Гутарку з Сяргеем Мяржвінскім — настаўнікам гісторыі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце школы № 47 горада Віцебска — пачынаем з яго любімага анекдота. Сын пытае ў маці: «Што ты хочаш на Новы год?» — «Новае футра», — адказвае тая. — «А тата табе падорыць?» — «На жаль, не, яно дорага каштуе». — «А ты спрабавала на падлогу кідацца і моцна крычаць?»... Многія бацькі гатовыя выканаць любы капрыз дзіцяці — абы яно змоўкла і стала ціха. У Сяргея як педагога на гэты конт зусім іншая прынцыповая пазіцыя. Кажа, не памятае такога, каб дзеці (іх у Сяргея пакуль двое — шасцікласніца Ганна і другакласнік Андрэй) — біліся на падлозе ў істэрыцы. Бо любая спроба маніпуляцыі спынялася адразу ж, на корані. Сёння, напярэдадні Дня таты, Сяргей Леанардавіч падзяліўся з нашымі чытачамі дзейснымі сакрэтамі выхавання.


 

Пра трамвай, афрыканскіх смаўжоў і абдымкі

— Што вы рабілі ў тыя дні, калі нарадзіліся вашы дзеці?

— Пра нараджэнне дачкі я даведаўся, калі ехаў у трамваі з працы дадому. Вельмі ўзрадаваўся! Адразу ж паехаў да сваіх бацькоў, мы з імі разам адзначылі гэту цудоўную падзею. Калі жонка нараджала сына, я быў дома з дачкой. Памятаю, ніяк не маглі выбраць яму імя. Цэлы дзень вёў перамовы па тэлефоне з жонкай, бацькамі, сябрамі. Урэшце мой тата прапанаваў назваць сына Андрэем, мы гэты варыянт нават не разглядалі — але ён адразу ж спадабаўся і мне, і жонцы.

— Які перыяд у выхаванні для вас быў самы цяжкі?

— Пасля нараджэння дачкі. Гульня «ўкладванне спаць» — гэта, напэўна, было самае складанае. Даводзілася ноччу па чарзе з жонкай калыхаць малечу ў калясцы па некалькі гадзін, каб яна заснула.

— Ёсць таты, якія баяцца праяўляць да дзяцей пяшчотныя пачуцці, асабліва да хлопчыкаў. Як часта вы абдымаеце дзяцей?

— Кожны дзень перад сном. Пры гэтым сын больш ласціцца, чым дачка. Калі дзеці былі меншыя, абдымаліся часцей. З узростам яны самі пачынаюць саромецца праяўлення пачуццяў. У нас ёсць хатнія жывёлы — афрыканскія смаўжы, дакладней, ужо адзін застаўся. Калі яны паміралі, у дачкі пачыналася дэпрэсія, слёзы. У такія моманты важна не абясцэніць пачуцці дзіцяці, а суперажываць. Таму стараюся суцешыць, абняць, пагладзіць па галоўцы, тлумачу, што яна ні ў чым не вінаватая і добра іх даглядала. Проста жыццё слімакоў кароткае — і гэта трэба прыняць. Лічу, цудоўна, калі тата праяўляе пяшчоту і гэта ў сям'і ўспрымаецца як норма. Калі здарыцца складаная сітуацыя, калі спатрэбіцца парада, трэба проста абняць, проста памаўчаць разам, і
дзіця будзе шукаць падтрымку ў бацькоў.

— Ведаю сем'і, дзе мама прымушае піць горкія лекі і прыбіраць цацкі, а тата — добранькі — толькі і робіць, што прывозіць з камандзіроўкі падарункі. Вы строгі тата? Павысіць голас можаце?

— Магу, але стараюся гэтага не рабіць. Чалавек такая істота, якая прыстасоўваецца да ўсяго, раз крыкнуў, два крыкнуў... Хутка страх, які дзеці будуць адчуваць ад націску з твайго боку, пройдзе, і выніку ў далейшым не будзе. Калі браць прыклад пра добрага і злога паліцэйскіх, у нас дома хутчэй два «злыя» паліцэйскія. Каб я ці жонка ўсё дазвалялі, такога няма. Па першым часе дзеці спрабавалі, калі я сказаў «не», уціхую пайсці да жонкі «Мама, а можна...» Але мы гэта хутка «прасяклі» і спынілі. У выхаванні важны агульны падыход. Калі адзін нешта дазваляе, другі — не, то атрымліваецца лебедзь, рак і шчупак. Дзеці вельмі хутка вучацца маніпуляваць дарослымі, калі бачаць, што нехта можа даць слабіну. Яны абавязкова выкарыстаюць гэтую сітуацыю.

— Што можа даць дзецям толькі тата?

— Прыклад. Для хлопчыка гэта прыклад паводзінаў мужчыны ў будучыні. Колькі б разоў ты ні казаў, што сапраўдны мужчына павінен рабіць вось так, калі ты сам гэтага не робіш, то і дзіця наўрад ці будзе гэта рабіць. Альбо кажаш «не куры, курыць дрэнна», а сам пры гэтым паліш... Словы не павінны разыходзіцца са справай. А для дзяўчынкі тата — прыклад адносінаў мужчыны да жанчыны. І хлопчыкі, і дзяўчынкі, у якіх перад вачыма няма добрага прыкладу, абіраючы сабе пару ў будучыні, могуць памыліцца. Вядома, ад памылкі ніхто не застрахаваны. Але добры прыклад яшчэ нікому не нашкодзіў.

 

Пра музей Лега, баян ды прымус

— Як часта застаяцеся адзін на адзін са сваімі дзецьмі?

— Калі дачка толькі нарадзілася і жонцы патрэбна было да доктара, страшна было заставацца сам-насам з немаўлём. Але мінула пару месяцаў, і страх знік. Можаце мне не верыць, але за 11 гадоў ні разу не было сітуацыі, каб я званіў жонцы «дапамажы, не ведаю, што рабіць». Калі жонка выйшла на работу, у яе даволі часта былі курсы ў Мінску, у Маскве, яна з'язджала на тыдзень,на два. І малыя заставаліся на мне. Насамрэч гэта не так складана. Гатаваць я ўмею, галодныя дзеці не сядзелі. У доме ёсць і пральная машына, і пасудамыйка. У многім  старэйшая дачка ўжо дапамагае. Адна справа, калі ты раз на дзень па 30 хвілін перад сном бачыш сваіх дзяцей, а ўсё астатняе робіць жонка. Тады, калі застаешся сам-насам з сынам ці дачкой, у цябе будзе страх. А калі ты заўсёды побач, ніякіх праблем быць не можа.

— Таты ў Кітаі, паводле статыстыкі, удзяляюць сваім дзецям 55 хвілін у дзень, у ЗША — 42 хвіліны, у Расіі — усяго 6. Колькі часу ў дзень удзяляеце сваім дзецям вы? Як паміж працай, справамі, уласнымі інтарэсамі знаходзіць час на дзяцей?

— Ніколі не лічыў, але дакладна больш чым 55 хвілін. Зараз (на момант размовы. — Аўт.) жонка хварэе, я сына ў школу адводзіў, гэта недзе хвілін 40 з раніцы, пакуль дапамог сабрацца, накарміў. Затым забіраў са школы. У нас такі звычай: калі разам куды-небудзь ідзём, гуляем з дзецьмі ў «гарады», «асацыяцыі», штосьці накшталт «кракадзіла». Так ісці цікавей. Пасля вяртання дадому дзеці садзяцца за ўрокі. Часам штосьці пытаюцца, просяць растлумачыць. Я ніколі не адмаўляю. Хоць, што хаваць, бывае, прыходзіш з працы з адным жаданнем — легчы, і каб ніхто не чапаў. Але ўсё адно трэба выслухаць, калі дзіця табе штосьці хоча сказаць і паказаць. Бо калі зараз сын ці дачка зразумеюць, што табе не важна, што з імі адбываецца, чым яны жывуць, то калі будзе адбывацца штосьці больш сур'ёзнае і важнае, магчыма, дзіця не будзе лічыць цябе тым, да каго можна звярнуцца па дапамогу і падтрымку.

— Дзесьці сустрэла такія даныя: парадку 60 % татаў хочуць зносіцца з дзецьмі, але не ведаюць, як. Што б вы ім параілі? Чым вы любіце займацца разам з дзецьмі? Ці адрозніваецца баўленне часу з дачкой і сынам?

— Самы просты спосаб бавіць час разам — нешта наведваць. Схадзіць у кіно, у тэатр, пагуляць па парку. Альбо купіць квіткі на цягнік і паехаць куды-небудзь у падарожжа. З сынам мы вучымся гуляць у шахматы. Ён часам спрабуе жульнічаць, маўляў, можна я вярну назад свой ход? Але са мной гэта не праходзіць: пахадзіў — значыць, пахадзіў — нясі адказнасць. Калі ёсць магчымасць, раю зацікавіцца тым, што цікава дзіцяці. Я не люблю камп'ютарныя гульні. Але калі мы былі ў Мінску ў музеі Лега, пагуляў на прыстаўцы з дзецьмі. Неабавязкова ўвесь час прыдумваць шмат гульняў. Дзеці самі прыдумаюць тое, што ім падабаецца. Тут галоўнае — не адштурхнуць дзіця, падтрымаць. З дачкой мы любім разам глядзець серыялы. І ёй, і мне даспадобы фэнтэзі. Падчас прагляду яна задае шмат пытанняў, спрабую на іх адказваць, тлумачыць штосьці. Сын вучыцца ў гімназіі з творчым ухілам, з мінулага года пачаў асвойваць баян. Мне таксама стала цікава, таму пачаў вучыцца іграць разам з ім. Нейкія простыя мелодыі ўжо магу адолець. Рэдкае дзіця з задавальненнем будзе сядзець дома і іграць на музычным інструменце. А вось калі ты просіш яго цябе навучыць, гэта іншы ўзровень падрыхтоўкі. Як настаўнік ведаю, што лепш за ўсё ты разумееш матэрыял, калі сам павінен камусьці яго расказаць, патлумачыць.

— Вы сказалі, што вас бацькі ў свой час прымусілі скончыць музычную школу...

— Так, калі я яе скончыў, сказаў сабе: усё, больш ніколі ў жыцці не падыду да фартэпіяна.

— Калі вашы дзеці захочуць кінуць музычную ці мастацкую школу, дазволіце гэта альбо прымусіце скончыць?

— Напэўна, усё ж такі прымушу скончыць. Бо насамрэч, калі з'яўляюцца нейкія цяжкасці, кінуць прасцей за ўсё. Бацькі для гэтага і патрэбны, каб дзесьці падказаць, прымусіць. Калі ісці па шляху найменшага супраціўлення, то ты нічаму ніколі не навучышся.

— Як у вас складваліся і складваюцца адносіны з вашым татам? Які галоўны ўрок ад яго вынеслі?

— Тата мне заўсёды паўтараў: сынок, што б ні адбывалася, ведай, што добрых людзей усё адно больш. Калі я казаў, што дзяцей трэба выхоўваць прыкладам, гэта я казаў і пра свайго бацьку ў тым ліку. Каб ён мяне караў ці вёў са мной філасофскія гутаркі пра тое, што такое добра і што такое дрэнна, я не памятаю. Але ўсё дзяцінства летам я вольны час праводзіў разам з ім на практыцы ў студэнтаў. Ён выкладае батаніку ва ўніверсітэце, быў загадчыкам кафедры. Мне было прыемна бачыць, як яго паважаюць людзі, студэнты пра яго казалі заўсёды з павагай, любоўю. Мне хацелася, каб да мяне вучні, знаёмыя таксама так ставіліся.

 

Пра рыжыя вусы і непазбежнасць пакарання

— Сяргей Леанардавіч, вы не толькі вучыце дзяцей у звычайнай школе, але і з'яўляецеся мадэратарам у Тата-школе ў Віцебску. На мужчынскіх сустрэчах абменьваецеся досведам. Якая парада асабіста для вас была самай каштоўнай?

— Шмат каштоўнага можна ўвогуле пачуць на такіх сустрэчах. Адзін тата з Мінска расказваў, як ён матываваў дачку на вучобу. Ён даходліва патлумачыў дзіцяці, што вучоба — не татаў клопат, тата сваё адвучыўся. Ад таго, як ты будзеш вучыцца, залежыць твая ўласная будучыня. Калі хочаш быць паспяховай у жыцці, трэба самой пастарацца, прыкласці намаганні. Пры гэтым абавязкова важна сказаць, што на тату яна можа разлічваць, ён падтрымае ў любой сітуацыі. Такая размова важная, патрэбная. Я таксама правёў яе са сваёй дачкой. Не скажу, што адразу ўбачыў эфект, але, тым не менш, зрухі ёсць. Пасля нашай размовы малая пачала цікавіцца рознымі прафесіямі і англійскай мовай.

— Кажуць, што дачка праецыруе вобраз таты пры выбары будучага мужа. Вы хацелі б, каб ваш будучы зяць быў падобны да вас? І ці падобныя вы з цесцем?

— У цесця рыжыя вусы, і ў мяне рыжыя вусы (смяецца). Ён таксама вельмі спакойны, стрыманы. Вось яшчэ жонка падказала: мы абодва добрыя і неабыякавыя да людзей. Што датычыцца будучага зяця, у прынцыпе я быў бы не супраць падабенства, бо я сябе ўсё ж люблю, цаню свае якасці.

— Як рэагуеце на недапушчальныя паводзіны дзяцей — падман, бойку? Ці ёсць паняцце «пакаранне» ў вашай сям'і?

— Тэлефон некалькі разоў забіраў. Важна не жорсткасць пакарання, а непазбежнасць. Няхай яно будзе не вельмі суровае — галоўнае, каб дзіця разумела, за што.

— Бацькоўства — гэта не толькі радасць, але і трывога, шок, сполах. Калі апошні раз адчувалі штосьці падобнае?

— У 4 класе дачка вучылася ў другую змену. Я ведаў, што яны з сяброўкай у той дзень дзяжурылі па класе. Гляджу на гадзіннік, павінна ўжо вярнуцца са школы, а яе ўсё няма і няма. Тэлефон выключаны. Ужо збіраўся бегчы шукаць, як у кватэру забягае задаволеная жыццём дачка. З усмешкай з парога расказвае, як яны здорава падзяжурылі сёння... У такія моманты хочацца накрычаць. Але спакойна тлумачыш, што бацькі перажываюць, што тэлефон не проста так дадзены. Яна, аказваецца, выключыла яго, каб на ўроку не званіў, і забылася ўключыць. Дзеці павінна зразумець, што прасцей патэлефанаваць і папярэдзіць, чым потым глядзець на злосных бацькоў.

— Ва ўсіх сем'ях ёсць казусы з серыі: «Аднойчы мама пайшла па прадукты...»

— Я дзяцей укладваў спаць і ўрэшце сам заснуў, а яны — не. Потым хадзілі па кватэры: «Мама, ціха! Тата спіць, не разбудзі».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота з асабістага архіва героя