Сёлета споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння таленавітага пісьменніка, дзяржаўнага дзеяча БССР, гісторыка, пісьменніка, публіцыста Цішкі Гартнага (З. Х. Жылуновіча). У Зміцера Хведаравіча Жылуновіча былі розныя псеўданімы: Авадзень, Беларус, Мужык, Сымон Гляк, Зета, а самы вядомы – Цішка Гартны.
Нарадзіўся пісьменнік 4 лістапада 1887 года ў мястэчку Капыль пад Мінскам у сялянскай сям’і. Там жа скончыў пачатковую школу і працаваў у гарбарнай майстэрні. Займаўся рэвалюцыйнай і палітычнай дзейнасцю, удзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905–1907-х гадоў, працаваў у мясцовай арганізацыі РСДРП, удзельнічаў у стварэнні Беларускай ССР, з’яўляецца аўтарам маніфесту аб яе абвяшчэнні. Акрамя таго, актыўна займаўся гістарычнай і публіцыстычнай дзейнасцю, праявіў сябе як пісьменнік. Некаторы час з’яўляўся галоўным сакратаром, загадчыкам выдавецкага аддзела Белнацкама. Пазней быў рэдактарам першай савецкай газеты на беларускай мове «Дзянніца» (1918). Працаваў рэдактарам і сакратаром газеты «Красная заря» ў Харкаве, рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага архіва БССР, загадчыкам Галоўмастацтва і намеснікам народнага камісара асветы БССР. У 1920-я – на пачатку 1930-х гадоў выходзіць большасць яго зборнікаў. Гэта і п’есы «Хвалі жыцця», і раман «Сокі цаліны», і апавяданні «Трэскі на хвалях», і шматлікія зборнікі вершаў. Ён пісаў таксама аповесці, літаратурна-крытычныя артыкулы, перакладаў на беларускую мову. З 1934 года Цішка Гартны – член Саюза пісьменнікаў БССР і прэзідыума Інбелкульта.
Зміцер Хведаравіч займаўся навуковай і гістарычнай дзейнасцю. У 1928 годзе абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР.
Памёр Цішка Гартны ў 1937 годзе ва ўзросце 50 гадоў.
Сёння імем Жылуновіча названы дзве вуліцы: у Капылі і Мінску (акрамя гэтага, у прыгарадзе Мінска, у пасёлку Малы Трасцянец, ёсць вуліца Цішкі Гартнага). Устаноўлены памятныя дошкі на яго капыльскім доме, а таксама на будынку на перасячэнні вуліц Леніна і Карла Маркса ў Мінску, дзе ён жыў некаторы час.
Крыніца: НІА