Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Зберагчы каштоўную інфармацыю для наступных пакаленняў, зарыентаваць сучаснікаў у вірлівым жыцці кнігавыдавецкай галіны, палепшыць жыццё і абараніць правы кнігавыдаўцоў, чытачоў — гэта толькі некаторыя вектары дзейнасці Нацыянальнай кніжнай палаты. А пра супрацьстаянне друкаванага і алічбаванага слова, тэндэнцыі развіцця кніжнага рынку і існуючыя прабелы ў заканадаўстве выдання і распаўсюджвання інфармацыі мы пагаварылі з дырэктарам установы Аленай Івановай.

«Шчасце штодня дакранацца да гісторыі краіны...»

— Алена Вітальеўна, у наступным годзе Нацыянальная кніжная палата адзначыць сваё 100-годдзе. З якімі дасягненнямі сустрэнеце юбілей і якім быў для ўстановы гэты шлях?

— Кніжная палата пачыналася з аддзела «Беларуская кніжная палата» ў сценах Дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі БССР у 1924 годзе. У той час кніжныя палаты ствараліся ва ўсіх былых саюзных рэспубліках. Іх асноўнай місіяй было атрыманне і захаванне абавязковага экзэмпляра ўсіх твораў друку, якія выходзілі на тэрыторыі рэспублік. І гэтае прызначэнне кніжных палат захавалася і да сёння. Дарэчы, абавязковы экзэмпляр — гэта не спадчына савецкага мінулага, як мяркуюць многія. Такая сістэма сфарміравалася ў еўрапейскай культуры яшчэ ў 1537 годзе, і хутка ёй споўніцца 500 гадоў. Да сённяшняга дня абавязковы экзэмпляр застаецца самым надзейным спосабам для захавання нацыянальных дакументаў як часткі ўсёй культурнай і інтэлектуальнай спадчыны дзяржавы і народа.

За 100 гадоў нам удалося не толькі захаваць архіў друкаваных выданняў Беларусі, але і апісаць яго, адлюстраваўшы кожнае выданне ў серыі «Летапіс друку Беларусі». Гэта мае вялікае значэнне для нацыянальнай культуры, таму што дакументы — друкаваныя і цяпер ужо электронныя — гэта тыя крыніцы, якія знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай страты.

Цікава, што першы ўказальнік «Летапісу друку Беларусі» быў апублікаваны ў 1924 годзе ў часопісе «Асвета» пад рубрыкай «Кнігапіс», якую цяпер мы выкарыстоўваем як рубрыку нашага сайта, прысвечаную кніжным навінкам. Многія нават пытаюць, што за слова такое «кнігапіс»? А яно — сінонім тэрміна «бібліяграфія», якое абазначае «пісаць пра кнігу».

З часам друкаваная бібліяграфія набыла электронны фармат, а дзейнасць Кніжнай палаты дапоўнілася такімі напрамкамі, як міжнародная стандартная нумарацыя кніг (ІSBN), распрацоўка стандартаў, супрацоўніцтва з міждзяржаўнымі і міжнароднымі арганізацыямі ў галіне кнігавыдання. У 1997 годзе мы рэканструявалі будынак нашага фондасховішча, а ў 2021 годзе зрабілі яго капітальны рамонт.

Што датычыцца таго, якім быў шлях Кніжнай палаты за стагоддзе, то ў галаве ўзнікаюць розныя эпітэты: доўгі, цяжкі, рызыкоўны... Але ўсё ж мне хочацца сказаць, што шчаслівы. Як пісаў хтосьці з паэтаў, усе руіны старажытнага свету і ўвесь бляск і слава новага захоўваюцца паміж сцен кнігасховішчаў. Хіба не шчасце знаходзіцца ў гэтых сценах і штодня мець магчымасць дакранацца да гісторыі краіны, што знайшла сваё адлюстраванне на старонках газет, ці да кніг, якія ўбачылі свет яшчэ пры жыцці класіка?

— Наколькі сёння шырокая палітра таго, што захоўваецца ў вашых фондах?

— У нашым фондасховішчы сабрана ўсё, што мае дачыненне да друкаваных выданняў: кнігі, брашуры, газеты, карты, ноты, паштоўкі і нават афішы. Сёння спецыялісты ўсё больш задумваюцца пра тое, якія выданні трэба захоўваць вечна, а якія можна выключыць з фондаў. Адбываецца свайго роду каштоўнасны адбор з пазіцый унікальнасці ці культурна-гістарычнай значнасці таго ці іншага выдання. Абумоўлена гэта тым, што ў сучасным свеце, па вядомых звестках, падваенне інфармацыі адбываецца раз на два месяцы, што не вельмі добра ва ўсіх сэнсах. Бо, паводле агульнага правіла, калі чагосьці вельмі шмат, то яно пачынае абясцэньвацца. Плюс даволі сур'ёзна стаіць пытанне аб перапаўненні плошчаў для захоўвання.

Мы задумваемся аб стварэнні страхавых (лічбавых) копій найбольш каштоўных друкаваных калекцый фонду, аб выкарыстанні дадатковых плошчаў для захоўвання, аб рэгуляванні заканадаўства такім чынам, каб выключыць з абавязковага захоўвання некаторыя віды дакументаў.

— Якія ўнікальныя выданні ў вас можна знайсці, у прыватнасці перыяду Вялікай Айчыннай вайны, што датычыцца, напрыклад, партызанскага друку? І для каго яны даступныя, акрамя супрацоўнікаў вашай арганізацыі?

— Выданняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў нас мала. Увогуле, 1941—1942 гады ў нашых статыстычных зборніках абазначаны прабелам. А пачынаючы з 1943 і да 1945 года на тэрыторыі Беларусі выходзіла каля 200 найменняў газет. Сярод іх — «Звязда», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Советская Белоруссия», «Голас вёскі», «Перамога» і іншыя. У нашых фондах захоўваюцца газеты, аддрукаваныя на лістках са сшытка, дзе засталіся яшчэ сляды ліноўкі і красных палёў, ці газеты на лістках з пустографамі з канцылярскіх кніг. Таму што звычайная папера падчас вайны была стратэгічным таварам, а каля паловы паліграфічных магутнасцяў апынуліся на акупаванай зямлі.

Да 70-годдзя Перамогі на базе выданняў з нашага фондасховішча была падрыхтавана цікавая экспазіцыя з копій газет, якія выходзілі на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны. Пад назвай «Слова клікала да Перамогі. Падпольныя і партызанскія газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны» экспазіцыя была прадстаўлена на спецыялізаванай выстаўцы «СМІ ў Беларусі». У цэлым выкарыстанне тэматычных экспазіцый з нашага фонду цалкам апраўданае, таму што любую інфармацыю важна не проста захоўваць, але і карыстацца ёю.

«Ахоўная грамата» для аўтара і не толькі

— Раскажыце, па якіх параметрах можна адсачыць і абараніць свае аўтарскія правы на кнігу?

— У нашай краіне няма арганізацыі, якая рэгіструе аўтарскія правы на літаратурныя творы так, як, напрыклад, у ЗША, дзе рэгістрацыя аўтарскіх правоў ускладзена на Бюро па аўтарскіх правах Бібліятэкі Кангрэса. Таму першы крок для аўтара — заключэнне аўтарскага дагавора з выдаўцом, і абавязкова ў пісьмовай форме. Дагавор — гэта своеасаблівая «ахоўная грамата» аўтара, з якой ён можа звяртацца па дапамогу ў абароне правоў. У Беларусі кансультацыі ў галіне аўтарскага права можна атрымаць у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, куды можа звяртацца любая зацікаўленая асоба.

Выдавец, у сваю чаргу, апавяшчае публіку аб уладальніку выключных аўтарскіх правоў шляхам унясення ў зыходныя звесткі так званага знака аховы аўтарскага права. Гэта лацінская буква «С» у акружнасці, якая дапаўняецца звесткамі пра асобу, якая валодае выключнымі аўтарскімі правамі на твор. Ёсць можа быць аўтар, укладальнік, выдавец ці іншы ўладальнік аўтарскіх правоў.

— А па якіх крытэрыях прастаўляецца знак узроставай катэгорыі? Ці існуюць у дадзеным кантэксце спрэчныя моманты і як яны вырашаюцца?

— Знак узроставай катэгорыі — гэта не эквівалент чытацкага прызначэння для дзяцей таго ці іншага ўзросту ў яго класічным разуменні. Такая інавацыя была ўведзена ў мэтах забеспячэння абароны дзяцей ад інфармацыі, якая здольная прынесці шкоду іх здароўю і развіццю, напрыклад, калі заахвочвае да супрацьпраўных дзеянняў, ужывання алкаголю, курэння, калі ўтрымлівае ненарматыўную лексіку, негатыўныя выказванні ў адносінах да нейкай сацыяльнай групы і многае іншае.

Спрэчныя моманты ў гэтым пытанні, вядома, узнікаюць. Розныя выдаўцы ці распаўсюджвальнікі могуць неаднолькава інтэрпрэтаваць адны і тыя ж крытэрыі, што ўстаноўлены заканадаўствам. Так, напрыклад, яны павінны ўлічваць асаблівасці ўспрымання інфармацыі, што змяшчаецца ў кнізе, дзецьмі пэўнага ўзросту. Аднак, на мой погляд, такая ацэнка можа быць даволі суб'ектыўнай. Дастаткова складаным з'яўляецца таксама пытанне выяўлення негатыўных выказванняў у адносінах да якой-небудзь сацыяльнай групы — па такіх матэрыялах, як правіла, назначаюцца спецыяльныя экспертныя даследаванні.

Не варта забываць і пра тое, што не патрабуецца прысваення знака ўзроставай катэгорыі афіцыйным, ведамасным, навуковым, вытворча-практычным, інфармацыйным, духоўна-асветніцкім, рэкламным, вучэбным выданням, а таксама выданням, якія маюць значную гістарычную, мастацкую і іншую каштоўнасць для грамадства. Такім чынам, кола друкаваных выданняў, дзе ў абавязковым парадку прастаўляецца знак узроставай катэгорыі, значна звужаецца. Аднак і там застаюцца праблемныя моманты.

Заканамернасці, тэхналогіі і перавагі

— На ваш погляд, як сёння развіваецца выдавецкая дзейнасць у нашай краіне? І ці заўсёды патрэбна алічбоўка інфармацыі?

— Не сакрэт, што на фоне павелічэння колькасці інфармацыі ў цэлым друкаваных выданняў у свеце становіцца менш. Скарачаецца іх выпуск і ў нашай краіне. У апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі яго падзенне дасягнула 38 %, у тым ліку ў 2022 годзе — 5 %. З аднаго боку, скарачэнне папяровых выданняў заканамернае. У значнай ступені гэтаму садзейнічаюць такія трэнды, як адток у інтэрнэт, электроннае кнігавыданне, развіццё рознага роду «чыталак». Сыходзіць у больш даступны і танны электронны фармат мастацкая літаратура, паступова перацякаюць у фарматы анлайнавых баз даных даведнікі. Вось і мы ў Кніжнай палаце задумаліся: ці варта працягваць выданне друкаваных указальнікаў, калі ўся інфармацыя ўжо даступная ў нашым анлайн-каталогу? А можа, варта алічбаваць наша фондасховішча і пазбавіцца ад праблемы недахопу плошчаў для захавання ці ўсё ж мы павінны зберагчы тыя носьбіты, на якіх творы з'явіліся першапачаткова? Думаю, гэта пытанні не толькі для філасофскага разважання, але і для глыбокага навуковага асэнсавання.

Згадзіцеся, друкаваная, электронная і аўдыякніга — гэта розныя кнігі, нават калі па змесце з'яўляюцца адным і тым жа творам. Друкаваная кніга мае эстэтыку. Кніга дае задавальненне не толькі ад прачытання, але і ад магчымасці адчуць яе на дотык, пах, убачыць ілюстрацыі ці модную абгортку, якія могуць абуджаць асацыяцыі і ўспаміны. Пры праслухоўванні кнігі вялікую ролю на яе ўспрыманне аказвае чытальнік — яго голас гучыць інтанацыямі і эмоцыямі. А электронныя кнігі — гэта часцей за ўсё хуткае, зручнае і даступнае ў любым месцы чытанне. І хто ведае, якія магчымасці доступу да інфармацыі рыхтуе нам заўтрашні дзень. Але я пераканана ў адным: друкаваныя кнігі не могуць памерці.

— Як сучасныя тэхналогіі ўплываюць на патрабаванні да кнігі і друкаваных СМІ?

— Лічбавыя тэхналогіі, электронныя кнігі, маркетплэйсы, анлайн-падпіскі, друк па патрабаванні — усё гэта вынік эвалюцыі кніжнага рынку. Відавочна, што адбываецца трансфармацыя не толькі самога прадукту «друкаванае выданне», але і мадэлі вядзення выдавецкага бізнесу, чытацкія патрабаванні адносна зручнасці, даступнасці і аператыўнасці інфармацыі, адэкватнасці цаны. Аднак у нашым заканадаўстве гэтыя арыенціры пакуль не знайшлі поўнага адлюстравання. Калі ў дачыненні да друкаваных выданняў у Беларусі дзейнічае «Закон аб выдавецкай справе», то празрыстага і ўсёабдымнага разумення такіх з'яў, як «электронная кніга», «электроннае кнігавыданне», у прававым полі пакуль што не сфарміравалася, таму дадзены сегмент развіваецца пераважна стыхійна.

Складанасць праблемы заключаецца яшчэ і ў тым, што сучасныя тэхналогіі спрыяюць глабалізацыі кніжнага рынку. У гэтым ёсць і станоўчыя, і адмоўныя моманты. Пагадзіцеся, добрая кніга не павінна мець межаў — яна развівае свядомасць і робіць чалавека высакародным. З іншага боку, важна абараняць унутраны кніжны рынак, падтрымліваць айчынных вытворцаў, фарміраваць інфармацыйнае поле, якое адпавядае традыцыйнай культуры, нацыянальным інтарэсам Беларусі. Знайсці тут баланс і скласці гарманічную карціну айчыннага кніжнага рынку дастаткова складана, а без поўных і аб'ектыўных даных па стане спраў у выдавецкай галіне і ўвогуле ўяўляецца ледзь здзяйсняльным.

У цэлым, па меркаванні экспертнай супольнасці, само вызначэнне выдавецкай галіны павінна быць зменена ў адпаведнасці з сусветным вопытам. У ідэале павінны развівацца як новыя, так і традыцыйныя формы кнігавыдання, якія ў сукупнасці забяспечылі б запатрабаванасць кніг і беларускіх, і замежных аўтараў, у электронным і друкаваным фарматах.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Алены ІВАНОВАЙ

Па матэрыялах https://zviazda.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Энциклопедия юного буквоведа

В. П. Круковский

Это своеобразный азбуковник, сказки о буквах, о том, как они появились и откуда пришли.

 

21,90 руб.