Унікальная ўласцівасць чалавечага мыслення — крэатыўнасць — развіваецца ў дзяцінстве, у творчай дзейнасці. Няма ніводнага дзіцяці, якое б не праяўляла цікавасці да творчасці.
Калі дзіця займаецца творчасцю, у яго трэніруюцца такія важныя навыкі, як уседлівасць і канцэнтрацыя ўвагі, развіваюцца інтэлект, маўленне, дробная маторыка і крэатыўнае мысленне.
Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах вельмі карысныя для кожнага дзіцяці. На сваіх занятках я не раблю акцэнт на тым, каб зрабіць з навучэнца прафесійнага мастака. Лічу найбольш важным стварыць для кожнага выхаванца атмасферу вясёлай гульні, займальнага занятку творчасцю, каб садзейнічаць яго ўсебаковаму гарманічнаму развіццю. Вялікая роля тут адводзіцца, вядома ж, бацькам. Стаўленне дарослага да дзіцячай творчасці — гарантыя яго будучых поспехаў.
Зацікаўленыя бацькі, дапамагаючы дзецям, таксама захапляюцца творчасцю. Яны з задавальненнем майструюць з паперы цікавыя вырабы, малююць фарбамі яркія, маляўнічыя карціны, лепяць немудрагелістыя фігуркі, складаючы цудоўныя кампазіцыі. Радасць, цікавасць, захапленне — усё гэта дзеліцца папалам! І мне як педагогу заўсёды прыемна чуць, што дзеці дома разам са сваімі бацькамі малююць, лепяць, майструюць, цікавяцца мастацтвам.
У дзяцей, чые бацькі падтрымліваюць іх творчыя памкненні, з’яўляецца больш магчымасцей для раскрыцця талентаў. Выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Цуда-дызайн” Марыя Катчанка разам са сваёй мамай Наталляй Уладзіміраўнай паўдзельнічала ў дыстанцыйным усерасійскім конкурсе дзіцячага малюнка “Леанарда”, стварыўшы малюнак на тэму “Планета маёй мары”.
Сустракаючыся з бацькамі сваіх выхаванцаў, я заўсёды стараюся данесці, што іх дзіця — маленькі стваральнік. Яно само ці з дапамогай дарослага можа штосьці намаляваць, змайстраваць. Трэба толькі падтрымаць яго дзіцячую ідэю, стварыць усе ўмовы для самастойнай або сумеснай творчасці. Падчас рэалізацыі задум з’яўляецца агульная радасць, вырашаюцца многія пытанні: як зрабіць работу лепшай, прыгажэйшай. Займаючыся творчасцю, у дзіцяці фарміруецца такая рыса характару, як уменне даводзіць справу да канца.
Сумесная дзейнасць збліжае і развівае ўсіх яе ўдзельнікаў. Калі мама побач і ўключана ў працэс разам з дзіцем, яно адчувае, што любімае, яно бачыць, як шчыра праяўляюць цікавасць да яго дзіцячых спраў. Стварэнне нечага новага дае дзіцяці адчуванне ўласнай значнасці. І калі бацькі з трапятаннем ставяцца да кожнай работы дзіцяці, адводзяць спецыяльнае месца ў кватэры для творчых работ, гэта дае дзіцяці ўпэўненасць у сваіх сілах, адчуванне, што яго ў сям’і паважаюць і прымаюць за роўнага. Я ўпэўнена: далучэнне дарослых да сумеснай творчасці дапамагае наладзіць кантакт, які часам так неабходны ў вырашэнні розных пытанняў.
Таццяна ВЫСОЦКАЯ,
педагог дадатковай адукацыі
Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна
Крыніца: Настаўніцкая газета