнасць, аборты. Што, як не доступ да інфармацыі, да дапамогі, да кансультацыі, можа дапамагчы ўсяго гэтага пазбегнуць? — кажа Вольга Атрошчанка.
Іntіmatіca з'яўляецца ўнікальным праектам на рынку ўсходняй Еўропы, таму што падае інфармацыю праз звыклыя падлеткам формы: відэа, мультфільмы. Праз мультыплікацыю можна проста тлумачыць складаныя рэчы.
Давер і цеплыня
Асноўная мэта супрацоўніцтва фонду ААН у галіне народанасельніцтва і праекта Іntіmatіca — даць просты доступ да інфармацыі. Пры гэтым навучаць мэтавую аўдыторыю, менавіта зацікавіўшы яе.
Спецыялісты праекта спадзяюцца не толькі ўмацаваць веды падлеткаў і іх бацькоў у сферы палавога выхавання, але і зрабіць іх адносіны больш даверлівымі і цёплымі. А самім падлеткам дапамагчы прыняць сябе і сваё цела ў такі няпросты перыяд жыцця, як сталенне.
Алена КРАВЕЦ
Крыніца: «Звязда»
«Народная асвета» рекомендует:
Семейная педагогика
Г. Ф. Вечорко
Учебное пособие содержит восемь тем по основной проблематике семейной педагогики. В форме вопросов и ответов раскрывается сущность семейной педагогики как науки, рассматриваются исторические аспекты семейного воспитания, традиционные средства и методы воспитания детей в семье.
Адресуется студентам педагогических специальностей, а также педагогам, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.
2-е издание
30.47 руб.
Семейная педагогика. Практикум
Г. Ф. Вечорко
Пособие адресуется преподавателям и студентам, избравшим дисциплину «Семейная педагогика» в качестве специализированного образовательного модуля, психологам, социальным работникам, сотрудникам органов внутренних дел, чья профессиональная деятельность связана с несовершеннолетними, родителям.
Издание доступно в электронном варианте в приложении "Школа в кармане".
35.78 руб.