Прапаную ўвазе калег фрагмент тэматычнай кансультацыі “Сістэма работы настаўніка па ўцягванні навучэнцаў у даследчую дзейнасць”.

Мэта: аказанне метадычнай дапамогі педагогам у стварэнні ўмоў для павышэння матывацыі да мэтанакі­раванай і сістэмнай арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Ход кансультацыі

  1. Мабілізацыйны этап.
  2. Рэфлексія індывідуальнай мэты работы на занятках.
  3. Паглыбленне ў тэму ўцягвання навучэнцаў у даследчую дзейнасць.
  4. Работа ў групах. Пытанне для кожнай групы.

1 група. У чым заключаецца планаванне блока ўрокаў з выкарыстаннем даследчага метаду? (У стварэнні сістэмы даследчых задач; у класіфікацыі задач і іх размеркаванні па тыпах урокаў; у выбары форм і метадаў вядзення ўрокаў; у прадумванні педагагічнай дапамогі ў вырашэнні даследчых задач зыходзячы з магчымых цяжкасцей навучэнцаў пры іх вырашэнні; у забеспячэнні дыягностыкі паказчыкаў вучэбна-даследчай культуры навучэнцаў і інш.)

2 група. На што неабходна звяр­нуць асаблівую ўвагу педагогу пры арганізацыі даследчай дзей­насці? (На патрабаванні да адбору зместу вучэбнага матэрыялу, якія прадугледжваюць магчы­масць стварэння на аснове выдзеленай інфармацыі праблемнай сітуацыі і ўсведамлення навучэнцамі праб­лемы; наяўнасць узаемасувязей з вопытам пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў; даступ­насць зместу вучэбнага матэрыялу для эксперыментальнай праверкі гіпотэзы; выбар ўзроўню складанасці дадатковага матэрыялу; інтэгратыў­насць зместу вучэбнага матэрыялу і яго асобасная знач­насць і інш.)

Абмеркаванне, падвядзенне вынікаў работы груп.

З улікам зместу тэмы, якая вывучаецца, на ўроку неабходна ствараць перадумовы для ўсведамлення навучэнцамі праб­лемнай сітуацыі і падводзіць іх да пастаноўкі даследчай задачы або праблемы. Гэта адбываецца ў працэсе ўсведамлення імі стану інтэлектуальнай цяжкасці і жадання яе вырашыць на аснове вядомых або знойдзеных у выніку пошуку спосабаў і прыёмаў. Пры гэтым навучэнцы вырашаюць супярэчнасці: паміж абмежаваным жыццёвым вопытам, уяўленнямі і наяў­нымі ведамі; вядомым спосабам вырашэння праблемы і немагчымасцю яго практычна ажыццявіць; паміж вядомым фактам і недастатковасцю ведаў для яго тлумачэння.

  1. Праблемнае пытанне.

Як прадставіць логіку даследавання? З якіх этапаў складаецца арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў?

Пасля абмеркавання:

  • Над чым будзеце праца­ваць? (Тэма.)
  • Што ўвогуле будзе вас цікавіць? На што будзе накіравана ваша работа? (Аб’ект.)
  • Што канкрэтна вас будзе цікавіць? (Прадмет.)
  • Чаго вы хочаце дасягнуць? (Мэта.)
  • Што вы хочаце праверыць? (Гіпотэза.)
  • Якія праблемы ці пытанні вам давядзецца вырашаць? (Задачы.)
  • Як вы будзеце іх вырашаць? (Метады.)
  • Што вам спатрэбіцца? (Сродкі.)

Сістэма работы настаўніка па ўцягванні навучэнцаў у даследчую дзейнасць складаецца з некалькіх этапаў.

  1. Дыягностыка, мэта якой — атрымаць і апрацаваць інфармацыю аб асаблівасцях навучэнцаў, з якімі неабходна праводзіць даследаванні. Педагогу неабходна вывучыць інтарэсы навучэнцаў, іх стаўленне да прадметаў ва ўстанове адукацыі, да адукацыйнага працэсу ў цэлым і да пэўнага прадмета ў прыватнасці; вынікі ўдзелу ў выкананні даследчых заданняў; узровень ведаў і ўменняў па розных прадметах; цяжкасці навучэнцаў пры вывучэнні таго ці іншага прадмета і г.д.
  2. Метадычная распрацоўка тэмы. Выбар тэмы даследчага задання навучэнцам варта право­дзіць у адпаведнасці з вынікамі дыягностыкі. Педагогу неабходна:

— правесці аналіз матэрыялу і вызначыць магчымасці матэ­рыялу для фармулёўкі даследчых заданняў; выканаць абгрунтаванне сістэмы ключавых задач па тэме і іх метадычную распрацоўку;

— прымяняючы прыёмы выбару тэм даследчых заданняў, абгрунтаваць спіс тых тэм даследаванняў, якія будуць прапанаваны навучэнцам і якія яны могуць выконваць сумесна з настаўнікам або самастойна, выбраць спосаб прадстаўлення даследчых заданняў навучэнцам;

— выбраць формы і метады работы з навучэнцамі на ўроках і ў пазакласнай рабоце, накіраваныя на развіццё творчай асобы (калектыўныя гульні, эўрыстычныя гутаркі і іншыя методыкі);

— прыдумаць адукацыйныя сітуацыі з мэтай уключэння навучэнцаў у рэальную даследчую дзейнасць з улікам інтарэсаў і пазнавальных магчымасцей навучэнцаў, асабліва тэмы і інш.

  1. Аналіз вынікаў даследчай дзейнасці. Для гэтага неабходна прадугледзець такую арганізацыю сумеснай дзейнасці педагога і навучэнцаў, пры якой будзе сабрана інфармацыя правядзення аналізу як вынікаў адукацыйнага працэсу, так і вынікаў выканання даследчых заданняў.
  2. Прадстаўленне вынікаў. Навучэнцу неабходна даць магчы­масць выбраць спосаб прадстаў­лення вынікаў даследаванняў.

6.Практычная частка.

Разгледзім рэалізацыю прапанаванага ланцужка даследавання на прыкладзе выкладання некаторых вучэбных прадметаў. Пад даследчай задачай мы разумеем задачу, неабходнай умовай рашэння якой з’яўляецца выкананне дадатковых пазнавальных заданняў з дапамогай розных сродкаў, метадаў і прыёмаў.

Работа ў групах. Прэзентацыя.

1 група. Метады і формы арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

Мэтазгодна прымяненне наступных форм арганізацыі даследчай дзейнасці: урокі-праекты (дапамагаюць развіць у навучэнцаў неабходныя даследчыя здольнасці да абагульнення, уменне вылучаць істотныя прыметы), урокі-семінары, урокі-канферэнцыі, урокі — творчыя справаздачы, урокі-адкрыцці, урокі — “патэнт на адкрыццё”, урокі адкрытых думак і інш.

Метады і формы работы, якія садзейнічаюць развіццю даследчых кампетэнцый навучэнцаў, фарміраванню метапрадметных навыкаў, якія, згодна з адукацыйнымі стандартамі, з’яўляюцца абавязковымі для асваення, умоўна падзелім на 3 групы:

— назіранне за аб’ектамі з іх далейшым апісаннем і падвядзеннем вынікаў (творчая справаздача); лінія часу (дапамагае візуа­лізаваць задачы і кантраляваць працэс урока самімі навучэнцамі); фотаробат (заснаваны на ўменні навучэнцаў вызначаць прыналежнасць арганізма да пэўнай сістэматычнай адзінкі, апісанні і класіфікацыі аб’екта, які вывучаецца); інсцэніроўка (навучэнцы працуюць у парах над апера­джальным заданнем);

— работа па падборы матэ­рыялу з выкарыстаннем крыніц інфармацыі рознай ступені дакладнасці (прадастаўленне кароткай і максімальна дакладнай інфармацыі па канкрэтнай тэме); думка іншымі словамі; лагічныя задачы; праектаванне кластараў (спосаб графічнага выяўлення матэрыялу);

— мысленны эксперымент з выкарыстаннем праблемнага пытання (фармулёўка праблемнай сітуацыі настаўнікам у выгля­дзе пытання, адказ на які дазволіць навучэнцу прымяніць і развіць свае творчыя задаткі); дамашні эксперымент (садзейнічае сувязі тэорыі з практыкай, самастойнай даследчай дзейнасці, развіццю цікавасці да прадмета, пераадоленню памылак); практычны эксперымент (садзейнічае развіццю ў навучэнцаў надпрадметных кампетэнцый); выраб і канструяванне ма­дэлей і экспанатаў; даследаванні-спаборніцтвы.

2 група. Творчыя заданні для выканання на ўроках: самастойнае складанне задач; рашэнне задач рознымі спосабамі; самастойнае выкананне абагульнення сцвярджэнняў і алгарытмаў рашэння задач; фармулёўка і рашэнне прыкладных задач; распрацоўка пакетаў праграмных сродкаў, прызначаных для вырашэння пэўных педагагічных задач і апрацоўкі вынікаў даследаванняў; самастойная распрацоўка і пастаноўка эксперыментаў, доследаў, практыкумаў; канструяванне прыбораў і мадэлей; вынаходніцкая дзейнасць; экспрэс-даследаванні падчас правядзення экскурсій; пошук і перапрацоўка матэрыялу гістарычнага характару; напісанне эсэ і міні-сачыненняў; падрыхтоўка паведамленняў і прэзентацый; выкарыстанне прыёмаў “Кросенс”, “Шкатулка”, “Слоўнік”, “Скла­дзі пашпарт”, “Фішбоўн”; стварэнне міні-праектаў.

Абмеркаванне выступленняў. Парады калег.

Такім чынам, працэс атрымання новых ведаў з выкарыстаннем даследчых метадаў і прыёмаў грунтуецца на максімальнай уцягну­тасці навучэнцаў у работу, творчым поглядзе на праблемы, якія ўзнікаюць. І менавіта даследчая дзейнасць павышае актыўнасць навучэнцаў у гэтым напрамку, іх імкненне да самаадукацыі і самаразвіцця. Метады работы па развіцці даследчых кампетэнцый могуць прымяняцца не толькі на ўроках, але і на факультатыўных занятках, у пазаўрочнай дзейнасці. Выкарыстанне сучасных метадаў і прыёмаў для развіцця даследчых кампетэнцый толькі тады будзе эфектыўным, калі работа будзе праводзіцца комплексна і як мага большай колькасцю настаўнікаў-прадметнікаў. Вынікам такой работы стане не проста фарміраванне асобы, якая валодае жыццёвымі кампетэнцыямі, мае каштоўнасны і высокамаральны ўзровень, але і асобы, самарэалізаванай як прафесіянал і грамадзянін.

Наталля ВАСІЛЕЎСКАЯ,
метадыст Ляхавіцкага раённага
вучэбна-метадычнага кабінета
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ

Крыніца: Настаўніцкая газета