«Звязда» раней публікавала тэкст выступлення Алены Стэльмах, якое прагучала на пашыраным Пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі па пытаннях дзіцячай літаратуры. Прапануем увазе чытачоў яшчэ адзін пленарны даклад — старшыні Мінскага гардскога аддзялення СПБ Міхася Пазнякова.
У гэты няпросты час, калі ідзе наступ на гістарычныя здабыткі нашага народа, на Вялікую Перамогу савецкіх людзей над фашызмам і нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны, ідзе наступ на Праўду, барацьба за маладыя розумы, у ход пускаюцца незлічоныя фэйкі, адкрытая хлусня, узрастаюць выключнае значэнне слова, кнігі, роля пісьменніка. Асабліва мастацкае слова мае значэнне, калі яно адрасуецца дзецям, юным чытачам, бо светапогляд чалавека фарміруецца з самых ранніх гадоў. Безумоўна, фарміруецца пад уплывам сям’і, дзіцячага сада, школы, грамадства, але нашы творы, наша кніга, наша слова і наша пазіцыя, лічыце, — грамадзянская, чалавечая спеласць — з’яўляюцца вельмі важкім інструментам адукацыі і выхавання. Кніга павінна найбольш актыўна спрыяць фарміраванню асобы чалавека з такімі якасцямі, як жывы, дзейсны, глыбокі патрыятызм, пашана да гісторыі, культуры, да чалавека працы, удзячнасць старэйшым пакаленням, працавітасць, дабрыня, пачуццё сяброўства, адказнасці як за свае справы, так і за лёс краіны, за мір і росквіт.
Давайце ж зірнём на нашы творчыя здабыткі ў гэтай галіне літаратуры за апошнія некалькі гадоў. І на тыя недапрацоўкі, недахопы, якія варта выпраўляць у далейшым.
Вершы
Як і раней, у нашай літаратуры для дзяцей багата прадстаўлена паэзія. Гэта і зразумела, бо ў дзіцячай літаратуры актыўна працуюць многія вядомыя паэты, якія плённа засведчылі аб сабе ў дарослай паэзіі. Гэта Віктар Гардзей, Віктар Шніп, Анатоль Зэкаў, Хведар Гурыновіч, Казімір Камейша, Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Мікола Маляўка, Міхась Пазнякоў, Генадзь Аўласенка, Валянціна Паліканіна, Соф’я Шах, Генадзь Пашкоў, Іна Фралова, Яўген Хвалей, Мікола Чарняўскі, Тамара Краснова-Гусачэнка, Лёля Багдановіч, Мікола Бусько.
З’явілася нямала цікавых кніжак таксама і ў аўтараў, якія параўнальна нядаўна ўліліся ў наш прафесійны творчы саюз. Адзначу напрацоўкі Жанны Міус, Галіны Нічыпаровіч, Тамары Кавальчук, Вольгі Любашынай (Таляронак), Людмілы Воранавай. Працягваюць паспяхова шчыраваць у дзіцячай паэзіі вядомыя Ніна Галіноўская, Віктар Кудлачоў, Таццяна Сучкова.
Пераважаюць вершы, адрасаваныя малодшым і сярэднім школьнікам, малавата выходзіць кніг, адрасаваных дашкольнікам. А менавіта яны, міні-кніжачкі для дзяцей 3—6 гадоў, асабліва на беларускай мове, і павінны абуджаць у маленькіх слухачоў цікавасць да роднага слова, да кнігі, да яе чароўнага мастацкага свету. Як, дарэчы, малавата вершаў, паэм для падлеткаў, тых твораў, кніг паэзіі, якія б плаўна прадоўжылі авалодваць душамі, розумам у няпросты пераходны ўзрост. Дарэчы, гэта характэрна нашай усёй літаратуры, іншым жанрам.
Апавяданні і аповесці
Неблагія набыткі маем мы і тут. Плённа працавалі і выдалі новыя кнігі ў апошнія гады Уладзімір Ліпскі, Мікола Чарняўскі, Яўген Хвалей, Аляксей Якімовіч, Валерый Кастручын, Алесь Карлюкевіч, Ягор Конеў, Таццяна Дземідовіч, Алег Ждан, Раіса Баравікова, Іна Фралова, Сяргей і Галіна Трафімавы, Лёля Багдановіч, Уладзімір Ягоўдзік, Сяргей Клімковіч, Жанна Міус, Галіна Пярун, Таццяна Дамаронак, Вольга Любашына, Валерый Квілорыя, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Міхась Пазнякоў, Таццяна Дашкевіч, Анатоль Зэкаў, Тамара Бунта, Алесь Козел, Уладзімір Ліпскі, Алесь Бадак, Міхаіл Дзеравянка, Дзмітрый Мікалаеў, Вольга Нікольская, Алена Свечнікава, Іван Юркін, Яна Явіч, Ірына Токарава, Ганна Скаржынская-Сівіцкая, Яўген Калашнікаў, Маргарыта Латышкевіч, Зінаіда Дудзюк, Алена Міхаленка, Васіль Жушма, Надзея Дзмітрыева, Ала Бялькова, Ліна Багданава і інш.
Тэматыка твораў самая розная, пісьменнікі закранаюць этычныя, маральныя, патрыятычныя аспекты. Цікава і пазнавальна піша для самых малых чытачоў Святлана Бахнова, якая нядаўна прынята ў СПБ і сама працуе ў дзіцячай бібліятэцы. Варта адзначыць важкія і сацыяльна значныя творчыя крокі Алены Стэльмах, якая стварае цікавыя кнігі на рэальным, гістарычным матэрыяле. Напрыклад, «У гасцях у Францыска Скарыны». Такія кнігі не толькі абуджаюць фантазію чытача, але і далучаюць да нашай адметнай гісторыі і культуры. Варта адзначыць і кніжную серыю Выдавецкага дома «Звязда» — «Пераходны ўзрост». Нядаўна выйшла ў ёй цікавая кніжка Валянціны Быстрымовіч «Шкодніцы». Будзем спадзявацца, што серыя папоўніцца новымі адметнымі творамі. Цікавыя кнігі для падлеткаў у апошнія гады стварае Уладзімір Кулічэнка.
Пры малой наяўнасці тэматычных аўтарскіх кніг вельмі прыдатным з’яўляецца складанне і выпуск калектыўных зборнікаў твораў, прысвечаных пэўнай запатрабаванай тэматыцы. Такімі ў свой час былі кнігі Выдавецкага дома «Звязда» пра птушак, жывёл, расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу. Удала ў 2022 годзе тут спрацавала, напрыклад, выдавецтва «Мастацкая літаратура». Выдадзены зборнікі твораў для дзяцей «Той, хто працуе» (пра стаўленне да працы), «Жывое слова» (хрэстаматыя-дапаможнік), «Ад вясны да зімы» (творы пра поры года), «Самы смачны яблык» (пра добрыя і дрэнныя ўчынкі), «З мамай добра мне» (творы пра маці), «Зямля мая» (творы пра Радзіму).
Казка, казачная аповесць
Тут дасягнуты пэўны прагрэс. Калі раней казкі і казачныя аповесці ў нашай літаратуры ствараліся на фальклорнай аснове, то цяпер гэтыя межы значна пашыраны. Дарэчы, за апошнія пяць гадоў Нацыянальная прэмія Беларусі ў намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва» прысуджалася тройчы за казкі і казачныя аповесці. У апошні час значнага поспеху ў гэтых жанрах дасягнулі Кацярына Хадасевіч-Лісавая з шэрагам казачных аповесцей («Загадкі прынцэсы Агнэсы», «Таямніца зачараванага балота», «Прыгоды лісічкі Красуні»), Алесь Карлюкевіч («Прыгоды Шубуршуна») і інш.
Адметнай з’явай у дзіцячай літаратуры стаў шэраг аповесцей-казак Вольгі Нікольскай. Адна з іх «Выкраданне шэдэўра ці Новыя прыгоды агентаў КаўбаФірЖык» адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй. Хацелася б, каб пісьменніца прадоўжыла сваю казачную серыю кніг, якія спадабаліся юным чытачам.
Актыўна працавалі тут і выдалі свае новыя казачныя творы Генадзь Аўласенка, Алена Стэльмах, Аркадзь Жураўлёў, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Святлана Быкава, Ірына Карнаухава, Таццяна Дамаронак, Дзмітрый Мікалаеў, Алесь Марціновіч, Таццяна Атрошанка, Міхаіл Дзеравянка, Сяргей Давідовіч, Георгій Марчук, Анатоль Зэкаў, Алена Шчарбакова, Раіса Баравікова, Алена Масла, Аляксей Шаўцоў, Анатоль Бензярук, Расціслаў Бензярук, Вячаслаў Бельцюкоў, Дзмітрый Саўчык, Алена Прахіна, Лідзія Долбікава, Алена Міхаленка, Ганна Атрошчанка, Міхась Сліва, Маргарыта Латышкевіч, Вольга Любашына.
Ваенна-патрыятычная, гістарычная, патрыятычная тэматыка
Адразу зазначу, што такі вельмі важны ідэйна-тэматычны сегмент дзіцячай літаратуры вельмі слаба прадстаўлены ў нашых творах, нячаста сустрэнеш у выдавецкіх планах. Калі гэтыя тэмы ў мастацкіх паэтычных і празаічных творах больш-менш адлюстроўваюцца, напрыклад: Тамара Краснова-Гусачэнка «Край родной, любимый», Таццяна Дашкевіч «Детям о детях войны», Таццяна Дамаронак «Мы не забудзем», Соф’я Шах «Дзівосы казачных краін», Міхась Пазнякоў «Радзіма наша — Беларусь», «Мы — беларусы», Тамара Кручэнка «Родны бераг» і інш., то папулярных публіцыстычных, дакументальных, дакументальна-мастацкіх аповесцей вельмі мала. Такіх, напрыклад, як кнігі Уладзіміра Ліпскага «Гомельская зямля — Радзіма твая і мая», «Я тут жыву».
У выдавецтве «Народная асвета» ў гэтым годзе выйшла цікавая кніжка Ніны Пісарэнкі «Украденное детство. Великая Отечественная война глазами детей».
Добрую серыю брашур стварыў для падлеткаў Валерый Чудаў: «Маршал Георгій Жукаў», «Маршал Канстанцін Ракасоўскі», «Маршал Іван Якубоўскі», «Маршал Васілій Сакалоўскі». А час патрабуе больш такой літаратуры. Асабліва па тэме генацыду, мужнасці, гераізму ў Вялікай Айчыннай вайне.
У полі зроку пісьменнікаў — і наша далёкая гісторыя. У дзіцячай літаратуры тут з’явіліся цікавыя кнігі, адрасаваныя падлеткам, юнакам, Анатоля Бензерука «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» і яго ж «Свята для сэрца»; Анатоля Брытуна «Трылогія прыгод тысячагоддзя».
Раней у гэтым сегменце для юнацтва шмат зрабіў Алесь Марціновіч.
Неабходна ствараць такія ж гістарычныя творы для малодшых школьнікаў.
Цікавымі ўяўляюцца кнігі гістарычна-міфалагічнага характару Дзмітрыя Вінаградава «Паданні аб асілках», Віктара Кажуры «З легендаў і міфаў. Героі беларускай міфалогіі».
Навукова-пазнавальныя, даведачныя выданні
Неабходна зазначыць, што такая літаратура мае адметнае значэнне. Яе асноўнае прызначэнне — даваць юным чытачам веды па самых розных галінах дзейнасці чалавека: навука, культура, спорт і г. д. Пэўныя набыткі ёсць і тут, безумоўна. У першую чаргу варта назваць шматлікія кнігі Галіны Трафімавай і Сяргея Трафімава. Плённа працуе ў гэтым сегменце дзіцячай літаратуры Ірына Токарава, якая стварыла шэраг цікавых праектаў, што пабачылі свет у выдавецтве «Народная асвета». Сярод найбольш значных і арыгінальных варта адзначыць кнігі «Энцыклапедыя юнага натураліста» Віктара Кажуры, «Энциклопедия юного ученого» Ірыны Токаравай, «Энциклопедия юного буквоведа» Віктара Крукоўскага, «Прогулки по Минску. Город, который выбирают дети», «Хто прыдумаў і калі?», «Падарожжа ў гісторыю спорту» Міхася Пазнякова.
Важную серыю «Гісторыя для школьнікаў», у якой выдадзена некалькі кніг Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа, заснавала выдавецтва «Беларусь».
Цікавымі ўяўляюцца таксама выданні Ірыны Карнаухавай «Полосатые истрии» і Таццяны Каленік «Бабуліны шпулькі».
Прыгодніцкія творы
Таксама не засталася па-за ўвагай нашых пісьменнікаў. Тут варта адзначыць творчы ўнёсак Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Алеся Карлюкевіча, Сяргея Клімковіча, Таццяны Дашкевіч, Святланы Быкавай, Ягора Конева.
Радзей, але з’яўляюцца творы фэнтэзі для дзяцей: кнігі Сяргея Клімковіча «Побег из лабиринта», «Исчезнувший корабль», «Машина потерянного времени», Кацярыны Мядзведзевай «Разломашки мастера Люфта», «Ключ от ёлочного сундука».
Драматургія
Рэдкая з’ява. У той жа час школьныя самадзейныя тэатры чакаюць цікавыя, вартыя нашага часу п’есы. Нядаўна Алесь Козел выдаў кнігу п’ес, якую назваў «Незвычайныя прыгоды звычайнага хлопчыка». Працуе ў гэтым жанры Аляксей Бычкоў. Раней шмат тут зрабіў незабыўны Васіль Ткачоў.
Арыгінальныя, дробныя жанры
Заўсёды любімымі ў дзятвы з’яўляюцца азбукі, загадкі, скорагаворкі, лічылкі, смяшынкі, прыказкі, каламбуры і іншыя займальныя кароткія творы. Плённа тут працуюць у апошнія гады Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Анатоль Зэкаў, Міхась Пазнякоў, Ніна Галіноўская, Віктар Кажура, Лідзія Долбікава, Галіна Нічыпаровіч, Віктар Шніп, Аляксандр Атрушкевіч, Віктар Купрыянчук...
Заслугоўваюць увагі коміксы, квэсты, асабліва на гістарычную тэматыку.
Нельга не сказаць некалькі слоў і пра шырспажыў, нізкаякасную літаратуру для дзяцей, якая, праўда, у апошнія гады радзей, але ўсё ж з’яўляецца. І выходзіць у некаторых прыватных, камерцыйных выдавецтвах, вядома, за грошы аўтараў або іх спонсараў. Адна справа — калі яе выпускаюць маленькім тыражом для сябе. Куды горш, калі з такімі кнігамі аўтары ідуць у навучальныя ўстановы, калі гэтыя выданні трапляюць у бібліятэкі. Трапляюць нават не толькі таму, што іх купляюць, але і таму, што ідзе абавязковая рассылка ў галоўныя бібліятэкі. У ранейшыя гады гэтая праблема абмяркоўвалася на Прэзідыуме СПБ.
* * *
Нягледзячы на адносна высокі ўзровень нашай дзіцячай літаратуры, заспакойвацца нельга. У нас апошнім часам мала ствараецца і перавыдаецца кніг ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Выдавецтвы, асабліва прыватныя, камерцыйныя, выпускаюць найбольш класіку, розную пазнавальна-забаўляльную літаратуру, тую, якую хутчэй прададуць. Мала кніг пра юных герояў Вялікай Айчыннай вайны, юных герояў нашага часу, пра жыццё, справы сённяшніх піянераў, брсмаўцаў, пра тых людзей, з якіх юнакі павінны браць прыклад, на каго арыентавацца.
Мала даведачнай, навукова-пазнавальнай, энцыклапедычнай літаратуры па самых розных галінах народнай гаспадаркі, навукі, культуры, спорту.
І амаль няма кніг па сучаснай дзяржаўнасці. Пра нашы дзяржаўныя сімвалы, пра ўсе галіны дзяржаўнай улады — прэзідэнцкую, урадавую, парламенцкую, судовую, пра фінансы і замежныя партнёрскія сувязі, пра грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі, пра сапраўдных герояў нашага часу — хлебаробаў, рабочых, інжынераў, урачоў, педагогаў, вучоных, дзеячаў навукі, культуры, мастацтва, спорту. Мала кніг па экалагічным, эстэтычным, фізічным выхаванні.
Не стае кніг для сямейнага чытання. Мала літаратуры для падлеткаў, разлічанай на пераходны ўзрост. Выдавецтвам трэба смялей укараняць сацыяльны заказ на стварэнне патрэбных кніг, перавыдаваць тое, што працуе на сённяшні дзень.
У свой час выдавецтва «Юнацтва» выпускала нямала самай рознай літаратуры. Вялікай папулярнасцю карысталася кніжная серыя «Бібліятэка прыгод і фантастыкі», арыентаваная на падлеткаў. Варта было б звярнуць увагу і на гэты пласт літаратуры, якая актыўна садзейнічае развіццю фантазіі чытача, далучэнню яго да кнігі.
Мала ў нас аповесцей для дзяцей з адметным, яркім, станоўчым героем і амаль зусім няма раманаў для падлеткаў.
Варта больш увагі звярнуць таксама і на стварэнне новых, асабліва патрыятычных, песень для дзяцей. Некалі славуты Рыгор Шырма сказаў: «Заспявае школа — заспявае народ».
І нашай літаратурнай крытыцы патрэбна больш увагі надаваць усебаковаму, глыбокаму даследаванню дзіцячай літаратуры, яе набыткам, праблемам і задачам.
Варта, каб на дзіцячую літаратуру больш сур’ёзна зірнула навука. Зусім мала шырокіх і глыбокіх даследаванняў. Дысертацыі, манаграфіі ствараюцца найчасцей пра класічную, дарослую літаратуру. А чалавек жа, яго фарміраванне, выхаванне пачынаецца не са сталага ўзросту, а з самых першых крокаў. Таму і значэнне літаратуры для маленькіх мае не меншую, а магчыма, і большую вартасць, патрабуе яна і такога ж сур’ёзнага падыходу, вывучэння, прапаганды, распаўсюджвання.
Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на школьныя падручнікі, дапаможнікі, чытанкі, хрэстаматыі. Творы ў іх павінны быць набліжаны да запатрабаванняў і выклікаў часу, спалучаць у сабе ідэйны змест з высокамастацкай формай. Ідэя твора — як вітаміны ў яблыку: іх не відаць, але яны знаходзяцца ў ім і робяць сваю карысную справу.
Шмат робіцца нашымі пісьменнікамі, выдавецтвамі. Гэта так. Але няма ў нас адзінага магутнага цэнтральнага, шматпрофільнага дзіцячага выдавецкага цэнтра, які б быў адначасова не толькі выдавецтвам, але і дзяржаўнай установай па вывучэнні і рэалізацыі усіх праблем, пытанняў, задач, якія паўстаюць сёння: стварэння дзіцячай літаратуры, яе распаўсюджвання, развіцця чытання і ўздзеяння на адукацыю і выхаванне юных пакаленняў.
Задача перад дзіцячымі пісьменнікамі стаяла і стаіць выразная: не заспакойвацца на дасягнутым, шукаць і знаходзіць, адкрываць новае і нязведанае, вучыцца майстэрству і пісаць творы, вартыя нашага чытача і нашага часу.
Час патрабуе ад пісьменніка не толькі высокага прафесіяналізму, але і грамадзянскай спеласці, патрыятычнага духу. Глыбей адчуваць, разумець дзяцей і падлеткаў, іх запатрабаванні і памкненні. Час патрабуе большай сувязі з гуманітарнымі навукамі, каб не парушыць гарманічнага развіцця чалавека, яшчэ шырэй адкрыць юным доступ да арыентацыі ва ўсіх складанасцях часу і падрыхтоўкі да самостойнага жыцця. Час патрабуе, нарэшце, клопатаў пра пісьменніка, належнага заахвочвання для стварэння сацыяльна значных кніг.
Некалі хтосьці мудра сказаў, што для дзяцей патрэбна пісаць гэтак жа, як і для дарослых, але значна лепш. І гэта зразумела: мы павінны даць дзецям такія творы, каб захапіць і напоўніць іх светлыя, чыстыя душы сонцам радасці, дабрыні, хараства, мудрасці. Падарыць ім залаты ключык духоўнасці, любоў да кнігі, да чытання. Калі ж мы навучым дзетак дома, у садках, школах, бібліятэках шанаваць сваё роднае слова, чытаць і разумець таленавітую, разумную кнігу ў маленстве, то мы будзем мець і дарослага чытача. Усё пачынаецца з дзяцінства, з першых крокаў, тут закладваецца, фарміруецца душа грамадзяніна, патрыёта, чалавека. А каб ён не быў на сваёй зямлі абыякавым, чужым, аморфным, яму і патрэбна данесці веліч, багацце і славу нашага народа, гісторыю і культуру нашай краіны, каб яны не толькі ведалі, шанавалі, любілі ўсё роднае, народнае, дзяржаўнае, але і ганарыліся ім, і, пасталеўшы, уносілі сваё, бераглі і ўмацоўвалі нашу дзяржаву сваімі здольнасцямі, працаю рук і розуму.
Крыніца: «Звязда»
«Народная асвета» рекомендует:
Прогулки по Минску. Город, который выбирают дети
М. П. Поздняков
В этом богато иллюстрированном издании маленькие минчане Максим и Даша приглашают читателей книги прогуляться по их родному, любимому городу Минску - столице Республики Беларусь. И не просто прогуляться, а представить себя историками, архитекторами, экскурсоводами... Вместе с героями книги, подготовленной к 950-летию Минска, вы побываете в самых важных и интересных местах города, узнаете об его истории, легендах и заглянете в будущее города, который выбирают дети.
14.69 руб.