Ці хачу і, бадай, самае галоўнае, ці змагу я стаць сапраўдным педагогам? Якія якасці характарызуюць індывідуальнасць настаўніка і якія з іх найбольш важныя для стасункаў з навучэнцамі? Над гэтымі пытаннямі было прапанавана паразважаць удзельнікам навуковага Explorer «Пазнай самога сябе», які арганізаваў Цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ сумесна з Асацыяцыяй педагагічных класаў грамадскага аб'яднання «Беларускае педагагічнае таварыства».

«Я хачу быць настаўнікам!» — гэта думка чырвонай ніткай  прайшла праз усё мерапрыемства.

«Я хачу быць настаўнікам!» — гэта думка чырвонай ніткай прайшла праз усё мерапрыемства.

Стала ўжо добрай традыцыяй збіраць у сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта навучэнцаў профільных педагагічных класаў.

— Мы заўсёды з нецярплівасцю чакаем сустрэчу і стараемся быць для вас максімальна цікавымі, — падкрэсліла ў сваім уступным слове прарэктар па навуковай рабоце БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандра ПАЗНЯК. — Кожны раз прыдумляем новы фармат. У папярэднія гады гэта былі дзелавая гульня «Суразмоўнік», рэспубліканскі конкурс «Будучыя педагогі — пра школу будучыні», потым фарсайт-форум «Будучыя педагогі — аб тэхналогіях падрыхтоўкі педагогаў», навуковы стэндап «Будучыя педагогі — пра сучасных дзяцей», кейс-марафон на найлепшае педагагічнае рашэнне... І лагічным працягам стаў навуковы Explorer. Гэта фармат, які дазваляе даследаваць і тлумачыць пэўную галіну або якія-небудзь з'явы рэчаіснасці.

Ягор Сочнеў: «Ідэальны настаўнік не забывае  пра пачуццё гумару і крэатыўнасць».

Ягор Сочнеў: «Ідэальны настаўнік не забывае пра пачуццё гумару і крэатыўнасць».

Педагагічныя класы — наша апора, першая прыступка ў падрыхтоўцы педагогаў, таму пошук адораных педагогаў-даследчыкаў распачынаецца яшчэ на гэтым этапе. У рамках праекта мы прапанавалі вам звярнуцца да ўласнага «Я», паглядзець на сябе з пункту погляду адпаведнасці педагагічнай прафесіі і адказаць на пытанне, ці ёсць у вас кампетэнцыі, неабходныя для паспяховай педагагічнай дзейнасці (дыягнастычныя, камунікацыйныя, арганізатарскія, рэфлексіўныя, здольнасці да вырашэння канфліктаў і г. д.), вызначыць найбольш яркія прафесійна-асабовыя якасці, неабходныя сучаснаму педагогу, і намеціць індывідуальную траекторыю свайго далейшага прафесійнага развіцця.

Па словах Аляксандры Пазняк, на конкурс паступіла каля 50 заявак, эксперты правялі вельмі сур'ёзны адбор, і найлепшыя 12 навучэнцаў былі запрошаны ў фінальную частку мерапрыемства. «Асабліва радуе, што сярод фіналістаў ёсць прадстаўнікі з самых розных рэгіёнаў нашай краіны: гэта не толькі сталіца, а гарадскі пасёлак Мір, Пінск, Ліда, Асіповічы, Віцебск, Баранавічы, Падсвільская сярэдняя школа Глыбоцкага раёна», — заўважыла прарэктар універсітэта.

Між іншым, адборачны тур доўжыўся каля трох месяцаў (ён стартаваў яшчэ ў лютым) і складаўся з некалькіх этапаў. Так, напрыклад, навучэнцы даследавалі ўласныя педагагічныя здольнасці на аснове самастойна адабраных дыягностык і методык. Таксама ім трэба было прадэманстраваць выяўленыя здольнасці падчас педагагічных проб, паказаць, як яны праяўляюцца ў канкрэтных педагагічных сітуацыях. Для гэтага можна было падрыхтаваць і правесці фрагменты ўрокаў, арганізаваць для навучэнцаў малодшых класаў гульню на перапынку, выхаваўчыя мерапрыемствы або змадэляваць сітуацыі педагагічнай дзейнасці з удзелам аднакласнікаў і зняць відэаролік працягласцю ад пяці да сямі хвілін. Як вынік — каля 50 відэаматэрыялаў і карт прафесійнай самапрэзентацыі педкласаўцаў з розных рэгіёнаў краіны былі прадстаўлены ў журы конкурсу і прайшлі экспертную ацэнку.

Паколькі падчас усяго праекта даследаваўся касмічны па маштабах унутраны свет будучых педагогаў, фінал (прафесійнае самавыяўленне) параўналі з выхадам на арбіту, ён прайшоў пад дэвізам «Місія выканальная». Першым выпрабаваннем у гэтым этапе стала прафесійная самапрэзентацыя ўдзельнікаў, на якую адводзілася ўсяго тры хвіліны. У падрыхтаваным дома выступленні ім неабходна было прадставіць сябе з пазіцыі трох «Я»: «Я» ў маім уяўленні (што я даведаўся пра сябе як пра педагога), «Я» ідэальнае (якім я хачу быць педагогам і якія кропкі росту вызначаны мною для гэтага) і «Я» люстраное (што пра мяне думаюць іншыя людзі як пра педагога: настаўнікі, навучэнцы, іх бацькі).

Выступленне кожнага ўдзельніка было ўнікальным, вылучаліся ў кагосьці шчырасцю, у кагосьці — крэатыўнасцю і творчасцю. Былі і выступленні ў вершаванай форме.

«Удзел у праекце, а таксама дыягностыка педагагічных здольнасцяў паказалі, што ў мяне найбольш развітыя камунікатыўныя здольнасці, я ўмею ўпэўнена выказваць свой пункт погляду, выклікаць у суразмоўцы давер, хутка адаптуюся ў незнаёмай абстаноўцы, мяняю тэмы, накіроўваючы размову ў патрэбнае рэчышча. У мяне развіта ўменне слухаць, — паведаміла пра сябе ў самапрэзентацыі вучаніца сярэдняй школы № 17 з Ліды Анастасія Майсяёнак. — Быць настаўнікам для мяне — значыць умець кантактаваць з дзецьмі, глядзець на свет іх вачыма і чуць іх. Маё крэда — «Сэрца аддаю дзецям».

«Я Сочнеў Ягор, навучэнец 10 класа мінскай гімназіі № 18, бязмежна шчаслівы, што ўжо ў хуткім часе стану настаўнікам. Педагог — прафесія асаблівая, яна мае на ўвазе пастаяннае ўзаемадзеянне з людзьмі. Балазе, педагагічная дыягностыка, якую нас папрасілі прайсці, паказала вельмі высокі ўзровень маіх камунікатыўных здольнасцяў. Гэта вельмі важна, бо кожнае слова, якое кажа настаўнік, застаецца ў галаве, магчыма, будучага генія, — расказаў пра сябе яшчэ адзін фіналіст. — Я распрацаваў уласную траекторыю ўзаемадзеяння з дзецьмі і прыкладу ўсе намаганні, каб дзіця зразумела мой прадмет і вынесла з урока штосьці важнае і карыснае. І, канешне, як чалавек, які шчыра гарыць жаданнем стаць педагогам, я хачу авалодаць гэтай прафесіяй ідэальна. А які ён — ідэальны педагог? Такі педагог дасканала ведае свой прадмет, ён усебакова развіты і эрудзіраваны, праяўляе эмпатыю ў адносінах да кожнага дзіцяці. Вядома, не забывае пра пачуццё гумару і крэатыўнасць...»

«Я ўжо вызначылася са сваімі кропкамі росту ў далейшым. Зразумела, што хачу развіваць дыягнастычныя навыкі, навыкі апрацоўкі вялікіх аб'ёмаў інфармацыі і пошуку даных з розных крыніц. Таксама важнае развіццё крытычнага мыслення. Гэта здольнасць дазволіць мне рабіць лагічныя высновы, апрацоўваць складаную інфармацыю, глядзець на розныя сітуацыі з усіх бакоў, — разважала Дар'я Кавалькова, дзесяцікласніца сталічнай сярэдняй школы № 197. — Мне хочацца стаць не проста добрым педагогам, а педагогам-сябрам, які зможа дапамагчы сваім выхаванцам у любой складанай сітуацыі. Хочацца выклікаць давер у сваіх вучняў, бо давер — самая каштоўная і крохкая рэч на свеце, без якой не атрымаецца нічога, і калі вучань не давярае настаўніку, то любая інфармацыя, любыя сказаныя ім словы будуць для дзіцяці пустым гукам».

«Настаўнік — гэта не проста прафесія, а стан душы, лад жыцця. Педагог — гэта асоба, якая знаходзіцца ў гармоніі з сабой і навакольным светам, гэта высокі прафесіяналізм у спалучэнні з талентам стасункаў, — лічыць адзінаццацікласніца асіповіцкай сярэдняй школы № 1 Яніна Окрут. — Любіць дзіця для мяне — значыць любіць яго незалежна ад знешнасці, здольнасцяў і недахопаў. Галоўнае — зрабіць так, каб вучоба не была абавязкам, бо вучыцца можна і з захапленнем. Стаўшы педагогам, я буду імкнуцца да таго, каб кожны поспех дзіцяці быў здабыткам усяго класа. Я хачу бачыць шырока адкрытыя ад здзіўлення дзіцячыя вочы...»

Далей усе фіналісты ў залежнасці ад таго, якія здольнасці ў іх развітыя ў найбольшай ступені, былі падзелены на каманды «Камуніканты», «Арганізатары», «Крэатыўшчыкі» і «Аналітыкі». Яны складалі «Карткі здольнасцяў», пры падтрымцы студэнтаў з клуба «ПРОФіль+» распрацоўвалі рэкамендацыі для будучых педагогаў па развіцці ярка выяўленых педагагічных талентаў. Апошнім выпрабаваннем стала вырашэнне педагагічных сітуацый. Выкананне гэтага задання стала «арыентацыяй на будучыню» для ўдзельнікаў фіналу і дазволіла ім падумаць аб кропках росту. Пры падвядзенні вынікаў журы адзначыла, што ўдзельнікі навуковага Explorer правялі сур'ёзнае псіхолага-педагагічнае даследаванне, у якога ёсць практычныя вынікі. Іх можна выкарыстоўваць на факультатыўных занятках «Уводзіны ў педагагічную прафесію». «Хачу быць настаўнікам!» — гэта думка чырвонай ніткай прайшла праз усё мерапрыемства.

«Я працую ў Мясцовым адукацыйным фондзе «Новая школа», які рэалізоўвае праграму «Настаўнік для Беларусі», займаюся там рэкруцінгам. І я з вялікім задавальненнем назірала за вашымі педагагічнымі пробамі, атрымала неверагоднае задавальненне ад таго, якія вы, — падсумавала вынікі навуковага Explorer адзін з членаў журы, кіраўнік фонду Людміла РЫБЧЫНСКАЯ. — Мне вельмі радасна, што ў нашу прафесію прыходзяць такія крэатыўныя, такія ініцыятыўныя, такія актыўныя маладыя людзі. І я веру, што будучыня педагогікі, нашай адукацыі і нашай краіны ўвогуле ў надзейных маладых руках. Вы даказалі нам, што мы працуем не дарэмна, і вялікі дзякуй тым педагогам, якія ўкладваюць у вас свае сілы...»

Надзея НІКАЛАЕВА, фота аўтара

Крыніца: Звязда