Моладзевы тэатр эстрады адпавядае сваёй назве: да зімовых свят трупа падрыхтавала прадстаўленні сапраўды моладзевыя, насычаныя актуаліямі часу, зразумелыя сучасным дзецям. Напрыклад, па 5 студзеня можна будзе трапіць на тэатралізаваны квэст «Цік-ток ялінка», падчас якога Баба-ёга ператворыцца ў прадзюсера і разам з Дзедам Марозам зробіць музычны кліп. «Звязда» завітала на генеральны прагон спектакля, каб даведацца, як ствараецца зімовая казка.


Увага ўсёй тэатральнай трупы скіравана на сцэну: зараз акцёры адпрацоўваюць галоўныя моманты спектакля. Трэба наладзіць гук і размясціць дэкарацыі такім чынам, каб выканаўцы на іх фоне не губляліся. Падчас рэпетыцыі артысты выступаюць без касцюмаў, але атмасфера свята адчуваецца. Гэтаму спрыяе настрой і мастацкага кіраўніка, і саміх акцёраў: у кароткія хвілінкі перапынкаў усе жартуюць і смяюцца.

Падзеі пастаноўкі будуць разгортвацца ў лесе, а пачнецца ўсё з таго, что бурае медзведзяня Міхайла Патапыч адкрые кнігу чароўных казак, якая пазнаёміць з любімымі героямі: Цудам-юдам, Змеем Гарынычам, Царэўнай-жабкай, Дзедам Марозам і Снягуркай. З’явяцца і новыя персанажы: бабка Зяфірка, якая вельмі любіць салодкае, ды смелы і дасціпны Івашка-Прастаквашка. Пакуль выканаўцы ўдасканальваюць сваё майстэрства, мастацкі кіраўнік Уладзіслава Арцюкоўская распавядае нам пра асаблівасці казкі:

— Мы зрабілі шмат сучасных уставак, нашы героі будуць узаемадзейнічаць з дзеткамі, здымуць ролік для цік-ток непасрэдна на сцэне. Інтэрактыву запланавана шмат: акцёры будуць выходзіць у залу, пагуляюць з гледачамі ў мячык, загадаюць ім шмат загадак.

У пастаноўцы задзейнічаны акцёры розных узростаў: напрыклад, ролі Патапыча і Царэўны-жабкі выконваюць маладыя артысты Дзяніс Кашавой і Дзіяна Чарных. А вось Казачніка сыграе вопытны акцёр Уладзімір Варанкоў.

— Разам з намі працуюць і зусім маленькія артысты, але яны на ўзроўні з дарослымі будуць спяваць і танцаваць, дзеткі ўдзельнічаюць амаль ва ўсіх нашых праектах, таму вопыт у іх ужо ёсць. Свой Новы год яны праводзяць з дарослымі артыстамі, каб падарыць сваім аднагодкам свята, — распавяла Уладзіслава Арцюкоўская.

Адна з адметнасцяў казкі — жывы гук. У пастаноўцы запланавана шмат музычных уставак і нумароў. Дапамагаць у стварэнні шоу будуць артысты балета, якія ператворацца ў казачных эльфаў. Мастацкі кіраўнік адзначыла, што прадстаўленне будзе цікавае шырокаму колу гледачоў. Малеча будзе ў захапленні ад сюжэта, дарослых прывабіць сучасная тэматыка спектакля.

Пасля фіналу, які абавязкова будзе добрым, Дзед Мароз і Снягурка запросяць маленькіх гледачоў на навагоднюю дыскатэку. Паглядзець казку можна да 5 студзеня.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Крыніца: «Звязда»

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Книги для детей