Фінальны этап інтэлектуальнага спаборніцтва прайшоў на базе адукацыйнага цэнтра «Сірыус» у Сочы (Расія). Яго ўдзельнікамі сталі каля 500 студэнтаў і школьнікаў з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і краін БРІКС.
Дыпломам I ступені і памятным кубкам узнагародзілі чацвёртакурсніка эканамічнага факультэта Дзмітрыя Радзюка за найлепшы вынік па кірунку «Эканоміка. Фінансы і крэдыт. Эканамічная бяспека». Па словах студэнта, для рашэння заданняў вельмі важна было правільна ацаніць апісаны кейс, паглыбіцца ў яго, правесці аналіз, знайсці прычынна-выніковыя сувязі і выбудаваць лагічныя ланцужкі.
Таксама прызёрам алімпіяды ў кірунку «Юрыспрудэнцыя» стаў трэцякурснік юрыдычнага факультэта БДУ Аляксей Пікус.
Арганізатарамі адборачнага этапу алімпіяды ў Беларусі выступілі Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, БДУ і БДЭУ. Зборную Беларусі на спаборніцтвах прадставілі дзесяць студэнтаў Белдзяржуніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Праграма фінальнага этапу ўключала рашэнне розных эканамічных кейсаў, працу над праектамі, тэсціраванне і фінансавае расследаванне. Таксама на працягу тыдня канкурсанты наведвалі семінары, практыкумы, майстар-класы, круглыя сталы, панэльныя дыскусіі, удзельнічалі ў дэбатах, творчых сустрэчах па інфармацыйнай, фінансавай і прававой адукаванасці, фінансавай бяспецы.
Міжнароднае мерапрыемства было ініцыяванае Федэральнай службай па фінансавым маніторынгу Расіі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота прэс-службы БДУ