Майстар-класы па вырабу ядомых малекул і «атамных шароў», эксперыменты з электрычнасцю і азотам, пазнавальныя віктарыны, паядынкі на ўважлівасць і спрытнасць з майстрамі гульні і віртуальнае падарожжа па атамнай станцыі. Усё гэта і шмат якіх іншых забавак і ведаў атрымалі госці «атамнага» зімовага свята, якое па традыцыі зладзіла для сяброў, партнёраў і іх дзяцей Дзяржкарпарацыя «Расатам» у сталічным Інфармацыйным цэнтры атамнай энергіі (ІЦАЭ).


«Іонны» вецер і трансфарматар Тэсла

Свята пачалося з карагоду, але ж на тое яно і «атамнае», каб дзеці не проста сабраліся вакол ёлкі, а пераўтварыліся ў мега-вялікую малекулу. Бо пра тое, што ўсе рэчы складаюцца з атамаў, а тыя ў сваю чаргу — з ядра і электронаў — малым на самым пачатку расказаў, сустракаючы гасцей, Энэрджы-клаус — адмысловы атамны Дзед Мароз з мета-атамнага сусвету. 

Арганізатары кажуць, што такое сямейнае свята дазваляе проста і весела расказаць пра навацыі ў атамнай галіне дарослым і малым, а таксама наглядна паказаць, як прыцягваюцца і зараджаюцца элементарныя часцінкі. А яшчэ — патлумачыць, як энергія існуе ў свеце вакол нас у звычайных рэчах.

Напрыклад, можна было даведацца, як дзьме «іонны» вецер. «Спецыяльная машына падзяляе зарады на плюсы і мінусы і накіроўвае іх па проваду на металічную вяртушку з лопасцямі, на кончыках якіх накопліваецца найбольш электронаў, — расказалі студэнты фізічнага факультэта БДУ. — Менавіта тут адбываецца іанізацыя, і ў паветра вылятаюць іскрынкі». 

На трансфарматары Тэсла можна было ўбачыць, як працуе прынцып бесправадной перадачы энергіі. Электрамагнітнае поле, якое стварае катушка, запальвала лямпачку проста ў руках у чалавека.

А той, хто дакранаўся да плазменнага шара, унутры якога ўтрымліваецца інертны газ і напружанне ў тысячы вольт, станавіўся жывым правадніком току. Было відаць, як маленькія маланкі білі ў тыя месцы на шкле, дзе да яго дакраналіся пальцы. «Гэта абсалютна бяспечна, бо спрацоўвае „скін-эфект“ — ток не праходзіць праз цела, а расцякаецца па паверхні скуры (ад англ. „skin“) праз шкло, і ток не б’ецца», — патлумачылі будучыя фізікі.

Ядзерная павестка для маленькіх дзеля адчувальнай інтэграцыі

Падрыхтоўка навуковых кадраў для атамнай галіны Беларусі, дарэчы, адбываецца не толькі на студэнцкай лаўцы, але і на такіх вось мерапрыемствах, лічаць у кампаніі «Расатам», якая зацікаўлена ў актыўным супрацоўніцтве з беларускім бокам і стварэнні сумесных новых прадуктаў. На шляху інтэграцыі Беларусі і Расіі, каб краіны станавіліся бліжэй у эканамічным, культурным і палітычным накірунках, трэба рэалізоўваць канкрэтныя праекты, заўважыў Станіслаў ЛЯВІЦКІ, дырэктар краінавага офісу Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі:

— Атамная галіна — своеасаблівы флагман для тэхналагічнага развіцця чалавецтва ў цэлым, і эканомік нашых краін у прыватнасці. Калі ты ствараеш інавацыйныя тэхналагічна развітыя прадукты, ты мусіш цалкам мяняць свае падыходы да матэрыялазнаўства, сістэм кіравання. Мы, напрыклад, цалкам памянялі падыходы, у тым ліку і культуру нашых работнікаў. Такім чынам дасягаецца не толькі тэхналагічнае лідарства, але і агульначалавечае і культурнае лідарства. І мы бачым, што ў нашых супрацоўнікаў «гараць вочкі». І гэты тэзіс я актыўна прасоўваю і ў Беларусі, таму што развіваць інтэграцыю зараз могуць людзі, якія бачаць далёка наперад, ставяць амбіцыйныя, магчыма, нават недасягальныя мэты і стараюцца пераадолець усе перашкоды.

«Атамная» ёлка — адно з найважнейшых мерапрыемстваў на шляху інтэграцыі, таму што дзеці — пластылін, з якога бацькі стараюцца вылепіць нешта пазітыўнае, а мы пэўным чынам дапамагаем малым вызначыцца з будучай прафесіяй, дадаў ён:

— Мы знаёмім дзяцей з ядзернай павесткай, якая датычыцца многіх аспектаў. Гэта не толькі энергетычныя рашэнні ў выглядзе класічных атамных станцый, але і ядзерныя неэнергетычныя, а таксама неядзерныя энергетычныя (біягазавыя рэактары, ветраэнергетыка, малая гідрагенерацыя). І калі дзіцяці пра гэта расказваеш, гэта адкладваецца на падкорцы і, магчыма, дзiця ў пошукавіку ўвядзе запыт не толькі «вясёлыя ролікі», але і, напрыклад, «вадарод», і пачытае пра гэта. Можа, тады з яго вырасце не менеджар, а фізік-ядзершчык, які стане, можа, новым сусветным спецыялістам у атамнай галіне. Так мы ствараем сваіх паплечнікаў, якія разумеюць, што атамная энергетыка — адзін з нешматлікіх накірункаў, які здольны рухаць сусвет наперад.

З улікам «зялёнай» павесткі, росту насельніцтва сусвету трэба вельмі рупліва падыходзіць да рэсурснай тэматыкі. І ядзерная павестка дазваляе закласці базавыя паняцці, што цяпло і святло неабходна атрымліваць за кошт мінімальнага ўздзеяння на прыроду. Дзіця ўжо тады пазітыўна ўспрымае атамную энергію і ведае пра яе станоўчае ўздзеянне на сусветнае развіццё. Менавіта такая ўцягнутасць і судакранальнасць да агульнай тэматыкі і робіць інтэграцыю адчувальнай, а не абстрактнай канструкцыяй на паперы, падкрэсліў Станіслаў Лявіцкі.

Азотнае шоў, «атамныя» танцы і «срэбраныя» сумёты

Клей, крухмал, пена для галення, фарбавальнік, загушчальнік, упрыгожванне (бліскаўкі і каляровыя маленечкія шарыкі), алей. Усё змяшаць, доўга і цярпліва перамешваць — і ў выніку атрымаць самаробны слайм, які забраць у якасці падарунка дадому. Такую цікавую забаўку прапаноўваў майстар-клас «Атамныя шарыкі». А на майстар-класе «Смачныя малекулы» малыя з дапамогай ягад, мармеладу, зефіру і зубачыстак выраблялі ядомыя малекулы хлору, метану, серавадароду...

Не менш цікава было згуляць у інжынерныя гульні Да Вінчы. Напрыклад, змясціць маленькія драўляныя шарыкі паміж вялікімі, якія вісяць на ланцужку і нічым не злучаны. Або паставіць адна на адну дэталь з выгнутай паверхняй так, каб канструкцыя не разбурылася.

Крыа-шоў з азотам, якое правялі студэнты фізфаку, відовішчна прадэманстравала, як цікава можна ставіць навуковыя вопыты, і якім патэнцыялам валодаюць звычайныя рэчы. Немала ведаў атрымалі госці і падчас сямейных квізаў BrainShaker. Потым гэта вельмі спатрэбілася падчас віктарыны ад Энэрджы-клауса, які даваў падарункі за правільныя адказы. А падчас «атамных» танцаў дзеці-«атамы» адпрацавалі веды на практыцы, пераўтвараючыся ў малекулы, то бок збіраючыся ў групы па трое. 

Дарэчы, госці маглі зрабіць імгненнае фота на памяць з дапамогай Atom box и забраць раздрукаваны здымак з сабой. А яшчэ — адправіць пасланне самім сабе ў будучыню — падпісаць паштоўку, якая прыйдзе адрасату на наступны Новы год. А напрыканцы свята ўдосталь паваляцца ў «срэбраных» сумётах з мішуры, каб вярнуцца дахаты пазітыўна зараджанымі часцінкамі — пратонамі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара